Гісторыя як рэальны працэс развіцця чалавечага грамадства і гісторыя як вобраз, што ўзнікае ў выніку вывучэння гэтага працэсу, ніколі не супадаюць, застаючыся рознымі формамі існавання аб’ектыўнага свету. Гэта заканамернасць, аднак, не здымае неабходнасці няспьшна набліжаць вобраз гістарычнай рэальнасці да самой гэтай рэальнасці ў працэсе яе навуковага асэнсавання. У адносінах да вывучэння гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі названая задача стаіць надзвычай актуальна. Справа не толькі ў відавочнай маштабнасці гэтай гістарычнай з’явы, якая выяўляецца ў працягласці вайны, нанесеных ёю велізарных стратах, у гераізме беларускіх партызан і падпольшчыкаў, воінаў на фронце. Справа і ў тым, што шмат якія бакі вайны яшчэ амаль што не выяўленыя, толькі-толькі прыадкрываюццца, няясна ўгадваюцца пад напластаваннямі часу, а яшчэ часцей — за вуаллю міфаў ці свядомага іх замоўчвання. Праўда вайны занадта доўга была ахвярай падыходу да ацэнкі яе вынікаў як да трыумфу сацыяльна-эканамічнага і палітычнага ладу, існаваўшага ў СССР.
Сярод міфаў аб вайне міф аб маральна-палітычным адзінстве партыі і народа як важнейшей крыніцы перамогі СССР займае асаблівае месца. Ён быў створаны дзеля эксплуатацыі перамогі, сапраўды Вялікай Перамогі народаў СССР над фашызмам, каб узаконіць, “нацыяналізаваць” уладу, створаную бальшавікамі ў выніку іх перамогі ў грамадзянскай вайне, тую ўладу, якая на працягу дваццаці міжваенных гадоў трымалася на рэпрэсіях, на гвалце супраць вялікай часткі народа, і таму не магла ўспрымацца ўсімі яго слаямі (нават у Расіі, дзе яна і ўзнікла) як нацыянальная, блізкая народу. Перамога была першым за чвэрць стагоддзя савецкай улады гістарычным здзяйсненнем, якое магло быць прадстаўлена як агульнанацыянальнае, як вынік намаганняў усіх слаёў рускага народа, забяспечаны пад кіраўніцтвам правячай партыі, і адначасова — як здзяйсненне міжнацыянальнае, агульнасавецкае (хаця лёс дэпартаваных у канцы вайны невялікіх народаў не ўпісваўся ў гэты вобраз і таму мусіў быць забыты). Звернем увагу на тое, што савецкі дыктатар, кіраўнік правячай партыі, аж да завяршэння карэннага пералому ў вайне педаліраваў патрыятычныя і інтэрнацыянальныя лозунгі, ідэю дружбы народаў СССР, як лозунгі, мабілізуючыя антыфашысцкае народнае супраціўленне. Да таго часу ідэя аб маральна-палітычным адзінстве партыі і народа ў яго выступлениях адсутнічала [1, с.119]. “Неабхода, — казаў ён у сваім дакладзе на знакамітым урачыстым пасяджэнні 6 лістапада 1941 г., — каб наша армія і наш флот мелі дзейсную і актыўную падтрымку з боку ўсёй нашай краіны…, каб уся наша краіна і ўсе народы СССР арганізаваліся ў адзіны баявы лагер…” [1, с.35]. Значыць, такога лагера яшчэ не было, яго яшчэ належала стварыць. А стрымлівала яго стварэнне якраз даваенная палітыка партыі, бо вынікам яе былі не толькі заводы і калгасы, не толькі армія і флот. Яе вынікам былі і пэўныя адносіны паміж народам і ўладай. Гэтыя адносіны і з’яўляюцца прадметам нашай увагі.
Падзеі першага этапа Другой сусветнай вайны сталі выдатным індыкатарам для выяўлення характару адносін паміж правячай камуністычнай партыяй і беларускім народам. Хаця савецкая дзяржава на гэтым этапе фармальна не ўдзельнічала ў вайне, аднак, абапіраючыся на дамоўленасці з Германіяй, праводзіла наступальную знешнюю палітыку, вяртаючы ў выніку яе тэрыторыі, страчаныя Савецкай Расіяй у 1918-1921 гг. У гэтай сітуацыі рэзка ўзрасло значэнне такога фактара палітыкі, як трываласць унутранай сацыяльнай апоры для яе правядзення, мабілізацыя ёй падтрымкі. З другога боку, вырасла і актыўнасць аб’ектаў палітыкі ўнутры краіны, розных пластоў савецкага грамадства, якія атрымалі магчымасць не толькі назіраць за дзеяннямі сваёй дзяржавы на міжнароднай арэне, ацэньваць іх, але і адказваць на іх сваімі дзеяннямі. У памежных абласцях БССР гэта актыўнасць мела тую асаблівасць, што фарміравалася ў атмасферы існаваўшага сярод насельніцтва адчування нетрываласці сітуацыі, створанай польска-савецкім падзелам Беларусі 1921 г. Яшчэ ў пачатку 1930-х гадоў частка насельніцтва звязвала свае спадзяванні на лепшае, як гэта ні дзіўна сёння выглядае, з прыходам палякаў [2, с.143]. Можна меркаваць, што, нягледзячы на пазнейшыя рэпрэсіі, гэта адчуванне цалкам не сцерлася да восені 1939 г., калі прадчуваныя людьмі перамены сапраўды пачаліся, хаця і па іншым сцэнарыі. Менавіта ў такой атмасферы Усходняе Палессе, іншыя памежныя тэрыторыі БССР, аказаліся бліжэйшым тылам Чырвонай Арміі, якая рушыла ў свой паход у Заходнюю Беларусь і ў Заходнюю Украіну. Мясцовае насельніцтва апынулася ў гушчыні падзей і рэагавала на іх надзвычай актыўна і востра.
На падставе вывучэння архіўных матэрыялаў, у якіх адлюстравалася стаўленне насельніцтва сучаснай Гомельшчыны да савецкай улады перад пачаткам Вялікай Айчыннай вайны, можна выдзеліць праблемы, якія ў найбольшай ступені хвалявалі людзей, абуджалі актыўнасць розных слаёў грамадства. Іх мэтазгодна аб’яднаць у дзве групы. Першую склалі праблемы, народжаныя “другім выданнем” прыгоннага права ў Расіі — завяршэннем стварэння савецкай калгаснай сістэмы з характэрнымі для прыгону адпрацовачнымі, натуральна-прадуктовамі і грашовымі павіннасцямі [3, с.97]. Менавіта ў 1939-1941 гт. быў уведзены абавязковы мінімум працадзён для калгаснікаў, невыкананне якога каралася; быў пашыраны пералік абавязковых паставак дзяржаве натуральнай прадукцыі; цвёрдыя стаўкі сельскагаспадарчага падатку бьші заменены прагрэсіўна-падаходным падаткам, які вызначаўся на аснове завышаных нормаў даходнасці ад розных відаў гаспадарчай дзейнасці. Другім бокам ішоўшага запрыгоньвання быў эканамічны і адміністратыўны ціск дзяржавы на аднаасобнікаў з мэтаю знішчыць гэты гаспадарчы сектар. Натуральныя і грашовыя павіннасці аднаасобнікаў былі ў некалькі разоў вышэйшыя, чым павіннасці калгаснікаў. Нярэдка аднаасобнікі сабатавалі непасільныя павіннасці [4, арк.168; 5, арк.13] . Аднак у выніку жорсткага націску на іх удзельная вага калектывізаваных гаспадарак на ўсходзе Беларусі павялічылася з 87,6% у 1937 г. да 93,4% у 1940 г. [6, с.30].
Завяршэнне “сацыялістычнай перабудовы” вёскі стрымлівала наяўнасць вялікай колькасці хутароў і дробных пасёлкаў — астаткаў таго перыяду айчыннай гісторыі, калі мясцовыя нацыянал-камуністы спрабавалі ператварыць Беларусь у “сацыялістычную Данію”. Ва ўсходніх абласцях БССР такія гаспадаркі складалі амаль 20% агульнай колькасді сялянскіх двароў [6, с.30-31]. Хутаране (а частка іх — гэта тыя ж аднаасобнікі) вялі сваю гаспадарку лепш, чым калгаснікі, жылі больш заможна і не так лёгка паддаваліся кантролю з боку дзяржавы. Таму партыя і ўрад прынялі рашэнне ліквідаваць гэту пастаянную прычыну сваёй трывогі шляхам ссялення хутаран у калгасньм вёскі. Перасяленне праводзілася варварскімі метадамі. Вышэйшыя партыйныя і савецкія інстанцыі “спускалі ўніз” планы ссялення, а мясцовыя ўлады, як звычайна, стараліся іх перавыканаць. Нарком унутраных спраў БССР Л. Цанава паведамляў першаму сакратару ЦК КП(б)Б П. Панамарэнку, што да 20 верасня 1939 г. гадавы план ссялення з хутароў быў ужо перавыкананы на 19%: перасялілі сем’і са 110118 хутароў, а планавалася перасяліць з 93 тыс. [7, арк.9]. Людзей прымушалі перасяляцца, здзіраючы стрэхі і столю з дамоў, разбураючы печы. У сакрэтных данясеннях НКУС першаму сакратару ЦК КП(б)Б прыводзіцца мноства такіх фактаў[7, 102, 120; 8, 28-34]. Усяго ж за 1939-1940 гт. было пераселена звыш 160 тыс. сем’яў [6, с.31].
Пакуты людзей не абмяжоўваліся іх высяленнем. Паколькі галоўнай задачай мясцовых уладаў было ссяленне, ліквідацыя хутароў, то яны дрэнна клапаціліся аб адбудове разбураных дамоў на новых месцах. Той жа Цанава паведамляў, што да 20 верасня 1939 г. было адбудавана толькі 73%, а па асобных раёнах — каля 50% дамоў са сселеных хутароў. Да ліку такіх раёнаў адносіліся Рагачоўскі, ІІетрыкаўскі. У Ельскім раёне на тую ж дату з 1711 адселеных (фактычна — разбураных) гаспадарак было адбудавана толькі 1146 [7, арк. 100, 102]. Перавезеныя бярвенні, цэгла з печаў, іншая маёмасць хутаран падоўгу заставаліся пад адкрытым небам, псаваліся. Іншыя сяляне, упарта адмаўляючыся перасяляцца, па сваёй волі заставаліся зімаваць у раскрытых хатах, сенцах, хлявах, у выкапаных імі зямлянках. Усё гэта адбывалася на вачах усёй рэспублікі і моцна ўплывала на псіхалагічную атмасферу ў краіне. Вось якія сцэны можна было назіраць тады па беларускіх вёсках. Сялянка, раней асуджаная на адзін год, звяртаецца да сваіх аднавяскоўцаў, якіх прымушаюць перавозіць хату хутараніна: “Гэта вораг стварыў такі закон, каб рабаваць людзей, — гаворыць яна. — Гэтыя прысланыя сабакі разбураюць дамы i нас прымушаюць перавозіць; а ну ж, калі гэтая ўлада пераменіцца, дык што вы думаеце, што Шаўлюкоў (хутаранін — Р. Л.) вам не адпомсціць 7” [7, арк. 105].
Другую групу прычын, фарміраваўшых адносіны насельніцтва да ўлады, склалі мабілізацыйныя мерапрыемствы, звязаныя з дзеяннямі Чырвонай Арміі за межамі СССР, і самі гэтыя дзеянні, якія нечакана для многіх, насуперак шумнай даваеннай прапагандзе, выявілі нізкую эфектыўнасць савецкай ваеннай сістэмы. Найбольшы ўплыў на настроі насельніцтва ў БССР, што цалкам зразумела, аказаў паход Чырвонай Арміі ў суседнюю Заходнюю Беларусь. Партыйная і савецкая наменклатура сустрэла яго з вялікім энтузіязмам [8, арк.245]. Людзям, далучаным да ўлады, прыемна было адчуваць, што іх улада пашыраецца на новыя тэрыторыі, што сіла СССР расце. Да таго ж шмат хто з гэтых людзей следам за Чырвонай Арміяй адпраўляўся на захад, каб заняць там хпебныя пасады. А выдаткі пахода клаліся на плечы простых людзей.
У сувязі з паходам у Заходнюю Беларусь насельніцтва Савецкай Беларусі аказалася адразу ж уцягнутым у мабілізацыйныя мерапрыемствы, а неўзабаве яго ўвагу ўжо прыцягвалі і дзеянні Чырвонай Арміі, паводзіны савецкага начальства ў Заходняй Беларусі (гл. 9), перспектыва ўцягвання СССР у вялікую вайну. Турбавала яго праблема бежанцаў з Польшчы і шэраг іншых, менш маштабных праблем. Праз стаўленне да іх і выяўляліся адносіны народа да ўлады.
Мабілізацыя запасных пад выглядам “збораў” пачалася 7 верасня, а 15 верасня разгарнулася і мабілізацыя навабранцаў. Праводзілася яна на дзіва неарганізавана. Адразу ж выяснілася, што ваенкаматамі дрэнна наладжаны ўлік ваеннаабавязаных, аўтатранспарту і коней. Было мноства выпадкаў, калі позвы (павесткі) прыносілі на людзей, якія даўно выбылі з раёнаў або былі знятыя з уліку як непрыгодныя да службы. У шэрагу выпадкаў тым самым ваеннаабавязаным прыносілі позвы па некалькі разоў, хаця яны ўжо знаходзіліся на “зборах”. У Мазыры, напрыклад, па гэтых прычынах з 890 павестак было ўручана толькі 650, затое 93 чалавекі атрымалі іх двойчы. У дакументах адзначаецца шэраг выпадкаў ухілення ваеннаабавязаных ад мабілізацыі (даволі часта — настаўнікаў), з’яўлення іх на прызыўныя пункты п’янымі і г. д. Не лепшымі былі справы з мабілізацыяй коней, аўтатранспарту [7, арк.27; 8, арк.286].
Гэтая неразбярыха не заканчвалася і пасля адпраўкі мабілізаваных у вайсковыя часці. Там яны падоўгу заставаліся без ежы, здаралася, што іх адпраўлялі дахаты, а потым прызывалі ізноў [7, арк.27]. 3-за дрэннага правядзення мабілізацыі і непадрыхтаванасці службаў забеспячэння вайсковыя часці выходзілі на зыходныя пазіцыі неўкамплектаванымі. Здараліся трагікамічныя і, тым не менш, тыповыя выпадкі. Так, прыпісаныя да адной з часцей чырвонаармейцы не атрымалі вінтовак “ввиду отсутствия ремней”. У вайсковай часці № 4015 з прызванага папаўнення было абмундзіравана толькі 250 чалавек, а для астатніх, гаварылася ў дакуменце, “совершенно нет брюк и головных уборов, в результате чего возникают отрицательные настроения” [7, арк. 50-51]. Вось гэтае войска і адправілася ў “вызвапенчы паход” у Заходнюю Беларусь. I “добра, што мы [там] нікога не сустрэлі”, ні палякаў, ні немцаў, — праз гады дзяліўся сваімі ўражаннямі ўдзельнік паходу, вядомы расійскі гісторык Б. Р. Тартакоўскі[11, с.79].
Пасля завяршэння паходу значная частка чырвонаармейцаў была дэмабілізаваная [12, с.286]. Яны вярталіся ў свае гарады і вёскі з новым жыццёвым вопытам, пабачыўшы іншы свет, іншы лад жыцця. Ім на змену ў Заходнюю Беларусь адпраўляліся ў камандзіроўкі дзесяткі агітатараў, лектараў, самадзейных і прафесійных артыстаў, кінамеханікаў з вялікіх і малых гарадоў БССР. Яны ўдзельнічалі ў прапагандысцкай кампаніі ў сувязі з падрыхтоўкай выбараў у Народны сход, але міжволі, вярнуўшыся дахаты, рабіліся прапагандыстамі іншага ладу жыцця, выглядаўшага больш прывабна, чым савецкі. Гэтаму садзейнічалі і непрыстойныя паводзіны ў Заходняй Беларусі партыйных і савецкіх кіраўнікоў. Іх аўтамабілі, нагружаныя вывезеным адтуль дабром, былі моцным прапагандысцкім сродкам, які разбіваў штампы афіцыйнай прапаганды аб “братняй дапамозе”, “вызваленні з панскага ярма” і г. д. Органы НКУС фіксавалі шматлікія крытычныя выказванні аб савецкай палітыцы адносна Полынчы і ў Заходняй Беларусі, паходзіўшыя і ад жыхароў Палескай і Гомельскай абласцей. Іх квінтэсенцыя — у гэтай фразе: “Напалі на Польшчу і абрабавалі яе” [7, арк.203]. Хаця намеснік наркома ўнутраных спраў Рашэтнікаў прыпісваў такія выказванні “контррэвалюцыйным элементам”, але фактычна прызнаў іх слушнасць. У данясенні Панамарэнку ён пералічваў факты “антыпартыйных учынкаў” высокіх савецкіх начальнікаў у Заходняй Беларусі і канстатаваў, што яны “правакуюць нездаровыя настроі”, садзейнічаюць распаўсюджванню “правакацыйных чутак” [7, арк.209].
Бянтэжыла савецкіх людзей і тая акалічнасць, што вызваленчы паход у Заходнюю Беларусь быў здзейснены пры ўзаемадзеянні з фашысцкай Германіяй, якую зусім нядаўна афіцыйная прапаганда прадстаўляла ў якасці кіраўніка агрэсіўнага блока, патэнцыяльнага праціўніка СССР. “Калі Германія пайшла браць Польшчу, нашы пайшлі дабіваць забітага,” — выказваўся жьгхар Калінкавіч [13, арк. 120]. На працягу ўсяго перыяду, пакуль СССР супрацоўнічаў з Германіяй, рэалізуючы свае знешнепалітычныя мэты, савецкай прапагандзе так і не ўдалося пераканаць сваіх грамадзян у слушнасці гэтай палітыкі. Органы НКУС БССР увесь час фіксавалі выказванні аб тым, што Германія раней ці пазней нападзе на Савецкі Саюз [14, арк.6; 16, арк.49]. Разыходзіліся з газетнымі і ацэнкі дзеянняў СССР у Фінляндыі, якія падслухоўвалі агенты НКУС. У іх адзначаўся несправядпівы характар вайны з боку СССР і нізкая баяздольнасць Чырвонай Арміі[14, арк.10].
Многааспектная праблема бежанцаў з Полыдчы ў БССР заслугоўвае асобнай увагі (гл. 10; 17). Мы абмяжуемся толькі лаканічнай ацэнкай яе ўплыву на фарміраванне адносін паміж народам і ўладай напярэдадні вайны. Д. М. Талочкам устаноўлена, што з Заходняй Беларусі ў БССР да 19 лістапада было вывезена звыш 23 тыс. бежанцаў, з іх амаль 5 тыс. — у Палескую і Гомельскую вобласці. У любых умовах раптоўны наплыў такой колькасці людзей выклікаў бы пэўныя цяжкасці. Але справа ў тым, што ў БССР гэтыя няшчасныя сутьгкнуліся з савецкай безгаспадарчасцю і неарганізаванасцю, поўнай абыякавасцю да іх з боку мясцовага кіраўніцтва. Выяснілася, што для іх не падрыхтавана ні жыллё, ні харчаванне, людзі падоўгу знаходзіліся без даху над галавой, без медыцынскай дапамогі і працы. Мясцовае насельніцтва ўспрымала іх як сапернікаў у барацьбе за кавалак хлеба Паколькі сярод бежанцаў пераважалі яўрэі, то іх з’яўленне тут выклікала хвалю антысеміцкіх настрояў. Аднак віну за ўзросшыя цяжкасці насельніцтва ўскладала на савецкую ўладу.
Адцягванне з сельскай гаспадаркі ў войска вялікай масы людзей, рост незанятага ў вытворчасці насельніцтва ўсходнебеларускіх абласцей (ваеннаслужачыя, бежанцы), драконаўскія меры дзяржавы ў адносінах да калгасаў і аднаасобнікаў — усё гэта абвастрыла хранічную хваробу савецкай гаспадарчай сістэмы — дрэннае забеспячэнне насельніцтва хлебам. Адразу ж пасля пачатку мабілізацыі органы НКУС паведамлялі ў партыйныя інстанцыі, што людзі кінуліся скупляць хлеб, соль, цукар, гэтыя прадукты амаль што зніклі з продажу. Людзі баяліся, што пачнецца вайна, а разам з ёю і голад. “Хто што пасеяў — забралі, хаты параскідалі. Калі будзе вайна, то будзе голад,” — сцвярджаў аднаасобнік з Жыткавіцкага раёна [7, арк.120] і выказваў тым самым агульныя настроі. Зімою сітуацыя працягвала пагаршацца У данясеннях НКУС прыводзяцца факты, як людзі, выстойваючы ў чэргах за хлебам, пры яго з’яўленні ў крамах б’юць вокны, ламаюць прылаўкі, стараючыся ўхапіць які бохан [18, арк.24-38].
Сацыяльная напружанасць і звязаны з ёю недавер людзей да здольнасці ўладаў задаволіць іх жыццёвыя інтарэсы з канца 1939 г. павялічваліся на фоне вырасшай дасведчанасці шырокіх слаёў насельніцтва. здольнасці арыентавацца ў тым, што адбываецца на свеце. Сама ж гэта дасведчанасць стала вынікам незвычайна высокай для савецкай краіны міграцыі насельніцтва праз былую дзяржаўную мяжу, расшырэння крыніц інфармацыі. Той жа паток бежанцаў з Польшчы стаў для “ўсходнікаў” — савецкіх беларусаў — адной з такіх крыніц, каштоўнасць якой заключалася ў яе непадкантрольнасці ўладам. У гэтай сітуацыі расло разуменне таго факта, што польска-германская, савецка-фінская войны — не лакальныя з’явы, што свет уцягваецца ў вялікую вайну, якая не абыйдзе СССР, прыйдзе i на беларускую зямлю. Пэўная частка насельніцтва з гэтай вайной звязвала спадзяванні на карэнную перамену ўлады ў краіне, а следам за тым — i свайго жыцця. Ужо ў верасні 1939 г. асведамляльнікі НКУС фіксавалі такога зместу выказванні, гучаўшыя ў розных месцах і ў розных акалічнасцях: на кватэры гамядьчаніна, у чарзе каля прадуктовага ларка, у вёсцы пры ссяленні хутараніна, сярод рабочых лесазавода, на зборным пункце мабілізаваных i г. д. [7, арк.105; 14, арк.7; 19, арк.344]. Аўтары гэтых выказванняў — людзі рознай сацыяльнай прыналежнасці, якіх аб’ядноўвала эмацыянальнае, хаця і негатыўнае стаўленне да палітыкі савецкай улады. Можна сказаць — гэта людзі з чэргаў.
Аднак даволі хутка ў масе незадаволеных выдзеліліся людзі з устойлівымі перакананнямі, якія выяўлялі гатоўнасць да антысавецкіх дзеянняў. Гэта, перш за ўсё, аднаасобнікі, частка калгаснікаў, сярод іх найчасцей — члены сямей рэпрэсіраваных. Дакументы НКУС фіксуюць адзінкавыя выпадкі выяўлення такой пазіцыі і ў асяроддзі служачых, інтэлігенцыі [20, арк.90; 21, арк.78]. Устанавіць удзельную вагу пасіўных і актыўных праціўнікаў савецкай улады ў агульнай масе насельніцтва няпроста. Арыентуючыся на ўдзельную вагу цвёрдых аднаасобнікаў, на сялян, якія ўступілі ў калгасы толькі на мяжы 30-х — 40-х гадоў, пасля ўпартага супраціўлення, на колькасць рэпрэсіраваных, на прадстаўніцтва ў гэтым асяроддзі розных сацыяльных груп пры перавазе сялянства, можна сцвярджаць, што гаворка ідзе аб вялікай масе народу — большай у сельскіх раёнах, меншай у буйных гарадах. Сітуацыю ў нешматлікіх буйных гарадах Усходняй Беларусі карэкціравалі такія фактары, як большая ўдзельная вага некарэннага насельніцтва, канцэнтрацыя тут партыйна-савецкай наменклатуры, поспехі індустрыялізацыі, больш стабільнае сацыяльнае становішча, шырэйшыя магчымасці для таталітарнага ўздзеяння з боку дзяржавы на моладзь. Але і з улікам гэтай карэкціроўкі агульная сітуацыя карэнным чынам не мянялася [22].
Адносіны, што склаліся паміж народам і ўладай напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны, знайшлі адлюстраванне ў кампаніі па выбарах у мясцовыя саветы, праведзеных у снежні 1939 г. На працягу яе партыйнае і савецкае кіраўніцтва БССР агрымлівала паведамленні аб шматлікіх выступлениях супраць удзелу ў гэтых выбарах, якія фунтаваліся на асуджэнні палітыкі савецкай улады [9, арк.73-87]. Праўда, паводле афіцыйньгх даных, выбары засведчылі амаль 100-працэнтны ўдзел у іх выбаршчыкаў i амаль абсалютную падтрымку імі “блока камуністаў i беспартыйных.” Але няма ніякага сумнення ў тым, што дасягнуць гэтых вынікаў удалося толькі шляхам націску на фамадзян і фубых фальсіфікацый. У тых жа дакументах, у якіх НКУС інфармуе ЦК КП[б]Б аб антысавецкіх выступлениях (часцей — проста публічных выказваннях), звычайна паведамляецца i аб тым, што ўдзельнікі гэтых выступленняў “узятыя ў агентурную разработку”, якая заканчвалася арыштамі.
У асобных раёнах акцыі застрашвання датычьші соцень чалавек. Напрыклад, намеснік наркома Рашэтнікаў паведамляў Панамарэнку, што ў 1938 г. ў Старадарожскім раёне не галасавалі каля 600 аднаасобнікаў, а праз год там жа складвалася такая ж сітуацыя. Давялося правесці аперацыю “Ржаўчына”, у вьшіку якой актыўныя праціўнікі “савецкай дэмакратыі” былі арыштаваныя [7, арк. 143-144]. Але i пасля прыняцця гэтых мер выбарчым камісіям даводзілася яшчэ “варажыць” над урнамі для галасавання. Такое заключэнне напрошваецца пасля параўнання звестак аб выніках выбараў, якія прыводзіліся на пасяджэнні бюро Палескага абкама партыі адразу пасля іх правядзення, 26 снежня, і тых, што былі прадстаўлены Цанавай Панамарэнку на наступны дзень. Сакратар абкама распякаў асобных кіраўнікоў, якія бесклапотна паставіліся “да сігналаў аб антысавецкіх варожых настроях”, з-за чаго “па Глускаму раёну не прынялі ўдзел у галасаванні 2678 выбаршчыкаў, па Тураўскаму адмовіліся ўдзельнічаць у выбарах 126 выбаршчыкаў, па Парыцкаму раёну выкраслілі ў бюлетэнях кандыдатаў блока камуністаў і беспартыйных 338 выбаршчыкаў”. Першая лічба аказалася настолькі вялікай, што яе паспяшаліся выправіць на 300, патлумачыўшы “тэхнічнай памылкай” [23, арк.176,177]. Але і пасля гэтай карэкціроўкі засталіся велізарныя разыходжанні з тымі звесткамі, якія атрымаў Панамарэнка. Цанава паведаміў яму, што ўсяго па БССР адмовіліся ўдзельнічаць у выбарах 658 чалавек, з іх па Мінскай вобласці [куды ўваходзіў і Старадарожскі раён] — 261, па Палескай — 220, і г. д. [9, арк.263].
Дык як жа ў люстэрку выбараў выглядалі адносіны паміж народам і ўладай? Гэта былі адносіны адчужэння і нават варожасці, такія адносіны, якія не абяцалі разгортвання “ўсенароднай барацьбы” ў абарону гэтай ўлады. Толькі сіла больш варожая народу, чым рэпрэсіўная савецкая ўлада, магла змяніць існаваўшыя адносіны на лепшыя.
Такая сіла з’явілася пасля 22 чэрвеня 1941 г. Не адразу беларускія сяляне зразумелі яе страшны антычалавечы характар. Чакалі, прыглядаліся… Не толькі з-за страху, не толькі таму, што Чырвоная Армія занадта хутка адступіла на ўсход, пакінуўшы іх на волю лёсу. Чакалі, бо наперадзе Чырвонай Арміі адыйшла на ўсход тая ўлада, якая за 20 гадоў так і не стала ім сваёй, блізкай. Звернемся да сведчанняў аднаго з арганізатараў беларускага партызанскага руху В.З. Каржа аб сітуацыі, у якую ён трапіў праз месяц пасля пачатку вайны ў раёне Жыткавіч — Леніна. Ён прыйшоў сюды з Пінска з невялікай партызанскай групай, сфарміраванай, як звычайна ў пачатку вайны, з партыйных і савецкіх актывістаў. Корж паведамляў, што з дапамогай стараст, паліцэйскіх (адкуль тыя ўзяліся — зразумець няцяжка) і “ўсякай сволачы”, немцы пасеялі такі страх у насельніцтва, што яно “баялася не толькі сустрэцца з партызанамі, але нават і ведаць што-небудзь аб партызанах.” З-за гэтага “жыццё партызан станавілася цяжкім, не было дзе даставаць прадукты. Насельніцтва баялася карміць партызан” і тыя хварэлі. Яшчэ праз месяц Корж заўважаў, як паліцыя “расла па вёсках, множылася і распаўсюджвала свой уплыў на насельніцтва. Насельніцтва лёгка паддавалася паліцэйскаму ўплыву, таму што нічога не ведала аб фронце…” [24, с. 17-18]. А калі б нават i ведала, то ці змянілася б яго стаўленне да гэтых чужых людзей, прадстаўнікоў даваеннай улады і даваенных парадкаў? Відаць, што не, відаць, не вартая была тая ўлада кавалка хлеба. Таму яна так лёгка страціла свой уплыў. Калі ж прыйшоў час ісці ў партызаны мясцовым хлопцам [25], ісці, каб абараняць свае сем’i, свае вёскі, то i хлеб для іх знайшоўся, i ўплывы паліцыі іх не спынілі.
24 мая 1945 г. Сталін выступіў на прыёме ў Крамлі ў гонар камандуючых войскамі Чырвонай Арміі. Там ён узняў тост “за здароўе рускага народа”, “кіруючага народа” ў СССР, у якім дзякаваў гэты народ за тое, што той не прагнаў свой урад за дапушчаныя ім памылкі, не патрабаваў заключэння міру з Германіяй [1, с. 196-197]. Сталін сказаў значна менш, чым ведаў. Ён ведаў, што i давер рускага народа да свайго ўрада не быў абсалютны. “У нас няма ніякіх ілюзій наконт таго, быццам яны [рускія людзі] змагаюцца за нас, — прызнаўся ён у размове з паслом ЗША ў Маскве А. Гарыманам у верасні 1941 г. — Яны змагаюцца за маці-Расію” [26, с.49]. Што ж да “кіруемых” народаў, а сярод іх быў і беларускі, то яны апынуліся ў трагічнай сітуацыі выбару паміж большым і меншым злом, паміж фашызмам і сталінізмам. У 1941-1945 гг. сталінізм, бальшавіцкая ўлада, аказаліся меншым злом.
- Сталин И. В. О Великой Отечественной войне Советского Союза. М., 1947.
- Лазько Р. “Вялікі пералом” у польскім сельсавеце на Усходнім Палессі/ Загароддзе — 3: Матэрыялы навук.-краязнаўч. канф. “Палессе ў XX ст.” Мн., 2001.
- Бунин М. А, Димони Т. М. Повинности российских колхозников в 1930-е — 1960-е годы/ Отечественная история, 2002, № 2.
- Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (НАРБ), ф. 4-п, воп. 3, спр.785.
- Дзяржаўны архіў грамадскіх аб’яднанняў Гомельскай вобласці (ДАГАГВ), ф. 253, воп. 4-а, спр. 325.
- Гісторыя Беларускай ССР. У 5-ці т. Мн., 1975. Т. 4.
- НАРБ, ф. 4-п, воп. 21, спр. 1681.
- ДАГАГВ, ф. 702, воп. 1, спр. 58.
- НАРБ, ф. 4-п, воп. 21, спр. 1682.
- Лазько Р. Паход Чырвонай Арміі на Захад у верасні 1939 г.: погляд з Усходу/ Беларускі гістарычны зборнік. Беласток, 2000, №13.
- КулешоваН. Ю. Красная Армия в конце 1930-х годов: проблема боеспособности с точки зрения истории повседневности/ Отечественная история, 2003, №4.
- МельтюховМ. И. Советско-польские войны: военно-политическое противостояние. 1918-1939 гг. М., 2001.
- ДАГАГВ,ф. 702, воп.1, спр. 64.
- НАРБ,ф. 4-п, воп. 21, спр. 1716.
- ДАГАГВ,ф. 702, воп. 1, спр. 126.
- ДАГАГВ,ф. 702, воп. 1, спр. 127.
- ТолочкоД. М. Беженцы из Польши в БССР (сентябрь 1939 — июнь 1941 г.)/ Берасцейскі хранограф: 36. навук. прац. Вып. 4. Брэст, 2004.
- НАРБ,ф. 4-п, воп. 21, спр. 1584.
- ДАГАГВ,ф. 702, спр. 79.
- НАРБ,ф. 4-п, воп 21, спр. 1937.
- НАРБ,ф. 4-п, воп. 21, спр. 2077.
- Мінскі даследчык В. М. Жук ўвёў у навуковы ўжытак цікавую крыніцу — прайшоўшыя цэнзуру лісты гамяльчан да сваіх родных у Расію за першую дэкаду жніўня 1941 г., якія адлюстроўваюць настроі людзей, апынуўшыхся пад нямецкімі бомбамі: Жук В. Н. Письма гражданского населения Гомельской области как исторический источник по изучению начального периода Великой Отечественной войны/ Беларусь в годы Великой Отечественной войны: уроки истории и современность. Мн.: Институт истории НАН Бел., 2004. С.133- Гэта крыніца, на нашу думку, патрабуе больш дэталёвага вывучэння, у прыватнасці, метадам кантэнт-аналізу.
- ДАГАГВ. ф. 702, воп. 1, спр. 56
- КОРЖВ. 3. Докладная записка о проделанной работе в тылу врага за период с первых дней войны, т. е. с июня 1941 года по 3-е апреля 1942 года/ Беларуси гістарычны часопіс, 1994, № 2.
- Гл.аб уплыве савецка-германскай прапагандысцкай барацьбы на акупіраванай тэрыторыі на рэалізацыю гэтага паварота: Болсун Г. Пропагандистская работа противоборствующих сторон среди населения оккупированной Беларуси (1941-1944 гг.)/ Пытанні гісторыі, метадалогіі і методыкі выкладання: 36. навук. прац. Вып 1. — Мн.: БДПУ імя М. Танка, 1998. С. 155-
- Родина,1991, №6-7.
Аўтар: Р.Р. Лазько
Крыніца: “Гомельшчына ў Вялікай Айчыннай вайне”, навук.практычная канф. (2005, Гомель). Навукова-практычная канферэнцыя “Гомельшчына ў Вялікай Айчыннай вайне”, 7-8 красавіка 2005 г.: [прысвеч. 60-годдзю Вялікай Перамогі: матэрыялы] / рэдкал.: В.А. Міхедзька (адказ. рэд.) і інш.; Гомельскі дзярж. ун-т імя Ф. Скарыны. — Гомель: Выд-ва “Гомельскі дзярж. ун-т імя Ф. Скарыны, 2005. — С. 38-49.