Францыск Скарына — вядомы беларускі дзеяч, які пакінуў яркі след у гісторыі нацыянальнай і усходнеславянскай культур. Як выдатны гуманіст-асветнік ён адрасаваў Біблію: “…людем простым посполитым к пожитку и ко размножению добрых обычаев…” [1, с.37]. Вера ў Бога і Біблія з’яўляюцца адной з крыніц невычэрпнай народнай мудрасці, якая пранізвае духоўную і матэрыяльную часткі традыцыйна-бытавой культуры, што неадрыўна звязаны паміж сабой. Традыцыйнае народнае ткацтва і вышыўка як элементы матэрыяльнай культуры патрабуюць дэтальнага даследавання ў сувязі з тымі змяненнямі што адбываліся на працягу іх існавання. У дадзеным выпадку магчымым уяўляецца вывучэнне вусных сведчанняў вясковых жыхароў і прадметаў ткацтва і вышыўкі, якія захоўваюцца і выкарыстоўваюцца ў паўсядзённым жыцці.
Ткацтва і вышыўка на тэрыторыі Беларусі вядомы са старажытных часоў. А ў XVI-XVII стагоддзях яны ўжо з’яўляліся шырока развітым рамяством. Я.М. Сахута выказвае думку аб тым што: “у сярэднявеччы склаліся асноўныя тыпы адзення і іншых тканых вырабаў, былі выпрацаваны віды арнаментыкі, якія дайшлі аж да XX ст.” [2, с.239]. В.Я.Фадзеева таксама адзначае здольнасць вышыванага тэкстылю ўстойліва захоўваць архаічныя элементы культуры, якія датычацца розных этапаў гістарычнага развіцця этнасу [3, с.5]. У XVII-XVIII ст. на Беларусі ўзнікаюць шматлікія ткацкія мануфактуры, а з другой паловы XIX ст. назіраецца прыкметны ўздым традыцыйнага народнага ткацтва, пашыраецца разнастайнасць тэхнік і новых відаў тканін, сялянскія інтэр’еры узбагачаюцца дэкаратыўнымі вырабамі [2, с.240]. Вышыўка таксама дасягнула значных поспехаў і па распаўсюджанасці не саступала месца ткацтву. У пач. XX ст. у многіх гарадах Беларусі быў арганізаваны шэраг выстаў пераважна сельскагаспадарчага характару, якія дэманстравалі і вырабы ткацтва і вышыўкі [2, с.241]. Гэта сведчыць аб пашыранасці і папулярнасці названых відаў рукадзелля.
На працягу XX — пач. XXI стагоддзяў у ткацтве і вышыўцы адбыліся значныя змены. Разгледзім некаторыя з іх на прыкладзе Гомельшчыны, тэрыторыя якой размяшчаецца і ў Падняпроўі і ва Усходнім Палессі. Аднак не будзем закранаць вядомых і даволі даследаваных цэнтраў вытворчасці ўзорыстага тэкстылю (напрыклад Неглюбка), а спынімся на традыцыях ткацтва і вышыўкі адной сям’і, гістрорыя якой звязана з вёскамі Макаўе і Займішча Гомельскага раёна.
Родныя сёстры: Котава Марыя Міхайлаўна (1966 г.н., в. Макаўе), Сяліцкая Таццяна Міхайлаўна (1968 г.н., в. Макаўе), Кудрашова Любоў Міхайлаўна (1971 г.н., г. Гомель) захоўваюць мноства вырабаў вытканьгх і вышытых жанчынамі з іх роду ў розныя гады XX стагоддзя. Яшчэ Францыск Скарына пісаў аб важнасці і неабходнасці памятаць сваіх продкаў і пакідаць след пасля сябе: “…дабы оставил теже и по собе паметь, яко и предковь его оставили суть, дабы паметь его не загинула навеки” [4, с.24]. Менавіта дзякуючы надежным беражлівым і ашчадным адносінам гэтай сям’і да памяці аб родных і да тых прадметаў што яны пакінулі пасля сябе, можна прасачыць дынаміку развіцця ткацтва і вышыўкі ў азначанай мясцовасці на працягу амаль стагоддзя. Самыя раннія экзэмпляры ў калекцыі датуюцца прыкладна 20-тымі — 30-тымі гадамі XX ст. Гэта ручнікі тканыя бранай тэхнікай з асветленага льнянога палатна. Іх арнаментальныя паясы размешчаны папярочнымі палоскамі на канцах вырабаў. Узоры складаюцца з геаметрычных фігур розных памераў. Колер узораў — чырвоны. Карункі вязаныя з ільняных нітак.
Дакладна не ўдалося высветліць хто з’яўляецца аўтарам гэтых ручнікоў, Агрыпіна Андрэеўна Каржова (1908-1997 г., в. Макаўе — бабуля з боку маці) ці Арына Сцяпанаўна Сяліцкая (в. Займішча — бабуля з боку бацькі). Прыкладна 30-тымі гадамі XX ст. датуюцца льняныя ручнікі вышытыя крыжыкам баваўнянымі ніткамі. Адзін з іх цікавы сваім арнаментам з буйных геаметрычных фігур чырвонага і шэрага колеру. Ручнікі з надобнымі арнаментамі сустракаюцца ў дадзеным рэгіёне даволі рэдка. Другі ручнік вышыты Варонінай Лісай Сцяпанаўнай з в. Займішча. Яго аздабленне цягнецца ад краю на 108 см з кожнага краю, пры агульнай даўжыні ручніка 290 см. Гэта з’ява таксама вельмі рэдкая. Арнаментальны пояс складаецца з васьмі папярэчных палосак вышытых крыжыкам узораў, прычым, усе яны розныя. Матывы ўзораў: геаметрычны, раслінны, арнітаморфны. Канцы ручніка ўпрыгожаны аднараднай мярэжкай. Таццяна Міхайлаўна захоўвае некалькі рэчаў, што засталіся ад Каралёвай Надзеі з в. Займішча (бабуля яе мужа Ігара Аляксандравіча Сяліцкага). Льняная посцілка пачатку XX ст. зшытая з трох полак палатна саржавага перапляцення. Яе ўзор — квадраты розных памераў, кодеры ўзора — чырвоны, жоўты, карычневы. Цікавая баваўняная прасціна, якая ўпрыгожана па адным краі палоскай расліннага ўзора, вышытага чырвонымі і шэрымі ніткамі. Прычым вышыўка з двух бакоў абсалютна ідэнтычная. Маецца таксама двухбаковы ручнік сяр. XX ст., вытканы з адбеленых і неадбеленых нітак, аднак з аднаго боку ідзе негатыўнае адлюстраванне геаметрычнага ўзору.
Тканыя і вышываныя вырабы сярэдзіны XX ст. ўжо значна адрозніваюцца ад больш ранніх. Усё часцей выкарыстоўваюцца тканіны і ніткі фабрычнай вытворчасці, геаметрычны арнамент паступова замяняецца геаметрызаваным раслінным.
Сярод рэчаў 60-80-тых гадоў сёстры захавалі ручнікі, настольнікі, сурвэткі, вышытыя іх матуляй Нінай Антонаўнай Сяліцкай (1940-2002 г., в. Займішча). Гэта вырабы з баваўнянай тканіны, вышытыя крыжыкам або гладдзю. Для іх характэрны шматколернасць і раслінны арнамент. У гэтыя гады яшчэ ткала і Агрыпіна Андрэеўна Каржова. Ткацтвам яна займалася амаль усё жыццё. Менавіта гэты занятак у гады і пасля Вялікай Айчыннай вайны даў магчымасць існаваць ёй з трыма дзецьмі.
Паколькі муж з вайны не вярнуўся прыходзілася шмат ткаць і шыць, за што ёй дапамагалі ў гаспадарцы. Майстрыха ткала нават калі ўжо не было ў гэтым неабходнасці. Адна з унучак успамінала, як яе маці забараняла бабулі ткаць, каб людзі не казалі што яе прымушаюць. Але майстрыха ткала посцілкі амаль да 80-гадовага просту: “Яна не магла не ткаць”. Нягледзячы на цяжкае жыццё А.А. Каржова “была аптымісткай, ніколі не гаравала”, людзі цягнуліся да яе. Сарокіна Анастасія Іванаўна 1924 г.н. з в. Макаўе ўспамінала: “Сабяромся з бабамі. Куды пайці гуляць? Хадзець да Гарпіны… яна будзе ткаці, а бабы гуляюць”. Т.М. Сяліцкая таксама пацвердзіла гэта: “У яе ўсягда бьша куча падруг, мы іх называлі “тайкі-гейкі”. Аб вясёлым, адкрытым характары А.А. Каржовай сведчаць і вырабы, што засталіся пасля яе. Яркія, насычаныя колеры, разнастайныя геаметрычныя, раслінныя ўзоры, што дынамічна згрупаваны ў адзіную стройную сістэму. Адметнай рысай майстрыхі былі яе адносіны да сваіх вырабаў, якія славіліся на ўсё наваколле. Яна ніколі іх не прадавала, хутчэй магла проста падараваць. Са слоў Т.М. Сяліцкай: “свой труд берагла і жалела, вельмі абіжалася, калі бачыла посцілку засланай у будні дзень ці гразнай”. Часта асоба майстрыхі застаецца па-за яе вырабамі, тым не менш, разам яны складаюць адно цэлае і патрабуюць да сябе належнай увагі. На сёняшні дзень у разглядаемай сям’і ніхто не займаецца ткацтвам ці вышыўкай, але прысутнічаюць іншыя віды рукадзелля.
Такім чынам, на прыкладзе адной сям’і можна прасачыць некаторыя моманты ў развіцці ткацтва і вышыўкі, якія зазналі значную трансфармацыю на працягу XX — пач. XXI ст. Даследаванне паказала, што ёсць яшчэ мясцовасці са сваімі адметнасцямі і каштоўнай інфармацыяй. їх далейшае зывучэнне дасць магчымагць глыбей пранікнуць і зразумець самую сутнасць народнай традыцыйна-бытавой культуры ў цэлым. Таксама ёсць неабходнасць звярнуць увагу на захаванне і зберажэнне сямейных традыцый, таму што ад будучага сям’ і залежыць будучае Айчыны.
- Франциск Скорина и его время. Энциклопедический справочник -Мн., 1990.
- Сахута Я.М. Народнае мастацтва Беларусі. — Мн., 1997.
- Фадзеева В.Я. Беларуская народная вышыўка. — Мн., 1991.
- Скарына Ф. Творы: Прадмовы, сказанні, пасляслоўі, акафісты, пасхалія. — Мн., 1990.
Аўтар: Ю.С. Купрэева
Крыніца: Скарына і наш час: Матэрыялы III Міжнароднай навуковай канферэнцьй, прысвечанай 80-годдзю з дня нараджэння прафесара У.В.Анічэнкі (7 кастрычніка 2004 г.) /УА ГДУ імя Ф. Скарыны”; Рэдкал.: А.А. Станкевіч (гал. рэд.) і інш. — Гомель, 2004. — С. 130-133.