На радзіме Капеляна і Сыса

0
654
Анатоль Сыс нарадзіўся ў Рэчыцкім раёне
Рэчыца. Успенская вул. Пачатак XX ст.

Здараецца, што ў вялікія падарожжы выпраўляюцца не толькі аматары адкрыцця новых краін, але і кнігі. Мо калі-небудзь і раскажу я ўсе свае кніжныя гісторыі, звязаныя з Кубай, дзе давялося пражыць болей двух гадоў. А зараз, збіраючыся ўзгадаць, хто ж з Рэчыцы сляды праклаў ў вялікі свет, распавяду такую гісторыю…

1989 год… Мой сябра Валерый Манюцін, знайшоўшы ў Мінску кубінца, які пасля заканчэння вышэйшага ваенна-палітычнага вучылішча вяртаецца на Востраў Свабоды, з іншымі дарункамі перадае колькі зборнічкаў серыі “Першая кніга паэта”. Асабліва не разбіраючыся ў беларускай паэзіі, Валера ўхапіўся адно толькі за серыю, калі я прасіў у лісце перадаць нешта з новых паэтычных кніг. Разам з дырэктарам магазіна савецкай кнігі імя М. Горкага ў Гаване Арман­да знаходжу кватэру незнаёмага мне кубінскага лейтэнанта. Малады сімпатычны хлопец. Распытваю пра Мінск, агульныя словы, нечым яго спрабую аддзячыць… I — колькі радасці прыносіць мне стосік танюткіх кніжачак! Сярод іншых зборнікаў — “Пан Лес” Анатоля Сыса. Пра аўтара ведаю з “ЛіМа”, які трапляе да мяне штотыдзень і сюды, за тысячы зямных і марскіх міляў. Ды кубінскі лейтэнант, а яшчэ Арманда, які некуды спяшаўся, загаварылі мяне ўшчэнт, і стосік кніжачак застаецца ляжаць на тумбачцы ў чужой кватэры. Яшчэ колькі разоў заходзіў я па тым гаванскім адрасе, а гаспадароў усё не знаходзіў. Прыязджаў, даведаўшыся, дзе служыць лейтэнант, і ў яго вайсковую часць. Прасіў, каб сам прывёз, перадаў беларускія кнігі. Ды марна… “Пан Лес” — адзін з пяцітысячнага тыража — так і застаўся ў Гаване. Няма ўжо Анатоля Сыса — пайшоў з жыцця ў маі 2005 года, пахаваны ў родным рэчыцкім Гарошкаве. Унікальная, між іншым, вёска. Пра яе паэт так расказваў у адным з інтэрв’ю:

“Мая хата стаіць на гарадзішчы Зарубянецкай і Мілаградскай культур. Гэта III — IV стагоддзі да нашай эры. Яшчэ мая маці і бацька ў 50-х гадах удзельнічалі ў раскопках пад кіраўніцтвам прафесара Мельнікоўскай. Бацька на самазвале адвозіў скрыні са знаходкамі ў Рэчыцу на цягнік, а адтуль іх адпраўлялі ў Маскву, Ленінград. Тэта мае аднагодкі хадзілі па лясах, снарады капалі, а я з дзяцінства саматугам капаў чарапкі, маністы, крамянёвыя наканечнікі стрэлаў ды насіў у мясцовы краязнаўчы музей. Я, дарэчы, часта жартую, што сталіца Беларусі — Гарошкаў, бо першага глінянага каня знайшлі на маім гародзе, як бульбу капалі. Ён зараз — ва ўсіх энцыклапедыях…”

Літаратурная слава Гарошкава — празаік, драматург, ваенны журналіст Аркадзь Пінчук (ён зусім нядаўна памёр у Санкт-Пецярбургу). Працаваў уласным карэспандэнтам “Красной звезды” ў Санкт-Пецярбургу. Памятаю спектакль па яго п’есе “Лейтэнанты” ў львоўскім тэатры. Некаторы час назад, пазваніўшы Аркадзю Фёдаравічу, даведаўся, што зямляк закончыў новы раман. А тэма — ваеннае дзяцінства, рэчыцкія партызанскія сцежкі.

Але ж давайце зазірнём ў Рэчыцу, дзе сыходзіліся многія і многія дарогі. I выпраўляла Рэчыца ў вялікі свет многіх сваіх сыноў і дачок. 3 горада на Дняпры — генерал-маёр Іван Баброўнікаў, які камандаваў артылерыйскай дывізіяй у час Вялікай Айчыннай вайны. Сярод васьмі ордэнаў, якімі адзначаны за ратную працу, — два ордэны Леніна. У рэчыцкай вёсачцы Артукі нарадзіўся генерал-палкоўнік Мікалай Каваленка. Доўгія гады ў пасляваенны час ён быў адным з кіраўнікоў партыйна-палітычнай работы ва Узброеных сілах СССР. 3 Рэчыцай самым цесным чынам звязаны лёс генерал-лейтэнанта, Героя Сацыялістычнай Працы, лаўрэата Ленінскай прэміі Анатоля Дзям’янавіча Кунцэвіча. Вучоны, чыё імя занесена ў спіс сусветна вядомых хімікаў, нарадзіўся на Асіповіччыне — у Свіслачы. А бацькі пасля вайны жылі ў Рэчыцы, сюды і завітваў Анатоль курсантам, афіцэрам, генералам… У горадзе нядаўна і вуліцу назвалі імем Кунцэвіча.

I ўсё ж горад болей прыналежны да мастацтва. Славу Рэчыцы ў апошнія дзесяцігоддзі прынеслі мастакі. Першы ў іх шэрагу, канешне ж, — Аляксандр Ісачоў. Сапраўднай знічкай праляцеў ён у часе. Нарадзіўся творца ў 1955 годзе ў гарадскім пасёлку Азарычы Калінкавіцкага раёна. Але большую частку жыцця правёў у Рэчыцы. Сюррэалістычная манера, якую майсгар абраў пад уплывам нефармальнага ленінградскага асяроддзя, была пабудавана на біблейскіх сюжэтах. Глядзіш на рэпрадукцыі Ісачова — і падаецца, што палотны нашаму земляку дыктаваў нехта звыш. “Андрэй Першазваны”, “Прарок” “Рахіль” “Майсей” — у іх не толькі мінулае, але і наш супярэчлівы час. Вядомы беларускі кінарэжысёр Анатоль Алай зняў выдатны фільм “Не плачце па мне”, прысвечаны мастаку.

Рэчыца — радзіма Яфіма Захаравіча Капеляна, народнага артыста СССР, акцёра кіно і тэатра. “Яфім Закадравіч” так жартам называлі калегі па тэатры Таўстаногава ў Піцеры. Капеляна проста нельга не ведаць — здымаўся ён у фільмах “Няўлоўныя мсціўцы” “Качубей” “Крах”, “Час, наперад!” “Злачынства і пакаранне” “Ягор Булычоў і іншыя…” “Аповесць пра чалавечае сэрца”, “Даурыя”… У фондах Рэчыцкага краязнаўчага музея знаходзіцца нямала матэрыялаў пра Капеляна, яго асабістыя рэчы, якія перадала землякам жонка акцёра — народная артыстка СССР Ханум Людміла Макарава. Мо з часам у горадзе, які з году ў год расце, прыгажэе, да сваёй шматвекавой славы дадае новую гісторыю, з’явіцца і новая вуліца — вуліца Яфіма Капеляна?..

Аўтар: А.М. Карлюкевіч
Крыніца: Радзімазнаўства : Мясціны. Асобы : краязнаўчыя нарысы / Алесь Карлюкевіч. — Мінск: Літаратура і Мастацтва, 2010. — 352 с.: іл. Ст. 145-148.