Музычны дэтэктыў “Флейта-чарадзейка” прадставіць вашай увазе сямейны інклюзіў-тэатр «i», у якім разам са звычайнымі акторамі на адной сцэне выступаюць дзеці з аўтызмам. Паказ у Гомелі адбудзецца 8 кастрычніка ў межах праекта Міжнароднай Дабрачыннай Арганізацыі “Дзеці. Аўтызм. Бацькі” і кампаніі “Velcom”.
Першы спектакль новага тэатра вытрыманы ў жанры мюзікла. П’еса багатая на дэтэктыўныя загадкі і алегорыі, а таму цікавая як дзецям, так і дарослым. У аснове сюжэту – прыгоды дзвюх дзяўчынак, якія прыехалі да дзядзькі ў вёску і апынуліся ў казачным сусвеце. Каб выратваць лес і аднавіць натуральны цыкл прыроды, персанажы адпраўляюцца на пошукі чароўнай флейты. Паколькі рэальны і прыдуманы сусветы моцна пераплеценыя, блуканні дзяцей прыводзяць да нечаканых наступстваў.
Пастаноўшчыкам спектакля выступіў вядомы актор і рэжысёр Ігар Сідорчык. Асноўную сцэнаграфію і дэкарацыі стварыў беларускі мастак Веніямін Маршак, касцюмы — Таццяна Лісавенка. Прадзюсарам выступіў заснавальнік Альтэрнатыўнага тэатра Леанід Дзінерштэйн, а мастацкім кіраўніком — артыстка балета і рэжысёр Ірына Пушкарова. Песні для спектакля напісала Вольга Залеская, а кампазітарам і аўтарам лібрэта стала Марыя Дземянкова.
Чарговая пастаноўка спектакля адбудзецца ў суботу 8 кастрычніка ў Гарадскім цэнтры культуры г. Гомеля (вул. Ірынінская, 16).
Пачатак а 15.00.
Даведкі па тэлефонах: (0232) 75 07 02, (0232) 71 74 36