Мясцовыя асаблівасці святкавання каляд на тэрыторыі Жлобінскага раёна

0
370
Мясцовыя асаблівасці святкавання каляд на тэрыторыі Жлобінскага раёна

Каляды можна лічыць галоўным зімовым святам, якое яшчэ ў старажытнасці было звязана з наступленнем Новага года, а з прыходам хрысціянства стала сімвалам нараджэння Ісуса Хрыста. Рыхтаваліся да Каляд асабліва старанна. Прыбіралі ў хаце, куплялі розныя прысмакі, мыліся: «Перад Калядамі абязацельна мылісь у ванне, прыбіралі ў хаце, двары, куплялі канфеты, каўбасу, сала» (зап. ад Зінаіды Пятроўны Панцяйковай, 1936 г. н., у в. Антонаўка)1. Перад гэтым святам людзі стараліся дапамагаць адзін аднаму, асабліва адзінокім бабулям і дзядулям: «Бабам, якіх дзеці пагіблі на фронце, хадзілі мылі палы, сціраць памагалі» (зап. ад Ганны Арцёмаўны Ісаенка, 1931 г. н., у в. Кароткавічы).

Існуе спецыяльная назва для дня, што папярэднічаў Калядам, гэта пацвярджаецца і звесткамі, зафіксаванымі ў вёсцы Верхняя Алба: «Дзень напярэданні Каляд называецца Куццёй» (зап. ад Наталлі Ануфрыеўны Канаваленка, 1933 г. н., Сцяпана Васільевіча Байдакова, 1929 г. н.). Такая назва паходзіць ад наймення святочнай стравы, якую рыхтавалі ў гэты час, — куцці. Варыць яе маглі з розных круп: ячных, пшана, ячменю, грэчкі. У дачыненні да гэтага свята вялікае значэнне мела і лікавая сімволіка, бо куццю варылі тры разы: 6, 13 і 18 студзеня. У вёсцы Кароткавічы гэтыя дні адпаведна называліся «посная каляда», «багатая каляда» (у в. Шыхаў яе яшчэ называлі «скаромная») і зноў «посная каляда» (у в. Верхняя Алба — «галодная»): «Варылі расол — посна каляда. Тады была багатая каляда — ета ўжэ перад чатырнаццатым (трынаццатага). Перад Крашчэннем была зноў чыста посная каляда» (зап. ад Антаніны Віктараўны Паляковай, 1926 г. н.).

Падчас «першай куцці» абавязкова трэба было пакласці на стол сена, каб наступны год быў ураджайны. На сене неабходна, «каб і каласкі былі, і саломкі» (зап. ад Ганны Арцёмаўны Ісаенка, 1931 г. н., у в. Кароткавічы), бо лічылася, што зерне «сімвалізуе васкрасаюшчую жызнь» (зап. ад Зінаіды Пятроўны Панцяйковай, 1936 г. н., у в. Антонаўка). Пасля людзі мералі даўжыню саломіны, якую выцягне гаспадар, бо былі ўпэўнены, што так можна даведацца аб ураджаі лёну, які будзе сёлета. Раніцай наступнага дня гэтае ж сена аддавалі свойскай жывёле або зберагалі да вясны і абкручвалі ім пладовыя дрэвы. Жыхары верылі, што ўраджай ад гэтага будзе лепшы.

Елі куццю звычайна апошняй, спачатку частаваліся іншымі стравамі. Калі гэта была «посная куцця», то «расол налівалі, грыбоў, бурака наварыш» (зап. ад Ганны Арцёмаўны Ісаенка, 1931 г. н., у в. Кароткавічы), а на «багатую куццю» гатавалі ўсё мясное, «бліны пеклі, яечкі жарылі. Перад Крашчэннем была зноў чыста посная каляда. Расол, пярлоўка, аладкі з макам былі» (зап. ад Антаніны Віктараўны Паляковай, 1926 г. н., у в. Кароткавічы). Існавала вераванне: які стол будзе на «другую куццю», такі ён будзе і ўвесь год, таму гаспадары стараліся дастаць як мага больш розных прысмакаў, а галоўнай стравай лічылася парася.

Акрамя таго, на «багатую куццю» клікалі «мароз»: «А садзішся вячэраць, матка ўсім ужо налівае ў міскі і кажа: “Давайце ж ўжо Дзеда Мароза пагукаем ”. Хтосьці ўжо, чую, у вуглу: “Ду-дух!” Крычалі: “Мароз, мароз, хадзі гушчу есці!» (зап. ад Ганны Арцёмаўны Ісаенка, 1931 г. н., у в. Кароткавічы). Калі на другі дзень не было завірухі і ветру, то гэта абазначала, паводле ўспамінаў інфармантаў, што куцця «марозу» спадабалася.

З куццёй таксама была звязана дастаткова вялікая колькасць магічных народных вераванняў. Напрыклад, з мэтай забеспячэння ў будучым годзе добрага курынага прыплоду выконваліся наступныя дзеянні: «Калі бабушка несла кашу ў вугал, усе дзеці, якія прысутнічалі ў хаце, браліся за бабушкіну юбку і бабушка ізабражала курачку (кудахтала), а дзеці ізабражалі цыплят» (зап. ад Зінаіды Пятроўны Панцяйковай, 1936 г. н., у в. Антонаўка). З мэтай абароны свойскай жывёлы ад смерці (г. Жлобін) і голаду (в. Лясань) яе кармілі рэшткамі куцці: «Вярхі знімалі і давалі курам, скаціне, каб не дохлі» (зап. ад Надзеі Аляксандраўны Юшкоўскай, 1938 г. н., раней пражывала ў в. Слабада); «Послі кожнай куцці астаткі кашы аддавалі скаціне, каб тая была сытая ды добра работала каб» (зап. ад Веры Іванаўны Кудзіновіч, 1918 г. н.).

Маладыя дзяўчаты нават варажылі з дапамогай куцці: «Еслі в доме былі дзевушкі, то сверху эту куццю бралі і лажылі за шчочку, штобы прыснілся суджаны» (зап. ад Раісы Філіпаўны Янчанкі, 1938 г. н., у г. Жлобін).

Самыя цікавыя дзеянні адбываліся на «другую куццю», або «шчадрухі» (в. Антонаўка), бо ў гэты дзень хадзілі калядоўшчыкі. У розных вёсках адзначаюцца звесткі, што гэтая традыцыя не была замацавана за пэўнай узроставай катэгорыяй людзей, бо шчадравалі як малыя дзеці, так і старыя людзі: «Калядавалі ў нас абычна толькі пажылыя жанчыны» (зап. ад Валянціны Уладзіміраўны Сталяровай, 1931 г. н., у г. Жлобін); «Дзеці шчадраваць ходзяць» (зап. ў Жлобінскім р-не). Гаспадары стараліся як мага лепш прыняць і пачаставаць гасцей, «давалі падарункі калядоўшчыкам, давалі сала, гарэлку, грошы, канхветы» (зап. ад Матроны Сямёнаўны Рогавай, 1924 г. н., у в. Касакоўка), бо баяліся, што тыя могуць (хоць і дзеля жарту) праклясці іх, і ў гэтай хаце не будзе шчасця і дабрабыту.

На Каляды заўсёды запрашалі гасцей: «Трэба было, каб чужы чалавек паеў — гэта было добра» (зап. ад Аляксандры Аляксееўны Ткачовай, 1913 г. н., у в. Кіцін). Таму людзі з радасцю прымалі ў сябе ўсіх удзельнікаў свята: «Той хаце, у якую прыходзілі калядоўшчыкі, цэлы год будзе спадарожнічаць удача» (зап. ад Валянціны Міхайлаўны Ступянёвай, 1910 г. н., у г. п. Стрэшын). Частавалі іх тым, што было на стале. Дарослым налівалі кілішак гарэлкі, а дзецям давалі бліноў са шкваркамі. У вёсцы Скепня нават існавала вераванне, што калі гаспадыня на «шчадрэц» не напячэ бліноў, то «ў яе не будзе гладкай скаціны, асабліва цялят» (зап. ад Ганны Іванаўны Бураковай, 1914 г. н.).

Калядоўшчыкі апраналіся ў цыган, розных звяроў, мазалі твар сажай. У вёсцы Сасна нават быў такі ўдзельнік, як механоша — «хлопец з мехам або карзінай, які збірае падарункі» (зап. ад Ганны Макараўны Бураковай, 1924 г. н.). Але галоўнай гераіняй гэтага вечара ў большай колькасці выпадкаў была каза: «Посцілкай абкрыеш, пянькі прычэпіш, на палкі трапкі белыя панакручуеш на рогі» (зап. ад Ганны Арцёмаўны Ісаенка, 1931 г. н., у в. Кароткавічы), але часцей за ўсё яна была апранута ў вывернуты кажух. У каляднай цырымоніі яна звычайна ішла першай, вакол яе вадзілі карагоды, спявалі песні. У хаце каза абавязкова падала, а гаспадары павінны былі даць ёй прысмакаў, бо без гэтага яна не магла падняцца: «Пасля пачастункаў каза кланяецца ў ногі гаспадарам: “Шчасця ў доме, багацця на полі. Дзякуй гэтаму дому, пойдзем да другога”» (зап. у г. Жлобін ад Эльвіры Іванаўны Казловай, 1936 г. н., ураджэнкі в. Саланое Жлобінскага р-на). Але ў вёсцы Малевічы існуюць звесткі, што казу не вадзілі.

Казой маглі апрануць дзяўчыну (в. Антонаўка), хлопца (в. Мормаль), а у вёсцы Верхняя Алба яе наогул рабілі сваімі рукамі: «Галаву робяць з дрэва з доўгімі рагамі, абшываюць латкамі са старога кажуха, прымацоўваюць палку. Потым выварачваюць вялікі кажух поўсцю і ўстаўляюць палку з казой» (зап. ад Наталлі Ануфрыеўны Канаваленка, 1933 г. н., Сцяпана Васільевіча Байдакова, 1929 г. н.).

Акрамя казы вадзіць маглі мядзведзя, каня, кабылу: «Хадзіла ў нас кабыла і вадзілі казу» (зап. ад Надзеі Філіпаўны Барэйшавай, 1925 г. н., у г. Жлобін).

Сімвалам калядных свят была зорка (у в. Г арбачоўка яе называлі «солнышка»), якую насілі калядоўшчыкі і рабілі з падручных матэрыялаў: «Набівалі з васьмі планак звязду, на планке вязалі ленту, а ў сярэдзіне ставілі гаршчок, в нём была свяча» (зап. ад Валянціны Іванаўны Пракоф’евай, 1935 г. н., у г. Жлобін).

Неад’емнай часткай калядных святкаванняў была дзявочая варажба (святкі). Дзяўчаты гуртам або ўпотай ад усіх стараліся як мага больш даведацца пра свой будучы лёс. Галоўнай мэтай было вырашэнне пытання пра сямейнае жыццё, мужа і да т. п. Такіх спосабаў вызначэння шлюбнага лёсу існавала вялікая колькасць:

— пеклі аладкі або бліны і кідалі сабаку, «якую ладку сабака возьме, тая ўперад замуж пойдзе» (зап. ад Антаніны Віктараўны Паляковай, 1926 г. н., у в. Кароткавічы);

— хадзілі ў сарай, бралі палена і глядзелі на яго якасць — «калі палена было гладкім, то муж будзе харошы, а калі з трэшчынамі, то муж будзе дурны» (зап. ад Зінаіды Пятроўны Панцяйковай, 1936 г. н., у в. Антонаўка);

— пісалі імёны хлопцаў на паперках і клалі іх пад падушку, але адну пакідалі пустой, раніцай даставалі паперку — «якое імя там напісана, так будуць і мужа твайго зваць. Калі выцягнула бумажку пустую, то замуж не выйдзеш» (зап. ад Галіны Лявонцьеўны Маразевіч, 1932 г. н., у в. Гарбачоўка);

— кідалі абутак — «куды носам паверне, туды паедзеш у мужніну хату» (зап. ад Раісы Філіпаўны Янчанкі, 1938 г. н., у г. Жлобін);

— бралі дровы ў абярэмак і лічылі іх — «калі ў пару, то замуж выдзеш у етым гаду, не ў пару, то яшчэ сядзець дома» (зап. ад Матроны Сямёнаўны Рогавай, 1924 г. н., у в. Касакоўка);

— хадзілі лавіць авечак — «калі лавілі барана, то зналі, што выйдзеш замуж у гэтым годзе, а калі авечку — то не» (зап. ад Сафіі Васільеўны Калядзенка, 1935 г. н., у в. Пірэвічы);

— пускалі ў хату пеўня і курыцу, пасыпалі зерне — «чыё зярно пятух пачынаў кляваць першым, той першы выйдзе замуж ці жэніцца» (зап. ад Марыі Антонаўны Сычовай, 1929 г. н., у в. Чырвоны Бераг);

— прывязвалі да вушака ніткі аднолькавай даўжыні і адначасова іх падпальвалі, «у якой паслядоўнасці згаралі ніткі, у такой паслядоўнасці дзяўчыны будуць выходзіць замуж» (зап. ад Марыі Іванаўны Татарынавай, 1927 г. н., у в. Нівы) і іншыя.

Адметнай з’явай у калядным абрадавым комплексе вёскі Касакоўка была гульня «Жаніцьба Бахуркі», сэнс якой заключаўся ў тым, каб падабраць усім халастым хлопцам па нявесце, працягвацца гэта магло да раніцы: «Выбіралі з больш вясёлых хлопцаў аднаго хлопца і яму нявесту на цэлы вечар, садзілі ў кут, а еты хлопец выбіраў нявест усім другім хлопцам. Парамі танцавалі, весялілі сваіх дзевак» (зап. ад Матроны Сямёнаўны Рогавай, 1924 г. н.).

Трэцяя куцця замыкала калядны цыкл. Напярэдадні адбывалася асвячэнне вады, якая пасля магічнай цырымоніі, па павер’ях, набывала лекавыя якасці. Акрамя таго, у гэты дзень з цеста пяклі крыжыкі: «Рісавалі коней на варотах, што значыла, што Каляды ўязжаюць. Хрэшчыкі пеклі і брасалі ў калодзец. Хто паймае ведром з вадой, таму будзет добра» (зап. ад Раісы Філіпаўны Янчанкі, 1938 г. н., у г. Жлобін).

На тэрыторыі Жлобінскага раёна Гомельскай вобласці былі праведзены шматлікія палявыя экспедыцыі студэнтаў і выкладчыкаў Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны. Знаёмства з фальклорна-этнаграфічнымі матэрыяламі, запісанымі ў розных вёсках, пераконвае ў тым, што лакальныя асаблівасці каляднанавагодняй абраднасці выяўляюцца як у яе асобных структурных кампанентах, так і ў песенным суправаджэнні. Хаджэнне калядоўшчыкаў, іх пераапрананне ў розныя маскі, варажба — тое, што аб’ядноўвае сучасных жыхароў гэтай тэрыторыі з іх продкамі, нягледзячы на тое, што многія элементы святкавання Каляд сыходзяць у нябыт. Менавіта так важна сёння паспець запісаць звесткі пра колішнія абрады, звычаі і песні.


Аўтар:
В.І. Глузд
Крыніца: Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі. Вып. 26 / Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі; навук. рэд. А.І. Лакотка. — Мінск: Права і эканоміка, 2019. — С. 203-208.