Народная мова захоўвае вялікі пласт назваў абрадавага цыклу, які да сённяшняга часу не вывучаны поўнасцю. Геаграфічнае палажэнне Гомельскай вобласці заўсёды спрыяла цесным міжмоўным кантактам. Вынікі гэтага кантактавання адзначаюцца ў абрадавай лексіцы гомельскіх гаворак. У першую чаргу тут адлюстроўваюцца трывалыя сувязі беларускай і рускай моў, абумоўленыя і падмацаваныя наяўным у штодзённым маўленні жыхароў рэгіёна беларуска-рускім білінгвізмам. Разам з тым, пастаянныя шматвяковыя сацыяльна-эканамічныя і культурныя зносіны суседніх роднасных народаў паўплывалі на фарміраванне асобных блізкіх і агульных рытуалаў і ў сямейным жыцці беларусаў і ўкраінцаў. Паспрыяла такім працэсам і агульная старадаўняя гісторыя, і падобныя аб’ектыўныя сацыяльныя сучасныя рэаліі.
У мове захоўваюцца самыя разнастайныя па часе ўзнікнення і функцыянавання лексічныя адзінкі. У сістэме нацыянальнай мовы гэта скарбніца ўяўляе сабой абрадавыя назвы, якія адлюстроўваюць важныя падзеі ў грамадскім і сямейным жыцці народа: называюць абрады розных перыядаў земляробчага календара беларуса, абазначаюць самыя значныя падзеі ў жыцці чалавека — нараджэнне, хрышчэнне, вяселле, пахаванне.
Так, у складзе сямейна-абрадавай лексікі выразна вылучаецца вясельная, радзінна-хрэсьбінная і пахавальная лексіка. У сямейна-абрадавай лексіцы разнастайнай з яўляецца лексіка хрэсьбіннай абраднасці як аднаго з найбольш важных комплексаў сямейнай абраднасці, які мае даўнія развітыя традыцыі бытавой культуры, уяўляе значную цікавасць і з’яўляецца актуальным. Матэрыялам даследавання з’явіліся запісы хрэсьбіннага абраду, сабраныя падчас фальклорных і дыялекталагічных экспедыцый, зафіксаваных у розных месцах Гомельскага рэгіёна.
У складзе радзіннай абраднасці вызначаюцца тры асноўныя моманты: само нараджэнне, прыём у грамадства новага члена і ачышчэнне маці і бабкі-павітухі [1, с. 319]. У лексіцы хрэсьбіннага абраду маюцца спецыфічныя найменні, якія можна прадставіць у выглядзе наступных тэматычных груп:
- Назвы абраду і этапаў абрадаў: хрэсьбіны, хрэсбіны, крысціны, красціны: На хрэсьбін было пабагату людзей. У мяне дык пачті па сто чалавек. Усе любілі хадзіць. Білі кашу. Крупец Добр.; Хрэсбіны — сначала абязацельна ў цэркаў нясуць дзяцей, там ідзе абрад, красівыя гэтыя абрады з купаніям. Крупец Добр.; У дзень крысцін кума прыходзіла ў дом да дзіцяці з хлебам-соллю, ручніком і грашамі. Лубянікі Браг.; радзіны: Радзіны святкаваліся праз 2-3 тыдні пасля нараджэння дзіцяці. Белін Петр.; збіраць на шапачку: Першым дзелам збіралі дзіцям на шапачку. Петрыкаў; разбіць гаршчок: Хто дасць больш грошай, той і разбівае гаршок. Лучыцы Петр.; вадзіць ‘хвост’: Пасля вадзілі “хвост”. Баба, кум і кума ішлі дадому да бабы, а за імі ўсе астатнія і працягвалі гулянне. Буркі Браг.
Царкоўны абрад хрышчэння называўся хрэсьбіны, крэсціны: Хрэсьбіны праводзіліся звычайна ў той хаце, дзе жыве дзіця. Рычоў Жытк.; Як прынясуць ад краста, то спраўлялі хрысціны. Мазыр; Саўсім нядаўна ў нас былі крэсціны. Макаўе Гом. Спецыяльнае найменне меў і другі дзень хрэсьбін: пахмелкі, пахмелле: На другі дзень тожа гулялі хрэсьбіны. Называўся гэты дзень “пахмелкі”. Азяраны Рагач. Адным з этапаў правядзення абраду хрышчэння з’яўлялася перапіванне кумоў: Перадача чарак з грашыма хросным бацькам называецца “перапіваць кумоў”. Юравічы Калінк.
- Назвы асоб, якія ўдзельнічаюць у абрадзе. Пры крашчэнні галоўнымі ўдзельнікамі былі кросныя бацькі, кросныя радзіцелі, хросныя. У народзе іх называлі кум і кума. Баршчоўка Добр. Зафіксавана і зборная назва кумаўё: Прыходзім, гуляем, дзіцёначка кумаўё ложа пад печ, каб быў крэпкі, як печ. Мірны Гом.
На тэрыторыі Гомельшчыны для наймення кросных бацькоў зафіксаваны наступныя назвы: хросная маці, матка хрышчоная: Для гэтага бяруцца хросныя маці і бацька. Белін Петр.; Куму называлі матка хрышчоная. Мазыр; хросны бацька, хросны тата: Хросны бацька бярэ дзіця і дзержыць яго пры малітвах. Белін Петр.; Хросныя крысцілі дзіця. Таго, хто не знаў отча наш, таго ён і не ўзяўся хрысціць. Крупец Добр.
Нованароджаны пры крышчэнні называўся хрэшчэнік, хрэснік: Куму называлі матка хрышчоная, а дзіцятка — хрышчэніца, хрышчэнік. Мазыр; Два раза ў год хросная і бабка наведваюць хрэснікаў. Крыўск Буда-Каш. Першае дзіця ў сям’і называлі первенец: Первенец — дзіця, якое першым нарадзіласяў сям’і. Крупец Добр.
Пачэснае месца адводзілася павітусе, бабе, бабе-прыродухе, бабушцы: Павітуха займала пачэснае месца. Крупец Добр. Баба, што купала ў первы раз, кашу варыла. Баба-прыродуха — старая баба, баба-павітуха. Яна прыходзіла ў ответкі 3 разы, прыносіла падаркі. Удалёўка Лоеўск.; Бабушка варыла кашу, пірага пекла з макам ці з ігрушамі. Жлобін.
На абрадзе хрышчэнне выбіраўся касір, лічыльнік: Але перад этым нада было выбраць касіра, які будзе збіраць выкуп за кашу. Петрыкаў Петр.; Выбіралі сярод прысутных самага жартаўлівага чалавека, які быў лічыльнікам (лічыў, якую суму пакладзе на горшчык з кашай кум, баба). Дзякавічы Жытк.
Зафіксаваны і найменні жанчыны, якая нарадзіла па-за шлюбам: крапіўніца: Чаму так? Таму што дзіця сваё ў крапіве яна найшла, так у нас гавораць. Крупец Добр.; гуляшчая: Хякая без шлюбу нарадзіла, то гуляшчай называлі. Отар Чачэрскі.
- Назвы рытуальных прадметаў або сімвалаў, якія выкарыстоўваліся падчас абраду: ручнік: Бабіна каша ўгортваецца ў ручнік. Навасёлкі Петр.; гаршчок: Патом ужэ кум разбіваў той гаршчок. Новыя Галоўчыцы Петр.; крыж, крэшчык: Крыж свеціцца і адзяецца на дзіця; У цэркві кум должэн быў купіць крэшчыка сваяму хрышчэнцу. Петрыкаў. Падчас правядзення абраду хрышчэння рытуальнымі лічыліся самыя разнастайныя прадметы і нават жывыя істоты: кот, певень: Потым падаюць кашу. Ловяць ката ці пеўня і саджаюць у чыгун, накрываюць ручніком і пытаюцца ў бабы, ці яе гэта каша? Чамярысы Браг.
Пасля таго, як хрышчэнне дзіцяці закончылася, бабу дадому вазілі на баране, тачцы, санках, карыце, начоўках, калясцы, балеі, калёсах, карчы: Садзілі кума і куму на барану і ездзілі да крамы. Навасёлкі Петр.; А калі жартаўнікі, маглі і ў карыце зацегці. Ст. Дуброва Акцябр.; Быў звычай вазіць бабку, яе саджалі ў начоўкі і вазілі, каб гарэлкі дала. Неглюбка Ветк.; Бабушку нада была вазіць. Калісь вазілі на санях, еслі зімой, летам — на калёсах.
Прынцыповае значэнне мелі і прадметы, якія трэба было браць ў царкву для правядзення абраду хрышчэння: хлеб, соль, свечка: Бралі з сабой грамнічную свечку, кусок хлеба, шчапотку солі, іншыя клалі грошы, сыр і яшчэ што–небудзь, каб чалавек стаў шчаслівым і багатым. Кірава Добр.; мятнік, увівч: Кума брала у цэркву мятнік (кусок тканіны) і хлеб. Мілашавічы Лельч.; Ім даюць увівч (кавалак тканіны), каб выцірацьрукі. Мормаль Жлоб.
- Навы абрадавай ежы. Найбольш пільная ўвага надавалася кашы, бабінай кашы: На хрэсьбінах была бабка–павітуха, якая прыгатавала кашу. Багрымавічы Петр.; Бабіна каша ўгортваецца ў ручнік. Навасёлкі Петр.
Да прыгатавання бабінай кашы прад’яўляліся пэўныя патрабаванні, яе ўпрыгожвалі: Баба варыла кашу з прасяных круп, дабаўляла ў кашу масла, мёд, малако. Гаць Акцябр.; Верх кашы баба ўпрыгожвае кветкамі, кладзе грошы і абавязкова ўтыркае карандаш, прыгаворваючы: “Вучыся добра, жыві багата і каб квітнеючае была ў цябе жыццё”. Чамярысы Браг.
У некаторых раёнах Гомельшчыны першы раз падавалі падстаўную кашу: Першы раз бабе падавалі не яе кашу, а падстаўную. Гаць Акцябр. Далейшы пачастунак быў самым разнастайным: боршч: Хазяйка строіла гарэлку, кашу варыла і боршч варыла. Кашу з пшана. Новыя Галоўчыцы Петр.; блінчыкі, кісель: Абавязкова павінны быць на стале блінчыкі з смятанай і макам, кісель. Гаць Акцябр.; аладкі, булачкі: Маладая маці выпякці далжна што–небудзь на стол: аладкі, булачкі. Пружынішчы Акцябр.
Абрады, звязаныя з сямейным жыццём чалавека, з’яўляюцца праяўленнем традыцыйнай культуры беларусаў, таму ў генетычных адносінах амаль уся лексіка належыць да агульнаславянскага лексічнага фонду. Гэта такія лексемы, як бабка, дзед, кум, радня, хрысціць, каша, гаршчок, мятнік, ручнік, кажух, маці, бацька, парадзіха і інш. [2].
Большасць зафіксаваных лексем з’яўляюцца матываванымі найменнямі. Пад матываванасцю слова звычайна разумеюць “абумоўленасць яго значэння значэннем іншага слова, ад якога яно ўтворана” [3, с. 121], усведамленне сувязі значэння і гукавой абалонкі, якая выражае гэта значэнне [4, с. 153].
У адпаведнасці з такім азначэннем выдзяляюцца розныя тыпы матывацыі: лексічная (адносіны матываванага слова з аднакаранёвым словам) і структурная (адносіны слова з аднаструктурнымі найменнямі). Пад структурна-семантычным тыпам матывацыі мы разумеем адзінства лексічнай і структурнай матывацыі слова, якое праяўляецца ў яго сувязі з гучаннем і значэннем утваральнай асновы і суадносінах з аднаструктурнымі моўнымі адзінкамі.
Як паказвае аналіз, самым пашыраным тыпам структурна-семантычнай матывацыі разглядаемых назваў з’яўляецца намінацыя паводле працэсуальнай прыкметы: пахмелкі, хрышчэнік, мятнік, хрэсьбіны, красціны, радзіны, адведкі, вотведы, сматрыны, рубаха. У такой дэрывацыі ўдзельнічаюць суфіксы -к-, -ух-, -іц-, -ах-, -ын. Радзей утвараюцца найменні ад назоўнікаў: кажух, бабушка, ручнік. Зафіксаваны на тэрыторыі Гомельскага рэгіёна і складаныя назвы. Сустракаюцца наступныя мадэлі састаўных назваў: прыметнік + назоўнік: свяцовы мак, падстаўная каша, хросны бацька, хросная маці; дзеяслоў + назоўнік або назоўнік з прыназоўнікам: вадзіць “хвост”; збіраць на шапачку; класць на кашу; назоўнік + назоўнік: перапіванне кумоў; дзеяслоў + назоўнік + назоўнік з прыназоўнікам: выціраць рукі аб плацце: Пасля бабцы дарылі падарак, ткань на плацце. Гэта называлася выціраць рукі аб плацце. Кіцін Жлоб.
Даволі значную групу ў гаворках Гомельшчыны складаюць экспрэсіўныя абрадавыя назвы. Асаблівасцю эмацыянальна-экспрэсіўнай лексікі з’яўляецца тое, што эмацыянальная афарбоўка накладаецца на лексічнае значэнне слова, але не зводзіцца да яго: дэнататыўнае значэнне слова ўскладняецца канататыўным. Такія лексемы, акрамя намінатыўнай, маюць яшчэ і экспрэсіўную функцыю, якая робіць іх адметнымі, выразнымі ў лексічнай сістэме народна-дыялектнай мовы, і дазваляюць перадаць такія эмацыянальна-ацэначныя адносіны суб’екта да прадмета, як ласкальнасць, іронія, кпіны.
У лексіцы хрэсьбіннага абраду зафіксавана шмат слоў з суфіксамі суб’ектыўнай ацэнкі, якія перадаюць розныя адценні пачуццяў. Такія адценні значэння могуць выражацца ўнутраным зместам моўных адзінак, з’ яўляюцца экспліцытнымі — выражацца праз знешнія, фармальныя паказчыкі (суфіксы суб’ектыўнай ацэнкі).
Выключным багаццем экспрэсіўных адценняў вылучаецца лексіка са значэннем асобы. Шырока прадстаўлена яна ў хрэсьбінных песнях: Бабулька ж мая міленькая. Добруш; А дзесятую дачушку. Яе браты калыхалі. Добруш; Люлі, люлі, сястрыца. Добруш; Не шкадуйце, мае кумочкі. Добруш; А на дачушку — няхай выбачае. Тураў Жытк.
Памяншальна-ласкальныя суфіксы назоўнікаў, што сустракаюцца ў радзінных песнях, у сваёй большасці не звязаны з памяншэннем прадмета (хацінка не маленькая хата), а з выражэннем адносін павелічальнасці або ласкальнасці. Так, суфіксы -еньк-, -аньк-, -іньк- выяўляюць станоўчыя адносіны да аб’екта, маюць значэнне яркай эмацыянальнасці і размоўнай экспрэсіўнасці: Бяжыць (імя) к сваёй бабусеньке. Бяжыць яна скоранька, Просіць яна шчыранька: — Дай жа, Божа, маёй унучцы Лягенько, дабрэсенько, скарэсенько! Буркі Браг.
Такія ж адносіны выражаюцца з дапамогай суфіксаў -ак-: Абы вырас унучак. Добруш; -к-: Аж да ўторнічка гуляць. Добруш; У нас радзінкі былі. Добруш; -ак-, -ок-, -ёк-: А Машын палюбоўнічак. Покаць Чач.; -ц-: З харошага дзераўца, З асату. Юравічы Калінк.; -ачк-, -очк-, -ечк-, -ейк-: Кума мая, кумачка. Краснае Браг. Баханачку хлеба, Лубянікі Браг.; Чаму мяне ў госцейкі Не завеш? Юравічы Калінк.; -чык: Не шкадуйце, мае кумочкі, Па рубельчыку даць. Добруш; -ятк-: Дадому з дзіцяткам. Лубянікі Браг.; -іц-: Раса пала на травіцу. Добруш; “Сястрыца, расці скора. Добруш.
У складзе суфіксальных утварэнняў можна вылучыць словы максімальнай ступені экспрэсіўнасці — такія дымінутывы, якія ўтвараюцца ад дымінутываў: бабулечка ад бабуля: Дам табе, бабулечка, Тры пуды маку Добруш; бабусенька ад бабуся: Бяжыць к сваёй бабусеньке. Буркі Браг.; дзіцёначак ад дзіцёнак: Вот родзіцца дзіцёначак. Дуброўная Браг.; кумочкі ад кумок: А сягоння, мае кумочкі, Мы на хрэсьбіны прыйшлі. Добруш. У такіх назоўнікаў праяўляецца ўзмоцненая ступень ласкальнасці, мяккасці, добрых адносін.
Сустракаюцца ў традыцыйных фальклорных хрэсьбінных песнях і клічныя формы назоўнікаў: Ці ты, куме, розуму Пытаеш? Юравічы Калінк.; Ой, ты, кумачку–пане, Ой, такі ў цібе стане. Касакоўка Жлоб.; уласна дыялектныя канчаткі дзеясловаў: Наша бабка ды па двару ходзя. Касакоўка Жлоб.; Бабка кашку нясець, А кум казной трасець. Касакоўка Жлоб.; Будумо піці До понедзелка. Рычоў Жытк.
У песнях, звязаных з хрэсьбіннай абраднасцю, часта фіксуюцца кароткія формы прыметнікаў, якія, як вядома, сустракаюцца найчасцей у фальклорных творах: У адным кубку зеляно віно. Добруш; У трэцім кубку горка гарэлка. Добруш; Саладок мядок для кумы з кумам. Добруш; У бабкі кашка смачна, А ў кума казна ясна. Касакоўка Жлобін.
Прадстаўлены ў хрэсьбінных песнях і вобразныя сродкі, якія таксама прызначаны падкрэсліць важнасць хрэсьбіннага абраду. Сярод тропаў найчасцей сустракаюцца параўнанні: Каша павінна вырасці і быць жоўтай, як сонца, рассыпчатай. Покаць Чач.; Калі адкрываюць ручнік, адтуль, як шалёны, вылятае кот. Палессе Чач.; эпітэты: Цячэ рэчанька, цячэ быстрая. Іванаўка Чач., Із-пад камушка серабрыстага Іванаўка Чач.
Іншамоўная лексіка ў межах разглядаемага семантычнага поля складае даволі кампактную мікрагрупу і адносіцца пераважна да так званых “культурных” запазычанняў. Многія з іх былі засвоены беларускай мовай яшчэ ў старажытнасці, з яўляюцца даўнімі запазычаннямі: з польскай: кофта < пол. kofta; [3, т. 2, с. 355]; нямецкай: хвартух < пол. fartuch < ням. Vortuch; [3, т. 2, с. 300];
лацінскай праз пасрэдніцтва польскай мовы: касір < пол. саяа < лац. capsa ‘футарал’; [3, т. 2, с. 300]; арабскіх моў: хуста < пол. chusta < іт. fustagno < ст.лац. fustanum < араб. Fastat, стар. назва Kaipa.
Абрадавая лексіка, якая да сённяшняга часу шырока функцыянуе на тэрыторыі Гомельскага рэгіёна, вызначаецца багатай і складанай сістэмай лексічных сродкаў, варыянтнасцю і разнастайнасцю сродкаў з іх семантычнымі і граматычнымі асаблівасцямі, з’яўляецца неад емнай часткай духоўнай культуры беларусаў, у якой захаваны старажытныя моўныя з’ явы.
Спіс выкарыстаных крыніц
- Зеленин, Д.К. Восточнославянская этнография / Д.К. Зеленин. — М.: Наука, 1991. — 511 с.
- Фасмер, М. Этимологический словарь русского языка в 4-х т.: пер. с нем. и доп. О.Н. Трубачёва / под ред. и с предисл. Б.А. Ларина / М. Фасмер — М., 1986-1987.
- Моисеев, А.И. Мотивированность слов // Исследования по грамматике русского языка. Учёные записки ЛГУ, 1963. Вып. 68, № 322.
- Супрун, А. Е. Лекции по лингвистике / А. Е. Супрун. — Мн., 1980.
Аўтар: А.М. Воінава
Крыніца: Скарынаўскія традыцыі: гісторыя і сучаснасць: зборнік навуковых артыкулаў: у 2 ч. Ч. 1 / рэдкал.: А. М. Ермакова (гал. рэд.) [і інш.]; М-ва адукацыі РБ, Гом. дзярж. ун-т імя Ф. Скарыны. — Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2015. — 252 с. С. 63-69.