Найменні пасудзін для гаспадарчых патрэб у гаворках Гомельшчыны

0
255
Найменні пасудзін для гаспадарчых патрэб у гаворках Гомельшчыны

Беларуская дыялектная лексіка заўсёды будзе выклікаць цікавасць у вучоных: як лінгвістаў, так і гісторыкаў, этнографаў, культуролагаў. Бо гэта не толькі крыніца для папаўнення літаратурнай мовы, яе рэзерв, але і частка матэрыяльнай і духоўнай культуры, адзін з элементаў этнаграфічнай адметнасці беларусаў.

У штодзённым побыце людзі ніяк не могуць абысціся без выкарыстання рознага роду пасудзін (‘асобных прадметаў посуду, у якія можна наліць, насыпаць ці пакласці што-небудзь’ [3, т. 4, с. 293-294]). Яны ўжываюцца пры выкананні кухонных работ, прызначаны для трымання і захоўвання зерня, сала, мёду, іншых харчовых прадуктаў і вадкасцей, для пераноскі або перавозкі розных рэчаў, а таксама як тара для нехарчовых вырабаў.

Шмат пасудзін прызначана для гаспадарчых патрэб і актыўна выкарыстоўваецца беларусамі ў штодзённым сялянскім побыце. На Гомельшчыне зафіксавана значная колькасць дыялектызмаў, што адрозніваюцца ад адпаведнікаў сучаснай беларускай літаратурнай мовы фанетычнымі, словаўтваральнымі або лексічнымі асаблівасцямі. Так, наогул для назвы пасудзін гаспадарчага прызначэння ў некаторых раёнах ужываюцца сінонімы судно (Паставіла судно з торхам (Лоеўск.) [6, с. 345]) і байняк: (Байняк — ета такая пасудзіна зручкамі з двух бакоў (Карм.) [1, ІІІ, с. 182]).

У гаспадарчым побыце ‘пасудзіна цыліндрычнай формы з дужкай, у якой носяць або захоўваюць ваду і іншыя вадкасці’, — вядро [3, т. 1, с. 598] — мае шырокае ўжыванне: выкарыстоўваецца для вады і іншых вадкасцей, а таксама як тара для харчовых прадуктаў і нехарчовых рэчаў. Дадзеная назва ўжывалася “у сістэме мер Вялікага Княства Літоўскага для адзінкі вымярэння вадкіх рэчываў, роўнай прыблізна 10 л. У сучаснай беларускай мове слова не страціла значэння меры, але не з’яўляецца адзінкай вымярэння” [5, с. 124].

У вельмі багатым на дыялектныя найменні рэгіёне — Тураўшчына -выкарыстоўваюцца фанетычныя і словаўтваральныя варыянты гэтай лексемы, а менавіта: ведро і ведры (Мінск л.) мене е ведро ягод вусушыць; Хто з ведрамі, хто з сокерою бегуць на пожар; Перэйшла дорогу з нішчымнымі ведрамі; Ох, е сова, а очы, ек этэ ведрj; З одного кjрэня тых лосей ведрj нарэшэш), ведзерцэ (маленькае вядро) (Ведзерцэ той рыбы неслі; Вона ж мне ведзерцоў чотыры дала) [4, т. 1, с. 108-109]. Зафіксавана назва для вялікага вядра — вядрышча: Як угледзела гэта, дык аж вядрышча выпусціла з рук [2, с. 33].

Для кармлення жывёлы сяляне выкарыстоўваюць розныя пасудзіны, у тым ліку такія, як карыта, ражка, цэбар.

Карыта (памянш. карытца) — гэта ‘прадаўгаватая пасудзіна, выдзеўбаная з дрэва або збітая з дошак, якая скарыстоўваецца звычайна для кармлення жывёлы’ [3, т. 2, с. 652]. У гаворках Тураўшчыны згодна з дыялектнымі асаблівасцямі гэтага рэгіёна выкарыстоўваюцца фанетычны варыянт корыто (памянш. корытцэ): З дзерэва корыто [4, т. 2, с. 222].

Цэбар — ‘шырокая круглая драўляная пасудзіна з клёпак з двума вушкамі’ [3, т. 5, с. 264]. Сярэдні дыяметр гэтай гаспадарчай пасудзіны 40-50 см, дно трохі вузейшае, верх — шырэйшы; былі і прамыя цэбры. У іх замешвалі сечку, рабілі “паранку” (сечку залівалі кіпнем) карове, каню. Цэбры меншых памераў выкарыстоўвалі для прыгатавання пойла цялятам, ягнятам. Для зручнасці пераносу ў “вушках” свідравалі адтуліны, у якія можна было прасунуць палку. Пусты цэбар пераносіў за “вушкі” адзін чалавек, а напоўнены неслі ўдваіх, узяўшыся за канцы прасунутай палкі [5, с. 524].

У гомельскіх гаворках дадзеная назва ўжываецца з адзначаным вышэй значэннем, а таксама са значэннем ‘вядро’ (у тым ліку калодзежным) у словаўтваральных варыянтах: цабарка, цыбара, (памянш. цыбарка), цыберка, цэбрык (памянш. да цэбар) (Поўную цабарку выпіў цялок пойла (Ветк.); Вазьмі цыбарку і схадзі па ваду; Вядро ў нас завуць цыбаркай, ім ваду чэрпаюць з калодзежа; Цыбара ў нашым калодзізе дзеравяная (Добр.); Цыберка ў нас страшно цячэ, другую павесіць трэба (Маз.); Цэбрыка ў хаце ня было; На калодзезі цыберка адарвалася (Б.-Каш.) [1, Х, с. 112-113, 117-119].

г

На Лоеўшчыне лексема цэбер выкарыстоўваецца ў якасці наймення вядра (Ншівті ваду у цэберы, дежкі налівалі), а таксама ў якасці назваў пасудзіны для кармлення жывёлы (У цэберы замешываюць коровам; Хто кажа цэбер, а хто ражка; Што не паснедалі, трэба у цэбер вуліць) і пасудзіны, у якой мыюць бялізну (Замачу у цэберы і пасціраю; Мне калісь зделау чалавек еты цэбер, дак я мо больш дваццаці годоў у ім сціраю) [6, с. 403].

Вёдры на каромысле ў Буда-Кашалёўскім, Светлагорскім і Чачэрскім раёнах Гомельшчыны маюць найменне суды: На ноч прынесла суды вады, дык усю выхлябала; Байбук вырас нейкі, хоць бы матцы суды якія вады прынёс [1, УІІІ, с. 175].

‘Драўляная пасудзіна ў выглядзе цэбрыка з ручкай, прызначаная для розных гаспадарчых патрэб (зліваць ваду, даваць корм жывёле)’ [3, т. 4, с. 562], у літаратурнай мове мае назву ражка. Гэта бандарная пасудзіна падобна да цэбра, але мае меншы памер (ёмістасць 15-20 л). Рабілі ражку з кароткіх клёпак, па форме яна цыліндрычная ці крыху расшыраная ўверсе; нярэдка яна мела ножкі, утвораныя трыма падоўжанымі клёпкамі, яшчэ дзве больш доўгія клёпкі выступалі зверху і мелі адтуліны, утвараючы вушкі, да якіх прымацоўвалі пяньковую ці лыкавую почапку. Звычайна ў ражцы таўклі параную бульбу і замешвалі напаўвадкі корм (мешанку) для свіней. У наш час амаль выйшла з гаспадарчага ўжытку [5, с. 423].

У Лоеўскім раёне ўжываецца літаратурнае найменне ражка (Ражка — маленькі цэбрык; Налі ў ражку вады; Корова лезе ап ’яць у ражку) (ужываецца таксама ў пераносным значэнні як ‘твар’ (груб.) (Раз’еў ражку, аж вачэй не відна), а таксама са значэннем ‘галава’ (Ну і ражка у цебе: шапка на патыліцы) [6, с. 302]. У Кармянскім раёне замест дадзенага слова выкарыстоўваецца сінонім лаганка: Лаганку ету цягні ў сенцы [1, У, с. 99].

Для выпарвання і мыцця бялізны беларусы карысталіся такімі пасудзінамі, як балея, начоўкі (ночвы), жлукта.

Балея — гэта ‘вялікая нізкая пасудзіна з драўляных клёпак або металічная, у якой звычайна мыюць бялізну’ [3, т. 1, с. 333]. Гэты бандарны выраб выкарыстоўваўся таксама для купання. Рабілася балея з кароткіх клёпак, што расстаўляліся вакол шырокага круглага ці авальнага днішча; з вушкамі ці без іх. Авальная балея больш зручная ў практычным ужыванні. Бытавала пераважна ў заходняй частцы Беларусі, на ўсходняй — у хатнім ужытку балею часцей замянялі ночвы. У наш час у народным побыце драўляная балея сустракаецца рэдка, часцей выкарыстоўваюцца металічная ці пластмасавая [5, с. 47]. Гэта найменне ў літаратурнай форме балея (Наліла воды цэлу балею) адзначана ў Тураўскім слоўніку [4, І, с. 40].

‘Прадаўгаватая драўляная ці металічная пасудзіна для мыцця бялізны і іншых гаспадарчых патрэб’ ва ўнарманаванай мове мае дзве сінанімічныя назвы начоўкі і ночвы [3, т. 3, с. 340, 417]. Гэта карытападобная пасудзіна з шырокім адкрытым верхам прызначалася для мыцця бялізны, прыгатавання сечанай капусты (якую ссыпалі затым ў бочкі), мяса для каўбас і інш. Рабілі пасудзіну з драўлянага цурбана (асіны, ліпы), колатага папалам; ёмістасць выдзёўбвалі цяслой, сценкі і дно знутры зладжвалі скобляй, разцом. З сярэдзіны ХХ ст. замест драўляных усё часцей ужываюцца металічныя начоўкі, якія бытуюць і ў наш час [5, с. 365].

У гомельскіх гаворках зафіксаваны фанетычныя, словаўтваральныя і памяншальныя варыянты: у тураўскіх — ночоўкі (памянш. ночовочкі) (Бэрэ ночоўкі і палае пшоно; Ночоўкі робілі з вербі; Кажуць, колісь картоплі з маленькіх ночовочэк елі) і ночвы (ночву) (Положаць у ночвы сцёгна да опсоляць, а потом подвешвалі; Ночвы з вецёл наробіў аж трое; Ночву полаць пашню і ночву велікіе на муку булі) [4, ІІІ, с. 215], у іншых — начовачкі (Падай начовачкі, трэба прапалаць зярно (Рэч.); Хадзем я вам начовачкі пакажу (Б.-Каш., Браг., Жлоб.) і начні (Начні вазьмі ў сенцах, іны нада мне (Раг.) [1, У, с. 168-169].

‘Невялікія начоўкі для зернеачысткі ў хатніх умовах’ ва ўнармаванай мове маюць найменне апалушкі [3, т. 1, с. 242]. У народ­на-дыялектнай мове жыхароў Гомельшчыны маюцца словаўтваральныя варыянты: у Рэчыцкім раёне — апаланікі (апаланкі)апаланіках зярно палаюць, як начовачкі такія; Дай мне твае апаланкі, апалаць крупы) [1, ІІІ, с.174], у Добрушскім, Кармянскім і Чачэрскім раёнах — паланкі (Нада паланкі круп прапалаць; Вазьмі паланкі і папалай проса), у Брагінскім — паланнік (Поўны паланнік насыпала грэчкі мне) [1, УІ, с. 149].

Жлукта — гэта ‘невялікая драўляная пасудзіна з клёпак, сцягнутых абручамі, для захоўвання розных сельскагаспадарчых прадуктаў’ [3, т. 2, с. 572] — выкарыстоўвалася на Гомельшчыне таксама для выпарвання бялізны. У тыповым варыянце жлукта мела кадзепадобную форму, да 1 м у вышыню, на трох ножках (утвараліся даўжэйшымі клёпкамі). Бялізну складвалі ў жлукту і залівалі шчолакам або перасыпалі попелам, потым залівалі кіпенем. Праз некаторы час ваду злівалі праз адтуліну ў днішчы (закрывалася коркам), а бялізну паласкалі ў балеі ці ночвах. У сялянскім побыце жлукта выкарыстоўвалася да сярэдзіны ХХ стагоддзя [5, с. 195].

Найменне жлукта зафіксавана ў розных раёнах Гомельшчыны: У нас жлукта было дзеравянае (Гом.); Дай мне свайго жлукта плацця пазаліць (Браг., Б.-Каш., Ветк., Добр., Ельск., Маз., Нар., Петр., Раг., Рэч., Хойн., Чач.); Жлукта — гэта ў нас дзежка без дна (Браг.); Дзе наша жлукта стаіць (Карм.); Калісь палатняные сарочкі залілі ў жлукце (Жлоб., Раг., Светл.) [1, ІУ, с. 140]; У жлукці той сціралі палатнянае беллё; Золім у жлукці, і полотно робіцца белым; Ema раней былі жлукты, дa і цепер ены е (Лоеўск.) [6, с. 115].

Для нехарчовых вадкасцей маюцца разнастайныя пасудзіны і ёмістасці, якія на Г омельшчыне маюць дыялектныя найменні.

У Буда-Кашалёўскім раёне для наймення каністры выкарыстоўваецца лексічны сінонім бальзанка (Купі мне бальзанку ў Чачэрску) [1, ІІІ, с. 184], на Лоеўшчыне ‘каністра для газы’ — гэта плешанка (Вазьмі плешанку да прынесі карасіну) [6, с. 270], на Тураўшчыне ‘пасудзіна для керасіну’ мае найменне баня1 (Му бралі карасіну ў тые бані да свецілі) [4, І, с. 41]. Пры гэтым апошняя назва ўступае ў аманімічныя адносіны: баня2 — ‘пухір, вадзянка, прыпухласць’ (Вот такіе бані под подошвамі! Подбіў око, аж бані подзелаліся) і баня — ‘купал у царкве ’ [4, І, с. 41].

Адно са значэнняў слова чарпак — ‘коўш, пасудзіна для чарпання якой-небудзь вадкасці’ [3, т. 5, с. 302]. Чарпак для вылівання вады з лодкі на Тураўшчыне мае назву вуліука: Вуліўка з дуба, воду вуліваць. Вулеўка е? Надо воду вуліваць, ато потонем [4, І, с. 165].

На Лоеўшчыне для наймення каўша для адлівання вады з лодкі ўжываецца намінацыя адлівашка (атлівашка): Адлівашкай вычарпай ваду; Атлівалі ваду атлівашкай, хацелі рэчку атліць [6, с. 26].

Каністра — гэта плоскі бак з герметычнай накрыўкай для захоўвання вадкасцей (бензіну, змазачных масел і пад.)’ [3, т. 2, с. 615], а ў сваю чаргу бак — гэта ‘закрытая пасудзіна для вадкасцей’ [3, т. 1, с. 327].

Такі бандарны выраб як бочка (‘вялікая цыліндрычная пасудзіна з двума плоскімі днішчамі, зробленая з выпуклых драўляных клёпак, сціснутых абручамі, або з бляхі’ [3, т. 1, с. 397]) мае ўніверсальнае выкарыстанне: для падвозу вады, квашання капусты, салення гуркоў, мачэння яблык і пад., як тара для захоўвання розных харчовых прадуктаў. Акрамя таго, бочкі могуць выкарыстоўвацца як тара для захоўвання розных рэчаў. У Лельчыцкім раёне адзначана дыялектнае найменне бочкі для трымання бялізны — боння: Цяпер шкапы, а колісь мы шмаццеў бонні клалі [1, ІІІ, с. 194].

У гомельскіх гаворках сустракаюцца найменні пасудзін гаспадарчага ўжытку, якія не маюць тоесных ці блізкіх адпаведнікаў (акцэнталагічных, фанетычных, словаўтваральных ці іншых варыянтаў) у сучаснай беларускай літаратурнай мове.

Так, пасудзіна для збірання ягад у Лельчыцкім і Мазырскім раёнах мае найменне наберак (А мой наберак скоро будзе поўны; Набрала ягад два наберкі), у Светлагорскім раёне зафіксавана памяншальная назва наберачак (Набрала наберачак ягад і шчэ трохі), у Калінкавіцкім і Жыткавіцкім раёнах ужываецца намінацыя набірак (Набірак малін назьбірала; Назьбірала пяць набіркаў маліны), у Нараўлянскім — набірач (От я одын набірач ягад набрала) [1, У, с.148-149].

Банка (‘шкляная або бляшаная пасудзіна, звычайна цыліндрычнай формы’ [3, т. 1, с. 338]) для чарвей на Нараўляншчыне мае найменне чэрванка: Узяу чэрванку накапацъ чарвей [1, Х, с.127].

У многіх раёнах Гомельскай вобласці зафіксавана найменне  памыйніца як назва пасудзіны для памыяў: Вынясь памыинщу і вылліў яму (Б.-Каш.); Вылі памыі ў памыйніцу (Ветк.); Вылі ў памыйніцу, карові будзя (Гом., Добр., Маз., Рэч.) [1, УІ, с. 155]; на Тураўшчыне назва ‘вядра для памыяў, памыйніцы’ мае словаўтваральны варыянт ад лексемы вядро са зневажальным адценнем — ведрышчэ (ведрішче) [4, І, с. 109].

Такім чынам, у гаворках Гомельшчыны зафіксаваны найменні пасудзін для гаспадарчых патрэб: некаторыя з іх супадаюць з літаратурнымі намінацыямі, большасць мае фанетычныя ці словаўтваральныя (часцей) варыянты ад унармаваных адзінак, сустракаецца і пэўная колькасць лексічных сінонімаў.

Спіс умоўных скарачэнняў раёнаў

Браг. — Брагінскі, Б.-Каш. — Буда-Кашалёўскі, Ветк. — Веткаўскі, Гом. — Гомельскі, Добр. — Добрушскі, Жлоб. — Жлобінскі, Жытк. — Жыткавіцкі, Ельск. — Ельскі, Калінк. — Калінкавіцкі, Карм. — Кармянскі, Лельч. — Лельчыцкі, Лоеўск. — Лоеўскі, Маз. — Мазырскі, Нар. — Нараўлянскі, Петр. — Петрыкаўскі, Раг. — Рагачоўскі, Рэч. — Рэчыцкі, Светл. — Светлагорскі, Хойн. — Хойніцкі, Чач. — Чачэрскі.

Літаратура

  1. Матэрыялы для дыялектнага слоўніка Гомельшчыны. — У кн.: Беларуская мова і мовазнаўства. Міжвуз. зборнік. Беларуская мова. — Мінск: Выдавецтва БДУ імя У. І. Леніна. Вып. 3. А-Д. — 1975. — 264 с.; Вып. 4. Е-К. — 1976. — 276 с.; Вып. 5. Л-Н. — 1977. — 184 с.; Вып. 6. П. — 1978. — 240 с.; Вып. 8. С. — 1980. -192 с.; Вып. 10. Х-Я. — 1982. -160 с.
  2. Народная лексіка Гомельшчыны ў фальклоры і мастацкай літаратуры: слоўнік / пад рэд. У.В. Анічэнкі. — Мінск: Выд-ва БДУ імя У. І. Леніна, 1983. — 174 с.
  3. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: у 5 т. / пад агульн. рэд. К.К. Атраховіча (Кандрата Крапівы). — Мінск: Беларус. Сав.
  4. Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі. Т.1. А — В. — Мінск,1977. — 608 с.; Т.2. Г-К. — 1978. — 768 с.; Т.3. Л-П. — 1979. — 672 с.; Т.4. П-Р. — Мінск,1980. — 768 с.; Т.5. Кн.2. У — Я. — 1984. — 608 с.
  5. Тураўскі слоўнік: у 5 т./ склад. А.А. Крывіцкі, Г.А. Цыхун, І.Я. Яшкін [і інш.]. — Мінск: Навука і тэхніка, Т.1. А — Г. — 1982. — 255 с.; Т.2. Д-К. — 1982. — 271 с.; Т.3. Л-О. — 1984. — 311 с.
  6. Этнаграфия Беларусі: Энцыкл. (Беларус. Сав. Энцыкл.; Рэдкал: І.П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мінск: БелСЭ, 1989. — 575 с.
  7. Янкова, Т. С. Дыялектны слоўнік Лоеўшчыны / Т. С. Янкова. — Мінск: Навука і тэхніка, 1982. — 432 с.

Аўтар: С.В. Чайкова
Крыніца: Чарнобылем не зарасце: традыцыі матэрыяльнай і духоўнай культуры Усходняга Палесся: зборнік навуковых артыкулаў: у 2 ч. Ч. 2 / рэдкал.: А. А. Станкевіч (гал. рэд.) [і інш.]; М-ва адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзярж. ун-т імя Ф. Скарыны. — Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2016. — 242 с. С. 82-88.