Нароўля. Назва паводле легендаў і паданняў

0
97
Нароўля горад

Адбылося гэта ў надзвычай старадаўнія часы, калі нашы продкі яшчэ, можа, язычніцкім багам пакланяліся, а таксама верылі свята ў тое, што ўсе праклёны ды намовы абавязкова спраўдзяцца — калі не ў адным пакаленні, то ў наступным немінуча. Так і гаварылі, што, маўляў, нельга нікога заклінаць ці праклінаць, бо такі чалавек ужо не выжыве, а калі і выкараскаецца, то страціць магчымасць жыць сярод людзей.
Каб жа толькі гаварылі, а то і прыклады прыводзілі, паводле якіх вынікала, што некаторых людзей звяло з белага свету нейкае чорнае жаданне злых чараўнікоў ці чараўніц. Так і ў нашым выпадку адбылося.

Жыў тут недзе надта багаты чалавек, якога ўсе звалі не іначай як Марка. Такі ўжо заможны ды хітры быў, што другога такога, каб нават хацеў, то не знайшоў быі Часам пыталіся ў яго людзі:

— Марка, ці многа каштоўнасцей маеш?
— Ды і сам не ведаю, — адказваў той.
Добра табе.
— Чаму?
— Усё ёсць.
— Няхай і ў вас будзе.
— Дзякуй на добрым слове. Толькі мы каб і хацелі, у нас так, як у цябе, усё роўна не атрымаецца.
— Сапраўды, тут галава патрэбна, каб прадумаць, памеркаваць наперад.
— Мы і думаем, і разважаем, а нічога не атрымліваецца, — шкадавалі сяляне.
Значыцца, слаба стараецеся. Калі б добра галовы свае ўключылі, то атрымалася б.

Трэба сказаць, што Марка хоць і быў багатым, але ніколі не губляў чалавечага аблічча. Калі хто звяртаўся за парадай ці дапамогай, то не адварочваўся, не адмахваўся, а стараўся дапамагчы, каб атрымалася як мага лепей. Таму і не дзічыліся яго людзі, таму і лічылі сваім, хоць, ведама ж, не забываліся, якія грошы ды каштоўнасці мае чалавек.

Марка займаўся гандлярствам. Ганяў спачатку плыты сам, а потым, калі разжыўся ды адчуў, што сам можа і адпачыць, то стаў наймаць шматлікіх работнікаў. Плаціў ім добра, і тыя, адпаведна, шчыравалі на яго не шкадуючы сілі Толькі і гаварылі пра свайго гаспадара:

 Каб у яго ўсё атрымлівалася!
— Каб яму ва ўсялякай справе шанцавала!
— Каб жыў сто гадоў!
— Калі такі чалавек сярод нас жыве, то і нам будзе да каго прыхінуцца!

Ведаў пра такія размовы Марка, і як толькі якое свята выпадала ці проста аднавяскоўцы збіраліся разам, каб адпачыць, то абавязкова загадваў:

— Вынесьце людзям віна зялёнага, няхай вып’юць па кілішку-другім.

Здаецца, усе падставы былі ў чалавека, каб радавацца жыццю, ды ў жыцці якраз яму не надта і шанцавала. Так атрымалася, што рана страціў жонку. Кахаў яе, душы не чуў, ды не збярог. Раптоўна захварэла і ўсяго пару тыдняў і паляжала.

Як ні стараўся Марка, каго толькі ні запрашаў да хворай, каб дапамаглі, — усё было марна. Аднавяскоўцы дапамагалі, падказвалі пра тых, хто хоць крышку нейкія травы ведаў ды некага некалі лекаваў. Усіх вялі да двара багатага гандляра. Толькі як ні шапталі, што ні давалі піць, чым ні націралі хворую, той не станавілася лягчэй, яна ўсё болей і болей высыхала.

Аднаго разу, калі чарговы вяшчун адышоў з хаціны, жанчына раптоўна застагнала, а потым зусім звонкім, як і раней, голасам пазвала:

— Марка!
— Ну? — падскочыў той.
— Ты тут? А я думала, мо недзе ў дарозе?
— Ды ты што?
— Раней ты пастаянна па шляхах-дарогах ездзіў-насіўся і зусім мала бываў дома.
— То раней. А зараз хаціну не пакідаю.
— Усё з-за мяне?
— I з-за цябе таксама.
— Ты не хвалюйся, хутка я табе развяжу рукі.
— Што гэта ты гаворыш? Кінь дурное, бо ў нас грошай да канца жыцця нашага хопіць, нават калі я болей рамяством не буду займацца.
— Займайся, ты ж дома не выседзіш, я ведаю твой характар.
— Ты толькі папраўляйся, то я болей з дому і на дзень не паеду.
— Не папраўлюся, даражэнькі, бо ўжо смерць стаіць ля мае галавы.
— Не кажы так. Жыві доўга, папраўляйся.
— Не перашкаджай мне, чалавеча, гаварыць. Мала ў мяне часу засталося, таму хачу сказаць табе нешта надзвычай важнае. Пакліч сюды нашую дачушку.

Праз нейкіх пару хвілін Марка ўвёў у хаціну дзяўчынку, якой было гадоў дзесяць-адзінаццаць, і падвёў да ложка.

— Дачушка, ты мяне чуеш? — прамовіла хворая.
Так, мама, чую.
— Слухай мяне ўважліва. Ты тату нашага заўсёды слухайся, ні ў чым яму не супярэч. Зразумела? Ён у нас добры і дарма ні на каго не накрычаў, не насварыўся, тым болей на адзіную родную душу, якая ў яго пасля маёй смерці застанецца.
— Што ты, мама?..
— Гэта так. Слухайся і не супярэч, не давай падстаў для ўсялякіх людскіх размоў. Расці прыгожай, дужай ды вясёлай. Да людзей будзь спагадлівай, нікому ў дапамозе не адмаўляй і не пагарджай нікім, бо гэта да дабра не даводзіць. Чуеш?
— Чую.
— Глядзі ж, каб прытрымлівалася свайго слова.
— Даю табе слова ў гэтым.
— То нахіліся, і я цябе, мая дачушка, пацалую.

Малая нахілілася і заплакала.

Ты чаго? — здзівілася матуля.
Табе баліць?
— Не, кінь дурное, мне ўжо не баліць, а хутка зусім балець перастане. Ідзі пагуляйся, я з тваім татам пагавару.

Калі тая выйшла за парог, то хворая зноў папрасіла:

— Чуў, Марка, пра што я гаварыла?
— Чуў.
— Глядзі ж і ты за дачкой, як за зрэнкай вока, бо болей ў цябе нікога з самых родных на зямлі няма.
— Няма.
— Дай і ты мне слова, што другі раз не жэнішся, пакуль нашу дачку замуж не аддасі.
— Слова я даю, толькі ты болей такога не гавары. Яшчэ на ногі ўстанеш, вось пабачыш. Заўтра мне абяцалі нейкага вельмі разумнага траўніка прывезці. Той дзед, гавораць, нават ужо самых безнадзейных да жыцця вяртае.
— Не паспее ён, бо мая апошняя часіна ўжо ля галавы. Прашу апрануць мяне ў маю любімую вопратку. I не плач, не трэба ўбівацца. Я ведаю, што дачушку нашу ты дагледзіш, а на цябе ў мяне зла няма. Каб іншыя так жылі, як мы з табой усе гэтыя гады.

Сказала гэтыя словы, усміхнулася шчаслівая, заружавелася крышачку, і ўсё на гэтым — памерла. Спакойная, засяроджаная нейкая адразу стала.

Усё Марка так зрабіў, як жонка перад смерцю прасіла. Апранулі яе ў любімую вопратку, пахавалі на высокім пагорку, а над магілай пасадзілі маладую рабінку, каб яна кожную вясну цвіла белым цветам, а кожную восень чырванела прыгожымі ягадкамі ды на гэтым дрэўцы шчабяталізаліваліся вясёлымі галасамі птушачкі.

Ведама ж, гандляру прыбавілася клопатаў, але ён не прызвычаіўся свае справы на чужыя плечы перакладваць. Гандлярствам займацца не кінуў, проста наняў пару разумных ды кемлівых сялян, якія, зноў жа па ягоных парадах, вялі справу, а сам найболей дома сядзеў, дачку гадаваў, вачэй з яе не зводзіў, ды па гаспадарцы займаўся. Сяляне спачувалі чуламу чалавеку і дапамагалі, калі ўзнікала тая патрэба.

Час ляцеў хутка. Неўзабаве вырасла дзяўчынка такой прыгажуняй, што ў хлапцоў дух займала, калі на яе глядзелі. Ніхто не крыўдзіў дзяўчыну, не адважваўся нават што благое пра яе сказаць. Калі які незнаёмы хлапчына язык распускаў, то яму адразу ж раілі лепей памаўчаць і дадавалі:

— Гэта Маркава дачка.
— Так бы і сказалі адразу, — даходзіла да хлапчыны, — а то памаўчы ды памаўчы.

Марка, тым не меней, багацеў. Гандлярства прыносіла агромністыя прыбыткі, і ён укладваў грошы зноў у справу. Сваіх людзей шкадаваў, яшчэ болей стаў плаціць, і цяпер да яго з розных куткоў збягаліся сяляне ды гараджане — прасіліся на працу.

Усё, здавалася б, у яго было добра, але з кожным днём адчуваў Марка набліжэнне бяды. Стаў замкнутым, змрочным. Заўважылі гэта суседзі, падышлі і давай дапытвацца:

Што з табой, чалавеча?

Спачатку гандляр аднекваўся, а потым падзяліўся сваімі сумненнямі:

— Нешта на душы ў мяне неспакойна.
— А што ж такое?
— Каб жа я дакладна мог адказаць. I справы ідуць, з людзьмі дзялюся, і яны мною задаволены… Але нешта не дае спакою. I што гэта можа быць?..

Пытанне павісла ў паветры. Раптам стары, бяззубы дзедка прашыпеў:

— А калі, ненарокам, з дачкой што?
— Кінь дурное, стары, — накінуліся на яго суседзі.

Невядома, чым бы скончылася справа, каб не Марка, які ўступіўся за суседа:

— Не гарлайце на чалавека, ён жа мне хацеў падказаць. I, відаць, мае рацыю…
— На самай справе? — занепакоіліся астатнія. — То трэба пільна сачыць за ёй, павялічыць ахову.

На другі дзень дачка некуды сабралася, нібы на свята. I пабегла, хаваючыся за будынкамі ды за кустоўем. Бацька ўжо ведаў, што нешта тут не тое, і не адставаў ад яе. Акрамя гэтага, добры дзесятак вяскоўцаў, узброеных на ўсялякі выпадак, імкліва крочыўза гандляром. Раптам Марка падняў руку, падаючы тым самым знак спыніцца. Людзі прыпыніліся, а Марка выйшаўз-за куста і голасна прамовіў:

— Вось ты чым тут займаешся, дачушка?

Кінуліся сяляне туды і ўбачылі, што дачка гандляра стаяла побач з багатым панічом.

— Ты ж мне абяцала, што да багатых не будзеш хінуцца, а сама вунь што вырабляеш?!
— Што хачу, тое і раблю! — горда адрэзала дачка.
Ты як з бацькам размаўляеш?!
— Гэта мая справа! — не менш горда адказала дзяўчына. — З кім захачу, з тым і жыць буду, і не першы ён у мяне! Цябе слухаць не буду! — тупнула нагой і ажно загарэлася, так ужо разгневалася.

Але і Марка завёўся:

— Успомні, што маці-нябожчыца казала?
— I яна мне не ўказчыца!
— Ах ты, нараўлянка! Каб жа ты ручаінаю стала! — ускіпеў гандляр.

Толькі замовіў слова, як забурчала ручаінка, пацякла чысцюткая вадзіца там, дзе стаяла дачка. Схапіўся за галаву Марка, ды нічога не мог выправіць. Так і сталі тую руча,інку, якая потым у рачулку ператварылася, Нараўлянкай зваць, ад той наравістай ды непаслухмянай дачкі. Пазней на беразе рачулкі паселішча ўзнікла, то яго назвалі Нароўляй.

Аўтар: А. Ненадавец
Крыніца: Гомельшчына: Назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданняў / Склад., запіс, апрац. А. М. Ненадаўца. — Мн.: Беларусь, 2001. — 415 с.: іл. — (Мой родны кут). Ст. 200-203. Ст. 12-13. Ст. 271-276.