На тэрыторыі Гомельшчыны народныя балады шырока бытуюць у наступных раёнах: Калінкавіцкім, Жыткавіцкім, Нараўлянскім, Рэчыцкім, Жлобінскім, Веткаўскім, Хойніцкім, Лельчыцкім і Гомельскім. Асноўная тэма вялікай групы балад звязана з адлюстраваннем сямейна-бытавых узаемаадносін. Іх дзеючымі асобамі з’яўляюцца жонка, муж, свякроў. Для гэтага віду баладных песень характэрна распрацоўка вострых сямейных канфліктаў, аснову сюжэтаў часта складаюць узаемаадносіны жонкі і мужа, свекрыві і нявесткі.
Сям’я, зыходзячы з традыцыйных уяўленняў, з’яўляецца базавай асновай грамадства, і па гэтай прычыне сямейныя калізіі знаходзяцца ў цэнтры развіцця сюжэтнай лініі баладных песень сямейна-бытавой тэматыкі. На розных стадыях жыццёвага цыкла паслядоўна змяняюцца функцыі і статус чалавека ў сям’і. Невыпадкова сямейныя калізіі носяць розны характар і датычацца ўзаемаадносін маці і дзяцей, мужа і жонкі, брата і сястры, нявесткі і свекрыві. Розныя ўзроўні гэтых стасункаў — аснова для зараджэння тых калізій, якія дазваляюць вылучыць некалькі тыпаў балад сямейнай тэматыкі.
Узаемаадносіны паміж бацькамі і дзецьмі з’яўляюцца і на сённяшні час вельмі актуальнай праблемай, але пачаткі гэтага караняцца яшчэ ў язычніцтве. Яскравым доказам з’яўляюцца сюжэты балад. Узаемаадносіны паміж маці і дачкой, іх супярэчнасці знаходзяцца ў цэнтры развіцця баладнага сюжэта «дачка-птушка», запісанага на тэрыторыі Г омельшчыны:
Каліна-маліна, ягада мая,
Жыла я й у мамы — як роза цвіла.
Жыла я й у мамы — як роза цвіла,
Ддала мяне мама замуж даляко.
Ддала мяне мама замуж даляко,
Не вялела ж мама часта гасцяваць.
Не вялела ж мама часта гасцяваць,
А вялела мама мужа й уважаць.
Пражыла я годзік, пражыла я два,
А на трэці годзік зажурылася.
Да радзімай мамы запрасілася [1, с. 204].
Баладныя творы гэтай тэматычнай групы нясуць у сабе адбітак родава-матрыярхальнай ідэалогіі, паколькі дзеянні маці, яе аўтарытэт былі бясспрэчнымі. Іншы раз трагічны зыход у развіцці сюжэтнай лініі абумоўлены аднаасобным рашэннем маці, выключна яе воляй.
Супярэчлівыя ўзаемаадносіны ўзнікаюць таксама ў маці з сынам. Часам у жыцці здараецца так, што бацькі вырасцілі дзяцей, але ў старасці становяцца непатрэбнымі. Сведчаннем гэтага з’яўляецца сюжэт балады, запісанай ў вёсцы Бярэжцы Жыткавіцкага раёна:
А ў нядзельку параненьку
Зазлаваўся сын на маці.
— Уйдзі, мамка, проч ад мяне,
Будуць госці цяпер ў мяне.
Будуць кумы, пабрацімы,
Шчэ блізкія суседачкі.
Пайшла маці горанькамі,
Аблілася слёзанькамі.
Ды шчэ маці гор не ўзышла,
А ўжо сына бяда найшла [2, с. 369].
Сутнасць паняцця «сям’я» трансфармуецца ў сувязі са зменамі, што назіраюцца ў сацыякультурным развіцці грамадства. У тэкстах балад яскрава гучаць матывы мацярынскага суму і болю, прычынай чаго з’яўляюцца нечакана жорсткія адносіны дзяцей да сваіх бацькоў, якія гадавалі, выхоўвалі і жылі надзеяй у будучым адчуваць іх клопаты ў адносінах да сябе. Гэта адлюстравана ў тэксце балады, запісанай у вёсцы Праскурні Жлобінскага раёна:
Колькі жыць я буду,
Вавек не забуду:
Як я гаравала,
Дзетак гадавала.
— Годзе табе, маці,
У полі жыта жаці,
Паедам са мною
— Будзеш аддыхаці.
Паехала к дочцы.
Села ў куточку.
— Донька мая, донька,
Памый мне сарочку.
— Я не буду мыці
— Няма дзе сушыці.
Паязджай да сына
— Там ты будзеш жыці.
Дзеці мае, дзеці,
Чым вам не ўгадзіла?
Я вас гадавала,
А цяпер не міла [1, с. 212-213].
Глыбокі маральна-этычны сэнс, закладзены ў сюжэтнай аснове песенных тэкстаў, пацвярджае, што ў жыцці спрацоўвае прынцып бумеранга. У той жа час маці па жыццёвых абставінах таксама можа адмовіцца ад нованароджанага:
Случылася бяда.
Да маладая ды Марусечка
Радзіла сына.
Радзіла сына
Да не свет божы ды не пусціла,
А ўрэчку бросіла [2, с. 185].
Трагізм сітуацыі заключаецца ў тым, што жанчына, якая нарадзіла па-за шлюбам, і яе дзіця, згодна з маральна-этычнымі нормамі грамадства, асуджаліся, іх нават выракаліся.
Водгукі матрыярхату выяўляюцца ў сюжэтах шматлікіх балад, а яго перажыткі знаходзяць адлюстраванне ва ўзаемаадносінах свекрыві і нявесткі.
У адных варыянтах баладных песень маці сама выбірае для свайго сына жонку, але ў далейшым узнікаюць супярэчнасці паміж нявесткай і свекрывёй. Адзінае выйсце — пазбавіцца ад нявесткі пры дапамозе закляцця. Напрыклад, у баладзе, запісанай у вёсцы Канатоп Нараўлянскага раёна, гучыць матыў нелюбові свекрыві да нявесткі:
Ажаніла маці сына па няволі,
Узяла нявехну ды не да любові.
Узяла нявехну ды не да любові,
Не белае лічка, не чорныя бровы.
Адправіла сына ў вялікую дарогу,
Маладу нявехну — у поле браці лёну [2, с. 226].
Варыянты сюжэтаў іншых баладных песень кампазіцыйна развіваюцца такім чынам, што сын сам выбірае сабе жонку, якая не падабаецца яго маці, і апошняя вырашае атруціць дзяўчыну:
Ды паехаў мілы ў вяліку дарогу,
Ды пакінуў мілу жывую, здарову.
А маці нявехны ды й не злюбіла,
Узяла й тую нявехну ды й атруціла.
Ды прыехаў мілы з вялікай дарогі,
Скланіўся маці нізенька ў ногі.
— Ой, маці ж ты, маці, маці жрадзіма,
Ой, дзе ж мая міла, дзе ж мая жана? [2, с. 240]
Паводле далейшага развіцця сюжэта вышэйпрыведзенага тэксту, маці застаецца без пакарання. У яе паводзінах не заўважаецца шкадавання аб зробленым злачынстве. Маці дзейнічае дэспатычна, выяўляючы неабмежаваную ўладу над лёсам свайго сына, не лічыцца з хрысціянскім запаветам «не забі». Трагічнае апавяданне не выходзіць за межы сямейных адносін. У баладзе па-майстэрску спалучаюцца элементы апавядальнасці, драматызму, лірычнасці, што ў сукупнасці стварае эфект незвычайнай мастацкай вартасці ў адлюстраванні глыбіні сямейнага канфлікту.
М. Краўцоў адзначаў, што ў вышэйпрыведзеным сюжэце «канфлікты ўзнікаюць як канфлікты першабытнага ладу жыцця, калі важную ролю яшчэ набывае матрыярхат, і кожны член шлюбнай пары быў яшчэ цесна злучаны са сваёй радавой абшчынай, і парны шлюб толькі складваўся» [3, с. 192].
Форма сямейных узаемаадносін магла на працягу шматлікіх стагоддзяў вызначаць агульны напрамак эвалюцыі макрасацыяльных сістэм. Кожны член грамадства, акрамя сацыяльнага статусу, этнічнай прыналежнасці, маёмаснага і матэрыяльнага становішча, з моманту нараджэння і да канца жыцця валодае такой характарыстыкай, як сямейна-шлюбны стан. Таму актуальна будзе разгледзець сюжэты балад, дзе яскрава паказаны стасункі паміж мужам і жонкай, вынікам якіх часам з’яўляецца трагічны характар развіцця падзей. У некаторых варыянтах балад адлюстроўваецца сярэдневяковы дэспатызм мужа, калі, напрыклад, ён забівае жонку па намове маці, што пацвярджае тэкст балады, запісаны ў вёсцы Канатоп Нараўлянскага раёна:
— Маці, маці, парадніца ў хаце,
Парадзь, мамка, як жонку караці.
— Вазьмі, сынку, валасяны вужкі,
Звяжы жонцы белы ручкі, ножкі.
Вазьмі, сынку, драцяну нагайку
Ды й бі жонку з вечара да ранку.
Ой, з вечара камора грымела,
А з паўночы галава зляцела [2, с. 474 — 475].
У большасці варыянтаў адлюстраваны складаныя ўзаемаадносіны, калі муж здзекуецца з жонкі, нядбайнай гаспадыні. Напрыклад, у баладзе, запісанай у вёсцы Старыя Дзятлавічы Гомельскага раёна, гучыць матыў расчараванасці мужа ў паводзінах жонкі:
Што ўзяў я жану не па любові,
Што не бела ліцо, не чорныя бровы,
Што ні спекць, ні зварыць, ні з народам гаварыць,
Што ні жыцечка жаць, ні снапочка звязаць.
А як і звяжа снапок, дак развяжацца,
А як і скажа слаўцо — не наравіцца [2, с. 436].
Сямейныя канфлікты набываюць выключную вастрыню ў гэтай тэматычнай групе. Героі балад не маюць знешніх характарыстык, яны пераважна ананімныя (жонка, муж), але іх сацыяльны статус, безумоўна, адлюстроўвае асабісты сямейны побыт. На прыкладзе ўзаемаадносін мужа і жонкі адлюстроўваюцца архаічныя звычаі, складанасць людскіх адносін. Сустракаюцца песні, сюжэт якіх звязаны з забойствам жонкі, пры гэтым жанчына застаецца пасіўнай. У іншых баладных варыянтах, запісаных у вёсцы Бярэжцы Жыткавіцкага раёна, паказваецца высокі духоўны патэнцыял жанчыны-гераіні:
Жана мужа да й зарэзала,
У свірэньку да й павесіла.
Павесіла ж у свірэньку й пад вакном
Ды й накрыла тонкім белым палатном.
— Ох, браціхна, ой, лябёдка наша,
Ой, куды наш ды брацейку пайшоў?
— Й ваш брацейка ды й на моры хадзіў,
Шчуку-рыбіну дадому прынасіў.
— Ох, браціхна, ой, лябёдка наша,
Ой, што ў цябе ды за кроў на стале?
— Нарэзала ды гусей, то курэй,
Частаваці сваіх любых гасцей [2, с. 406].
Народнае бачанне сутнасці і значэння сям’і ў грамадстве знайшло адлюстраванне ў іншых баладах. Паступовае станаўленне сямейных стасункаў назіраецца ў варыянтах, зафіксаваных у Калінкавіцкім раёне. Канфліктныя ўзаемаадносіны ўзнікаюць паміж блізкімі па крыві людзьмі — братам і сястрой. Часам вынікі такіх канфліктаў трагічныя, як у баладзе, зафіксаванай у вёсцы Касетаў Калінкавіцкага раёна:
— Ой, рада б я атравіці,
Ды й не знаю, што рабіці.
— Ідзі, дзеўка, у чыста поле,
Там атрута землю пора.
У даліне куст каліны,
На каліне тры гадзіны.
У каліну сонца пячэ,
А ў гадзіны рапа цячэ.
Падстаў, дзеўка, вядзерачка
Пад гадзюча раберачка.
Падстаў, дзеўка, кановачку
Пад гадзючу галовачку.
Узяла дзеўка ды й зрабіла,
Да й браціка атравіла [2, с. 532].
Блізкія адносіны паміж членамі сям’і заўсёды з’яўляліся крыніцай канфліктаў. Даследчык І. Горак слушна адзначыў, што ў ідэале «паміж братам і сястрой усведамлялася глыбокая роднасная сувязь, калі брат з’яўляўся заступнікам і абаронцам сваёй роднай сястры» [4, с. 86]. Аднак у баладах відавочнае і іншае развіццё сюжэта.
Прааналізаваныя варыянты баладных песень сямейнай тэматыкі даюць падставы сцвярджаць, што сям’я ў гэтых песнях разглядаецца як малая група, члены якой аб’яднаны кроўным сваяцтвам, узаемнай дапамогай, маральнай адказнасцю, агульнасцю побыту і, у той жа час, гэтая група не пазбаўлена часам трагічных канфліктаў. Устойлівым аб’яднаннем сям’я становіцца з моманту распаду родавага ладу. Балады сямейнай тэматыкі паказваюць (дэманструюць) першыя гістарычныя формы манагаміі — патрыярхальнай сям’і.
Літаратура
- Беларускі фальклор у сучасных запісах. Традыцыйныя жанры. Гомельская вобласць / уклад. В. А. Захарава [і інш.]; уклад. муз. часткі У. І. Раговіч. — Мінск: Універсітэцкае, 1989. — 384 с.
- Балады: у 2 кн. / рэд. К. П. Кабашнікаў, В. І. Ялатаў. — Мінск: Навука і тэхніка, 1978. — Кн. 2. — 744 с.
- Кравцов, Н. И. Русское устное народное творчество / Н. И. Кравцов, С. Г. Лазутин. — М.: Высшая школа, 1983. — 448 с.
- Салавей, Л. М. Беларуская народная балада / Л. М. Салавей. — Мінск: Навука і тэхніка, 1987. — 284 с.
Аўтар: Г.П. Саўчанка
Крыніца: Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі. Вып. 16 / навук. рэд. А.І. Лакотка; Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. — Мінск: Права і эканоміка, 2014. — С. 236-240.