На Радаўніцу да абеду пашуць, па абедзе плачуць, а ўвечары скачуць

0
1598
Гомель, радуница

Па старажытным беларускім звычаі на Радаўніцу звычайна наведваюць і ўпарадкоўваюць магілы ды знакавыя месцы нашых продкаў.

Гомельскія актывісты запрашаюць 29 красавіка ўсіх неабыякавых гамельчукоў дапамагчы ў прыбіранні сакральнага месца і разам ушанаваць Дзядоў.

Сам назоў Радаўніца (Радуніца, Раданіца) вельмі архаічны. Няма адзінага меркавання пра яго паходжанне. Здавалася б, значэнне слова ляжыць на паверхні. Так, доўгі час яго этымалогію выводзілі ад «радавацца» або «род». «Род» — ясна, чаму. На карысць «радаснай» тэорыі сведчыла тое, што ў хрысціянскі час Радаўніца стала «Вялікаднем памерлых»: святам, прасякнутым надзеяй на ўваскрашэнне і вечнае жыццё. Аднак многія навукоўцы лічаць такое тлумачэнне павярхоўным. Больш навуковым ключом да тлумачэння слова можа быць літоўскае raudá «плач з галашэньнем» і raudìnė «малітва з плачам і галашэннем». Параўнайце, як гэта падобна да славянскага «рыдання». Сам абрад памінання дзядоў па Вялікадні ў нас з літоўцамі ідэнтычны.

За каментаром мы звярнуліся да аднаго з ініцыятараў – Зміцера Новікава.

Зміцер, у нашай, пераважна хрысціянскай краіне Радаўніца мае канкрэтнае значэнне. У гэты дзень памінаюць памерлых продкаў і наведваюць іх могілкі. Але вы, падаецца, не збіраецеся прыбіраць могілкі ў гэты дзень. Калі гэта так, тады што вы збіраецеся рабіць?

Казаць пра пераважна хрысціянскую традыцыю ў нашай краіне яўнае перабольшанне. Беларускі абшар быў і застаёцца паганскім, і хрысціянства толькі дадало яму афарбоўку. Радаўніца, ці наўскі вялікдзень гэта старажытнае свята, якое засталося з тых часоў калі пра хрысціян ніхто не чуў. Яно было перанятае царквой за часамі так званага дваевер’я.

Мы адмыслова ня сталі прызначаць прыборкі і святочную вячэру на той жа дзень, калі ідзе афіцыйная Радаўніца, каб кожны мог патрапіць на могілкі да сваіх дзядоў. Але ёсць і іншае месца, якое вартае таго, каб яго прыбраць і запаліць там агмень у гонар і на знак пашаны нашых продкаў. Больш за тое, гэтае месца было раней акружана капцамі-валатоўкамі, якія, нажаль, былі зруйнаваны ўзворваннем. Мы нават адмыслова не паедзем на курганы, каб не прыцягваць да іх увагі “чорных археолагаў”.

Калі традыцыйна святкавалі Радаўніцу і ці ёсць тут разыходжанні паміж сённяшняй (пераважна праваслаўнай) традыцыяй і ранейшай?

Традыцыйныя дні памінання продкаў адрозніваюцца ад рэгіёна да рэгіёна. Мы проста абралі выходныя, каб усім было зручна даехаць і каб кожны мог наведаць сваіх дзядоў.

Як суадносіцца велікодная ежа на мерапрыемстве, што вы збіраецеся ладзіць – яйкі, паскі так бы мовіць?

Традыцыйныя рэлігіі ў адрозненні ад так званых “сусветных” лёгка адаптуюцца да зменаў, і так атрымалася, што традыцыя гэтага свята ў нас ужо знітаваная з вялікоднай ежай. Наколькі гэта магчыма – хочацца пазбегнуць нейкіх наваробных хімераў, як адбываецца ў раднавераў ці нейкіх “славяна-арыяў”.

Дзякуй за інтэрвію!

*****

Пры сабе добра мець: сякеры, рыдлёўкі, граблі, мяхі для смецця (з-пад бульбы ці цукру).

Каб ушанаваць Дзядоў святочнай вячэрай бярыце з сабою традыцыйную ежу: вялікодныя яйкі ды булкі, бліны, сальца ды г.д.

Што тычыцца алкагольных напояў, то пазбегніце напояў мацней за піва. Піва лепш браць цёмнае, як болей старажытнае. Таксама дарэчны медавуха ці збіцень

Калі: 29 красавіка, а 9:00

Дзе: месца будзе паведамленае ў прыват, звяртайцеся да арганізатараў

Падзея Вконтакте: vk.com/radaunica

Кантакты: +375 29 5308330, Зміцер Новікаў

Аўтар: Яўген Меркіс

Гомель, радуница