Народная адукацыя ў с. Якімаўская слабада ў другой палове XIX — пачатку XX ст.

0
309
Вёска Якімаўская слабада і народная адукацыя

Першая навучальная ўстанова ў с. Якімаўская слабада (былога Рэчыцкага павета Мінскай губ., сёння — Светлагорскага раёну) з’явілася ў 1861 г. Гэта было царкоўна-прыходскае вучылішча, абавязанае сваім узнікненнем святару мясцовай царквы.

Першыя вучні Якімаслабодскага царкоўна-прыхадскога вучылішча (8 хлопчыкаў) хадзілі на заняткі да хаты айца Аляксандра. Але там было «неудобно по тесноте» i к ліпеню 1865 г. вучылішча пераносіцца ў пабудаваную сялянамі хату, нават нягледзячы на тое, што будынак быў яшчэ не скончаны.

Матэрыяльнае становішча вучылішча было цяжкім, сродкаў на яго ўтрыманне не давалі ні сяляне, ні дзяржава. Утрымлівалася гэтая навучальная ўстанова «собственными средствами без пособий Правительства». Нават жалавання за настаўніцкую працу айцец Аляксандр не атрымліваў.

Нажаль, дакументы не захавалі імёнаў першых вучняў. Агульнавядома, што дзяўчынкі ў школе ў тыя часы былі рэдкасцю, бо карысць пісьменнасці для іх растлумачыць сялянам было цяжка. Тым не менш, у 1865 г. у Якімаслабодскім вучылішчы займаліся «мужеска пола 10 и женска 3 души»1. Гэта былі дзеці сялян праваслаўнага веравызнання. У 1866 г. у Якімаўскай Слабадзе адчыняецца народнае вучылішча. Першымі яго вучнямі сталі 30 хлопчыкаў, а першым настаўнікам — У. Ларчанкоў.

Спачатку народнае вучылішча знаходзілася ў непрыстасаваным памяшканні. Але па дароўным запісе ад 1867 г. памешчык маёнтка Заход І.С. Адамовіч перадаў «в вечное и потомственное владение» сялянам Якімаўскай Слабады зямлю для пабудовы народнага вучылішча2. Калі было пабудавана памяшканне для яго, дакладна не вядома, але з дакументаў відаць, што Якімаслабодскае народнае вучылішча размяшчалася ў грамадскай хаце, якая складапася з класа і кватэры настаўніка. Асобны будынак займала агульная вучнёўская кватэра (інтэрнат).

Паводле інструкцый, навучальны год пачынаўся 1 верасня i працягваўся да 1 траўня. Але на практыцы заняткі пачыналіся пазней, нават з кастрычніка. Прычына такіх спазненняў звязана то з недахопам і перамяшчэннем настаўнікаў, удзелам вучняў у сельскагаспадарчай i хатняй працы, то з «нерадением старшины Якимослободского правления к народному образованию»3. Ды i заканчваўся навучальны год раней прызначанага часу. Па ўспамінах выпускнікоў Якімаслабодскага народнага вучылішча Пятручэнкі Р.В. і Рудзянок М.Я., заняткі працягваліся да Вялікадня. Здараліся выпадкі, калі існавалі іншыя прычыны датэрміновага завяршэння навучання. У сярэднім, навучальны год працягваўся 6-7 месяцаў. Меліся і зімовыя канікулы (на Каляды).

Заняткі пачыналіся ў 8 гадзін раніцы і цягнуліся да 16 гадзін з перапынкам на абед. Абедаць вучні хадзілі дадому, акрамя тых, хто жыў і сталаваўся ў інтэрнаце. У інтэрнаце знаходзіліся вучні з Шацілак, Затона, Аляксандраўкі, Заброддзя. У 1896 г. у ім было 35 дзяцей Сталовая тут была адчынена ў пачатку 1895/96 навучальнага года. Для яе рабіўся запас прадуктаў і ўтрымлівалася кухарка. Якімаслабодскім сходам адпускалася 100 руб. і кожны з 437 зямельных надзелаў даваў «по 1/2 пуда ржаной муки и по 1/2 гарнца крупы»4.

На ўтрыманне народных вучылішчаў штогод адпускалася з казны 225 руб. на кожнае. Але на практыцы гэта не заўсёды здзяйснялася. Так, у 1866 г. на Якімаслабодскае вучылішча, было адпушчана ўсяго 100 руб., ды 50 руб. дало сельскае грамадства (збор з двара складаў 5 кап.). З 70-х гг. XIX ст. сродкі павялічваюцца да 150 руб. ад дзяржавы i 50 руб. ад сялян. З 1878 г. дзяржаўныя асігнаванні зноў памяншаюцца да 125 руб., а расходы з сельскага грамадства, наадварот, павялічваюцца да 361 руб. 6 кап. у 1888 г. — да 750 руб 60 кап.5. Такое павелічэнне збораў ад сялян тлумачыцца тым, што яны неслі расходы на рамонт, страхоўку вучылішчных будынкаў, забеспячэнне палівам, святлом і мэбляю, на ўтрыманне прыслугі, а часткова і на набыццё навучальных дапаможнікаў. Так, у 1888 г. Якімаслабодскае грамадства аплаціла рамонт вучылішчнага будынка, яно ж набыло навучапьныя дапаможнікі на суму 10 руб., выпісвала кнігі, адпусціла на святло 5 руб., за 7 руб, 25 кап. набыло гадзіннік6. У 1895 г. валасным праўленным набыты партрэт Мікалая ІІ-га, настаўніцкая кватэра забяспечана неабходнай мэбляю, спраўлена вучылішчная агароджа. Такім чынам, асноўныя сродкі на народный вучылішча давалі сяляне.

Большая частка грошай, асігнаваных на народнае вучылішча, ішла на выплату настаўніцкага жалавання. З 200 руб., выдадзеных на Якімаслабодскае вучылішча ў 1874 т., 150 руб. належала настаўніку i 25 руб. святару, які выкладаў закон божы. З павелічэннем сродкаў павялічвалася і жалаванне настаўніка: 100 руб. ад дзяржавы і столькі ж ад сялян ды аплата кватэры. Законанастаўнік атрымліваў тыя ж 25 руб. З-за малога жалавання законанастаўнікі Якімаслабодскага народнага вучылішча не заўсёды выконвалі свой настаўніцкі абавязак. А адносіны паміж законанастаўнікам і настаўнікам былі «издавна натянутымі»7.

Але трэба адзначыць, што ў параўнанні з іншымі, матэрыяльнае становішча Якімаслабодскага народнага вучылішча было лепшым. Тлумачыцца гэта тым, што Якімаўская Слабада з’яўлялася цэнтрам воласці, таму валасное праўленне ў першую чаргу клапацілася аб сваёй навучальнай установе. Але ж будынак Якімаслабодскага народнага вучылішча не заўсёды знаходзіўся ў добрым стане.

У 1894 г. было пабудавана новае памяшканне. Яно таксама было драўляным. У адным канцы будынка знаходзілася само вучылішча, у другім — кватэра настаўніка. Інтэрнат для вучняў у пачатку XX ст., ужо не існуе. Мусіць, ён знік з-за недахопу сродкаў, а немясцовыя вучні з таго часу кватэравапі па сялянскіх хатах.

Недахоп сродкаў адбіваўся на забеспячэнні народнага вучылішча падручнікамі і неабходнымі прыладамі. Грыфельныя дошкі Якімаслабодскім вучылішчам былі набыты толькі ў 1888 г.

Што датычыцца мэблі, то ў Якімаслабодскім вучылішчы яе хапала. У паведамленні настаўніцы Л. Хадаровіч да Мінскай дырэкцыі народных вучылішчаў ад 1З лістапада 1888 г. гаворыцца, што ёсць дастатковая колькасць мэблі вучылішчнай, а таксама «форточки для освежения воздуха». Апошняе вельмі важна, бо санітарныя ўмовы ў большасці народных школ былі складанымі. Па ўспамінах былых вучняў, у Якімаслабодскім вучылішчы меліся парты, кніжныя шафы, дошка, вісеў партрэт імператара, лампада, партрэты рускіх палкаводцаў, было шмат насценных карт.

У мэтах павелічэння сродкаў на ўтрыманне народнага вучылішча ў 1888 г. Якімаслабодскім настаўнікам А.І. Іялобам быў пасаджаны сад, які налічваў 50 яблынь і 12 сліў. Дрэвы былі куплены на грошы, атрыманыя «от частных учеников за стол»8. Рэшткі гэтага саду захаваліся да сённяшняга часу.

Змест навучання вызначаўся «Часовымі правіламі», якія прадугледжвалі вывучэнне закона божага, царкоўных спеваў, рускай мовы і чатырох арыфметычных дзеянняў. Выкладанне вялося толькі па-руску, што складала пэўныя цяжкасці для засваення вучнямі матэрыялу, а таксама выхоўвала пагардлівыя адносіны да роднай мовы, як да мовы халопскай. Адначасова з рускай выкладалася царкоўна-славянская мова. Для практыкі вучні чыталі ў мясцовай Мікалаеўскай царкве «часы, шестопсалмие и апостала»9. Гэта павінна было паказаць сялянам карысць ведаў і садзейнічаць умацаванню праваслаўя. Асаблівая ўвага надавалася выкладанню царкоўных спеваў. Поспехі вучняў па гэтым прадмеце правяраліся пад час рэвізій народных вучылішч інспектарамі. У 1884/85 гг. спевы ў Якімаслабодскім вучылішчы выкладаў селянін Ерафееў і вучні паказалі здавальняючыя поспехі. У 1885/86 гг. выкладаннем займаўся настаўнік А.І. Іялоб і дзеці паказалі значныя поспехі10. Праводзіліся і заняткі па гімнастыцы. З 1907 г. вучылішча стала двухкласным, дзякуючы гатаму значна пашырылася яго вучэбная праграма: былі ўключаны прыродазнаўства, геаграфія, гісторыя. Але ніякіх ведаў пра родны край, як і раней, вучні не атрымлівалі.

Праіснавала Якімаслабодскае народнае вучылішча да 1917 года.

Літаратура

  1. НАРБ. 242. Воп. Спр.587. Арк. 15,23,26.
  2. Тамжа. Ф.1595. Воп.1. Спр.2293. Арк.93.
  3. Там жа. Ф.458. Воп. 1. Спр. 108. Арк.222.
  4. Тамжа. Спр.157. Арк.67.
  5. Зеленский И. Материалы для географии и статистики России. Минская губерния. Ч.П. С-Пб. 1864. С.453; Памятная книжка Виленского учебного округе за 1864 г. Вильно , 1864 С.273; за 1878/79 г. Вильно., 1878. С.284; за 1888/89 г. Вильно., 1889г. С.101; НАРБ.Ф.242. Воп. 1. Спр.778. Арк 113.
  6. НАРБ. Ф.458. Воп.1. Спр 108. Арк.221.
  7. Памятная книжка… за 1874 г. С.273; за 1888/89 г. С. 101.
  8. НАРБ. Ф.458. Воп.1. Спр. 108 Арк.221.
  9. Там жа. Арк. 222.
  10. Там жа. Спр.39. Арк. 112-113.

Аўтар: Т.М. Пінчук
Крыніца: Гомельшчына: старонкі мінулага. II выпуск. — Гомель, 1996. Ст. 66-70.