У палацы Румянцавых і Паскевічаў у межах праекта “Прадмет месяца” выстаўлена міні-выстава з наканечкнікам стралы з княскімі знакамі. Міні-выстава працуе з 7 чэрвеня 2018 года у экспазіцыі «Адкрытае захоўванне археалагічных фондаў музея».
Кошт наведвання выставы ўваходзіць у кошт квітка ў экспазіцыю “Адкрытае захоўванне археалагічных фондаў музея” і складае 1 руб. (дарослы білет), 50 кап. (білет для вучняў).
Наканечнікі стрэл ўсходнія славяне называлі «джала», «жалезца», «кап’ецо». Лук і стрэлы выкарыстоўваліся пераважна як баявая і паляўнічая зброя. Археалагічныя раскопкі на месцы старажытнарускіх гарадоў, замкаў і паселішчаў дазволілі даследнікам сабраць і класіфікаваць значныя матэрыялы па складзе і развіцці сярэднявечных наканечнікаў стрэл. У Гомелі таксама знойдзены розныя па форме і прызначэнні наканечнікі стрэл старажытнарускага часу. І хоць большасць падобных знаходак не з’яўляецца археалагічнай рэдкасцю, некаторыя з іх можна смела аднесці да разраду ўнікальных. Наша выстава прысвечана аднаму з такіх унікальных археалагічных артэфактаў — наканечніка стралы XII-XIII стст. са знакамі Рурыкавічаў са збору музея гомельскага палаца Румянцавых і Паскевічаў.
У 1987 г. на тэрыторыі гомельскага парка падчас археалагічных даследаванняў вакольнага гораду старажытнага Гомия пад кіраўніцтвам А.А. Макушнікава былі выяўленыя сляды сярэднявечнай пабудовы. У верхняй частцы запаўнення гэтай пабудовы былі знойдзены розныя прадметы XII-XIV стст. Да эпохі Старажытнай Русі мелі дачыненне фрагменты сасудаў XII-XIII стст., тры данца сасудаў з клеймамі, абломкі некалькіх шкляных бранзалетаў, абломак пясчанікавага асялка і два жалезных нажа, знойдзеныя ў «пляме» пабудовы. Побач з гэтымі прадметамі быў знойдзены жалезны плоскі чарашковы наканечнік стралы з выявай княскіх знакаў на двух баках пяра наканечніка, які расчысціў В.А. Міхедзька. Памер наканечніка стралы — 6,5х1,5 см. Наканечнік, відаць, зроблены з высакаякаснай сталі, таму вельмі добра захаваўся. Такія наканечнікі па класіфікацыі А.Ф. Мядзведзева ставіцца да тыпу 43 і былі распаўсюджаны ў IX-пачатку XIII стст. Зыходзячы з вышэй сказанага, можна больш дакладна датаваць гомельскі наканечнік XII-пачаткам XIII стст. Мы не маем звестак пра іншыя знаходкі наканечнікаў стрэл з княжымі знакамі. Калі гэта так, то гомельская знаходка трапляе ў шэраг унікальных і набывае асаблівую значнасць для ўсёй археалогіі Старажытнай Русі.
У матэрыялах мінулай выставы мы прыводзілі меркаванні даследчыкаў аб версіях паходжання і прызначэнні княжацкіх знакаў, таму падрабязна на гэтым зараз спыняцца не будзем. Трызубец на гомельскім наканечніку пакуль складана ідэнтыфікаваць. Можна меркаваць, што гэты знак належаў аднаму з князёў роду Рурыкавічаў, якія валодалі Чарнігаўскай і Ноўгарад-Северскай землямі і якія атрымалі мянушку — Вольгавічы. У вотчыну Вольгавічаў ў XII-XIII стст. ўваходзіў і Гомель.
Давайце паспрабуем адказаць на наступныя пытанні: па-першае, для чаго на наканечніку стралы былі выбітыя асабіста-родавыя княжацкія знакі, і, па-другое, каму ж мог належаць гэты наканечнік? У сваёй манаграфіі “Старажытнаруская зброя” А.М. Кірпічнікаў пісаў пра тое, што княжацкія знакі на прадметах узбраення «вызначаюць прыналежнасць саміх рэчаў дружынай вярхушцы». На думку Ю.Н. Лупіненка, выказанай у артыкуле «Археалагічныя сведчанні аб старарускім княскім паляванні», наканечнік з Гомеля прызначаўся для паляўнічай стрэлы. Страла з пазначаным наканечнікам павінна была абавязкова вярнуцца да ўладальніка або пазначыць стрэлка, што было неабходна на паляванні, якая, як вядома, лічылася адной з асноўных забаваў для князя і яго дружыннікаў. Паляванне было не толькі маладзецкай забавай, а яшчэ і спаборніцтвам у сіле і вайсковым уменні, таму страла, якая трапляла ў звера з такой пазнакай казала пра імя ўдачлівага стрэлка. І хоць ёсць вялікая спакуса думаць, што гомельскі наканечнік страціў сам князь, аднак прамых падстаў так лічыць у нас няма. Тлумачэнні з’яўленню клеймаванага наканечніка ў Гомелі магу быць і іншыя: па-першае, ён мог належаць княжаму дружынніку, які атрымаў яго як падарунак ад князя, а, па-другое, яго маглі проста выкаваць у гомельскай майстэрні. На жаль, у нас няма звестак для таго, каб пацвердзіць тую ці іншую з пералічаных здагадак.
Знакі Рурыкавічаў сустракаюцца ў Старажытнай Русі з X ст. на самых розных катэгорыях прадметаў. Калі казаць пра прадметы ўзбраення, то двузубцы і трызубцы ў якасці малюнкаў больш за ўсё вядомыя на касцяных і бронзавых гірках кісцянёў (старажытнаруская ўдарная зброя). На тэрыторыі Беларусі вядомая такая знаходка. Пры раскопках у Мінску ў 1949 г. быў знойдзены абломак рагавога кісцяня XI ст. з прадрапанымі малюнкамі княжацкіх знакаў (двузубца і трызубца). Знакі на мінскім кісцяні захаваліся фрагментарна. Каментуючы іх, В.Р. Тарасенка пісаў: «Знакі Рурыкавічаў у двух варыянтах нанесеныя наразнымі лініямі і абодва маюць абрысы двузубца з крыжом уверсе… Цэнтральная выява выканана ў выглядзе двух паралельных ліній, якія спалучаюцца ў верхняга заканчэння злёгку адагнутымі вонкі зуб’ямі. Збоку маецца другі знак, змешчаны ў адносінах да першай верхняй часткай уніз. Ён таксама складаецца з двузубца з крыжом уверсе, але абрысы гэтага двузубца намечаны толькі адной лініяй, прычым канцы абодвух зуб’яў адагнутыя вонкі». Па здагадцы расійскага даследчыка С.В. Бялецкага, адзін са знакаў на мінскім кісцяні можа быць знакам сына князя Брачыслава — Усяслава Брачыславіча.
У 2011 годзе пры раскопках кургана ў магільніку ў сяла Шэкшова ў 15 км ад Суздаля была знойдзена жалезная сякера пачатку XI ст. (вагаю каля 240 г, даўжыня ляза — 13,5 см, шырыня — 9,4 см), інкруставаная срэбрам. Гэтая знаходка — першы надзейна зафіксаваны археалогіяй выпадак змяшчэння знакаў Рурыкавічаў на дарагую старажытнарускую парадную зброю, якая выступае як сімвал улады. Нароўні з геаметрычным арнаментам, інкрустацыя ўключала выявы двух княскіх знакаў у выглядзе двузубца і трызубца. На верхняй грані сякеры змешчана выява трызубца з трохвугольнікам ў падставе, а на адной з бакавых граняў — выява двузубца з трохкутным выступам у падставе і адагнутымі вонкі зубцамі. Гэты сякера — адзін з найбольш ранніх узораў параднага ўзбраення, знойдзеных на тэрыторыі Старажытнай Русі.
Інфармацыю для артыкула падрыхтаваў старшы навуковы супрацоўнік А.М. Пісарэнка.