На Палессі куток ёсць такі… (вёска Малыя Аўцюкі)

0
231
На Палессі куток ёсць такі... Малыя Аўцюкі

Сярод густых зялёных лясоў на беразе прыгожай паўнаводнай рачулкі Закаванка раскінулася вёска Малыя Аўцюкі. Напэўна, толькі той, хто вырас сярод неабсяжных лясоў, блакітных лугоў, хто ўдыхаў водар кветак і траў, прачнуўшыся да ўсходу сонца, хто ступіў разок басанож на траву, пакрытую серабрыстаю расою, той з упэўненасцю скажа, што няма лепшай на свеце мясцінкі, чым родная вёска.

Я хачу правесці Вас па зямлі, якая для мяне і мабыць не толькі для мяне — даражэй за ўсё. Самы ўтульны і чароўны кут.

Як магутная рака ўтвараецца з крынічак, так і мы аб мінулым даведваемся з мноства гістарычных крыніц. Мяне зацікавіла гісторыя маёй Радзімы — вёскі Малыя Аўцюкі Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці. Та­му ў сваёй даследчай рабоце я старалася паказаць гістарычнае мінулае маёй малай Радзімы. Галоўнай мэтай даследванняў з’яўляецца захаванне спадчыны, якая засталася ад продкаў. У аснову работы былі пакладзены архіўныя дакументы, аповеды сведкаў падзей, артыкулы газеты «Калінкавіцкія навіны» і матэрыялы кнігі «Памяць». Пад час збору матэрыялаў я супрацоўнічала з ветэранамі і жыхарамі вёскі Малыя Аўцюкі.

Вёска размешчана ў 13 кіламетрах на ўсход ад г. Калінкавічы. Бліжэйшы населены пункт — вёска Аляксандраўка, якая пачынаецца адразу па вуліцы Першамайскай. За 6 кіламетраў на захад ад вёскі знаходзіцца вёска Сырод. Галоўная вуліца Малых Аўцюкоў — Савецкая — прасціраецца з поўдня ад Гомельскай шашы на поўнач у напрамку да возера, яе працягласць 3 км. Паралельна галоўнай вуліцы працякае рака Закаванка (Гулевіцкі канал), левы прыток Прыпяці даўжынёй 42 км. Вёска размешчана сярод лясоў і калісьці была акружаная балотамі. У 60-я гады ХХ ст. была праведзена меліярацыя з мэтай асушэння зямель. Так з’явіліся урочышчы Паплавы і Корамка. У канцы 50-х гадоў у вёсцы была праведзена электрычнасць і радыё, у сярэдзіне 60-х гадоў па галоўнай вуліцы была пракладзена шаша, гэта зрабіла жыццё вяскоўцаў больш камфортным. У 80-х гадах з’явіўся вадапровад.

На поўдзень у дзесяці кіламетрах ад Малых Аўцюкоў знаходзіцца вёска Вялікія Аўцюкі. У жыхароў гэтых населеных пунктаў Калінкавіцкага раёна жыве паданне аб тым, што Вялікія і Малыя Аўцюкі набылі свае імя ў часы аддзялення ад рускай праваслаўнай царквы часткі веруючых, якія не прызнавалі царкоўных рэформаў патрыярха Нікана, што праводзіліся з 1654 го­да. У той час вялікая колькасць уцекачоў быццам бы асела ў мясцінах, дзе цяпер размешчаны нагаданыя вёскі. Гэтых людзей так і назвалі па колькасці пасяліўшыхся — вялікія і малыя ўцёкі. Ад слова ўцёкі, згодна з паданнем, і пайшла назва вёсак Вялікія і Малыя Аўцюкі. Аднак гісторыя Аўцюкоў пачынаецца задоўга да сярэдзіны XVII ст., калі адбываліся падзеі звязаныя з расколам царквы. Найбольш ранняя з вядомых сёння звестак пра Аўцюкі (першым з’яўляецца населены пункт Вялікія Аўцюкі, Малыя ж Аўцюкі ўзніклі як выселак з асноўнай вёскі) датуецца 1552 годам, калі быў складзены адзін з вопісаў Мазырскага замка. Вядомы этнограф І.А. Сербаў у кнізе «Паездкі па Палессю» [1, с. 51] пісаў пра насельнікаў Аўцюкоў наступнае — «Аўцюк — перш за ўсе жыхар поўдня, брунет, сярэдняга росту і прыгожага целаскладу. Гаворыць ён скарагаворкай з паўднёва-рускім акцэнтам зусім адвольна скарачаючы словы… Акрамя таго ў гаворцы аўцюкоў добра захаваліся формы і звароты рускай прамовы…».

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай 1793 год вёска знаходзіцца ў складзе Расійскай Імперыі. У 1821 годзе адбыліся антыфеадальныя выступленні сялян вёсак Вялікія і Малыя Аўцюкі. Прычына — значны падатковы ціск і недахоп ворнай зямлі. Праблемнае пытанне вырашылася ў 1861 годзе з сялянскай рэформай, якая адмяніла прыгоннае права.

У 1878-1880 гг. экспедыцыяй генерала Жылінскага, на месцы рэчкі Закаванкі, быў пракладзены магістральны канал, што дазволіла асушыць многія балоцістыя мясціны ў наваколлі. Канал будавалі ўручную, з дапамогай рыдлёвак, мясцовыя сяляне. Яшчэ адну функцыю выконваў канал Закаванка — гэта сплаў лесу з навакольных лясоў.

У 70-х гадах XIX ст. непадалёк ад Малых Аўцюкоў будуецца Палеская чыгунка Брэст — Пінск — Гомель. У 1882 годзе па чыгунцы адкрываецца рух.

Усе гэтыя акалічнасці прыводзяць да таго, што вёска знаходзіцца побач з новымі шляхамі зносін. Але гэта асабліва не паўплывала на жыццё вёскі. Сяляне як былі забітымі, неадукаванымі, такімі ж і засталіся. Паводле перапісу 1897 года ў Аўцюцэвічскай воласці 122 двары, 1048 жыхароў, царква, царкоўна-прыхадское і народнае вучылішчы, хлебазапасны магазін, карчма. У 1907 годзе пабудаваны школьны будынак. Між тым культура, адукацыя стан аховы здароўя насельніцтва былі на вельмі нізкім узроўні. Бальніца была толькі ў Мазыры, дзе адзін доктар прыходзіўся на 1880 чалавек. З ўспамінаў жыхара вёскі П.З. Дулуб аб навучанні ў школе: «Нам, простым дзецям сялян, у школе было вучыцца цяжка. У нас не было падручнікаў, сшыткаў. Каб вывучыць урок патрэбна было абыйсці ўсю вёску, таму што на ўсіх быў адзін падручнік, і мы яго бераглі як святыню. Нас вельмі білі і ў школе я нічому не навучыўся».

У пачатку XX ст., калі ўжо дзейнічала чыгунка, была праложана насып­ная дарога са станцыі Галявіца ў напрамку ўрочышча Паплавы і далей. Дарога называлась «Ляжнёўка». Па гэтай дарозе да першай сусветнай вайны вывозілі лес, які потым пастаўляўся ў Германію.

7 лістапада 1917 года здзейснілася рэвалюцыя. Змагарамі і агітатарамі за савецкую ўладу ў Малых Аўцюках сталі Века Павел Андрэевіч, Севярын Пятро Кірылавіч. У лютым 1918 года пачаўся перыяд нямецкай акупацыі, калі ўся Гомельшчына была далучана да Украіны. Але гэта доўга не працягвалася — моц Чырвонай Арміі расла і 29 чэрвеня былі вызвалены Мазыр і Калінкавічы. Першымі дабравольцамі ў Чырвоную Армію запісалісь: Малашчанка Ілларыён Сцяпанавіч, Севярын Пятро Дзмітрыевіч, Века Аляксей Фёдаравіч, Малашчанка Карп Сцяпанавіч. 4 красавіка 1921 г. быў ліквідаваны ваенрэўком і створаны Калінкавіцкі местачковы Савет. Грамадзянская вайна скончылася. 1 красавіка 1923 г. адбылася беспартыйная канферэнцыя сялян Аўцюцэвічскай воласці, якая заклікала працоўны народ да аднаўлення разбуранай гаспадаркі сваімі сіламі. У 1925 г. у Малых Аўцюках дзейнічала пажарная ахова, дзе мелась пажарная машына. Аднак 9 верасня 1927 г. у выніку пажару ў вёсцы згарэла 13 пабудоў.

У другой палове 1929 г. у раёне пачалася масавая калектывізацыя сельскай гаспадаркі і ў 1930 г. ў вёсцы арганізаваны калгас «Чырвоны Кастрычнік», першымі арганізатарамі якога былі Века Сямён Ермалаевіч і Шашолка Амяллян Пятровіч. Старшынёй калгаса быў абраны Дулуб Іван Паўлавіч. У 30-я гады ХХ ст. праз вёску будавалась шаша Гомель — Калінкавічы. У 1937 г. на балоце, каля вёскі быў арганізаваны торфзавод «КІМ». Акрамя таго, праводзілась ліквідацыя непісьменнасці. Пачатковая школа была ператворана ў сямігадовую (у 1935 г. — 248 вучняў). У школе ў 1935 г. адбыўся першы выпуск.

Амаль да пачатку вайны ў вёсцы існавала царква. Яна займала не апошняе месца ў жыцці вёскі і сялян. Званы царквы абвяшчалі аб пажарах, аб смерці і нараджэнні аднавяскоўцаў. На ніве барацьбы з рэлігіяй у 1937 г. скінулі званы і купалы з царквы, і знялі іконастас. Апошнім святаром быў Ждановіч. У пачатку вайны ў царкву звезлі збожжа ўраджаю 1941 года. У тым жа годзе ў Аўцюкоўскай царкве здарыўся канфуз. На званніцу па ступеньках лесвіцы ўзышла «кусцішына» свіння, так як злезці не змагла, то яна звалілась і разбілась. Пасля гэтага выпадку пра Аўцюкі пайшла гуляць па свеце байка. Калі чалавек расказваў камусьці што ён з Аўцюкоў, то яго перапытвалі: «Гэта тыя Аўцюкі, што свіння з царквы ўпала?».

У час вайны ў царкве вялася служба. Пры вызваленні вёскі ад фашыстаў у царкву трапіў снарад і яна згарэла. Так вёска засталася без царквы.

Перад пачаткам вайны вёска налічвала 476 двароў, дзе жыло 1683 жыхароў. Па мабілізацыі былі забраны на вайну мужчыны да 50 гадоў (300 чалавек). Немцы ўвайшлі ў вёску ў канцы жніўня 1941 года. Так пачалося жыццё ў акупацыі. Актывізаваўся партызанскі рух.

Перад вызваленнем вёскі ў кастрычніку 1943 года ўсе жыхары пайшлі ў лес. Жылі ў куранях на Корамцы і Фёдаракава (урочышчы). 8 студзеня 1944 года пачалося генеральнае наступленне. Вёску вызвалілі 14 студзеня, але пры гэтым загінула 290 воінаў.

Калі жыхары вярнуліся ў вёску пасля вызвалення ад фашыстаў, то хаты стаялі адна праз тры спаленых, і тыя былі без вакон і без падлогі. Многія сем’і засталіся без карміцеля, многа было пакалечаных. У гэтых умовах патрэбна было аднаўляць гаспадарку. Вярталіся франтавікі, быў адноўлены калгас «Чырвоны Кастрычнік», які узначаліў Супрун Сяргей Пятровіч. Пакрысе вёска аднаўлялась, з’явіліся новыя вуліцы — Афіцэрская, Балота, Зарэчная.

У 1955 годзе быў пабудаваны будынак новай сямігадовай школы. Да 1956 года ў 8-10 класы вучні хадзілі ў Вялікааўцюкоўскую школу, а ў 1958 годзе ўжо адбыўся выпуск у Малааўцюкоўскай сярэдняй школе — 14 чалавек.

На сённяшні дзень школа з’яўляецца сярэдняй. Тут вучацца з першага па адзінадцаты клас дзеці з вёсак Малыя Аўцюкі, Аляксандраўка, Іосіфава Рудня і Ладыжын. У 10 і 11 класы прыходзяць дзеці з Вялікааўцюкоўскай і Сыродскай базавых школ.

У 1959 годзе ў вёсцы налічвалася 1772 жыхары. У 1960 годзе на месцы калгаса быў створаны саўгас «Галявічы», які потым быў раздзелены на дзве самастойныя часткі — «Галявічы» і «Дудзічы». Новы саўгас узначаліў Табулін Васіль Іванавіч.

У 60-70-я гады жыццё наладзілася і палепшылася, была пабудавана кра­ма каля клуба, а таксама тарговы цэнтр каля шашы.

Асноўным месцам культурнага адпачынку ў аўцюкоўцаў з’яўляецца сельскі Дом культуры. У вёсцы існаваў хор, мастацкім кіраўніком якога з’яўляўся Века Аляксей Пятровіч.

Адной з адметных падзей жыцця вёскі з’яўляецца Рэспубліканскі фестываль гумару, які праводзіцца з 1995 года. Заснавальнік яго — беларускі дзіцячы паэт Уладзімір Ліпскі. Фестываль гумару праходзіць адзін раз у два гады. На фестывальных пляцоўках у вёсках Малыя і Вялікія Аўцюкі праходзяць вясёлыя спаборніцтвы паміж гумарыстамі з усіх абласцей Беларусі. Вядомым беларускім кампазітарам Ігарам Лучанком на словы паэта І. Карэнды напісаны гімн фестывалю. Створаны помнік Каласку і Калінцы, закладзены музей гумару. Усебеларускі фестываль гумару, які праводзіцца ў Аўцюках, паставіў назву вёскі ў адзін шэраг з такімі прызнанымі цэнтрамі гумару, як Габрава, Адэса, Сарочынцы.

Вось такія асноўныя вехі вялікай гісторыі невялічкага кутка Палесся. Шмат матэрыялаў было сабрана. А значыць памяць не загіне. Пачынаючы даследчую працу, я ставіла толькі мэту стварыць летапіс сваёй вёскі. Але ў час гутарак з аднавяскоўцамі зразумела, что дасягнула чагосьці большага — ускалыхнула прыемныя, а часам і цяжкія, але ўсё ж дарагія сэрцу ўспаміны. Пажылыя людзі дзякавалі за выяўленую цікавасць да іх лёсу. Яны — гэтыя мудрыя старцы — як ніхто разумеюць, што пакуль мы памятаем нашых продкаў і захоўваем іх спадчыну — мы жывем і маем права людзьмі звацца.

Спіс літаратуры

  1. Сербов, И.А. Поездки по Полесью 1911 и 1912 гг. / И.А. Сербов. — Вильна, 1914.
  2. Кніга памяці Калінкавіцкага раёну. — Калінкавічы, 1999.

Аўтары: В.А. Дулуб, С.М. Спектор
Источник: Гомельщина в XX-XXI веках. Вехи истории: материалы науч.-ист. семинара / под общ. ред. епископа Гомельского и Жлобинского Стефана; М-во трансп. и коммуникаций Респ. Беларусь, Бело­рус. гос. ун-т трансп.; Гом. епархия Белорус. православной церкви. — Гомель: БелГУТ, 2017. — 155 с. Ст. 47-51.