На Пралетарскай з-за будаўнічых работ руйнуецца унікальны помнік архітэктуры

0
1484
Гэты будынак на вуліцы Пралетарскай у Гомелі - помнік архітэктуры

З лістапада 2016 года ў Гомелі на будынку былой ваеннай пракуратуры па Пралетарскай, 16 праводзяцца будаўнічыя работы. У гэтым годзе гістарычны дом з аўкцыёну выкупіў гомельскі прадпрымальнік, які з’яўляецца ініцыятарам сумніўнай перабудовы сядзібы.

Дом на вуліцы Пралетарскай у Гомелі
Стан дома сёння. Ужо знішчаны дэкор фрыза і карніза

Стары драўляны дом, абкладзены з вонкавага боку цэглай, ужо даўно патрабаваў увагі спецыялістаў — доўгі час будынак увогуле не эксплуатаваўся і выглядаў закінутым. Каваны кранштэйн падстрэшак над ганкам хтосьці паспеў часткова «адвандаліць» і, магчыма, здаць на металалом. Некаторыя элементы драўлянага дэкору часткова страчаны.

Ліштвы дома на Пралетарскай
Аконныя ліштва багата дэкараваная

І ўсё ж у гэтым годзе для дома з’явіўся выдатны шанец атрымаць доўгачаканую рэстаўрацыю. Неэксплутаваны гарадскі будынак быў выстаўлены на аўкцыён для продажу. Гэта значыць, што, калі будынак прадаецца, яго новы ўладальнік абавязваецца прывесці дом у добры стан і эксплуатаваць па нейкім пэўным прызначэнні.

Купля дома па вуліцы Пралетарскай, 16 магла б стаць выдатнай інвестыцыяй для прадпрымальнікаў. У будынку магло размясціцца кафэ, рэстаран, прыватная галерэя. Размяшчэнне асабняка ідэальнае для вядзення падобнага бізнесу — у гістарычным цэнтры горада каля цэнтральнага парку. Але, безумоўна, быў і адзін падводны камень — дом мае афіцыйны статус гісторыка-культурнай спадчыны і яго ўладальнік павінен быў ўскласці на сябе вялікую адказнасць за захаванне знешняга выгляду будынка.

Мабыць гэта адно АЛЕ не спыніла новага ўладальніка, які адважыўся ўкласці сродкі ў гістарычны дом. Сядзіба была паспяхова выкуплена і цяпер на ёй здзяйсняюцца будаўнічыя работы. Неабыякавыя жыхары пачалі заўважаць, што з пачаткам будаўнічых работ, па хаце пайшлі расколіны. Раней іх не было, тым больш дом зусім нядаўна быў пафарбаваны перад прыездам у Гомель кіраўніка дзяржавы. На сённяшні дзень гамяльчане паведамляюць у сацыяльных сетках аб тым, што ўжо дэмантаваны дах дома. Але самае непрыемнае, што можа адбыцца з домам, яшчэ наперадзе.

Сённяшні ўладальнік дома зусім не хавае свае планы. Напрыклад, 10 лістапада падчас публічнага мерапрыемства ў бібліятэцы імя Герцэна прадпрымальнік смела распавядаў групе студэнтаў і іншым наведвальнікам, што рабіць усё па законе ён не збіраецца. З яго слоў стала вядома, што ўся драўляная аснова будынка (зруб) будзе дэмантаваная і замененая на новы матэрыял. Увесь дэкор фасада дома таксама будзе дэмантаваны і заменены. Такім чынам, ад першапачатковага дома застанецца толькі тонкая цагляная абліцоўка.

Трещины на доме в Гомеле
Пасля пачатку работ з’явіліся расколіны на цаглянай абкладцы

Такога роду працы на матэрыяльнай нерухомай гісторыка-культурнай каштоўнасці строга забараняюцца законам. У ідэале ў такім доме неабходна было б замяніць толькі тыя драўляныя элементы, якія знаходзяцца ў дрэнным стане. Таксама ёсць небяспека, што цагляная абліцоўка абрынецца, калі будзе праводзіцца дэмантаж драўлянага зруба, які з’яўляецца канструктыўнай асновай будынка.

Што тычыцца дэкору, то яго дэмантаж наогул выглядае абсурдным рашэннем. Зрабіць аналагічныя дэталі з новага матэрыялу — фантастычна складаная задача. У нас проста няма арганізацый, здольных паўтарыць тэхніку вырабу драўлянага дэкору.

Працы на доме актыўна працягваюцца. Застаецца толькі спадзявацца, што ўсё ж першапачатковыя ідэі па «знішчэнню дома» — гэта толькі фантазіі недасведчанага прадпрымальніка. Таксама сваё слова павінны сказаць кампетэнтныя органы (аддзел аховы гісторыка-культурнай спадчыны пры аблвыканкаме, гарадская архітэктура, навуковы кіраўнік праекта рэстаўрацыі), якія абавязаны здзяйсняць кантроль над любымі працамі, якія адбываюцца на нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці. Тым больш няшчасны дом і гарадская архітэктура знаходзіцца на адной вуліцы, трэба толькі дарогу перайсці.

Сёння, на жаль, пакуль якасных зрухаў у справе аховы архітэктуры не назіраецца — гарвыканкам дае справаздачу пра поспехі ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны, а нешматлікія гістарычныя помнікі працягваюць дэградаваць і зносіць.

Вуліца Пралетарская мае статус помніка архітэктуры, аднак гэта не перашкаджае перабудоўваць дамы паасобку…

Дом на улице Пролетарской
Ралеты, кандыцыянеры, металадахоўка — некаторыя будынкі паказваюць, як нельга абыходзіцца з гістарычнай забудовай
Дом на улице Пролетарской в Гомеле
Тут чамусьці з’явіўся другі паверх
Зруйнаваны дом у Гомелі
Гэты дарэвалюцыйны дом быў знесены ў 2007 годзе
Перабудаваны дом у Гомелі
Левая частка ў гэтым будынку арыгінальная, правая — радыкальна перабудавана
Стары дом у Гомелі
Самая акуратная рэстаўрацыя праведзена на звычайным жылым доме на перакрыжаванні Пралетарскай і Гагарына

Аўтар: Марыя Булавінская