Намінацыі ткацкіх вырабаў ў гаворках гомельска-бранскага памежжа

0
148
Намінацыі ткацкіх вырабаў ў гаворках гомельска-бранскага памежжа

Вывучэнне народна-дыялектнай лексікі з’яўляецца актуальным і перспектыўным напрамкам лінгвістычных даследаванняў. Найбольшую цікавасць выклікае ўзаемадзеянне дыялектаў на памежных тэрыторыях, дзе моўная сітуацыя складваецца ў дадзены час пад уплывам шэрагу фактараў: лінгвістычнага, геаграфічнага, дэмаграфічнага, культурнага, сацыялагічнага і г. д. У гэтым плане асаблівым чынам вылучаецца тэрыторыя Гомельскай вобласці, памежная з бранскімі землямі, на якой склалася рэгіянальная моўная сітуацыя, што вызначаецца складанасцю і непаўторнасцю, з аднаго боку, а другога — уключае шмат універсальных моўных сродкаў.

Пры міждыялектным кантактаванні блізкароднасных моў неабходна ўлічваць, што кантактуючыя сістэмы могуць валодаць не толькі агульным паходжаннем лексікі, але і агульнасцю канкрэтных рэалізацый на роўзных узроўнях, агульнасцю слоўніка, а таксама варыянтамі адной сістэмы. З гэтага вынікае, што вялікая колькасць лексікі, зафіксаваная на тэрыторыі Гомельска-Бранскага памежжа, з’яўляецца агульнай. і цяжка вызначыць, ці мае месца інтэрферэнцыя, ці назіраецца захоўванне асобных слядоў агульнасці моў. Таму невыпадкова ў аналізуемых гаворках насельніцтва можна сустрэць самыя разнастайныя праяўленні ўзаемадзеяння і ўзаемаўплыву дзвюх роднасных моў, а таксама архаічныя моўныя рысы.

Аб’ектам нашага даследавання з’явіліся назвы ткацкіх вырабаў, якія выкарыстоўваюцца ў гаворках Гомельска-Бранскага памежжа. Ткацтва як рамяство вядома з самых старажытных часоў. Яго ўзнікненне і развіццё абумоўлена сацыяльна-эканамічнымі ўмовамі і асаблівасцямі сялянскага жыцця. Увесь працэс стварэння ткацкіх вырабаў: пасеў канапель і льну, іх апрацоўка, развядзенне і стрыжка авечак, прадзенне нітак і само ткацтва — было падпарадкавана адзінай мэце: забяспечыць сям’ю адзеннем і прадметамі хатняга ўжытку. Прадметна-тэматычную класіфікацыю найменняў ткацкіх вырабаў можна прадставіць наступным чынам:

  1. Назвы прылад для апрацоўкі льну і канапель: мялка: Мялка круціцца, лён мне. Добруш; трапа’лка: Трапалка для лёну нада. Добруш.
  2. Назвы прыстасаванняў і іх частак для атрымання пражы і ткання: пра’лка, пра’дка — прыстасаванне для ручнога прадзення кудзелі: Пралка ручна была. Даска верцікальная ставілась, внізу даска. Добруш; кро’сны ‘хатні ткацкі станок’: Самый луччий памошник у доми — ета кросны. Выгоніцкі р-н; самопря’дка, санопря’дка ‘нажная пралка’: У дяреуни на самапрятки прядуть нитки. Пачэпскі р-н; Уже на санапрятках ни прядем, у мяне санапрятка на чирдаке ляжыть. Краснагародскі р.; кате’лка ‘катушка самапралкі’: Кателка есть в санапрятки, ф кателку пряжа пападаит, две кателки — хунт. Жукоўскір-н; като’нкатушка ці клубок нітак’: Нитки матали у катоны, у клупки — бальшыя. Наваз.
  3. Матэрыял для ткацкіх вырабаў:

— назвы нітак: волна, вовна „авечая воўна і пража з яе’: Мы тады з вовны пряли, штоп тулупы шыть. Пачэпскі р.; бель ‘белыя ніткі’: Кали кросны ткали беллю, з етага палатна шыли скатирсти, палатенцы. Краснагародскі р.; вал „пража з авечай воўны’: Валу у мяне мала, няшшыи ш куртки. Клімавіцкі р.;

ко’ца’пража з пяньковай паклі’: С хлапка кацу делали, маток такой. Наваз.; на’белкі‘ ‘адбеленая пража’: Мы хадили на лух на бялки сушыть. Бранск; сучёлка ‘скручаная, світая з некалькіх пасмаў нітка’: Пряли усю зиму халсты, сучёлку сучили. Брасаўскі р.; шлёнка ‘нітка’: Бувала, шлёнку абарву — мать ругаить. Карачаўскі р.; вертю’лькі „валокны з адыходаў ад пражы’: Када спрядешь, хлопьи астаюцца, а штоп усё шло у дела, то из етых хлопьяу апять нитки сучили — вяртюльки. Бранск.

— назвы тканіны: веретьё‘ тоўская тканіна з адыходаў прадзення, дзяруга’: Из етага виритья плаття ни пашыиш, а на мяшки згадицца. Суражскі р.; зама’шкі ‘даматканае палатно з канаплі’: Сначала за­машки ткали, а тады из их адёжу шыли. Бранск; коленку’р ‘даматканае палатно’: Вот ситиц цвитной, а калинкур мы сами ткали, ета красный, белый. Пачэпскі р.; спуск ’палатно вышэйшага гатунку’ Са спуску сарочкі шылі. Ветка; сукно ‘вытканая саржавым перапляценнем тканіна з воўны або з дабаўленнем ваўняных нітак, апрацаваная затым валяннем’: У сукне шэрсць абязацельна далжна быць. Гом. р.; порт „тканіна з льняных і канапляных валокнаў’: Порт — гэта з валакна, усё роўна якога. Ветка; палатно „льняная тканіна’: Палатно было кужэльнае, самае тонкае, на верхняе адзенне Добруш; сыровіна’нябеленае палатно’: Сыровіна — шчэ колі полотно не одбелілі. Ветка; патрэп’е ‘палатно нізкай якасці з адходаў льну, тоўстае і грубае’: Патрэп’е — гэта талстое палатно, што пад ногі слалі. Ветка; белёвка, ‘выбеленае на сонцы даматканае  палатно’: Суравку на поставник и вывешывали, яна ат сонца выгарала, палучалась бялёука. Клімаўскі р.; немётка’ спецыяльным чынам тканае мяккае белае палатно’: Кались ткали нямётки, ета мякинькая палатно, рединькая, из яго шыли простинки, маленьких детак укрывали, штоб ни мулила. Наваз.

  1. Агульныя назвы, матываваныя назвай матэрыялу або спосабам вырабу: паўсукенік, сукенік „тканіны, а таксама сшытыя з іх спадніцы’: Зараз сукенікаў ўжэ не носяць Ветка; парцянік, парціна „льняныя тканіны і вырабы з іх’: Няхай парціна ў шкапу ляжыць, ні чапай усяго разам. Добруш; саматканка, даматкан „адзенне, зробленае хатнім спосабам’: Саматканкі самі рабілі, спадніцы такія льняныя. Высокая Грыва Б. -Каш.
  2. Назвы жаночага адзення: андарак, эндэрак, андэрак, андрак, андарака, панёва, панёвка „шырокая, часта ў складкі спадніца з асаблівага даматканага сукна, паласатая або ў клетку’: Андаракі суконны ў клетку ткалі, шылі ў тры-чатыры палы. Добруш; Панёвку дзелалі самі із дамашняй шэрсці. Карма Добр.; азия’тка, зия’тка ‘від жаночай сукенкі тыпу сарафана’: Азиятка — ета сарахваны такия раньшы насили. Карачаўскі р.; Зиятка есть и у маейбапки, раньшы их насили. Наваз.; запанка, запаска, запасок, хвартух, фартух, фартынка, пярэднік„фартух’: На буден день запонкі шылі з свойго палатна. Пэрэдзелка Лоеўск.; Жанчыны фартукі заўсёды ўкрашалі. Перарост Добр. Гэтыя віды паяснога жаночага адзення найчасцей рабілі з льняных тканін, якія не заўсёды вызначаліся багатай арнаментацыяй і колерам [1, 48]. Выключэнне складаюць святочныя фартухі, якія абавязкова ўпрыгожваліся тканым арнаментам. Узор на фартуху часта адпавядаў узору на сарочцы.

Назвы мужчынскага адзення: нагавіцы: Верхнія штаны нагавіцы раньшэ называлі. Добруш; бекеш, бякеш „доўгае мужчынскае адзенне з даматканага або фабрычнага сукна, са зборкамі ля пояса, ніз сшыты у кліны; мужчынскае паліто’: Бекеш мушчыны надзявалі. Гомель; бравэрка ‘старадаўні мужчынскі доўгі аднабортны пінжак з даматканага сукна; верхняя кароткая мужчынская вопратка звычайна з аўчын, абцягнутых даматканым сукном’: Мая мамка рабіла самыя прыгожыя бравэркі ў дзяроўні. Вылева Добр.

Тканае верхняе адзенне прадстаўлена наступнымі найменнямі: чуйка „доўгая верхняя мужчынская вопратка безпадкладкі з даматканага сукна’; летнік [літнік] „кароткае верхняе адзенне ў выглядзе пінжака з даматканага сукна’; армяк „доўгае адзенне з тоўстага сукна з рукавамі і башлыком’: Хораша было таму, хто меў армяк у дождж: у ім было цёпла і ўтульна. Добруш. Сподняе адзенне, як мужчынскае, так і жаночае, прадстаўлена шматлікімі лексемамі, напрыклад: нацельніца„сподняя жаночая сарочка’; падштанікі„сподняе мужчынскае адзенне’; панталашкі „сподняе жаночае і мужчынскае адзенне’; „поддзіўка „ніжняя спадніца’; сподняк [споднік] „сподняя палатняная спадніца’. Добруш.

  1. Назвы прадметаў хатняга ўжытку:

— найменні для пасцельных рэчаў: дзеруга ‘ільняная або канапляная посцілка, тканая ўзорамі’: Ее дзеругу ўзелі на выстаўку. Ветка; накрывальнік, покрышка „накідка на падушку’: Дачцэ сваёй накрывальнік дала на падушку. Гомель; просціна, просцілка, попо’нка‘доўгі і шырокі кавалак тканіны, які падсцілаецца на пасцелі’: Просціны ткалі ляныя. Гурыны Маз. Тканіна для пасцельных рэчаў была амаль заўсёды белага колеру і ткалася простым спосабам у два ці чатыры ніты. Пасцель пакрывалі спецыяльнымі пакрываламі: посцілкамі, просцілкамі, пакрыўкамі, пакрышкамі, капамі: Вышываныя пакрышкі самі дзелалі. Ветка; На каравати во ляжытьпапонка. Наваз. Пакрывалы адрозніваюцца і колеравай гамай, і выразнымі разнастайнымі ўзорамі;

— найменні тканых вырабаў уцілітарнага прызначэння: рушнік, уцірач, уцірак, уціратнік, уцірка, стрэпкач, трапкач, боговни’к: Вазьмі рушнік, вытрыся. Добруш; Столько трапкачоў, а ек трэ, то нігоднага под рукой нема. Ветка; Багавники тожа давали у приданая. Бранск; настольнік, насцёлка, скацерць „кавалак тканіны спецыяльнага вырабу, якім засцілаюць стол; абрус’: Посуд настольнікам накрывалі, які самі ткалі. Ткалі шырока і выбелівалі. Ветка. Часта рушнікі і абрусы ўпрыгожвалі самымі разнастайнымі ўзорамі ў выглядзе прамавугольнікаў, зорак, “павучкоў”. Рушнік меў і абрадавае значэнне: ім перавязвалі сватоў, падчас вянчання маладыя стаялі на рушніку, іх вешалі ў царкве, на перакрыжаванні дарог, таму ўменне выткаць і ўпрыгожыць гэту рэч было жыццёвай неабходнасцю кожнай дзяўчыны.

У паўсядзённым побыце беларусаў вядомы таксама саматканыя дываны — набіванкі, дываны: Набіванка — саматканы кавер, краваць накрываем. Добруш. Такія дываны выконваліся закладной тэхнікай з раслінным ці геаметрычным арнаментам [2, 98]. Вокны ў

беларускай хаце завешвалі тканымі ажурнымі фіранкамі, якія мелі назвы фіранка, ахвіранка, запінка, латкі, пярочка: Фіранкі гарны рабілі, красівай краскай красілі. Ветка. Калі за змену земляной падлозе прыйшла дашчаная, тады пачалі ткаць палавікі, дарожкі, дорогі, падножнікі: І палавікі раней ткалі, усё-усё Добруш. З рэмехі мешкі, под ногі дорогі роб’яць. Ветка; Пайшлі вытрусім з табой еты падножнік. Наваз. Палавікі ткалі ў папярочную ці прадольную палоскі з самай дрэннай пражы. Для асновы выкарыстоўвалі льняную, а для ўтка — разнастайныя ласкуты.

Льноапрацоўка і ткацтва заўсёды з’яўляліся асноўнымі заняткамі беларусаў, таму ткацкая тэрміналогія ў генетычных адносінах амаль уся належыць да агульнаславянскага лексічнага фонду. Гэта такія найменні, як палатно, сукно, настольнік, абверчанка, нацельніца, бельі многія іншыя [3]. Іншамоўная лексіка ў межах разглядаемага семантычнага поля складае даволі кампактную мікрагрупу: казак, казачынка < пол. kasakinka< фр. casaquin<casaque „кафтан’; андарак < ст. пол. inderak< ням. Un­terrock „ніжняя спадніца’; хвартух < пол. fartuch< ням. Vortuch; кашуля < пол. koszula< лац. casula „плашч з капюшонам’; хуста < пол. chusta< іт. fustagno< ст. лац. fustanum< араб. Fastat, стар. назва Каіраі і інш.

Разнастайнасць зафіксаваных ткацкіх намінацый сведчыць пра багатыя з традыцыі, што склаліся ў працэсе шматвяковай працоўнай дзейнасці беларусаў, пра багаты лексічны фонд, якім на працягу вельмі доўгага часу карысталіся і карыстаюцца жыхары Гомельска-Бранскага памежжа. Такім чынам, назвы ткацкіх вырабаў, зафіксаваныя на даследуемай тэрыторыі, уяўляюць сабой разнастайную ў лексіка-семантычных і генетычных адносінах групу і з’яўляюцца часткай агульнай беларускай і рускай традыцыйнай культуры і да гэтага часу выконваюць важныя функцыі фарміравання нацыянальнай самасвядомасці, працоўнага і маральнага выхавання маладога пакалення, перадачы яму жыццёвага вопыту і добрых традыцый сваіх продкаў.

Спіс выкарыстаных крыніц

  1. Курилович, А. Н. Белорусское народное ткачество / А. Н. Курилович. — Минск: Наука и техника, 1981. — 119 с.
  2. Молчанова, Л. А. Материальная культура белорусов / Л. А. Молчанова / АН БССР. Ин-т искусствоведения, этнографии и фольк­лора. — Минск: Наука и техника, 1968. — С. 152.
  3. Фасмер, М. Этимологический словарь русского языка: В 4-х т. / пер. с нем. и доп. О. Н. Трубачёва; под ред. и с предисл. Б. А. Ларина / М. Фасмер. — М.: Прогресс, 1986-1987.

Аўтар: А.М. Воінава
Крыніца: Идиолект русской языковой личности как отражение лингвокультур­ной ситуации в славянском пограничье: сборник докладов участников Международного научного форума (г. Новозыбков, Брянская область, 23­26 октября 2019 г.) / Под ред. С.Н. Стародубец, В.Н. Пустовойтова, С.М. Пронченко. — Брянск: ООО “АВЕРС”, 2019. — С. 110-116.