На Гомельшчыне знайшлі і даследавалі зубы раней невядомага віду акулы

0
141
Зубы акулы древней

У навуковым часопісе Estonian Journal of Earth Sciences апублікаваныя вынікі даследавання беларускімі і расійскімі навукоўцамі зубоў невядомага віду акулы, якія былі знойдзеныя ў Гомельскай вобласці яшчэ ў 1970 годзе.

Тры зубы акулы былі знойдзеныя непадалёк ад Жыткавічаў на глыбіні 200 метраў падчас пошуку саляных радовішчаў на тэрыторыі нашай краіны. Яны добра захаваліся дзякуючы «кансервацыі» ў пластах гліны.

Даследаваннем займаліся спецыялісты БНТУ і Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта Дзмітрый Плакс і Аляксандр Іваноў. Мікратамаграфічныя даследаванні дазволілі навукоўцам даведацца аб эвалюцыйных зменах зубной сістэмы рыб.

Паводле даследавання, з часам колькасць вяршыняў зубоў і колькасць зубных каналаў у рыб памяншалася, і цыкл змены зубоў станавіўся значна карацейшым. Новы від зубоў кажа пра невядомы дагэтуль тып харчавання акул і пра тое, што сярод сучасных акул такіх няма».

Кожны з зубоў утрымліваў чатыры асноўныя вяршыні, а ўсяго навукоўцы іх налічылі больш за дваццаць. Такіх зубоў даследчыкі не сустракалі ні ў адной старажытнай акулы.

Закамянеласці палеазойскай эры даследчыкі аднеслі да раней невядомага навуцы віду акул Tamiobatis і назвалі Tamiobatis elgae (у гонар вядомага эстонскага палеаіхтыёлага Эльгі Марк-Курык з Таліна, якая вывучала знаходкі ў 1970-я гады).