Наш беларускі Гомель

0
257
Гомель беларускі горад

Гомель, прынамсі, ад часоў Кацярыны ІІ лічыцца часткай Беларусі, пра што гаворыцца ў дакуменце Пятру Румянцаву аб падараванні яму Гомеля. Губерня, куды ўваходзіў Гомель, да пэўнага часу складае з суседнімі Беларускае генерал-губернатарства.

У Гомелі з блаславення Мікалая Румянцава Іван Грыгаровіч выдае зборнік гістарычных крыніц з часоў ВКЛ пад назвай «Белорусский архив» (1824 г.).

Нехта В. Шабякін у 1848 г. у публіцыстычны нарысе «Несколько слов о местечке Гомле» дарогу праз горад над Сожам называе «белорусским трактом».

Ураджэнец Нава-Беліцы Еўдакім Раманаў з канца XIX па пачатак ХХ ст. выдае «Белорусский сборник», куды пастаянна ўключае фальклорныя і этнаграфічныя матэрыялы, звязаныя ў т.л. і з Гомелем.

У 1895 г. у далёкай Казані Дзмітрый Лапо публікуе «Белорусские рассказы», сюжэты якіх звязаны з Гомелем і гомельскім Пасожжам.

На этнаграфічных картах пачатку ХХ ст. Гомель стала трапляе ў арэал беларускіх гаворак. У 1910 г. у Гомелі выходзіць газета «Белорусский голос».

На 1917 г. нават гомельскія «западнарусы» пнуцца называць свае суполкі беларускімі. Гарадскі галава Іосіф Бабарыкін не грэбуе ўзяць удзел у Першым Усебеларускім з’ездзе ў снежні 1917 г.

Беларуская Народная Рэспубліка (1918 г.), а следам за ёй і Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусь (1919 г.) абвяшчаюцца ў этнаграфічных межах, куды ўваходзіць і Гомель.

Але раптам з 1919 па 1926 год Гомель перастае быць беларускім горадам, пераўтварыўшыся ў цэнтр губерні ў складзе РСФСР, з-за чаго аж дагэтуль здараюцца розныя спекуляцыі і інсінуацыі…

4 снежня 1926 г. адбываецца 2-е ўзбуйненне БССР, якое з поўным правам трэба лічыць уз’яднаннем Гомеля з Беларуссю і адзначаць як гарадское свята, чаго, здаецца, ніколі ў гісторыі Гомеля не назіралася і не назіраецца дагэтуль. Але дата ад гэтага не перастае быць важнай. Як для Гомеля, так і для Беларусі ў цэлым.

Аўтар: Сяргей Балахонаў