У апошні час узрастае цікавасць даследчыкаў да традыцыйнай культуры, абраднасці, у тым ліку і праз вывучэнне гаворак беларускай мовы, лексічная сістэма якіх адлюстроўвае і сам абрад, і склад удзельнікаў таго ці іншага абрадавага дзеяння, а таксама захоўвае найменні сакральных прадметаў, што выкарыстоўваюцца ў традыцыйнай абраднасці.
Гістарычна абрад выступае як адна з самых спецыфічных этнічных характарыстык. У сямейна-абрадавай лексіцы найбольш колькаснай з’яўляецца лексіка вясельнага абраду як аднаго з самых важных комплексаў сямейнай абраднасці. Этнографы параўноўваюць усходнеславянскае вяселле не толькі са спектаклем з вялікай колькасцю дзеючых асоб, але і з «вясельнай містэрыяй», шэрагам містычных дзеянняў, аб’яднаных у адно цэлае [1]. У традыцыйнай культуры беларусаў захаваліся вясельныя цырымоніі, а ў слоўніках утрымліваецца вялікая колькасць адпаведных абрадавых лексем.
Вясельная лексіка беларускіх народных гаворак уяўляе сабой непаўторную моўную спадчыну, якая ўзыходзіць да старажытнасці і перадае духоўныя імкненні і маральныя скарбы продкаў.
У складзе вясельнай лексікі вылучаюцца наступныя тэматычныя групы: 1. Найменні вясельнага абраду і яго складовых частак – «вяселле, веселье» («Родня наша ўжэ говорыла про веселье» [2, c. 244]; «Вяселле начынаецца ў суботу» – зап. у в. Дуброва); «свадзьба» («У гэты дзень дагаварваліся пра дзень свадзьбы» – зап. у в. Кольна).
Вясельны абрад пачынаецца са «сватаў, сватання, заручын»: «Перш чым ажаніцца, хлопец знаходзіў сабе нявесту. І тут ужэ начынаецца сватанне» (зап. у в. Вароніна); «У сваты звычайна хадзілі ў нядзелю ці ў святы» (зап. у в. Рычоў). Калі бацькі і іх дачка згаджаліся на шлюб, то адбываліся «запоіны, заручыны». У некаторых вёсках гэта былі два асобныя абрады: «Першым было сватанне (заручыны) – ішлі сватацца ў любы дзень тыдня» (зап. у в. Запясочча); «А ўжэ ў ту суботу ўвечар у ее запоіны. Запівалі дзеўку. Людзей не багато було» (зап. у в. Крэмнае).
На Жыткаўшчыне вядомы перадвясельны абрад «прымярэнне сарочак», звязаны выключна з жаніхом і яго роднымі: «После запоін ішлі к маладому мераць сарочкі. Бралі хросну мацер і хроснага бацькі жонку і ехалі. Мералі маладога, абмяралі дзверы, окны, мералі, сколько рушнікоў трэба павесіць у хаце» (зап. у в. Пагост).
Перад вяселлем дзяўчаты абавязкова праводзілі «дзявочы вечар», «зборную суботу»: «У зборную суботу збіралі кветкі для вянка, плялі яго. Таксама ў гэты дзень плялі касу нявесце» (зап. у в. Рычоў); «Перад вяселлем у суботу вечарам у маладой сабіраліся яе падружкі на дзявочы вечар» (зап. у в. Вароніна).
У суботу перад вяселлем адбываецца абрад выпечкі караваю – «саджаюць каравай», «каравай пякуць»: «Да суседачкі мілыя, / Да прыходзьце ка мне, / Да к маему дзіцяці, / Каравай саджаці» (зап. у г. Жыткавічы). Пасля выпечкі каравай упрыгожваюць – «украшаюць, радзяць, сад робяць»: «Да ўжэ радзяць коровая, сад роб’яць. Розкі нарадзяць лентамі, бумагою крашэнаю» (зап. у в. Крэмнае).
Звычайна вяселле пачыналася ў нядзелю. Адным з важных момантаў вясельнага абраду быў «пасад»: «Пасад – гэта благаславенне жэніха і нявесты на шлюб, пажэланні ім шчаслівага жыцця» (зап. у в. Вароніна).
Затым жаніх з раднёй едзе да нявесты – «поезд»: «Пасля малады са сваёй раднёй едуць да маладой. Едуць коньмі ці машынай, а калі блізка ў сяле, то пешшу. Гэта ўжо называюць поезд едзе да маладой» (зап. у в. Буразь). Нявесту неабходна было «выкупіць» – адбываўся «выкуп, торг, таргі»: «Ставілі стол і малады павінен даць выкуп за нявесту, а дзеўку тым часам хавалі. Пасля выкупа заходзіў малады ў хату» (зап. у в. Рычоў).
Узаконьванне шлюбу называлася «рэгістрацыя»: «Потом, колі ўжэ выкупілі молодых і госці едуць у сельсавет на рэгістрацыю і сразу ў цэркву на венчанне» (зап. у в. Малешаў). Вянчанне («венчанне», «вянец») праводзілася раней абавязкова, зараз – па жаданні: «А ў нядзелю ідуць ці едуць к вянцу. Кончылоса венчанне, молода цягне рушнік до дзвярэй, каб дзеўкі ішлі замуж, не заседжваліся доўга» (зап. у в. Запясочча).
Вядомы ў Жыткавіцкім раёне абрад «пярэзвы, пярэзаў», які праводзіцца на другі дзень вяселля, у панядзелак: «Бацькі за дачкою да жаніха не ехалі, а іх прыходзілі запрашаць у панядзелак ісці да сватоў к сваёй дочцы. Вось гэтая бяседа у панядзелак і называлася пярэзвы» (зап. у в. Вароніна). Але ў некаторых вёсках абрад адбываўся праз тыдзень, і меў назву як «пярэзвы», так і «пірагі»: «Пасля таго, як пройдзе тыдзень пасля вяселля, госці маладога (яго родныя) ехалі да маладой, а яе госці – да маладога. Гэта называлася пярэзвы» (зап. у в. Кольна); «На пірагі звалі сугубо родзічаў» (зап. у в. Пагост). 2. Найменні ўдзельнікаў вясельнага абраду. Зафіксаваныя лексемы з’яўляюцца як агульнаўжывальнымі, так і характэрнымі менавіта для дадзенага рэгіёна. Найбольш распаўсюджаныя лексемы ў вясельным абрадзе – «малады, маладая, малада, молоды, молодое, нявеста, жаніх»: «У молодое ў косе лента» [2, c. 244]; «Молоды под руку молоду да ў цэркоў» [2, c. 245]. Пры падрыхтоўцы да вяселля значная роля адводзілася жанчынам, якія выпякалі каравай – «коровайніцам, коровайным»: «Ек не ўдова, то хросна маці за старшу коровайніцу… То ўжэ за столы саджаюць коровайных. Посля песню коровайну заспеваюць коровайніцы» (зап. у в. Крэмнае).
На вяселлі ганаровымі гасцямі станавіліся сваты, бацькі, хросная маці і бацька: «Каравай пеклі некалькі замужніх жанчын. Самая глаўная – маці хросная» (зап. у в. Пухавічы); «“Благаславі, оцец, маці каравай падымаці!”… Першых вызываюць бацькоў маладых, потым хроснага бацьку і ўсю радню» (зап. у г. Жыткавічы). Не менш значную ролю выконвалі «дружкі»: «Каравай дзеліць дружок (з радні маладога)» (зап. у в. Пухавічы); «Дружкі нявесты ідуць устрачаць дружкоў маладога. Кожная дружка чапляе цвяткі» (зап. у г. Жыткавічы).
На тэрыторыі Жыткавіцкага раёна часта сустракаюцца лексемы «маршалак, маршал»: «З кладоўкі каравай выносіў старшы маршалак» (зап. у в. Кольна); «Калі маршалкі апраналі маладую, маршалы са стараны жаніха насміхаліся над імі» (зап. у в. Рычоў).
На Жыткаўшчыне вядомы і такія ўдзельнікі вяселля, як «пастух» («Запрашаюць “пастуха”, надзяюць торбу, кладуць туды 2-3 пірагі. Ён вядзе свадзьбу» – зап. у г. Жыткавічы); «зывальнікі» («У суботу ішлі зывальнікі.
От молодого звалі родню молодога, а от молодой – родню молодой» – зап. у в. Запясочча); «паляўнічы» («Паляўнічы са стрэльбай падводзіць два разы падстаўных нявест. Паляўнічы хваліць падстаўную маладую» – зап. у в. Малішаў); «пасцельніцы, кубельнік» («Звязваюць у кухар пасцель.
Выбіраюць пяць пасцельніц. Дружкі купляюць у “кубельніка” пасцель» – зап. у г. Жыткавічы); «свяцёлка, мічалка» («У маладога свяцёлка (дзяўчына, якая дзержыць свечку)» – зап. у в. Буразь; «Мічалка – гэта дзеўка з рукі маладога, якая на вянцы дзяржыць свечкі» – зап. у в. Запясочча); «прыданыя» (радня маладой) («Прыданыя павінны сарваць гэтага дзеда і адвезці на печ гаспадыні вяселля» – зап. у в. Дзякавічы); «вясельныя» («Расходзяцца ў нядзелю вясельныя» – зап. у в. Запясочча); «завіца» («Уваходзяць у хату гаспадыня з гаспадаром і раяцца паміж сабой, што патрэбна ўжо ісці зваць на пярэзвы і будзіць маладых патрэбна, а няма ні хроснай, ні завіцы (завіца – сястра гаспадара)» – зап. у в. Вароніна).
Абавязковымі асобамі на вяселлі ў Жыткавіцкім раёне былі «падстаўныя жаніх і нявеста»: «На першы дзень вяселля робяць двух падстаўных. Жанчыну малога росту апранаюць у адзенне жаніха, а мужчыну высокага ў адзенне нявесты» (зап. у в. Дзякавічы). 3. Найменні прадметаў, якія выкарыстоўваюцца ў вясельным абрадзе.
Гэтыя прадметы выступаюць як своеасаблівы код, які мае самыя разнастайныя функцыі. Самы значны прадмет у вясельным абрадзе – каравай, у якім пераплятаюцца мужчынскі і жаночы пачатак і які з’яўляецца сімвалам шчаслівага лёсу: «Калі каравай удаваўса, то лічылі, што гэта на шчасце» (зап. у в. Вароніна).
Абавязковымі прадметамі вясельнага абрада, з дапамогай якіх зычылі маладым шчасця, багацця, добрай долі, былі зерне, жыта, хлеб-соль, канфеты, мёд, сыр: «Маці абходзіла вясельны картэж тры разы, абсыпаючы ўсіх зернем. Пасля вянчання бацькі сустракаюць маладых хлебам-соллю» (зап. у в. Пухавічы); «Маладая сыпле ў бакі канфеты. Маці выносіць хлеб з мёдам і сырам» (зап. у в. Дуброва).
Функцыю згоды, яднання выконваюць такія прадметы, як ручнік, «рушнік» («Маладая выносіць маладому рушнік з хлебам і солью» – зап. у в. Дуброва); жыта, палатно, пояс («Калі сваты ўжо збіраюцца ісці дамоў, дзяўчына дае свайму хлопцу ў падарак бутылку, поўную жыта» – зап. у в. Вароніна).
Сімвалам ачышчэння, абярэгу выступаў агонь: «Перад тым як ехаць перад первым возам запальвалі вязку саломы. Коні далжны былі пераскочыць чэраз агонь. Эту рабілася для таго, штоб сваркі і калатня асталіса пазадзі» (зап. у в. Вароніна).
Асаблівае значэнне на вяселлі меў стол, які з’яўляўся ўвасабленнем згоды, злучэння (сесці за стол – ‘пагадзіцца’). Паказальна тое, што абрад застолля завяршае кожны этап вясельнага абрада (сватанне, заручыны, вянчанне, вяселле): «Сват даставаў з-за пазухі хлеб і бутылку гарэлкі і ставіў іх на стале. После гэтага маці дзяўчыны ставіла на стол закуску і сваю бутылку гарэлкі»; «Стаяць сталы накрытыя абрусамі, відаць, што тут было вяселле» (зап. у в. Вароніна); «Пасля таргоў заходзяць у хату і сваты запрашаюць садзіцца за сталы» (зап. у в. Буразь).
Аднак адначасова стол выступае і сімвалам мяжы – ім перагароджваюць дарогу да нявесты: «Прыйшлі к дзеўцы. Выносяць і становяць стол у варотах. Сустракаюць маладога з яго раднёю. Выпілі, патаргаваліса, пусцілі ў двор» (зап. у г. Жыткавічы). 4. Найменні элементаў касцюма маладой: «белэе плацце» («Дзеўкі адзеваюць невесту ў белэе плацце» – зап. у в. Малешаў); «фата» («А фату на голову доўжна адзець толькі дружка молодой» – зап. у в. Малешаў); «вянок, венок» («Венка молодой робілі» – зап. у в. Крэмнае; «Дзяўчаты вілі вянкі, а галоўнае – вянок для маладой. Вянкі сімвалізавалі дзявочую чыстату, маладосць» – зап. у в. Вароніна); «лента» – сімвалізуе шлях, калі дзяўчына пераходзіць у іншы статус, «цвяты» («Венок на ее голове з цветамі да лентамі, богато лентоў» – зап. у г. Тураў); «пояс» («Тут маладой завязваюць красны пояс, каб не наговорылі і даюць свечану соль» – зап. у в. Малешаў); «хустка, головушка» («Даўно колісь венка не було. Хустку заўязвалі – два рогі на шыі і два – на лоб, гузом», «Хустка веліка назад заўязана, церноўка колеру ўсякого, только не чорного, поверх вянок» – зап. у г. Тураў); «фартух, хвартух» («Маці жэніха падходзіць да молодох, знімала з невесты фату і завязвае ёй хустку і фартух» – зап. у в. Малешаў).
Народныя святы і абрады з’яўляюцца праяўленнем традыцыйнай культуры беларусаў, таму ў генетычных адносінах амаль уся лексіка належыць да агульнаславянскага лексічнага фонду. Гэта такія лексемы, як «вяселле, сватанне, каравай, вянок, заручыны, маладыя» і іншыя [3].
Большасць найменняў, звязаных з даследаванай тэматыкай, з’яўляецца матываванай.
Самым пашыраным тыпам матывацыі найменняў, звязаных з вяселлем, выступае намінацыя паводле працэсуальнай прыкметы. Лексічным матыватарам такіх найменняў з’яўляюцца назвы разнастайнага дзеяння.
Вялікая колькасць зафіксаваных назоўнікаў з’яўляецца суфіксальнымі ўтварэннямі ад дзеясловаў (сватанне, перапой, заручыны, выкуп, торг, пасад, запоіны, пярэзвы), назоўнікаў. У апошнім выпадку намінатыўныя адзінкі ўтвараліся пераважна суфіксальным спосабам ад асновы назоўніка: пасцельніца, головушка, каравайніца, кубельнік, маршалак.
Амаль не сустракаюцца сярод вясельнай лексікі назвы, утвораныя шляхам асноваскладання і складанасуфіксальным спосабам: «маладажоны».
Некаторыя найменні з’яўляюцца субстантываванымі назвамі: хросны, малады, маладая, паляўнічы, вяселеныя, прыданыя.
Зафіксаваны на тэрыторыі Гомельскага рэгіёна і складаныя назвы: прыметнік + назоўнік («дзявочы вечар», «белэе плацце», «гороховы вянок», «зборная субота»); назоўнік + назоўнік («злучэнне маладых», «зразанне свечак»; «прымярэнне сарочак»); дзеяслоў + назоўнік («дзяліць каравай», «расплесці касу», «саджаць каравай», «выкупіць нявесту», «сад рабіць, украшаць»).
Сярод абрадавай вясельнай лексікі сустракаюцца адзінкавыя запазычанні з розных моў: нямецкай (маршал, фартух); лацінскай (рэгістрацыя); стараславянскай (жаніх, нявеста) [3].
Такім чынам, абрадавая лексіка сямейных абрадавых тэкстаў, якая да сённяшняга часу шырока функцыянуе на тэрыторыі Жыткавіцкага раёна, з’яўляецца крыніцай інфармацыі аб народнай культуры і вызначаецца багатай і складанай лексічнай сістэмай, варыянтнасцю і разнастайнасцю сродкаў з іх семантычнымі і граматычнымі асаблівасцямі, выступае неад’емнай часткай духоўнай культуры беларусаў, дзе захаваны старажытныя моўныя з’явы.
Літаратура
- Зеленин, Д. К. Восточнославянская этнография / Д. К. Зеленин. – М.: Наука, 1991. – 511 с.
- Вяселле на Гомельшчыне: фальклорна-этнаграфічны зб. / уклад., сістэм., тэкст. праца, рэд. І. Ф. Штэйнер, В. С. Новак. – Мінск: Нёман, 2003. – 472 с.
- Фасмер, М. Этимологический словарь русского языка: в 4 т. / М. Фасмер; пер. с нем. и доп. О. Н. Трубачёва; ред., предисл. Б. А. Ларина. – М.: Прогресс, 1986 – 1987. – Т. 1 – 4.
Аўтары: А.М. Воінава, А.М. Палуян
Крыніца: Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі. Вып. 23 / Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі; навук. рэд. А.І. Лакотка. – Мінск: Права і эканоміка, 2017. – С. 173-178.