Найменні частак носа ва ўсходнепалескіх гаворках

0
1032
Найменні частак носа ва ўсходнепалескіх гаворках

Вядома, што саматычная лексіка ў кожнай мове ўтварае адну макрасістэму, якая размяжоўваецца на асобныя прадметна-тэматычныя групы. Сярод іншых вылучаецца і мікрагрупа, аб’яднаная тэмай “Нос”. Пазначанае тэматычнае аб’яднанне складаецца з пэўнай колькасці структурных семантычных адзінак. Апорны лексічны кампанент вылучанай мікрагрупы – слова нос (< прасл. поэт. – 1, т. 8, с. 42): За нос водзіиь. а ты ходзіїи без корысці (Дварэц Жытк), што абазначае орган нюху, які знаходзіцца на твары чалавека. Саматызм аднолькава ўжываецца і ў беларускіх народных гаворках, і ў беларускай літаратурнай мове.

Верхняя частка носа ніжэй ілба паміж вачамі мае назву перэносіца /перэносье/ (< перэ- ‘падзел чаго-небудзь папалам, на часткі’ + нос): Пераносіца ў хлопца сіня (М. Аўцюкі Калінк.): Да руж ’ём як дзеўбенуў у перэносье (Верасніца Жытк). Намінатыўная адзінка узуальна пашыраны ва ўсіх беларускіх народных гаворках, у форме пераноссе функцыянуе ў сучаснай беларускай літаратурнай мове [2, с. 468].

Пры аналізе назваў мікрагрупы “Нос” неабходна звярнуць увагу і на адметны лексічны сродак, які ў асобных гаворках Усходняга Палесся ўжываецца для наймення кончыка носа, – дзюбайка /дзюбка/’ (< дзюба): Дзюбайка носа чэшэццанехто умрэ (Тонеж Лельч.); Ён гоеорыць, а дзюбка шэвеліцца (Макарычы Петрык.). Акрэсленае найменне з пазначаным значэннем фіксуецца і ва ўсходне-магілёўскай групе і-аворак [3, с. 117]. У іншых беларускіх народных гаворках, у сучаснай беларускай літаратурнай мове гэта слова ўжываецца толькі ca значэннем ‘рагавое ўтварэнне з дзвюх падоўжаных сківіц у птушак’ [4, т. 2, с. 59; 2, с. 178].

Саматызмам ноздра (< прасл. nozdbra – 1, т. 8, с. 40) абазначаецца адна з парных вонкавых адтулін носа: Засуне палец у ноздру бы раве (Грабаў Петрык.). Слова ў форме ныздра засведчана ў гаворках паўночна-ўсходняй дыялектнай зоны [5, с. 292], у форме ноздра – у сумежных заходнепшіескіх гаворках і ў беларускай літаратурнай мове [2, с. 393: 6, т. 3, с. 212 ].

У тоесных семантычных адносінах з пазначаным назоўнікам — ноздра – знаходзіцца лексема печурка (< пячурга – памянш. размоўнае ад слова печ): Зашыеща ў куток, коб у печурцы колупациа (Грышы Ельск.). Перанос назвы адбыўся паводле асацыятыўнай прыметы: ноздра ўяўляе сабой невялікую адтуліну, праз якую выходзіць цёплае паветра. Функцыянаванне пазначанага дыялектызма абмежавана моўным арэалам усходнепалескіх гаворак. Утварэнне пячурка ў беларускай літаратурнай мове валодае іншым лексічным значэннем – ‘невялікая нішаў сцяне печы’, ‘невялікая, звычайна часовая печка’ [2, с. 530].

Варта адзначыць, што ў гаворках Усходняга Палесся для абазначэння невялікага паглыблення паміж носам і верхняй губой актыўна выкарыстоўваюцца сінанімічныя найменні тыпу бороздка (< пашиш ад баразна) і конаўка (< памянш. ад канава): Нека бородаука ў бороздцы вулезла (Грабаў Петрык.); По конаўцы сморкочэ цекуць (Грышы Ельск.), ужыванне якіх з акрэсленым значэннем у іншых беларускіх народных гаворках засведчыць не давялося. Нарматыўнымі слоўнікамі беларускай мовы гэтыя назоўнікі фіксуюцца з іншым семантычным дыяпазонам: баразна – ‘канаўка на паверхні глебы, зробленая плугам ці іншымі сельскагаспадарчымі прыладамі’, ‘перан. пачынанне ў якой-небудзь галіне’; канава – ‘неглыбокі і нешырокі роў, звычайна для сцёку вады’ [2, с. 82, 271]. На гэтай падставе разгледжаныя найменні можна кваліфікаваць як усходнепалескія семантычныя дыялектызмы.

Аналіз намінатыўных сродкаў. якія фіксуюцца ва ўсходнепалескіх гаворках у межах мікрагрупы “Нос”, сведчыць аб яе спецыфічнай унутранай арганізацыі ў параўнанні з беларускай літаратурнай мовай, што абумоўлена перш за ўсё адметнасцямі чалавечага мыслення, здольнасцю людзей праводзіць асацыятыўныя паралелі паміж жыццёвымі рэаліямі.

  1. Этымалагічны слоўнік беларускай мовы: у 11 т. – Мінск: Навука і тэхніка, 1978-2006. – Т. 8.
  2. Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы / пад рэд. М.Р. Судніка, М.Н. Крыўко. – Мінск: Бел. Эн, 1999. – 784 с.
  3. Юрчанка, Г.Ф. Сучаснае народнае слова: з гаворак Мсціслаўшчыны / Г.Ф. Юрчанка. – Мінск: Навука і тэхніка, 1988. – 256 с.
  4. Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча: у 5 т./ рэдкал.: Ю.Ф. Мацкевіч (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Навука і тэхніка, 1979— 1986. – Т. 2.
  5. Бялькевіч, І.К. Краёвы слоўнік усходняй Магілёўшчыны / І.К. Бялькевіч. – Мінск: Навука і тэхніка, 1970. – 512 с.
  6. Тураўскі слоўнік: у 5 т. / рэдкал.: А.А. Крывіцкі [і інш.]. – Мінск: Навука і тэхніка, 1982-1987. – Т. 3.

Аўтар: Л.М. Мазуркевіч
Крыніца: «Скарына і наш час», IV міжнародная навукова: канф. (2008, Гомель). Міжнародная навуковая канферэнцыі «Скарына і наш час», 13-14 лістапада 2008 г.: [матэрыялы] у 2 ч. Ч. 1 / рэдкал.: А. А. Станкевіч (гал. рэд.) [і інш.]. – Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2008. С. 123-124.