Народны іканапіс Гомельшчыны XVIII-XX ст.ст.

0
444
Народны іканапіс на Гомельшчыне

Пад тэрмінам «народны іканапіс» разумеюцца творы майстроў, для якіх стварэнне абразоў не з’яўлялася адзіным прафесійным заняткам. Большасць іх адрозніваецца адносна невысокім узроўнем мастацкага выканання. Тым не менш, шырокая распаўсюджанасць такога віда творчасці, яго выразная своеасаблівасць, непарыўная сувязь з іншымі элементамі народнага светапогляду робяць яго неад’емнай часткай традыцыйнай беларускай культуры.

На жаль, гэта цікавая з’ява пакуль не стала аб’ектам спецыяльнага навуковага даследвання. Некалькі выданняў, якія былі падрыхтаваны Н.Ф. Высоцай у апошні час, прысвечаны толькі помнікам тэмпернага жывапісу Беларусі XV-XVIII ст.ст.1. Больш познія традыцыі народнага іканапісу ў іх не разглядаюцца.

Гэтае паведамленне можна лічыць першай спробай абагульніць звесткі, якія сабраны аўтарам пры знаёмстве з калекцыямі народных абразоў, што захоўваюцца ў зборах дзяржаўных і грамадскіх музеяў, прыватных асоб, знаходзяцца у карыстанні рэлігійных аб’яднанняў і грамадзян.

Такія помнікі маюць некалькі агульных рысаў. Усе яны выкананы алейнымі фарбамі. Асноўным матэрыялам для вырабу служыць дрэва. Дошкі для абразоў апрацоўваліся не вельмі старанна, а некаторыя маюць дэфекты. Фарбы клаліся прама на дошку, без выкарыстоўвання павалакі ці якога-небудзь грунту. Для злучэння іх паміж сабой ужываліся ўразныя, звычайна сустрэчныя шпонкі з тыльнага боку. Не вядомы выпадкі нанясення на дошкі граф’і — прачэрчанага паглыбленага падрыхтоўчага малюнка, які адпавядаў кампазіцыі твора.

Усё гэта дазваляе выказаць меркаванне, што такія абразы выконваліся простымі сялянамі, якія маглі спалучыць такі занятак са звычайнай гаспадарчай працай. Для некаторых жывапіс; мог быць і дадатковым сродкам заробку. Пры пэўных абставінах майстры маглі аб’ядноўвацца ў групы. Няма пакуль ніякіх звестак аб існаванні такога віда творчасці ў гарадах, а самі творы народных майстроў былі распаўсюджаны пераважна ў сельскай мясцовасці.

У кнізе А.С. Дэмбавецкага «Вопыт апісання Магілёўскай губерні» прыводзяцца звесткі аб тым, што ў вёсцы Бабічы Покацкай воласці Рагачоўскага павета трое сялян займаюцца іканапісам. Работа выконваецца пераважна на заказ, але часам вырабы вывозяцца прамыслоўцамі на бліжэйшыя рынкі. Такім жа промыслам займаюцца i трое сялян у Ветцы. Чыстага заробку бабіцкія іканапісцы атрымлівалі па 50 руб. кожны ў год, а веткаўскія — па 100-150 руб., таму што веткаўскія абразы больш дасканалыя, чым бабіцкія2.

Такія звесткі пісьмовых крыніц з’яўляюцца вельмі каштоўнымі, але даволі рэдкімі. Большасць народных майстроў працавала без рэкламы, калі казаць сучаснай мовай, і абслугоўвала даволі вузкае кола жыхароў навакольных вёсак. Гэта было абумоўлена і тым, што «самадзейнасць» у справе напісання абразоў і вольны падыход да гэтага працэсу выклікалі незадаволенасць, а часам i ганенні з боку афіцыйных царкоўных улад.

Сапраўды, творы народнага жывапісу адрозніваюцца тым, што ў іх мастакі мала прытрымліваліся канонаў і па-свойму, па-сялянскі, адлюстроўвалі тыя постаці і сюжэты, якія былі блізкімі і зразумелымі для вясковага асяроддзя. Таму сярод самых папулярных у народным іканапісе — святыя Мікалай — апякун гандлю і усёй гаспадаркі, Юры (Георгій) — апякун хатняй жывёлы, Парас­кева — памочніца жанчын у прадзіве і ткацтве, Панцеляймон — лекар, Маці Боская і Хрыстос — абаронцы усіх абяздоленых.

Звычайныя чалавечыя рысы ў ліках святых, элементы народнага строю ў іх адзенні, нейкая асаблівая мяккасць і цеплыня жывапісу, шырокае выкарыстанне дэкаратыўных дэталяў у выглядзе буйных кветак, расліннага і геаметрычнага арнаменту — усе гэта як бы апускала бажаство з недасягальнай вышыні. рабіла яго больш зразумелым простаму селяніну, знішчала страх перад ім. Бог жыў на зямлі разам з людзьмі, ведаў іх надзённыя клопаты і патрэбы, раіў і дапамагаў.

Такое успрыманне вышэйшых духоўных сілаў вельмі харак­терна і для беларускага фальклору. У народных песнях Маці Боская, напрыклад, жне жыта:

Прачыста маць ішла зажынаць
У чыстае поле э пшанічным пірагом,
3 пшанічным пірагом, з залатым сярпож.

Займаецца разнастайнай працай і Спас:

Святы Іспае Яблыкі свенціць…
Ён гнаі возіць…
Жыта пасвяшчаіць.

Святыя Ілля і Мікалай аруць зямлю, сеюць зерне:

Ілля па полю хадзіў,
Пашаньку радзіў.
Святы, Мікола,
Стары сявец,
Узяў сявеньку  
Да й паехаў
На пашаньку.
Яр засяваіць.
Кініць рэдка —
Усходзіць густа…

Святы Улас пасвіць статак:

Ты, Улас, Улас.
Ты найміся у нас
Скату пасцівіць!3

Святы Юры пачынае летнія гаспадарчыя справы:

Юрай, уставай рана,
Адамкні зямлю,
Выпускай расу
На цёплае лета,
На буйное жыта4.

Падобныя прыклады сведчаць аб тым, што светапогляд вясковых людзей і афіцыйнае хрысціянства — рэчы даволі розныя. Гістарычная памяць, якая зафіксавана ў народных абрадах i святах, песнях і паданнях, арнаментах рушнікоў i кашуль, узорах драўлянай разьбы, была значна старэйшай, больш разнастайнай у сваіх выяўленнях, чым царкоўная дагматыка. Яна ўзыходзіла сваімі каранямі ў дахрысціянскую, язычніцкую даўніну і працягвала аказваць значны ўплыў на штодзённае жыццё беларускіх сялян нават у пачатку нашага стагоддзя. Гэты уплыў, зразумела, не мог не знайсці адлюстраванне і ў творах іканапісцаў.

Асобныя помнікі, якія выкананы народнымі майстрамі ў тэхніцы жывапісу алейнымі фарбамі, сведчаць аб узнікненні такой традыцыі ў канцы XVIII ст., што было звязана, верагодна, са значнымі зменамі ў гістарычным лёсе Беларусі — уключэннем яе земляў у склад Расійскай Імперыі, пашырэннем уплыву праваслаўя і паступовым прыцясненнем іншых канфесій. Зразумела, што гэтая традыцыя, якая атрымала найбольшае распаўсюджанне ў XIX ст. і дажыла да пачатку XX ст., не магла скласціся на пустым месцы. У творах вясковых майстроў можна знайсці шмат рысаў, якія былі запазычаны з заходнееўрапейскага мастацтва: выкарыстанне сюжэтаў, якія не былі характэрны для праваслаўнага іканапісу («Каранаванне Маці Боскай», «Святое сямейства»), своеасаблівая трактоўка іншых кампазіцый, шырокае выкарыстанне матываў барока, аэдабленне фона абразоў элементамі расліннага і геаметрычнага арнаменту як успамін аб знакамітай беларускай рэзі па леўкасу і г.д. Трэба адзначыць пашыранасць гэтай традыцыі на тых тэрыторыях Усходняй Еўропы (перш за ўсё Беларусь і Украіна), дзе ў папярэднія часы суіснавалі каталіцтва, уніяцтва і праваслаўе.

Сярод разнастайных узораў народнага жывапісу, што даследаваны аўтарам на тэрыторыі Гомельшчыны, выразна вылучаюцца некалькі груп падобных між сабой твораў, частку якіх можна прывязаць да пэўных рэгіёнаў вобласці. Узнікненне такіх лакальных варыянтаў помнікаў тлумачыцца асаблівасцямі гістарычнага шляху той ці іншай мясцовасці, суседствам з рознымі гісторыка-культурнымі цэнтрамі, наяўнасцю папярэдняй традыцьіі мастацкай творчасці, компактным пражываннем розных этнічных і камфесійных i груп насельніцтва.

У паўднёвай частцы Гомельшчыны (Брагінскі, Хойніцкі, Нараўлянскі, Ельскі раёны) распаўсюджаны абразы, якія ўмоўна можна назваць усходне-палескай групай. Для іх характэрны вузкія палі, вельмі цёмны фон, прымітывізм жывапісу, невыразны дэкор у выглядзе асобных кветак. Помнікі такога тыпу паходзяць таксама з поўдня Рэчыцкага і Лоеўскага раёнаў.

На тэрыторыі Гомельскага, Буда-Кашалёўскага, Кармянскага, часткова Ввткаўскага, Чачэрскага і Рагачоўскага раёнаў атрымалі распаўсюджанне своеасаблівыя помнікі народнага іканапісу, якія вылучаюцца сваёй святочнасцю, нейкай асаблівай жыццярадасцю, дэкаратыўнасцю. Светла-карычневы ці чырванаваты фон, сакавітыя яркія фарбы, разнастайныя кветкі, шырокае выкарыстанне аздаблення фону раслінным ці геаметрычным арнаментам — усё гэта характэрныя рысы гэтай групы, якую можна папярэдне назваць гомельскай ці навабеліцкай (па некаторых звестках цэнтр іканапісання знаходзіўся там). Цікава, што падобныя творы, а іх нам вядома значна больш, чым якіх-небудзь іншых, сустракаюцца і далёка за межамі пазначанай тэрыторыі ад Жыткавіцкага раёна на захадзе да Добрушскага на ўсходзе. Можна выказаць меркаванне, што гэта быў вельмі моцны мастацкі цэнтр, які праз кірмашовы гандаль забяспечваў патрэбы рэгіёна. З іншага боку, маглі існаваць некалькі асобных майстроў у розных месцах, якія працавапі ў адным стылі.

Зусім інакш выглядаюць творы народнага іканапісу, што паходзяць з Чачэршчыны. Даследванні аўтара і супрацоўнікаў Чачэрскага і Веткаўскага музеяў дазволілі прыйсці да высновы, што традыцыі іканапісу ў гэтым краі маюць глыбокія карані, што яны развіваліся на працягу не аднаго стагоддзя, а сваё фінальнае ўвасабленне знайшлі ў працах мастакоў з вёскі Бабічы, якія згадваліся раней. Сёння нам вядомы нават імёны двух майстроў-іканапісцаў, якія жылі і працавалі з 70-80-х гадоў мінулага да 20-х гадоў нашага ст. Гэта браты Гаўрыіл і Ўладзімір Гераковы. Для чачэрскай школы народнага жывапіру характэрны даволі высокі ўзровень выканання, амаль што поўная адсутнасць дэкаратыўных элементаў, выкарыстанне матываў барока, прыглушаных, цёмных фарбаў у кантрасце з высвятленнем асобных дэталяў яркімі колерамі, арыгінальны спосаб апрацоўкі дошак і інш.

Вакол Рэчыцы і ў паўночным напрамку ад яе ў Рагачоўскім і Жлобінскім раёнах сустракаюцца творы даволі старога стылю з шырокімі палямі і цёмным фонам. На жаль, аўтару вядомы толькі асобныя абразы ў гэтай манеры, таму рабіць нейкія высновы па ім пакуль рана.

Чыста ўмоўна можна выдзяліць таксама помнікі, якія паходзяць з поўдня Гомельскага, Добрушскага і Лоеўскага раёнаў. Яны займаюць як бы прамежкавае месца паміж творамі ўсходне-палескай і гомельска-навабеліцкай груп. Для іх характэрны дэкаратыўнасць і значны ўплыў украінскага народнага мастацтва.

Нават вельмі кароткае знаёмства з некаторымі відамі помнікаў народнага іканапісу Гомельшчыны паказвае, наколькі яны цікавыя і разнастайныя. Гэта надзвычай своеасаблівы свет, зразумець які можна толькі ў кантэксце ўсёй духоўнай культуры беларускага народа, якая арганічна спалучыла, перапрацавала і ўзбагаціла лепшыя здабыткі і старажытнай язычніцкай даўніны, і розных мастацхіх плыняў, якія ішлі як з Захаду, так і з Усходу.

Літаратура

  1. Высоцкая Н.Ф. Темперная живопись Белоруссии конца XV-XVІІІ в. Мн., 1986; ВысоцкаяН.Ф. Іканапіс Беларусі XV-XVIII стагоддзяў. 1992.
  2. Дембовецкий А.С. Опыт описания Могилевской губернии. Могилёв, 1882-1884. С.479.
  3. Лозка А.Ю. Беларусхі народны каляндар. Мн., 1992. С.50, 105, 140, 146, 148.
  4. Коваль У.І., Новак В.С. Беларускія народныя святы і звычаі. Гомель, 1993. С.8.
     

Аўтар: У.А. Літвінаў
Крыніца: Гомельшчына: старонкі мінулага. II выпуск. — Гомель, 1996. Ст. 42-48.