Усходняе Палессе — адметная тэрыторыя з унікальнай гісторыяй, культурнымі і моўнымі асаблівасцямі, якая адыграла істотную ролю ў фарміраванні беларускага этнасу, яго матэрыяльнай і духоўнай культуры. Асаблівая значнасць палескай тэрыторыі звязана з яе цэнтральным палажэннем на стыку трох усходнеславянскіх этнасаў і ўсходне-заходнім славянскім памежжы, што ператварае даны рэгіён у зону міжэтнічных узаемасувязяў.
Аналіз дыялектнай лексікі мае важнае значэнне для вывучэння гісторыі славянскіх народаў, высвятлення культурных і моўных зносін паміж народамі. Аб’ектам нашага даследавання з’явіліся назвы прадметаў хатняга ўжытку, якія выкарыстоўваюцца ў гаворках Гомельска-Бранскага памежжа. “Веданне этымалогіі слова, яго структуры дапамагае глыбей пранікнуць у гісторыю названай рэаліі, зразумець яе быццам знутры” [1, с. 20]. Прадметна-тэматычная класіфікацыя адзначаных назваў выяўляе іх шматлікасць і разнастайнасць і можа быць прадстаўлена наступным чынам:
І. Найменні мэблі і яе частак.
- Назвы мэблі для сядзння і ляжання: заслон ‘хатняя пераносная лаўка’. К.Балсуны Ветк.; крэсла [крэ’сло] Станкі Ветк.; лава ’прадмет хатняга абсталявання ў выглядзе шырокай дошкі на ножках для сядзення’. Крупец Добр.; канапа, канап, ‘прадмет мяккай мэблі для сядзення і ляжання са спінкай і падлакотнікамі’: Пасяди на канапи пакуль я приду. Навазыбкаў; ложак, корва’ть, корова’ть ’мэбля для спальні’ Навазыбкаў; палаці ’насціл з дошак для спання, які робіцца на высокім узроўні ад падлогі паміж печчу і сцяной’. Неглюбка Ветк.; гайна ‘ложак, які завешваюць полагам’: Спать у гайне благадать, тиха, уютна, камароу нима. Навазыбкаў;
- Назвы мэблі для захоўвання чаго-н.: шкап ‘прадмет мэблі ў выглядзе стаячай скрынкі з дзверцамі для захоўвання чаго-н.’ Добруш; куфэрік ’мэбля для захавання верхняга адзення’. Неглюбка Ветк.; пасуднік ’драўляная шафа для посуду’ Добруш; скрыня [шкры’ня] ‘вялікая скрынка з векам’. Б.-Кашалёва шуфляда ‘скрынка ў ніжняй частцы шафы’ Добруш.
- Назвы частак мэблі: сеннік ’матрац, набіты саломай’. Хальч Ветк.; спінка ‘апора для спіны ў крэсла, каналы і пад’. Уваравічы Б.-Каш.
- II. Назвы гаспадарчых прылад: века [веко] ‘верхняя частка, якая служыць пакрыццём якой-небудзь пасудзіны’; жлукта [жлукто] ‘выдзеўбаная з драўлянай калоды пасудзіна для запарвання бялізны’. Пабеда Ветк.; кайстра ’мяшок для сельска-гаспадарчых патрэб’ Добруш; кавеня ‘тоўсты жалезны прут для перамешвання паліва ў печы, выграбання попелу’ Уваравічы Б.-Каш.
III. Найменні посуду: посуд для прыгатавання ежы — першых ці другіх блюд: варе ‘йка ‘гліняны посуд сярэдніх памераў’: Кашу дитям мы гатуим у варейцы, маленькая такая махотачка. Вішнёўка Клім.; ведерник ‘чыгун, гаршчок, аб’ёмам роўны вядру’: Симья большая, вядерник баричу варють, нада ж такую ораву накормить. Мышкіна Наваз.; каган ‘прыстасаванне для гатавання ежы на кастры, трынога’: На пакоси варили на кагане. Сачкавічы Клім.; макотрык ‘гаршчок з вушкамі’: Насыпала круп у макотрык Станкі Ветк.; маліро’ўка ‘эмалірованая каструля’: Маліроўкі прышлі на змену макатрам. Пабеда Ветк.; мядзянка ‘алюміневая каструля’: Мядзянка продралась. Карма Добр.; квашонка’’драўляны посуд для замешвання цеста, квашэння’: У мине квашонка разбилась. Вішнёўка Клім.;
- Посуд, у якім падаюць ежу: кага’нка, каўга’нка ‘драўляная міска’: С каганкі так елі, што за вушамі трашчала, а ціпер усе на тарелачцы паднясі. Карма Добр.; долба’нка ‘міска, выдзяўбаная з дрэва’: Далбанки з дерива делали, выдалбывали. Ст. Бабовічы Наваз.; каранё’ўка, ла’тка ‘драўляная міска’: Налі ў каранёўку баршчу. Барталамееўка Ветк.; З’еў латку супа. Неглюбка Ветк.; мі’ска ‘шырокая і глыбокая пасудзіна для яды’: Уся калісь пасуда з гліны була, і міска тожа. Шгаўка Добр.; палумі’сак ‘неглыбокая міска’: Налі, дзетка, баршчу вон у той палумісак, вам і хопіць на дваіх. Хізы Ветк.
- Посуд, прызначаны для якога-небудзь аднаго прадукту:
а) для збівання ці захоўвання масла: бо’йка ‘пасудзіна для збівання масла’: Му й цяпер б’ем ішчэ масло ў бойцы. Перарост Добр.; масля’ніца, ма’сляніца ‘пасудзіна для захоўвання масла’. Хальч Ветк.;
б) для захоўвання мёду: берестень ‘гляк для захоўвання мёду’: Кушын у мине был, биристень, я у ём мёд биригла. Ст.Бабовічы Наваз.; карабо ’к ‘тс’. Свяцілавічы Ветк.; лозо ’бка, лазо’ўка, ка’нка ‘тс’: Канку палированною мне бы нада пад мёд. Ст. Крывічы Наваз.;
в) для захоўвання солі: каўганка ‘невялікая пасудзіна для солі’: Набяры соліў каўганку. Свяцілавічы Ветк.; сальніца, сольніца ‘тс’: Падай мне сальніцу. Сачкавічы Клім.; бо’дня ‘кубел для захоўвання сала, солі і інш.’ Карма Добр.;
г) посуд для алею: алейнік ‘гліняны посуд, у якім трымаюць алей’: Трэ було новы алейнік купіць. Станкі Ветк.; наса’тка ‘тс’: Носіку насаткі рабілі наўскасок, каб вьілівалася масла. Васільеўка Добр.;
- Посуд для зерня, насення: га’рец ‘пасудзіна емістасцю 2-3 кг, якой звичайна адмяралі зерне ў якасці платы за памол’: Гарец — ета раньшы была плата за пирямол зярна. Ст. Бабовічы Наваз.; асінаўка ‘вялікая бочка з асінавай клёпкі’ Ігаўка Добр.; Лубянка ‘бочка, у якую ссыпалі зерне’. Крупец Добр.
- Для ўтрымлівання і спажывання вадкасцей: балса’нка ‘ёмістасць для захоўвання керасіну’: Балсанка — ета такая бутылка, карасину у яе наливали, звали балсанка, из глины делалась. Ст. Бабовічы Наваз.; бари’ло, бары’ло ‘невялікая бочка для захоўвання вады’: Барила — глиняный бачоначак, холодною ваду у паля вазить. Ст. Крывічы Наваз.; бита’га ‘драўляны посуд з крышкай для вадкасцей’; На синакос ваду брали у биклагах. Сачкавічы Клім.; га’рка ‘кружка’: Шчас горки у стаканчик, а тады были у паулитру и большы. Шаломы Наваз.; ги’рка ‘невысокі гліняны збан’: Гирка — ета усе дно, што куушын. Ст. Крывічы Наваз.; глек, глёк ‘высокі, з вузкім горлам, збан для малочных прадуктаў’: Быу глёк, сичас кушын, большы к культури патходить. Сачкавічы Клім.; горла’ч ‘тс’: Малакораньшы у гарлачах хранили. Ст. Бабовічы Наваз.; канде’йка ‘невялікая кружка з ручкай’: А гончары усё делають: и кушыны, и гляки, и кандейки. Шаломы Наваз.; сцякля’нка ‘шкляны слоік’: У лі сабе молока з сцяклянкі. Крупец Добр.; вадзянка ‘дзежка для вады’: Вадзянка па-колісьнему, цепер — дзежачка для вады. Крупец Добр.; барыла ‘бачонак, бочачка’ Карма Добр.; бу’таль ‘бутля’: У нас буталь — девяць паўлітраў. Пабеда Ветк.; кухлік ‘кубак’ Станкі Ветк.; стакан, штакан ‘стакан’: Падай стакан вады. Карма Добр.; кручо’к ‘гладыш’: У кручку малако стаіць. Насовічы Добр.; ку’бка ‘кубак’: Зачэрпані мне кубку чаю. Чыстыя Лужы Добр.; лагун ‘драўляны бідон’: У лагуну малако возють. Навазыбкаў.
- IV. Прыстасаванняў для прыгатавання ежы: вілкі, вілочнік: Гаршки и чугуны с печи вымаим вилками. Сачкавічы Клім.; гнёт ‘прыстасаванне для апрацоўкі прадукту ціскам’ Канічаў Ветк.; ёмка ‘лапатачка з ручкай для захоплівання гарачай скаварады’; качалка ‘драўляны валік для раскачвання цеста’. Добруш; катечка ‘невялкая каталка для выцягвання чыгуноў з печы’ На загнетку кладём катичку и катим ухватам чугун. Шаломы Наваз.
- V. Найменні для пасцельных рэчаў: головница ‘падушка’: Што-та мне спать нявдобна на етай галауницы, галава балить. Сачкавічы Клім.; навалка ‘чахол для падушкі’. Хальч Ветк.; просціна, просцілка ‘кавалак тканіны, які падсцілаецца на пасцелі’. Крупец Добр. Тканіна для пасцельных рэчаў была амаль заўсёды белага колеру і ткалася простым спосабам у два ці чатыры ніты. Пасцель пакрывалі спецьыльнымі пакрываламі: посцілкамі, просцілкамі, пакрыўкамі, пакрьішкамі, капамі, ложнйкамі: Мы ложникам застилали караватй. Сачкавічы Клім.
- VI. Найменні ўцілітарнага прызначэння: рушнік, уцірач уцірак, уціратнік, уцірка, стрэпкач, трапкач Ветк., Добр, настольнік, насцёлка, скацерць ‘кавалак тканіны спецыяльнага вырабу, якім засцілаюць стол; абрус’ Крупец Добр.; набожнйк ‘ручнік, які вешаюць на іконы’: Павесь пака набажник на стулу и ни чапай, патом павесим на икону. Наваз. Рушнік меў і абрадавае значэнне: ім перавязвалі сватоў, падчас вянчання маладыя стаялі на рушніку, іх вешалі ў царкве, на перакрыжаванні дарог, таму ўменне выткаць і ўпрыгожыць гэту рэч было жыццёвай неабходнасцю кожнай дзяўчыны. Часта рушнікі і абрусы ўпрыгожвалі самымі разнастайнымі ўзорамі ў выглядзе прамавугольнікаў, зорак, “павучкоў” [2, 224]. Для ўборкі памяшкання выкарыстоўваўся гарчик, комель, ‘венік’: Тый гарчик я у Брянску купила. Комлям усе уремя двор падмятаять. Наваз.
На сумежнай беларуска-расійскай тэрыторыі — у Добрушскім і Веткаўскім раёнах Беларусі і ў Навазыбкаўскім і Клімавіцкім раёнах Расіі — сустракаюцца амаль усе прыведзеныя лексемы. Зафіксавана толькі некалькі найменняў на памежнай тэрыторыі Расіі, якія адсутнічаюць на беларускай тэрыторыі: ведернік, долбанка, балсанка, гірка і некаторыя іншыя.
Прааналізаваны матэрыял паказвае, што пераважная большасць характарызуемых лексем адносіцца да славянскага фонду: сальніца, лакатнік, пячэня, каранёўка, кошэль, бойка, масляніца, кручок, вадзянка, гарчік [3].
Многія з іх маюць празрыстую семантычную структуру. Аналізуючы матываванасць канкрэтна-прадметных намінацый, правамерна адрозніваць структурную і семантычную матывацьпо. У працэсе аналізу былі выдзелены два асноўныя тыпы структурнай матывацыі намінацый прадметаў хатняга ўжытку: аддзеяслоўныя дэрываты і адыменныя ўтварэнні. У ліку аддзеяслоўных дэрыватаў выключную перавагу маюць суфіксальныя ўтварэнні тыпу: бойка ‘пасудзіна для збівання масла’; пячэня ‘скаварада’; наберак, набірак ‘пасудзіна для збірання ягад’; паставец ‘драўляны посуд для алею’.
У складзе адыменных дэрыватаў найчасцей сустракаюцца назвы, структурна матываваныя найменнем прадмета, асновай назоўніка: мядзянка; алейнік, сцяклянка, каранёўка, масляніца, сальніца, вадзянка,ведернік.
Сустракаюцца адыменныя дэрываты, структурна матываваныя назвай якасці — асновай прыметніка: лазо’ўка ‘посуд для мёду і зняцця пчалінага рою, зроблены з лазовай кары’; набожнік ‘ручнік на іконе’; мядо’ўніца ‘тс’, маліро’ўка ‘эмалірованая каструля’; сцякля’нка ‘шкляны слоік’.
Аналіз семантычнай матывацыі назваў хатняга ўжытку ў гаворках Гомельшчыны паказаў наступныя прадуктыўныя тыпы матывацыі: многія назвы матываваныя матэрыялам, з якога зроблены: мядзя ’нка; лазоўка; каранёўка; маліро’ўка; б) прадуктыўным тыпам з’яўляецца матывацыя прадуктам, які захоўваецца ў посудзе: алейнік; сальніца, сольніца; ма’сляніца і г.д.; в) назвы посуду могуць быць матываваны формай: жураў, журавель’, тыква; насатка ‘посуд для алею’.
Аднак пэўная колькасць найменняў рэчаў хатняга ўжытку з’яўляецца запазычаннямі з розных моў: з нямецкай мовы: бляха ‘тонкі ліст жалеза з загнутымі краямі для сушкі яблыкаў, грыбоў і інш.’; бітон ‘металічная пасудзіна цыліндрычнай формы з накрыўкай’; конаўка ‘драўляны кубак з ручкай і накрыўкай’; кружка ‘пасудзіна для вадкасцей’; кубел ‘бочка для сала’; кубак ‘пасудзіна для піцця’ барыла ‘бочачка’; з балтыйскіх моў: коўш ‘драўляная міска з ручкай’; лацінскай: буталь ‘бутля’; кварта ‘кубак’; бодня ‘кубел для солі, сала’; грэчаскай: кайстра ‘кошык’; з цюркскіх моў: казан ‘чыгун’; каўган ‘драўляная выдзеўбаная міска’; чыгун ‘гаршчок’ [4].
Такім чынам, назвы посуду, зафіксаваныя на тэрыторыі Гомельска-Бранскага памежжа, прадстаўляюць сабой разнастайную ў лексіка-семантычных і генетычных адносінах групу і з’яўляюцца часткай матэрыяльнай культуры братніх народаў.
Спіс літаратуры
- Сендровиц, Е. М. О месте экстралингвистических факторов в изучении заимствований / Е. М. Сендровиц // Вестник Московского ун-та. Сер. 9. Филология. — 1989. — № 4. — С. 16-22.
- Курилович, А. Н. Белорусское народное ткачество / А. Н. Курилович. — Мн.: Наука и техника, 1981. — 255 с.
- Фасмер, М. Этимологический словарь русского языка: в 4 т.; пер. с нем. и доп. О. Н. Трубачёва / под ред. и с предисл. Б. А. Ларина / М. Фасмер — М.: Прогресс, 1986-1987.
- Булыка, А. М. Слоўнік іншамоўных слоў / А. М. Булыка — Мн.: Народная асвета, 1993. — 398 с.
Аўтары: А.М. Воінава, А.М. Палуян
Крыніца: Славянские народы и их культуры: традиция и современность: сб. науч. статей / редкол.: В. И. Коваль (отв. ред.) [и др.]; М-во образования РБ, Гомельский гос. ун-т им. Ф. Скорины. — Гомель: ГГУ им. Ф. Скорины, 2013. — С. 109-112.