На раздарожжы (гісторыя Веткаўшчыны)

0
746
Ветковщина

У Х стагодзі Веткаўшчына была часткай пляменнага княжання радзімічаў, якое згадваецца ў “Аповесці мінулых гадоў” летапісца Нестара. Яно большую частку часу знаходзілася ў палітычнай залежнасці ад моцных суседзяў, якім яно мусіла выплачваць даніну. Спярша радзімічы падпарадкоўваліся Хазарскаму каганату, а ў канцы IX ст. былі падпарадкаваны кіеўскім князем Алегам і ўвайшлі ў вялізнае дзяржаўнае ўтварэнне, якое атрымала назву Русь (альбо “Кіеўская Русь”, як яго называюць гісторыкі). Доўгі час гэтае падпарадкаванне было вонкавым, не закранаючы асноў рода-племянной структуры.

Больш радыкалыіыя змены адбыліся стагоддзем пазней, калі кіеўскі князь Уладзімір распачаў палітыку ліквідацыі племянных княжанняў. Супраціўленне падаўлялася ўзброенай сілай. Так, у 984 г. кіеўская дружына разбіла радзіміцкае апалчэнне. Пасля гэтага мясцовыя княжацкія дынастыі былі пазбаўлены ўлады, а магчыма, і знішчаны фізічна. Захаваць сваё месца ў сацыяльнай структуры маглі толькі тыя, хто пераходзіў на службу да кіеўскага князя, уліваўся ў лік яго баяр.

Умацаваныя гарады з племянных цэнтраў кіравання ператвараліся ў рэзідэнцыі кіеўскіх намеснікаў і іх дружын. Тэрыторыя былых племянных княжанняў падзялялася на воласці, кожная з якіх была адзінкай падаткаабкладання, а яе насельніцтва падлягала суду княжацкага намесніка з бліжэйшага горада. Воласць падзялялася на сельскія абшчыны. У той час шчыльнасць насельніцтва ў зямлі радзімічаў была вельмі нізкай. Сельская абшчына, якая ўключала ў сябе 20 – 30 двароў, ахоплівала прыкладна такую тэрыторыю, як сучасны сельсавет. Таму і воласці былі вялікімі па памерах. Кожная з іх цягнулася на 20 – 30 кіламетраў ад свайго цэнтра.

На тэрыторыі Веткаўшчыны, здаецца, не было валаснога цэнтра. Хутчэй за ўсё, ужо ў той час яна была падзелена паміж дзвюма валасцямі, адна з якіх мела цэнтр у Гомелі, а другая – у Чачэрску. У далейшым такі падзел захаваўся на некалькі стагоддзяў. Да Гомельскай воласці адносілася паўднёвая частка Веткаўшчыны, уключаючы правабярэжжа Сажа і левабярэжжа Бесядзі прыкладна да сучаснай вёскі Барталамееўка. Вышэй па цячэнні Бесядзі абодва яе берагі адносіліся да Чачэрскай воласці.

Амаль адразу насля ліквідацыі княжання радзімічаў Уладзімір увёў на Русі новую афіцыйную рэлігію – хрысціянства. Былыя пляменныя свяцілішчы былі знішчаны, забаронены найбольш жорсткія паганскія звычаі – прынясенне ў ахвяру людзей і жывёл. Але на першых парах хрысціянская царква мела вельмі слабыя арганізацыйныя магчымасці. Храмы з’явіліся толькі ў буйных гарадах, а ў сельскай глухамані наглядаць за рэлігійным жыццём насельніцтва доўгі час проста не было каму.

На Веткаўшчыне, калі ўплыў цывілізацыі і адчувауся, то бадай што толькі на берагах Сожа. Сож у той час быў вельмі важнай транспартнай артэрыяй. Уздоўж яго пралягаў самы кароткі шлях з Кіева ў Смаленск і больш паўночныя землі Русі. Сярод лясоў і балот найбольш зручна было рухацца менавіта па рэках: узімку – на санях па лёдзе, а летам – на ладзях. Не выпадкова і валасныя цэнтры, такія, як Гомель і Чачэрск, паўсталі менавіта на беразе Сажа.

Кіраваць вялізнай тэрыторыяй Русі з аднаго цэнтра пры тагачасных транспартных сродках было немагчыма. Таму на змену племянным княжанням прыйшла сістэма ўдзелаў. Кіеўскі князь вызначаў часткі сваёй дзяржавы ў якасці ўдзелаў для сваіх сыноў, братоў і іншых родзічаў, якія мелі ў іх практычна поўную ўладу. Іх залежнасць ад цэнтра зводзілася толькі да абавязку аказваць яму пры неабходнасці ваенную дапамогу.

У князя Уладзіміра было шмат сыноў, але мы не ведаем, хто з іх пры жыцці бацькі кантраляваў зямлю радзімічаў. Пасля смерці Уладзіміра ў 1015 годзе адбылася барацьба за ўладу паміж яго сынамі, з якой пераможцамі выйшлі двое – Яраслаў Мудры і Мсціслаў. У 1024 г. яны падзялілі паміж сабой уладанні, прычым Яраслаў атрымаў Кіеў з землямі па правым беразе Дняпра, а Мсціслаў – Чарнігаў з левабярэжжам Дняпра. Тэрыторыя сучаснай Веткаўшчыны, напэўна, увайшла ва ўдзел Мсціслава і апынулася прылучанай да Чарнігаўскага княства. Пасля смерці Мсціслава ў 1036 г. яго брат зноў далучыў Чарнігаўскае княства да сваіх уладанняў.

Калі падраслі сыны Яраслава, большая частка Русі была падзелена на ўдзелы для іх. Перад сваёй смерцю ў 1054 г. Яраслаў Мудры прызначыў сваім пераемнікам старэйшага сына Ізяслава, а другому, Святаславу, аддаў ва ўдзел Чарнігаўскае княства, у склад якога ўвайшла і тэрыторыя Веткаўшчыны.

У Яраслава было шмат сыноў, а ў іх у сваю чаргу меліся нашчадкі. Па меры разрастання роду пачаліся канфлікты за тое, каму валодаць Кіевам і іншымі валасцямі, якія вызваляліся пасля смерці аднаго з князёў. таму ў 1097 г. ўнукі і праўнукі Яраслава Мудрага сабраліся ў Любечы і вырашылі, што тыя ўдзелы, якія былі вылучаны ў 1054 г. для сыноў Яраслава, павінны быць назаўсёды замацаваны за іх нашчадкамі. Спадчыннае права на Чарнігаўскае княства было замацавана за сынамі Святаслава Яраславіча, якія далі пачатак галіне чарнігаўскіх князёў.

Нпа той момант жылі тры сыны Святаслава: Давыд, Алег і Яраслаў. Удзелам Давыда стала ўласна Чарнігаўскае княства, у склад якога ўвайшла і паўднёвая частка зямлі радзімічаў з тэрыторыяй сучаснага Веткаўскага раёна. Пасля смерці Давыда ў 1123 г. чарнігаўскі пасад перайшоў да яго малодшага брата Яраслава Святаслававіча (Алег памёр яшчэ раней, у 1115 г.). Аднак старшы сын Алега Усевалад, які быў самым здольным і энергічным сярод суродзічаў, у 1127 г. выгнаў дзядзьку з Чарнігава і ўладкаваўся ў ім сам.

У 1139 г. памёр тагачасны кіеўскі князь Яраполк, сын славутага Уладзіміра Манамаха. Кіеў павінен быў дастацца яго брату, але Усевалад Ольгавіч з дапамогай малодшых братоў адсунуў яго ад улады, зрабіўшыся вярхоўным уладаром на Русі. Перабраўшыся ў Кіеў, Усевалад вызваліў чарнігаўскі пасад і перадаў яго законным спадкаемцам – Уладзіміру і Ізяславу Давыдавічам. Уладзімір атрымаў непасрэдна Чарнігаў, а Ізяслаў – нейкі ўдзел са складу Чарнігаўскага княства. З гэтага моманту пачалася доўгая барацьба за вяршэнства на Русі паміж дзвюма галінамі княжацкага роду – Ольгавічамі і Манамахавічамі. У ходзе гэтай барацьбы ў 1142 г. адзін з Манамахавічаў, Расціслаў Мсціславіч Смаленскі, зрабіў напад на Чарнігаў і спустошыў Гомельскую воласць. Напэўна, спусташэнне тады зведалі і жыхары Веткаўшчыны – прынамсі, той яе часткі, што прымыкала да Сожа, па якому рухаліся смаленскія дружыны.

Пасля смерці Усевалада Ольгавіча ў 1146 г. працягвалася барацьба паміж княжацкімі групоўкамі, у якой прымалі ўдзел Уладзімір і Ізяслаў Давыдавічы. Пад час гэтай барацьбы Уладзімір, які валодаў Чарнігавам, загінуў у 1151 г. З гэтага часу ў Чарнігаве княжыў Ізяслау Давыдавіч. Зрабіўшыся чарнігаўскім князем, ён стаў даволі ўплывовай фігурай у палітычнай гульні. Двойчы на кароткі час нават уладкоўваўся ў Кіеве – спярша пасля смерці Ізяслава Мсціславіча ў 1154, потым – пасля смерці Юрыя Даўгарукага ў 1157 г. Пры гэтым, адчуваючы ненадзейнасць свайго становішча ў Кіеве, ён імкнуўся захаваць за сабой і Чарнігаўскае княства. У 1157 г., праўда, саступіў Чарнігаў стрыечнаму брату Святаславу Ольгавічу, аднак большасць чарнігаўскіх валасцей пакінуў за сабой. У наступным годзе, калі супраць яго выступіла моцная кааліцыя варожых яму князёў, ён вымушаны быў аддаць Святаславу некаторыя воласці, у тым ліку і Чачэрскую з паўночнай часткай Веткаўшчыны. Гомельскую воласць ён усё ж пакінуў сабе. Менавіта туды ён першапачаткова з’ехаў, калі ворагі ўсё ж выціснулі яго з Кіева. У далейшым Ізяслаў працягваў змагацца за Кіеў, пакуль не загнінуў у гэтай барацьбе ў 1161 г.

Пад час гэтых бясконцых усобіц гаспадарчае жыццё працягвала ісці сваім ходам. Зямля радзімічаў значна адставала ў сваім развіцці ў параўнанні з больш паўднёвымі абшарамі Чарнігаўыічыны, але і ў ёй адбываліся змены. Павялічвалася колькасць насельніцтва. Актыўна фарміраваліся рысы агульнарускай культуры: пашырала свой уплыў хрысціянства, замест родавых звычаяў распаўсюджваліся агульныя юрыдычныя нормы, замацаваныя ў так званай “Рускай праўдзе”. Невыпадкова і племянная назва радзімічаў з другой паловы XII ст. выходзіць з ужытку, перастае сустракацца на старонках летапісаў. Разам з тым многія мясцовыя своеасаблівасці народнай культуры працягвалі жыць. Захоўваліся і многія рысы язычніцтва, якія перапляталіся з хрысціянскімі поглядамі ў адмысловую сумесь, якую акадэмік Б. А. Рыбакоў трапна назваў двухвер’ем.

Пасля смерці Ізяслава старэйшым сярод чарнігаўскай княжацкай галіны застаўся Святаслаў Ольгавіч, які, нарэшце, атрымаў Чарнігаўскае княства ў поўным аб’ёме. Рознымі ўдзеламі ў гэтым княстве валодалі тры яго сыны (Алег, Ігар і Усевалад), пляменнікі Святаслаў і Яраслаў (сыны славутага Усевалада Ольгавіча). Дакладны пералік іх удзелаў невядомы, але не выключана, што тады ўзнікла і асобнае Гомельскае княства, якое ахоплівала частку Веткаўшчыны і належала аднаму з сыноў чарнігаўскага князя.

У 1164 г. памёр Святаслаў Ольгавіч. Яго ўдава паспрабавала забяспечыць пераход Чарнігава да свайго сына Алега, але пасля непрацяглай барацьбы уладальнікам Чарнігаўшчыны стаў Святаслаў Усеваладавіч, які ўнаследаваў рашучы характар свайго бацькі. ІІры гэтым Гомель ён, здаецца, вылучыў ва ўдзел уласнаму сыну Усеваладу. Нейкі ўдзел атрымаў і яго брат Яраслаў Усеваладавіч. Пазней Святаслаў, як некалі яго бацька, зрабіўся кіеўскім князем. Менавіта ён паказаны у “Слове аб палку Ігаравым” у вобразе старэйшыны ўсіх князёў, а ў яго вусны укладзена палымяная прамова пра неабходнасць адзінства Русі. Што да Чарнігава, то ім пасля пераезду Святаслава Усеваладавіча ў Кіеў папераменна валодалі яго стрыечны брат Алег Святаслававіч (памёр у 1180 г.), малодшы брат Яраслаў Усеваладавіч (памёр у 1198 г.), другі стрыечны брат Ігар Святаслававіч – галоўны герой “Слова аб палку Ігаравым” (памёр у 1202) і, нарэшце, сын Усевалад Святаслававіч па мянушцы Чэрмны (Чырвоны).

Увесь гэты час Веткаўшчына трывала ўваходзіла ў склад уласна Чарнігаўскага княства ці, магчыма, Гомельскага, якое часова з яго вылучалася. Княжанне Усевалада Чэрмнага было даволі турботным. Ён актыўна ўдзельнічаў у традыцыйнай для Ольгавічаў барацьбе за Кіеў, якім тройчы авалодваў у 1206, 1207 і 1210 гг. Пры гэтым у трэці раз ён уладкаваўся ў Кіеве толькі дзякуючы таму, што саступіў Чарнігаўскае княства свайму галоўнаму праціўніку – Рурыку Расціслававічу з роду смаленскіх князёў. Але ўжо ў 1214 г., зноў страціўшы Кіеў, Усевалад Чэрмны вымушаны быў вярнуцца ў сваё родавае гняздо – Чарнігаў, дзе і памёр у наступным годзе. Потым да 1224 г. Чарнігавам валодаў яго малодшы брат Мсціслаў, а пасля смерці апошняга – сын Чэрмнага Міхаіл Усеваладавіч. Пры ім Чарнігаўская зямля разам з большай часткай Русі зведала жудаснае татарскае нашэсце.

Хаця войскі хана Батыя ў цэлым абмінулі Беларусь, яе паўднёва-усходні кут, уключаючы Веткаўшчыну, быў сумным выключэннем Пад час заваявання Чарнігаўскага княства у 1239 г. татары не толькі спалілі Чарнігаў, але і прайшлі далёка на поўнач ад яго. Ва ўсякім выпадку, археалагічныя дадзеныя сведчаць пра спаленне Гомеля. Трэба меркаваць, што паўднёвыя землі Веткаўшчыны таксама былі закрануты татарскім набегам.

Падпарадкаваўшы Чарнігаўскае княства сваёй уладзе, татары напачатку не кранулі мясцовую сістэму кіравання. Князь Міхаіл Усеваладавіч захаваў свой пасад, але павінен быў падпарадкоўвацца хану Батыю. У 1246 г. ен атрымаў загад ехаць у ханскую стаўку, каб прыняць з рук Батыя “ярлык” – дазвол на княжанне ў Чарнігаве. Аднак пад час гэтага візіту князь Міхаіл адмовіўся выканаць паганскі рытуал ачышчэння, які зводзіўся да прахаджэння паміж двума палаючымі вогнішчамі. Татары ўспрынялі яго непаслухмянасць як абразу іх звычаяў і пакаралі смерцю. Пазней праваслаўная царква прылучыла князя Міхаіла Чарнігаўскага да ліку святых.

У Міхаіла засталіся сыны, але іх удзеламі сталі землі на паўночным ускрайку Чарнігаўскаіі зямлі – у Бранску і вярхоўях Акі. Напэўна, туды, у глухія лясныя мясціны, перамясцілася і асноўная маса ацалелага насельніцтва. Раёны лесастэпу сталі вельмі няўтульнымі для жыцця і амаль цалкам запусцелі. На доўгі час упамінанні пра Чарнігаўскае княства знікаюць са старонак летапісаў. Напэўна, рэшткамі мясцовага насельніцтва кіравалі непасрэдна татарскія баскакі.

Мы можам толькі здагадвацца, што адбывалася ў той час на Веткаўшчыне, бо ніякіх звестак пра яе лёс няма. Магчыма, разам з усёй тэрыторыяй былога Чарнігаўскага княства яна трапіла пад непасрэдную ўладу Залатой Арды. Такое становішча праіснавала каля стагоддзя.

У складзе Вялікага княства Літоўскага

У сярэдзіне XIV ст. расклад палітычных сіл змяніўся. Карыстаючыся часовым паслабленнем Залатой Арды, вялікі князь літоўскі Альгерд Гедымінавіч далучыў да сваёй дзяржавы значную частку зямель былой Кіеўскай Русі. Ён аднавіў і Чарнігаўскае княства, у якім пасадзіў свайго сына Канстанціна. З гэтага моманту (прыблізна з 1360-х гадоў) Веткаўшчына ўвайшла ў склад Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага (ВКЛ).

Пра княжанне Канстанціна Альгердавіча захавалася мала звестак. Здаецца, Чарнігаў так і не здолеў узняцца з таго заняпаду, у які ён трапіў пасля татарскага нашэсця. Самым буйным цэнтрам на тэрыторыі княства зрабіўся горад Старадуб, у які ў канцы XIV ст. перамясцілася княжацкая рэзідэнцыя. Верагодна, Гомельская і Чачэрская воласці таксама ўвайшлі ў склад Старадубскага княства, якое ўпамінаецца ў 1388 г.

У 1392 годзе да ўлады ў Вялікім княстве Літоўскім прыйшоў пляменнік Альгерда Вітаўт. Сыноў памерлага князя Канстанціна ён перавёў на Украіну, дзе яны далі пачатак роду князёў Чартарыйскіх. Значны абшар былой Кіеўскай Русі, у тым ліку і колішняя Чарнігаўская зямля, былі аддадзены сыну Альгерда Скіргайлу, у якога Вітаўт адабраў уладу над Вялікім княствам Літоўскім. Гэта быў своеасаблівы кампраміс. У афіцыйных дакументах гэтага часу Вітаўт тытулаваўся вялікім князем літоўскім і жамойцкім, а Скіргайла – вялікім князем рускім.

Прыкладна ў гэты час, недзе на пачатку 1390-х гадоў, быў створаны так званы “Спіс рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх”, у якім частка гарадоў пералічана як маскоўскія, смаленскія, валынскія, літоўскія, а частка – як кіеўскія. У лік апошніх тралілі і Гомель з Чачэрскам, воласці якіх ахоплівалі абшар Веткаўшчыны. Як мяркуюць некаторыя даследчыкі, літоўскімі ў гэтым спісе названы гарады, якія падпарадкоўваліся Вітаўту, а кіеўскімі – тыя, што належалі Скіргайлу.

На пачатку 1396 г. князь Скіргайла Альгердавіч памёр. Яго вялізныя ўладанні Вітаўт далучыў да сваіх і раздаў іх розным князям з роду Гедыміна. Старадубскае княства дасталася аднаму з праўнукаў Гедыміна – Аляксандру Патрыкеевічу, які з 1397 г. неаднаразова згадваецца як князь Старадубскі.

У 1406 годзе абвастрыліся адносіны паміж Вітаўтам і вялікім князем маскоўскім Васілём Дзмітрыевічам (сынам славутага Дзмітрыя Данскога). Справа дайшла да кароткачасовага ўзброенага канфлікту. У гэты момант князь Аляксандр Старадубскі быў абвінавачаны ў змове на карысць Масквы і пазбаўлены сваіх уладанняў. Старадубскае княства (напэўна, разам з Гомельскай і Чачэрскай валасцямі), а таксама суседняе Бранскае княства былі перададзены адвечнаму праціўніку Вітаўта – князю Свідрыгайлу Альгердавічу, які незадоўга да таго ў чарговы раз прымірыўся з ім. Гэтым шчодрым падараваннем Вітаўт спадзяваўся забяспечыць лаяльнасць мяцежнага Свідрыгайлы.

Аднак ужо ў 1408 годзе Свідрыгайла зноў пасварыўся з вялікім князем, пакінуў нованабытыя вотчыны і з’ехаў у Маскву. Пасля гэтага Вітаўт аддаў Старадубскае княства свайму малодшаму брату Жыгімонту Кейстутавічу, у адданасці якога ён не сумняваўся. Пад уладай Жыгімонта гэтыя землі заставаліся да смерці Вітаўта, які памёр у 1430 г.

Пасля Вітаўта вялікім князем літоўскім зрабіўся Свідрыгайла Альгердавіч, які папярэдне з 1418 г., пасля чарговага замірэння з Вітаўтам, валодаў Ноўгарад-Северскім і Бранскім княствамі. Аднак панаваў ён нядоўга – у 1432 г. літоўскія паны зверглі яго з пасада і зрабілі вялікім князем Жыгімонта Старадубскага. Усходнія землі Вялікага княства Літоўскага падтрымалі звергнутага Свідрыгайлу, які ўладкаваўся ў Кіеве. Паміж ім і Жыгімонтам адбыўся амаль такі ж падзел улады, як некалі паміж іх старэйшымі братамі Скіргайлам і Вітаўтам: Жыгімонт стаў вялікім князем літоўскім, а Свідрыгайла – рускім. Улада апошняга распаўсюджвалася і на Веткаўшчыну.

Гэты расклад таксама праіснаваў нядоўга, бо паміж Жыгімонтам і Свідрыгайлам хутка распачалася жорсткая вайна. У ёй Свідрыгайла пацярпеў паражэнне, да 1438 г. згубіў усе свае ўладанні і вымушаны быў хавацца за мяжой. Праўда, і Жыгімонт у 1440 г. быў забіты ў выніку змовы. Вялікім князем быў абвешчаны 14- гадовы брат польскага караля і пляменнік Свідрыгайлы – Казімір Ягайлавіч, альбо, як яго тады часта называлі, Ягелончык. Фактычна ж дзяржавай у гэты час кіравала групоўка літоўскіх паноў на чале з віленскім ваяводам Янам Даўгірдам, якія ўтваралі раду Вялікага княства Літоўгкага. Ад імя вялікага князя паны-рада, як іх называлі, раздалі значную частку дзяржаўных валасцей ці асобных сёл з іх складу ў прыватныя рукі. Частка гэтых маёнткаў дасталася самім радным панам, частка – іх прыхільнікам.

У дакументах так званаіі Літоўскай метрыкі (архіва канцылярыі вялікага князя) захаваўся вялікі пералік маёнткавых “пажалаванняў”, здзейсненых у першыя гады панавання Казіміра Ягелончыка. Сярод іх мы ўпершыню сустракаем назвы населеных пунктаў сучаснага Веткаўскага раёна.

Так, за подпісам віленскага ваяводы Даўгірда, які памёр у 1443 г. (гэта значыць, паміж 1440 і 1443 гг.), былі падараваны ў прыватную ўласнасць два маёнткі (“двары”) са складу Гомельскай воласці. Праваслаўнаму баярыну Герману Радзівонавічу дастаўся двор Хальч, а літоўскаму пану-католіку Міхаілу Монтаўту – Шарсцін. Такім чынам, гэтыя два паселішчы – першыя на Веткаўшчыне, якія трапілі на старонкі пісьмовых крыніц.

Гэтая падзея азначала, што названыя паселішчы вылучаюцца з-пад улады намесніка, які кіраваў воласцю, і пераходзяць у падпарадкаванне да новых гаспадароў. Усе падаткі, якія раней ішлі ў воласць, зараз траплялі да паноў. Напачатку гэта мала закранала інтарэсы сялян, бо іх жыццё ішло сваім чынам. У далейшым, аднак, становішча дзяржаўных і прыватнаўласніцкіх сялян пачало адрознівацца, хаця для гэтага спатрэбіліся пекалькі дзесяцігоддзяў паступовых змен. Гісторыя маёнтка Шарсцін пасля вылучэння з воласці прасочваецца дрэнна. Што да Хальча, то ён на доўгія стагоддзі застаўся ў руках нашчадкаў Германа Радзівонавіча, якія ўтварылі вядомы ў гісторыі Беларусі род паноў Халецкіх.

Асноўная частка Гомельскай воласці ў 1446 г. была аддадзена перабежчыку з Вялікага княства Маскоўскага – князю Васілю Яраслававічу Бароўскаму. Ён трымаў Гомельскую і шэраг іншых валасцей да 1449 г., калі памірыўся з вялікім князем маскоўскім і вярнуўся на радзіму.

Тым часам апальны князь Свідрыгайла, якому было ўжо ледзь не 80 гадоў, таксама вярнуўся з эміграцыі і прымірыўся з вялікім князем Казімірам. Свідрыгайла атрымаў Валынскае княства на тэрыторыі сучаснай Украіны, а ў дадатак – шэраг іншых уладаінняў. Сярод іх каля 1450 г. яму была падаравана Гомельская воласць, за выключэннем тых сёл, якія ўжо перайшлі да іншых уласнікаў.

Незадоўга да сваёй смерці (1452), Свідрыгайла таксама вылучыў са складу Гомельскай воласці тры сялы і падараваў іх аднаму з радных паноў, будучаму троцкаму ваяводзе Андрэю Саковічу. Гэтымі сёламі былі Данілавічы, Дуравічы і Валосавічы, з якіх першае знаходзіцца на тэрыторыі Веткаўшчыны. Пра гэтую падзею вядома з больш позняга дакумента, датаванага 1483 годам. У гэтым годзе адбыўся суд паміж сынам Саковіча (у публікацыі дакумента яго прозвішча памылкова прыведзена як “Юковіч”) Багданам Андрэевічам і князямі Мажайскімі, тагачаснымі ўладальнікамі Гомельскай воласці. Багдан Саковіч скардзіўся, што пасля смерці яго бацькі (з іншых крыніц вядома, што пан Андрэй Саковіч памёр каля 1464 г.) гэтыя “пажалаванні” былі зноў далучаны да воласці, у той час як павінны былі перайсці ў спадчыну да яго, Багдана. Суд пацвердзіў яго правы і вярнуў яму маёнткі.

Пасля смерці Свідрыгайлы вялікі князь Казімір зноў аддаў Гомсльскую воласць выхадцу з Масквы. На гэты раз ім стаў князь Іван Андрэевіч Мажайскі. Як і Васіль Бароўскі, ён быў блізкім родзічам вялікага князя маскоўскага Васіля II. У адрозненне ад Бароўскага, князь Мажайскі застаўся ў Вялікім княстве Літоўскім да канца жыцця. Яго ўладанні былі затым перададзены двум яго сынам, Андрэю і Сямёну. Менавіта з імі судзіўся ў 1483 г. Багдан Саковіч, дамагаючыся звароту маёнткаў.

Хутка затым Андрэй Мажайскі памёр, а яго брат Сямён захоўваў свае ўладанні да 1499 г., калі распачалася вялікая вайна паміж Вялікім княствам Літоўскім і Маскоўскай дзяржавай. У ходзе гэтай вайны князь Мажайскі з усімі сваімі ўладаннямі перайшоў на бок Івана III Маскоўскага. Вайна закончылася перамогай Масквы, і, паводле мірнага пагаднення ад 1503 г., уся Гомельская воласць і якраз тая частка Чачэрскай, што ахоплівала Веткаўшчыну (з сёламі Свяцілавічы, Галоднае, Жалезавічы), адышлі да Маскоўскай дзяржавы і былі ўключаны ў Старадубскі павет.

Пад уладай Масквы ўся Веткаўшчына заставалася да 1535 г., калі ў ходзе новай вайны Гомель быў адбіты войскамі Вялікага княства Літоўскага. У выніку новага мірнага пагаднення, заключанагаў 1537 г., Масква адмовілася ад Гомельскай воласці. Маёнтак Хальч быў вернуты панам Халецкім. Што да Данілавічаў, то яны былі зноў далучаны да Гомельскай воласці, бо іх колішні спадчыннік Багдан Саковіч не пакінуў нашчадкаў мужчынскага полу.

З дыпламатычных дакументаў аб заключэнні перамір’я ў 1537 г. вынікае, што паўночная Веткаўшчына з сёламі Галоднае, Жалезавічы (Жалезнікі) і Свяцілавічы не была вернута ў склад Чачэрскай воласці і засталася ў Маскоўскай дзяржаве. Тым не менш пазней гэтыя ўмовы былі нейкім чынам перагледжаны, бо ў другой палове XVI ст. паўночная Веткаўшчына зноў згадваецца як частка Чачэрскай воласці.

 

Крыніца: Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Веткаўскага р-на. – Мн., 1997. С. 41-46