Народная дэманалогія Добрушчыны

0
322
Народная дэманалогія Добрушчыны

Міфалагічная творчасць Добрушскага раёна – арганічная частка беларускай вуснапаэтычнай спадчыны, гістарычна з’яднаная з ёй ў непадзельнае цэлае. Геаграфічнае становішча Добрушскага раёна, які мяжуе з Расіяй і Украінай, садзейнічае фарміраванню некаторых рысаў, якія дабаўляюць нешта новае ў агульную скарбонку духоўнай культуры беларусаў.

У вёсках Добрушскага раёна нямала цікавых запісаў зроблена было ў мінулым і новым стагоддзі, а менавіта ў наш час тут працавалі супрацоўнікі Інстытута мастацтвазнаўства этнаграфіі і фальклору НАН РБ, былі ў экспедыцыі студэнты Гомельскага дзяржаўнага універсітэта імя Ф. Скарыны.

Наўрад ці знойдзецца сёння чалавек, які ўсур’ёз верыць у лесавікоў, вядзянікоў і русалак. А ў старажытныя часы ў іх існаванні не сумняваўся, мабыць, ніхто. Нашы продкі лічылі, быццам увесь свет населены добрымі і злымі духамі. Ці ў вадзе, ці ў лесе і ў полі – усюды людзі «прапісвалі» міфалагічных істот. Так, дамавік лічыўся ахоўнікам жытла. Той факт, што гэты персанаж сапраўды займаў вельмі важнае месца ў сістэме традыцыйных народных уяўленняў, пацвярджаецца даволі значнай колькасцю вераванняў і міфалагічных аповедаў, якія працягваюць бытаваць сёння на тэрыторыі Добрушчыны і іншых рэгіёнаў Беларусі.

Нямала ўяўленняў у жыхароў Добрушчыны звязана з такой міфалагічнай істотай, як русалка. Нашы продкі лічылі, што ў русалак ператвараліся памерлыя нехрышчанымі дзяўчынкі або самазабойцыытапельніцы. Раз у год у русальны тыдзень, пасля Троіцы, русалкі выходзілі з вады і часалі свае косы, вадзілі карагоды. Паводле ўяўленняў у гэты час трэба было абыходзіць вадаёмы бокам, бо верылі, што русалка схопіць і заказыча да смерці.

У жыхароў вёсак Добрушскага раёна бытуюць уяўленні, звязаныя з ведзьмамі. Міфалагічны персанаж «ведзьма» з’яўляецца ўстойлівым у розных дыялектных павер’ях. Ён ідэнтыфікуецца на аснове такіх галоўных прыкмет, як рэальная жанчына, якая мае стасункі з нячыстай сілай, валодае звышнатуральнымі ўласцівасцямі і выкарыстоўвае іх у шкодных адносінах да людзей мэтах.

Як выцякае з вышэйсказанага, міфалагічныя вобразы дамавіка, русалкі і ведзьмы маюць даволі разнастайную характарыстыку, якая мае багатую палітру мясцовых асаблівасцей. Менавіта да характарыстыкі гэтых персанажаў мы і звернемся.

Ведзьма – адзін з галоўных персанажаў у ніжэйшай міфалогіі славянскіх народаў, які адносіцца да разраду паўлюдзей-дэманаў. Існуе нямала павер’яў пра людзей, якія, атрымаўшы па сваёй волі або міжвольна магічныя веды, уступаюць у кантакт з дэманамі і з іх дапамогай уплываюць на прыроду, стыхіі, атмасферныя з’явы, ураджай, здароўе і пладавітасць людзей і жывёл. Гэта ведзьмы, ведзьмакі, знахары.

Характарыстыка «сацыяльнага статусу» ведзьмы мае багатую мясцовую спецыфіку. У лакальных міфалагічных асаблівасцях Добрушчыны гэты персанаж падобны да жанчыны. Звернемся да ўспамінаў жыхароў вёскі Баршчоўка Добрушскага раёна: «Ведзьма – ета прастая жэншчына. Яна ўсё чыста знае. Знае, як хваробу на кагоонебудзь навесці, як каму плоха шчо здзелаці. Вот, напрымер, карова ў каго малака перастала даваць, ці там свіння ні з таго ні з сяго здохла, ці шчэ шчо з скацінай у дварэ дзелаіцца. Ета ўжэ значыць, шчо ў сяле ёсць ведзьма. А хужэ ўсяго, калі яна камуунебудзь з людзей плоха здзелае. Тады нада шукаць бабак-шаптух, шчоб яны адшэптувалі. А ведзьму ўзнаць очэнь трудна. Яна ж такая, як мы з табой! Абычны чалавек, толькі жэншчына. Вот і ўсё. Будзе з табой стаяць разгаваруваць, а ты і знаць не будзіш. Нада быць очэнь унімацільным, шчоб ужэ яе ўзнаць. Меньшэ нада ад старых людзей браць семак, ішчэ чаго такога гасцінца там, еслі яны табе яго даюць. А то дадуць семак, напрымер, жменю нашэптаных з’ясі і захварэеш» [Л. Х. І.].

Ведзьма паўстае пераважна ў антапаморфным выглядзе, але можа набываць і зааморфны воблік. «Здольнасць ператварацца ў жывёл і птушак, паўставаць у выглядзе прадметаў – тыповая рыса палескай ведзьмы» [2, с. 54].

Звернемся непасрэдна да запісаў, зробленых на тэрыторыі Добрушскага раёна ад жыхароў вёскі Дзям’янкі: «Ведзьмы – это колдуньі, якія преврашчалісь в оборотнев: в свінню, в капу сена, в коней. Яны тыркалі 12 нажэй в зямлю, кувыркалісь чэрэз ніх, ну і преврашчалісь. Ідуць вот, напрымер, хлопцы, а за імі то свіння будзе бежаць, то капа сена двігацца. І вот у адніх хлопцэв была матка-калдунья. Преврашчалась в каня. Ну і вот, хлопцы гулялі, а за імі всё конь бегае, не атстаёт. Ну, ані яго паймалі, атвелі в кузню, дай падкавалі. А наўтра сыны встают, а яна ляжыць на печы, матка іхняя, ну, і ані пытают: «Мам, вставай, есць вары!». А яна кажа: «Я хварэю». Яны ж палезлі, паглядзелі на печ, а ў яе на руках і на нагах падковы. А яны ж не верілі, што іхняя матка калдунья, а ім жа казалі. Ну вот, пака не ўзналі» [Р. Л. І.].

Такім чынам, як вынікае з вышэйсказанага, шматстайнасць былічак і павер’яў, звязаных з ведзьмамі, даносяць да нас водгукі ўяўленняў нашых продкаў на свет, прыроду. Запісаныя звесткі пашыраюць наша ўяўленне аб тым месцы, дзе мы жывём, падкрэсліваюць багацце працэсаў міфічнай традыцыі.

«Дамавік, хатнік» – тэрміны, блізкія і ў павер’ях, з’яўляюцца сінанімічнымі. На думку А. Шамака «хатнікі бліжэй за ўсіх стаяць да чалавека, удзельнічаюць у найбольш важных хатніх справах беларусаў» [1, с. 107].

Уяўленні беларусаў, у тым ліку жыхароў Добрушчыны, пра знешні выгляд дамавіка самыя разнастайныя. Напрыклад, яго ўяўлялі ў выглядзе маленькага дзядка ва ўсім белым, у выглядзе маленькага чалавечыка. «Ён жа, дамавік еты, во такі во маленькі. Ён як дзядок. Ну барада ў яго па пояс. Рубаха такая белая, а сам у лапцях. А я ж яго раз і пабачыла. Ляжу я якта на караваці і чую, як хтось у сенцы з вуліцы шкрабецца і дзверы трогае. Я паднялася, вышла, гляджу, а ён ад дзвярэй і ў пуню пабег. Во такі во (паказвае) маленькі дзядок. Дак я тады сама дзверы адчыніла, і думаю: хай заходзя. У хаце ж ён ніякага ўрэда не дзелаў мне» [Г. Я. П.].

Звесткі, запісаныя ў вёсцы Баршчоўка Добрушскага раёна, сведчаць пра тое, што самае любімае месца знаходжання гэтай істоты – печ альбо месца ў куце пад венікам: «Дамаві ё ў кажынай хаце. Жыве пад печчу, ці пад венікам у куту. Дамаві – ета чалавек маленькага росту, ва ўсім белым. Еслі ў сям’е скандалы, ета дамаві бушуе. Ня любя, як у празнікі яго не пачытаеш. Яму нада яду ўсягда даваць, тагды і дамаві харашо будзе адносіцца» [Г. В. Г.].

Як бачым, міфалагічны персанаж дамавіка не вельмі вылучаецца багаццем лакальна-рэгіянальных характарыстык у традыцыі жыхароў Добрушчыны. Апытаныя намі інфарматары ўяўляюць яго маленькім, нізкім дзядком і прытрымліваюцца тога пункту гледжання, што найбольш любімым месцам жыхарства яго з’яўляецца печ ці венік.

Беларусы лічылі, што русалкамі становяцца дзяўчынкі, памерлыя да хрышчэння, дзяўчаты-тапельніцы, а таксама дзяўчаты, якіх праклялі іх маці. На думку У. І. Коваля, «Русалка – гэта жаночападобная істота, увасабленне воднай і лясной стыхій. Яе звычайна ўяўлялі ў выглядзе маладой прыгожай дзяўчыны з доўгімі, распушчанымі зялёнымі валасамі» [3, с. 135].

На пытанне, хто станавіўся русалкамі, жыхары Добрушчыны выказвалі некалькі тыпаў версій. Паводле адной з іх, найбольш распаўсюджанай, русалкамі маглі стаць прыгожыя дзяўчаты, якія ўтапіліся. Звернемся непасрэдна да запісаў, зробленых ад жыхароў вёскі Дзям’янкі Добрушскага раёна: «Эта мне расказвала мая матка: в 12 часоў ночы выходзяць дзеўкі з рэчкі, ну етыя самыя русалкі, на берагу садзяцца, косы распускаюць, і гребешкамі чешут, і песні пяюць. А косы ў іх зялёныяязялёныя і па самы пояс» [Р. Л. І.].

Вылучаецца яшчэ адна група версій, згодна з якімі русалак уяўлялі ў вобразе паўжанчыны-паўрыбы. Аб гэтым сведчаць запісы звестак, зробленых на тэрыторыі Добрушскага раёна:

«Русалкі… Ну, ета такія жэншчыны, у якіх да пояса ўсё як у абычнай жэншчыны, а места ног хвост як у рыбы. Вот паетаму яна і можа быць і ў вадзе, і на сушы, на беразе. Садзяцца яны на бераг, і вот хто міма будзе іціць, абязацельна заманяць у ваду і ўтопюць. Асобенно, калі ідзець які мужчына. Будуць зваць яго, маніць. А патом могуць ці зашчыкаціць ці ўтапіць» [С. Н. А.].

Як бачым, прыведзеныя вышэй звесткі сведчаць на карысць таго, што русалкі – гэта прыгожыя маладыя дзяўчаты. А таксама ў прыведзеных прыкладах знешні вобклік русалкі звязаны з паўжанчынаййпаўрыбай.

Міфалогія – арганічная частка надзвычай шматстайнай духоўнай культуры народа, выдатная крыніца мудрасці нашых продкаў.

На матэрыяле міфалагічных уяўленняў, звязаных з міфалагічнымі персанажамі, запісаных у апошні час на тэрыторыі Добрушчыны, паказана не толькі спецыфіка народных уяўленняў, але і падкрэслена іх агульначалавечая каштоўнасць. Фактычны матэрыял, запісаны індывідуальна аўтарам, дазволіў праверыць на практыцы слушнасць выказванняў розных даследчыкаў, якія займаліся вывучэннем міфалогіі. Дадзеная работа – гэта сведчанне ўстойлівасці захавання багатай народнай міфалогіі на тэрыторыі Добрушскага раёна.

Спіс інфарматараў

Г. В. Г. – Грудавенка Валянціна Гаўрылаўна, в. Баршчоўка, Гомельская вобл., Добрушскі раён, 1930 г. н.

Р. Л. І. – Рыжкова Любоў Іванаўна, в. Дзям’янкі, Гомельская вобл., Добрушскі раён, 1941 г. н.

С. Н. А. – Смалякова Ніна Агееўна, в. Дзям’янкі, Гомельская вобл., Добрушскі раён, 1930 г. н.

Л. Х. І. – Лысенка Хадора Ільеўна, в. Баршчоўка, Гомельская вобл., Добрушскі раён, 1912 г. н.

Г. Я. П. – Гарбачова Яўгенія Пятроўна, в. Дзям’янкі, Гомельская вобл., Добрушскі раён, 1935 г. н.

Літаратура

  1. Шамак, А. А. Міфалогія Старажытнай Беларусі / А. А. Шамак. – Мінск: Сэрвіт, 2004. – 240 с.: іл.
  2. Новак, В. С. / Міфалогія беларусаў: вуч. дап. для студэнтаў філалагіч. спец. ВНУ / В. С. Новак. – Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2005. – 251 с.: іл.
  3. Коваль, У. І. / Народныя ўяўленні, павер’і і прыкметы: Даведнік па ўсходнеславянскай міфалогіі / У. І. Коваль. – Гомель: Беларускае Агенцтва навукова-тэхнічнай і дзелавой інфармацыі, 1995. – 180 с.

Аўтар: А.У. Давыдаў
Крыніца: Фальклор і сучасная культура: матэрыялы міжнар. навук..практ. канф., 22-23 крас. 2008 г., г. Мінск: у 2 ч. / рэдкал.: I. С. Роўда [i інш.]. – Мінск : БДУ, 2008. Ч. 2 – 134 [2] с. С. 71-73.