Народны каляндар Добрушчыны: зімовыя і веснавыя абрады, песні, прыкметы і павер’і

0
216
Народны каляндар Будзьма

 Звернемся да характарыстыкі зімовай каляндарнай абраднасці і паэзіі, шырока прадстаўленай у розных вёсках вышэйназванага раёна. Так, у в. Агародня-Кузьмініцкая абрад калядавання (шчадравання) адбываўся пад Новы год. Адметнымі ў гэтай мясцовасці былі дзеянні, звязаныя з разбіваннем гарбуза: «Калі шчадроўшчыкі пачыналі пець, гаспадар біў аб пол гарбуз. Калі яму ўдасца яго разбіць ад аднаго ўдару, ды так, каб з яго семкі пасыпаліся ў розныя бакі, — гэта добра: год будзе багатым. Семкі гэтыя чарадзейныя, як і хлеб, што даюць шчадроўшчыкам. Яго даюць людзям, жывёле ад злога вока і ад хвароб» (запісана ў в. Агародня-Кузьмініцкая ад В.І. Перапанавай, 1933 г.н.).

Паводле сведчанняў інфармантаў, устойлівасцю бытавання на Добрушчыне вылучаўся абрад ваджэння казы, што суправаджаўся песнямі-ілюстрацыямі, дзе гучалі матывы ўшанавання казы, з якой, паводле народных вераванняў, звязаны апатрапеічная і прадуцыравальная магія.

Во-во-во каза,
Во ўжо серая,
Адкуль ты прышла?
І няхай ваўкі,
І няхай ваўкі.
Усе людзі стральцы
Стрэльнулі казе
У левае вуха.
З правага вуха
Пацякла ўха,
Каза ўпала,
Быццам прапала
(запісана ў г. Добруш ад Кавалёвай Наталлі, 1930 г.н.); і:

Го-го-го, каза серая,
Ці даўно, каза,
З Масквы прыйшла,
З крутымі рогамі,
З даўгімі касамі?
Рагамі скалю,
Касамі звяжу.
Не хадзі, каза,
Ва тое сяло,
Ва Міхайлаўку.
Ва Міхайлаўцы Усе людзі — стральцы,
Стрэлілі казе ў левае вуха,
З вуха пацякла юха,
Козачка ўпала,
Быццам і прапала,
А ты, Міханош,
Дуй казе пад хвост,
Жылачка надзьмецца — Козачка праснецца.
Дзе каза ходзя — Там жыта родзя,
Дзе каза нагой — Там жыта капой,
Дзе каза хвастом — Там жыта кустом,
Дзе каза рогам —
Там жыта стогам
(запісана в. Баршчоўка Добрушскага р-на ад Любові Іванаўны Рыжковай, 1941 г.н., перасяленкі з в. Дзям’янкі Добрушскага р-на).

Як адзначылі жыхары в. Баршчоўка, у іх мясцовасці былі вядомы абрады ваджэння казы, кабылы, а таксама ў калядным гурце былі цыганы: «Сёмага студзеня (на Ражаство) збіраліся хлопцы, дзеўкі і хадзілі па хатах, калядавалі. Яны пераапраналіся ў казу, цыганоў, кабылу» (запісана ў в. Баршчоўка ад Цупікавай Ганны Палікарпаўны, 1943 г.н.).

У в. Карма са святкаваннем другой куцці быў звязаны не толькі абрад ваджэння казы, але і абрад ваджэння мядзведзя: «Выварочвалі кажух, адзявалі на якога-небудзь мужыка, давалі яму палку. Разам з мядзведзем хадзілі шчадраваць, на вуліцы ён пужаў людзей» (запісана ад Шуставай Марыі Трафімаўны, 1927 г.н.).

У калядна-навагодняй абраднасці Добрушчыны адлюстраваліся як язычніцкія ўяўленні, так і хрысціянскія, якія знайшлі паэтычнае ўвасабленне ў звычаі «насіць калядную зорку»: «На Каляды ад хаты да хаты насілі зорку, на якой была разрысавана рознымі казачнымі фігуркамі. Калі адну квяцістую частку зоркі круцілі, то гэтыя фігуркі як бегалі. Гэтая зорка была як бы сонцам, якое абвяшчала ўсім людзям прыйсці і быць цёплым. Але заўсёды помнілі пра Бога і яму песні пелі:

Неба і зямля, неба і зямлярадасна спяваюць,
Анёлы людзям, анёлы людзям радасць абвяшчаюць.
Хрыстос нарадзіўся, Бог абвясціўся,
Анёлы спяваюць, пастухі іграюць.
У Віфлееме, у Віфлееме вясёла навіна,
Чыстая дзева, чыстая дзева нарадзіла сына,
І мы дзіцятку, і мы дзіцятку Богу паклон дайма,
Слава ўсявышню, слава ўсявышню яму заспявайма»
(запісана ў в. Залессе ад Праскоўі Васільеўны Каржовай, 1929 г.н.).

Як правіла, мясцовыя жыхары заўсёды з нецярплівасцю чакалі калядоўшчыкаў, бо іх прыход, верылі, паспрыяе сямейнаму дабрабыту, плёну ў гаспадарцы і на ніве. Калі ж гаспадары не адчынялі дзверы шчадроўшчыкам, то першых чакалі розныя непрыемнасці: «Калі не выходзілі і нічога не давалі, то ім знімалі вароты, адносілі іх далёка ад хаты, закрывалі комін сцяклом, затыкалі сенам, ламалі забор, падпіралі дзверы і спявалі такую песню:

Шчодзер, бодзер,
Бацька-злодзей
Украў ражок з табакай,
Матка бягіць з лапатай»
(запісана ў в. Перарост ад Дзікай Аляксандры Пятроўны, 1925 г.н.).

Вялікае значэнне надавалі жыхары Добрушчыны падрыхтоўцы абрадавай стравы, якую называлі куццёй: «Яе гатуюць зраніцы, як толькі сонца зайдзе, усе адзяваліся па-святочнаму, стол засцілаюць абрусам белым і потым ставіцца на сена на покуце куцця, якая застаецца там да вячэры» (запісана ў в. Баршчоўка ад Караценка Марыі Макееўны, 1912 г.н.). Звычайна гаршчок з куццё ставілі на покуці, дзе таксама, як і пад абрусам на стале, ляжала сена, у магічныя ўласцівасці якога верылі, таму невыпадкова «сена, якое было пад абрусам і на покуці пад куццёй, раніцай аддаюць свойскай жывёле» (запісана ў в. Баршчоўка ад Караценка Марыі Макееўны, 1912 г.н.).

Паводле звестак, запісаных у в. Васільеўка, калі ставілі гаршчок з куццёй на «кут», то «гавораць «кох-кох-кох», а дзеці пад сталом крычаць «кудах-дах-дах». Гэта рабілі для таго, каб куры добра нясліся» (запісана ад Філімонавай Ніны Панцялееўны, 1957 г.н.). У гэтай жа вёсцы бытаваў наступны адметны звычай: перад тым, як святкаваць другую куццю, трэба было ўсім членам сям’і прыбраць у хаце і памыцца: «Грэлі ваду ў печы, вылівалі ў дзежку і мыліся па чарзе. Спачатку бацькі, потым дзеці. Прыбіралі ў хаце» (запісана ад Філімонавай Ніны Панцялееўны, 1957 г.н.).

Што датычыць абрадавай стравы куцці, то варта заўважыць, што, як засведчылі інфарматары, рыхтавалі першую куццю на Ражаство, другую — на Новы год, трэцюю — на Крашчэнне: «Першая куцця была на Ражаство. Вараць кашу, ставяць яе ў сена. Ета пустая куцця, бедная, на вадзе да на алейцу. Другая куцця — на Новы год. Пярловая была, жырная. Каляды ж былі ўжэ. Усе елі скаромнае. А трэцяя куцця — у канцы Каляд. Тожа была жырная» (запісана ў в. Баршчоўка ад Смаляковай Ніны Яўгенаўны, 1930 г.н., перасяленкі з в. Дзям’янкі).

Рытуальны дыялог заклікання Марозу, паводле сведчанняў жыхароў в. Залессе, быў звязаны з першай куццёй: «Гаспадар адкрываў акно і зваў: «Мароз, мароз, хадзі куццё есці! Ідзі, калі завем, а калі завем — не хадзі. бо кале будзем араць — будзем цябе на пашы драць!». Ставім лыжку куцці на талерку і адкрываем акно. Гаспадыня прыгаворвала: «Мароз, мароз, хадзі куццю есці! І іржа, і бель, хадзі цяпер! А ўлетку не бывайце, хлеба нашага не ўбівайце!» (запісана ад Каржовай Праскоўі Васільеўны, 1929 г.н.). Цікава адзначыць, што пацвяржэннем сувязі вышэйназванага рытуальнага дыялогу заклікання Марозу (увасаблення духаў памерлых) з міфалагічнымі ўяўленнямі, з’яўляюцца сведчанні Праскоўі Васільеўны Каржовай: «Поснай куццёй мы памінаем нашых родзічаў памёрлых і гэтым мы іх запрашаем на вячэру. Яны сваё дзела знаюць: з Марозам навораць і той да нас не пойдзе вясной». Заслугоўваюць увагі і яе тлумачэнні адносна семантыкі зерня, якое выкарыстоўвалі для падрыхтоўкі куцці: «Зерні куцці мелі сваю сілу: ад іх можна збавіцца хвароб».

Трэцюю куццю, якая была звязана з Крашчэннем, у в. Баршчоўка называлі «піскухай». У гэты ж дзень мясцовыя жыхары, выходзячы да рэчкі, варажылі пра сваё будучае жыццё: «На Крашчэнне выходзілі к рэчцы і долю гукалі: «Доля, доля, абзавіся, сколько мне жыці?» Калі што пачуеш, скора памрэш, калі ўсё маўчыць — шчэ жыць будзеш» (запісана ад Цупікавай Ганны Палікарпаўны, 1943 г.н.).

Распаўсюджаным на Добрушчыне быў абрад «засявання»: «На другі дзень (14 январа) хадзілі засяваць. Бралі зярно ў карман, ішлі ў кожны двор. Увайдуць ў хату, сыплюць зярно і кажуць: «Сею, сею, пасяваю, з Новым годам паздраўляю!» (запісана ў в. Васільеўка ад Філімонавай Ніны Панцялееўны, 1957 г.н.). Не менш цікавы прыклад зафіксаваны і ў в. Залессе: «14 студзеня — Шчодрык-Васілле. Шчадрэц, Шчодра, Гагатуха, Конікі — розныя назвы былі: хто як называў, але ўсе панімалі. Раніцай у гэты дзень хадзілі па дамам і сеялі-пасявалі, ураджаю добрага жадалі. Калі ў гаспадароў у доме хлопец быў, яго хвалілі за вочы карыя, за бровы чорныя, за працу, за ўсё, абы пахваліць:

Ой, там пад шчадром Васілька з канём.
На кані сядзіць, дудачку дзяржыць,
У дудачку грае, слічна спявае.
Прыйшла да Васіля матанька яго:
Ой, сынку, сынку, хто цябе вучыў?
Хто цябе вучыўу дудачку іграці?
У дудачку іграці, слічна спяваці?
Была ў караля адна дачка,
Яна навучылаў дудачку іграці.
У дудачку іграці, слічна спяваці»
(запісана ад Каржовай Праскоўі Васільеўны, 1929 г.н.).

Адным са структурных кампанентаў калядна-навагодняга комплексу з’яўляюцца варожбы, якія мелі гаспадарчы (былі прымеркаваны да першай і трэцяй куцці («З-пад абруса потым выцягвалі і па іх дліннаце глядзелі, які ўраджай будзе на лён і збожжа» (запісана ў в. Залессе ад Каржовай Праскоўі Васільеўны, 1929 г.н) і шлюбны характар (адбываліся перад «старым новым годам» і былі звязаны з другой куццёй). Адзначым спецыфіку мясцовай класіфікацыі варожбаў, якія, паводле выкарыстання прадметнай атрыбутыкі і функцыянальна-семантычнай скіраванасці, дзеляцца на некалькі груп. Адзначым, што варажылі з выкарыстаннем як адзінкавых прадметных атрыбутаў, так і іх сукупнасці. Калі засяродзіць увагу на апошнім, то выклікае цікавасць тэкст варажбы, запісаны ад Чэпікавай Веры Кірылаўны, 1930 г.н., у г. Добруш: «Гадалі перад Храшчэннем: солі ў узялочак у трапачку звяжаш, грэчкі крупак узялочак, лялечку маленькую, чарку і пад міску ўсё пакладзеш, а тады хапаеш, вочы заплюскваеш, адкрываеш міску, што ты хваціш чарку, значаць, замуж пойдзеш, ляльку — таксама, а еслі што-та соль, ну, плахое, соль ілі грэчка». Як сведчыць прыведзены прыклад, у дадзеным тэксце выкарыстоўваліся і соль, і грэчка, і лялька, і чарка, якія, можна меркаваць, набылі ў кантэксце мясцовай варажбы адметную станоўчую (лялька, чарка) і адмоўную семантыку (соль, грэчка).

У працэсе варажбы звярталіся да абутку («Выходзілі на двор і кідалі бот праз вароты. У які бок гэты бот падаў наском, у той бок і замуж пойдзе тая дзеўка, чый быў бот» (запісана ў в. Церахоўка ад Старацітаравай Ніны Яўсееўны, 1940 г.н.) і адзення («Хадзілі мачыць фартухі ў ваду ля калодца і беглі туды, адкуль вышлі. Чый фартух быстрэй замерзне, тая першая замуж выйдзе» (запісана ў в. Баршчоўка ад Цупікавай Ганны Палікарпаўны, 1943 г.н.), розных бытавых прадметаў («ночваў» і «грабянца», люстэрка, замка і інш.) («Вот вазьміце насячыце дрэвак і палажыце пад падушку, і замок палажыце, сужэны і прыйдзе ў сне» (запісана ў в. Баршчоўка ад Рыжковай Любові Іванаўны, 1941 г.н.); «Бралі ночвы, кідалі ў іх грабянцы, затым усе разам трэслі гэтыя ночвы: чый грабянец выпадзе першы, тая першая і замуж пойдзе» (запісана ў в. Церахоўка ад Старацітаравай Ніны Яўсееўны, 1940 г.н.), абрадавай стравы (куцці, бліноў) («Куццю варылі, ставілі яе на кут на сена, а ўвечары, як садзіліся есці, бралі першую лыжку куцці, але яе не елі, а хавалі ў бумажцы пад падушку і казалі: «З кім век векаваць, прыйдзі маю куццю даядаць». У сне чакалі ўбачыць свайго суджанага», «Пяклі блінцы ўвечары. Маці пякла першы блін, дзяўчына клала гэты блін на галаву і бегла на вуліцу, дзе пытала імя ў першага стрэчнага чалавека. Калі яна сустракала мужчыну і пытала ў яго імя, гэта азначала, што такое імя будзе мець яе суджаны. Але калі яна сустракала жанчыну, гэта азначала, што дзяўчына ў гэтым годзе замуж не пойдзе» (запісана ў в. Церахоўка ад Старацітаравай Ніны Яўсееўны, 1940 г.н.).

Калядныя святы суправаджаліся вялікай колькасцю прыкмет і павер’яў, забарон і парад, якіх прытрымліваліся абавязкова, каб не толькі не нашкодзіць гаспадарцы і здароўю сваякоў, але і забяспечыць сямейны лад і гаспадарчы плён. Так, жыхарка в. Залессе Каржова Праскоўя Васільеўна, 1929 г.н., сцвярджае, што на Каляды трэба з асобай пашанай адносіцца да зерня, з якога варылася куцця, таму што яно магло паўплываць на здароўе: «Ячная каша варылася ў адным і тым жа гаршку, яе нельга каштаваць да вечары. Зерні куцці мелі сваю сілу. Ад іх можна збавіцца хвароб». Адзначым, што прыкметы, павер’і, магічныя дзеянні, якія былі звязаны з куццёй як сімвалам дабрабыту і ўраджаю, даволі распаўсюджаны на тэрыторыі Добрушчыны: «Перад паяўленнем першай зоркі бралі сена, лажылі ў кут, ставілі туды куццю, каб куры нясліся, карова малако давала, каб было благасастаянне ў хазяйстве» (запісана ў в. Кругавец ад Красноўскай Наталлі Васільеўны, 1925 г.н.); «Лічылася, якая куцця, такі будзе ўраджай, які дзень, такі будзе год» (запісана ў в. Стараселле ад ад Зароўнай Марыі Мацвееўны, 1925 г.н.).

У святочныя вечары забараняліся «жаночыя» гаспадарчыя работы і віды дзейнасці, звязаныя з выкарыстаннем вострых прадметаў, не дазваляліся сваркі: «У этот день нельзя сварыцца, не пралі, хавалі кудзелі, грабяні, верацёны» (запісана ў г. Добруш ад Краўчанка Еўдакіі Ананьеўны, 1930 г.н.); «На куццю нельга было рэзаці, сціраці, секці. Прыбіраўшы хату, хавалі верацёны, таму што таксама лічылася вялікім грахом прасці» (запісана ў в Карма ад Шуставай Марыі Трафімаўны, 1927 г.н.); «На працягу ўсіх Каляд нічога нельга было не шыць, не віць, не плясці, не рабіць крывога, не сячы сякераю, бо, казалі, што дзеці і жывёла, якія павінны з’явіцца на свет, абавязкова народзяцца пакалечанымі» (запісана ў в. Перарост ад Дзікай Аляксандры Пятроўны, 1925 г.н.). Відавочна, першыя вечары новага каляндарнага года, звязаныя з ідэяй пачатку і закладвання асноў, надзяляліся магічнай уласцівасцю — уплываць на ход падзей на працягу ўсяго года, менавіта таму і прытрымліваліся мясцовыя жыхары ўсіх парад, каб не пашкодзіць сабе.

Да абрадаў пераходнага перыяду адносіцца Масленіца, святкаванне якой на Добрушчыне вылучаецца адметнымі асаблівасцямі. Прыгадаем асноўныя структурныя кампаненты масленічнага абрадавага комплексу:

падрыхтоўка абрадавай стравы: «Самай глаўнай ядой былі блінцы. Яны абязацельна даўжны былі быць» (запісана ў г.п. Церахоўка ад Цяньковай Таццяны Сідараўны, 1924 г.н.); «Блінкі пяклі» (запісана ў в. Івакі ад Машуковай Ганны Мікалаеўны, 1939 г.н.);

катанне моладзі на конях: «Хлопцы запрагалі коней і каталісь. Яны бралі з сабой дзяўчат. Каталіся па сялу. Калі хлопцы каталіся з канца сяла ў другі канец, то пелі такія песні. Хлопцы так красівенна ўкрашалі коней, што заглядзецца можна было, і цвятамі, і веткамі» (запісана ў в. Баршчоўка ад Машуковай Пелагеі Лукінічны, 1921 г.н.);

цяганне калодкі або ступы: «Існаваў яшчэ адзін звычай: у панядзелак на Масленічным тыдні збіраліся бабы з усёй вёскі, бралі папругу або пояс і прывязвалі да аднаго канца абрубак дрэва. Лавілі хлопца (не жанатага) і прывязвалі да яго нагі папругу, як бы ў пакаранне за тое, што ён не жаніўся. Калі хлопец не жадаў насіць гэта ўвесь дзень, ён павінен быў адкупіцца і даць бабам грошай або гарэлкі» (запісана ў в. Івакі, в. Дзям’янкі, в. Антонаўка); «Быў абычай «ступу цягаць». Бліжэй к вечару на вуліцы збіралася моладзь, яна пела песні, гуляла, яны і «ступу цягалі». Ступу цягалі незамужнія дзяўчаты або хлопцы, якія яшчэ не ажаніліся. Шукалі аборку, ступу, усё гэта звязвалі і запрагалі ў ступу, нехта адзін запрагаўся ў ступу і цягнуў. Тут пелі:

Масленіца-шчасленіца,
Белы сыр,
Хто не жаніўся,
Той сукін сын»
(запісана ў в. Карма ад Шуставай Марыі Трафімаўны, 1927 г.н.);

ушанаванне жанчыны-маладзіцы: «На Масленіцу хадзілі да маладых, што тока пажаніліся. Аддадзім падругу, а потым ідзем і гукаем яе ў госці, штоб жа мы яе ўгасцілі. Куплялі віно, варылі халоднае, бралі гурочкі, капустачку і няслі з сабой і пелі:

Маладая маладуха
Распусціла свая валаса,
А сарочачку згубіла
— Ты не знойдзеш нікагда.

А яна не сядзіць, да плача тады так, што замуж пайшла. Мы тады яе ўцяшаем» (запісана ў в. Агародня ад Хадзьковай Вольгі Васільеўны, 1938 г.н.);

распальванне вогнішча: «Моладзь вадзіла карагоды, палілі кастры і скакалі цераз іх. Прыбіраліся ў розныя касцюмы (цыган, нявест)» (запісана ў в. в. Івакі ад Е.М. Жандаровай, 1933 г.н.).

Гукалі вясну на тэрыторыі Добрушчыны на Аўдакею (1 сакавіка), на Саракі (22 сакавіка), на Благавешчанне (7 красавіка): «І вясну гукалі, выходзілі на гару:

Вясна-вясна, вясняначка,
Дочка твая красняначка.

Вадзілі дзеўкі карагоды, і хлопцы, і дзеўкі — усе. У нас жа тожа куды дзеўкі ідуць, туды ж і хлопцы гуляць. Дрэва ўпрыгожвалі» (запісана ў в. Баршчоўка ад Цікаевай Пелагеі Ігнатаўны, 1923 г.н.); «Хазяйкі пяклі жаўранкаў, а дзеці малыя іх украшалі ўжэ. Яны ўкрашалі іх лентачкамі і выносілі на вуліцу. Нада штоб было сорак жаўранкаў. Калі дзеці выносілі жаўранкаў на вуліцу, то выбіралі самая высокая месца (ці забор, ці крышу) і садзілі іх туды. Затым яны браліся за рукі і пелі зазыўную песню, вясну заклікалі:

Вясна-красна!
На чым прыйшла?
На дубчыку, на хамуціку,
На сахе, на баране,
На сядой барадзе.

Усе разам станавіліся i крычалі: «Вясна, вясна! Прыходзь быстрэй!» (запісана ў г.п. Церахоўка ад Сердзюковай Евы Піліпаўны, 1930 г.н.).

Як сведчаць фактычныя матэрыялы, велікодны тыдзень пачынаўся з Вербнай нядзелі, працягваўся шануемымымі ў народзе Чыстай серадой і Чыстым чацвяргом («У хатах убіралі. Бялілі хаты. Лаўкі мылі, палы шкрэблі. Гэта ўсё ўбіралі ў Чысты чацверг. А перад гэтым была Чыстая серада. Для гэтых ухватаў, качарожнікаў, што возле печы. Іх мылі, шкрэблі і ставілі ў вугал. А шчэ ў Чысты чацверг у бане мыліся» (запісана ў в. Баршчоўка ад Рыжковай Любові Іванаўны, 1941 г.н.) «Хату к Пасцы ўбіралі за нядзелю ўперад. К Чыстаму чацвяргу ў хаце даўжно быць усё чыста» (запісана ў в. Баршчоўка ад Грудавенка Валянціны Гаўрылаўны, 1930 г.н.) і заканчваўся непасрэдна Вялікднём, які, па ўспамінах мясцовых жыхароў, быў больш значным нават за Ражаство («Пасха — самы бальшы празнік. Ражджаство не такое» (запісана ў г. Добруш ад Кавалёвай Наталлі, 1930 г.н.).

З велікодным святам на Добрушчыне звязана шмат прыкмет і павер’яў. Так, напрыклад, мясцовыя жыхары надавалі надзвычайныя ўласцівасці асвечанай у царкве галінцы вярбы: яны верылі, што з яе дапамогай можна забяспечыць здароўе чалавека і жывёлы на ўвесь год, гаспадарчы дабрабыт, а таксама засцерагчыся ад негатыўнага ўплыву ўвогуле і «дурнога вока» ў прыватнасці: «Ламалі ў Вербнае васкрэсенне галінкі вярбы. Гэтыя галінкі бацюшка ў цэрквы асвяшчае. Калі ішлі дамоў, хто ўстрачаўся, таго білі галінкаю і прыгаварвалі:

— Б’ю не я, б ’е вярба,
Хіра ў лес — валоў пасці,
Здароўя, шчасця,
Здароўя, шчасця.

А потым, калі трэба было выганяць скаціну, білі яе гэтымі галінкамі, а потым імі ж сустракалі жывёлу. Рабілі гэта для таго, каб карова малако давала, не блудзіла, не хадзіла па чужых дварах, была здарова, ад урокаў» (запісана ў в. Кругавец ад Красноўскай Наталлі Васільеўны, 1925 г.н.).

Мыццё ў лазні ў Чысты чацвер, паводле ўяўленняў мясцовых жыхароў, прагназавала здароўе: «Чацвер перад Пасхай называўся «чыстым». Трэба было ўсім вымыцца. Казалі, што калі вымыешся ў «чысты» чацвер да ўсхода сонца, то вымыеш усе хваробы і будзеш чыстым» (запісана ў в. Жгунь ад Сакалоўскай Алены Маркаўны, 1929 г.н.).

Па тым факце, ці ўдаліся «паскі», прадказвалі, якім будзе жыццё на працягу года («Калі паскі красівыя, падняліся, не лопнулі, то ў сям’е ўсё будзе добра, усе будуць здаровыя, будзе весела» (запісана ў в. Агародня ад Хадзьковай Вольгі Васільеўны, 1938 г.н.), гэтым жа рытуальным печывам перахрэшчвалі з мэтай забяспечыць здароўе («Жанчыны перахрышчваюць, прыйшоўшы з царквы, лоб кожнага чалавека са сваёй сям’і свяцонай пасхай для таго, каб ён быў здаровы і ўдачлівы ўвесь год» (запісана ў г. Добруш ад Каралько Евы Іванаўны, 1921 г.н.), яго з’ядалі і бралі з сабой у дарогу з жаданнем засцерагчыся ад непрыемнасцей («Перад снеданнем абавязкова ядуць свяцоную пасху і свяцонае яйка, пасыпанае свяцонай соллю, славячы Хрыста і Маці Боскую, каб няшчасці і нястачы абышлі сям’ю бокам. Некалькі кавалачкаў свяцонай пасхі высушваюць і потым бяруць з сабой у дарогу або ў поле, каб Гасподзь Бог ва ўсім спрыяў і злога духа адагнаў» (запісана ў г. Добруш ад Каралько Евы Іванаўны, 1921 г.н.), а таксама велікоднае печыва выкарыстоўвалі і падчас пахавальнай цырымоніі для адпушчэння грахоў памерламу («Калі ў сям’і хто-небудзь памёр, то ў пакоі з труной перад абразамі кладуць кавалачкі свяцонай паскі і ставяць свяцоную на Вялікдзень ваду для таго, каб Хрыстос узяў да сябе душу памёршага і адпусціў ёй усе грахі» (запісана ў г. Добруш ад Каралько Евы Іванаўны, 1921 г.н.).

Магічнымі ўласцівасцямі, зыходзячы з народных вераванняў мясцовых жыхароў, валодалі таксама велікодныя свечкі, з дапамогай якіх пазбаўляліся ад хваробы («Велікодныя свечкі абавязкова запальваюць яшчэ і тады, калі ў сям’і хто-небудзь хварэе, бо лічаць, што сіла духа Хрыстова дапаможа збавіцца ад хваробы» (запісана ў г. Добруш ад Каралько Евы Іванаўны, 1921 г.н.), а таксама «шалупайкі ад велікодных яек», якія надзяляліся прадуцыравальнай і апатрапеічнай функцыямі («Шалупайкі ад велікодных яек раскідваюць па горадзе, каб Гасподзь ураджай даў і злога духа адагнаў» (запісана ў г. Добруш ад Каралько Евы Іванаўны, 1921 г.н.).

Паводле звестак, запісаных ў в. Жгунь ад Гуцавай Марыі Клімаўны, 1918 г.н., «калісь у Вялікі дзень дзелалі козлы: жэрдкі вялікія станавілі (ну, і хлопцы ўжо цэлы пост гатуюць гэтыя козлы), і тады ўсе — дзеўкі і хлопцы — калышуцца. Даска такая вялікая і вяроўкі. І ён як шугне тую дзеўку пад небу пад тую».

Наведванне царквы, фарбаванне і асвячэнне яек («Яйкі фарбавалі ў рудзенькі цвет лукавымі шалупайкамі. Гэта так Гасподзь красіў» (запісана ў в. Жгунь ад Чэкан Надзеі Сцяпанаўны, 1929 г.н.), гульня «ў біткі» («Інцірэсна каталі яйцы. Збіраліся дзеці і дарослыя, лажылі кусок шыфера адным бокам на камень, другім на зямлю, штоб была горачка. Па етаму шыферу скатывалі яйцы. Калі яйцо таго, хто пусціў, стукнулася аб чыёсць яйцо на зямлі, то яго забіраў той, хто катаў паследні» (запісана ў в. Агародня ад Хадзьковай Вольгі Васільеўны, 1938 г.н.), наведванне хроснымі бацькамі «крэснікаў» («У госці хадзілі ўжэ на другі дзень Пасхі. У госці абавязкова даўжны прыходзіць хросныя бацькі да сваіх крэснікаў, бо не прыйсці да сваіх крэснікаў лічылася вельмі дрэнна. Хросныя прыносілі цукеркі, крашаныя яйкі і што-небудзь з адзення» (запісана ў в. Жгунь ад Сакалоўскай Алены Маркаўны, 1929 г.н.) — асноўныя абрадавыя моманты святкавання Вялікдня на Добрушчыне, якія знаходзяцца ў межах бытавання агульнабеларускай традыцыі і пацвярджаюць арганічную спалучанасць у народнай культуры хрысціянскіх і язычніцкіх элементаў, факт жывучасці духоўнай спадчыны беларусаў.

Даволі распаўсюджаным на Добрушчыне было і святкаванне Юр’я, падчас якога, як сцвярджаюць мясцовыя жыхары, хадзілі ў поле — жыта свяціць («А на Юр’я жыта хадзілі свяцілі, бацюшка хадзіў, людзі ўсе сабіраліся с дзярэўні, хадзілі, свяцілі» (запісана ў в. Баршчоўка ад Цікаевай Пелагеі Ігнатаўны, 1923 г.н.), выганялі жывёлу «ў стада» і «вызначалі ведзьмаў» («Пастухі на Юр’еў дзень выганяюць рана кароў на расу і караўляць стада, каб ведзьма не прыйшла. Гэта калі прыйдзе ўжэ ведзьма, ані ўжэ знают тую маладзіцу, і тада ўжэ кругом стада ходзют, кнутамі атхлуствуют» (запісана ў в. Баршчоўка ад ад Рыжковай Любові Іванаўны, 1941 г.н.), назіралі за надвор’ем і прагназавалі ўраджай («Счыталася, што калі яснае ўтра на Юр’я (6 мая) — будзе ранні сеў, ясны вечар — позні сеў» (запісана ў п. Ясенкі Добрушскага р-на ад Сматрэнка Марфы Пятроўны, 1922 г.н.).

Асэнсаванне фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў па народным календары Добрушчыны дае падставы гаварыць пра багацце рэгіянальна-лакальнай спецыфікі каляндарных абрадаў, звычаяў і песеннай творчасці.

У артыкуле выкарыстаны матэрыялы архіва навукова-вучэбнай фальклорнай лабараторыі кафедры беларускай культуры і фалькларыстыкі УА «Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны»

Аўтары: А.А. Кастрыца, В.С. Новак
Крыніца: Известия Гомельского государственного университета имени Ф. Скорины: Сер. Гуманитарные науки. — 2017. — № 1 (100). Ст. 86-92.

The calendar customs and ceremonies and the associated signs and beliefs are considered on the rich authentic material recorded in field expeditions in the territory of the Dobrush district, Gomel region. The local specificity calendar rites is revealed.