Мясцовыя асаблівасці радзінна-хрэсьбіннай абраднасці Веткаўскага, Гомельскага, Добрушскага раёнаў Гомельскай вобласці

0
405
Мясцовыя асаблівасці радзінна-хрэсьбіннай абраднасці Веткаўскага, Гомельскага, Добрушскага раёнаў Гомельскай вобласці

Узнікненне абрадаў, звычаяў, прыкмет і павер’яў абумоўлена імкненнем чалавека растлумачыць з’явы прыроды, прадвызначыць і зразумець шматлікія змены ў асабістым жыцці, засцерагчы сябе ад небяспечнага ўздзеяння навакольнага свету, упарадкаваць увесь ход свайго жыцця, нават кадыфікаваць яго з мэтай трансляцыі з пакалення ў пакаленне назапашаных стагоддзямі рацыянальных ведаў і трапных парад-рэкамендацый.

НатэрыторыіГомельскага,ВеткаўскагаіДобрушскагараёнаў падчас індывідуальных і калектыўных палявых фальклорных экспедыцый зафіксавана вялікая колькасць цікав ых звестак па радзінна-хрэсьбінных абрадах, звычаях, а таксама прыкметах і павер’ях, забаронах і правілах, якія арганічна знітаваны з самімі абрадамі і вызначаюцца шырокім тэматычным дыяпазонам, функцыянальна-семантычнай разнастайнасцю і раскрываюць сутнасць утылітарна-практычнага і маральна- этычнага кодэксаў-запаветаў мясцовых жыхароў. Сабраныя аўтэнтычныя матэрыялы сведчаць аб навуковай важнасці фіксацыі і захавання лакальна-рэгіянальных варыянтаў, якія ўзнікаюць у працэсе бытаванняў фальклорных твораў і адлюстроўваюць спецыфіку светапогляду жыхароў Гомелынчыны.

Радзінна-хрэсьбінная абраднасць беларусаў уключае звычаі, абрады, прыкметы, павер’і, правілы, забароны, якія суправаджаюць адзін з найважнейшых у жыцці чалавека біясацыяльных цыклаў – нараджэнне дзіцяці і яго далучэнне да сям’і, грамадства. Паводле выпрацаваных правіла/ жыцця чалавека, з’яўленне немаўляці было неабходнай умовай стварэння сапраўднай сям’і, забеспячэння яе шчасця і дабрабыту. Менавіта таму спрадвеку павышаную увагу людзей выклікала ўсё, што так ці інакш адносілася да стану цяжарнасці жанчыны, яе гарманічных стасункаў з універсумам. Цуд з’яўлення немаўляці, парады для будучай маці і правілы паводзін для ўсіх членаў сям’і, маральна-этычныя нормы грамадства, народжаныя вопытам і вывераныя часам, спрадвечная мудрасць продкаў і паэзія штодзённага жыцця – усё гэта знаходзіць адлюстраванне ў радзінна-хрэсьбіннай абраднасці.

Даследчыкі ў межах радзінна-хрэсьбіннага абрадавага комплексу славян слушна вылучаюць тры этапы: дародавы (уяўленні, павер’і, правілы, забароны і абрадавыя дзеянні, скіраваныя на захаванне цяжарнасці), родавы (павер’і, правілы, звычаі і абрадавыя дзеянні, скіраваныя на «добрыя» («лёгкія») роды) і пасляродавы («адведкі», выбар кумоў, хрэсьбіны, «ачышчэнне» дзіцяці і інш.). Сучасныя запісы матэрыялаў па радзінна-хрэсьбіннай абраднасці даюць падставы сцвярджаць, што ў ёй устойліва захоўваюцца два цыклы – дародавы і пасляродавы. Звернемся да фактычных матэрыялаў, запісаных у палявых экспедыцыях на тэрыторыі Гомелынчыны.

На працягу стагоддзяў у нашых продкаў сфарміраваліся агульнаэтнічныя маральна-этычныя каштоўнасці, пэўная светапоглядная сістэма, значнае месца ў якой займалі магічныя ўяўленні, шматлікія забароны і засцярогі ад негатыўнага ўздзеяння варожых сіл, адметныя прынцыпы паводзін цяжарнай жанчыны. Паводле ўяўленняў жыхароў Веткаўскага, Гомельскага і Добрушскага раёнаў, будучая маці павінна быць шчодрай, ветлівай і акуратнай («Жанчына не даўжна есці са скаварады або кацяпка, таму што дзіця можа радзіцца чорным» (в. Хутаранка Гомельскага p-на; запісана ад Навуменка Г. L, 1927 г. н.); «Еслі жэншчына ў палажэніі, старалася, каб прыпечак чысты быў, еслі будзе гразна, значыць, будзе дзіцёнак нехарошы, гразны» (в. Данілавічы Веткаўскага р-на; запісана ад Дзмітрачковай Тамары Кузьмінічны, 1936 г. н.); «Са скаварады нельзя есці» (в. Старое Сяло Веткаўскага р-на; запісана ад Мацюковай Ніны Дзмітрыеўны, 1930 г. н.), спакойнай і ўраўнаважанай у розных жыццёвых сітуацыях («Цяжарнай жанчыне заборонялася палохацца якой-небудзь жывёлы і дакранацца да свайго цела, бо лічылі, што там, дзе яна дакранецца, у дзіцяці вырасце густое валоссе. Нельга было хапацца да цела або ліца, калі жанчына ўбача агонь або нажар, бо, лічылася, што там, дзе яна дакранецца, у дзіцяці будзе радзімая пляма (в. Церуха Гомельскагар-на; запісана ад Казіміравай К. К,. 1918 г. н.); «Када пабачыш пажар, не надо хватацца рукамі за галову – дзіцёнак красны будзе. Нельзя пужацца, бо дзіцёнак родзіцца дурны» (в. Старое Сяло Веткаўскага p-на; запісана ад Васільцовай Матроны Сяргееўны, 1925 г. н.)), павінна насіць «правільнае адзенне» («Беременный заўсёды насілі длінныя юбкі, штоб жызнь дзіця была доўга»(запісанаў в. Заліп’е ад Волкавай Μ. С., 1947 г. н.; Кірпічовай С. 1.1976 г. н.)) і прыстойна сябе паводзіць («Нельзя было красці, каб дзеці не былі злодзеямі» (в. Брылёва Гомельскага p-на; запісана ад Гарбузавай Μ. Я., 1929 г. н, перасяленкі з в. Казацкія Балсуны Веткаўскага р-на), не парушаць забарон («Нельзя купацца ўрэчкі. Нельзя піць водку» (в. Старое Сяло; запісана ад Васільцовай Матроны Сяргееўны, 1925 г. н.)) і прытрымлівацца правіл, якія па сутнасці ўяўляюць сабой своеасаблівы маральна-этычны кодэкс жанчыны-маці.

Паволе ўяўленняў жыхароў вышэйназваных раёнаў, паводзіны цяжарнай маглі ўплываць на знешні выгляд, фізічнае і псіхічнае здароўе, характар дзіцяці: «Нельзя было здзіўляцца з фізічаскіх недастаткаў людзей, таму што рабёнак пяройме гэтыя недастаткі» (в. Цярэнічы Гомельскага р-на; запісана ад Шайковай Н. I., 1928 г. н.); «Калі цяжарная шпурляе ката выспеткам, то нараджаецца дзіця з валасамі на целе» (в. Барталамееўка Веткаўскага р-на; запісана ад Халадзілінай Ганны Паўлаўны, 1924 г. н.); «Цяжарная жанчына ці рожаніца не павінна глядзець на ўсё некрасівае, бо ў яе будзе некрасівы рабёнак. Не гладзіць кошак, сабак, бо рабёнак будзе нямым ці доўга маўчаць. Нельга глядзець, як забіваюць жывотных, бо ў дзіцяці будзе «радзімчык» (в. Баршчоўка Добрушскага р-на; запісана ад Грудавенка Валянціны Гаўрылаўны, 1930 г. н.); «Шыць нельзя: можна і вочы пазашываць дзіцяці, прышыць што к чаму»; «Цяжарным жанчынам ката нельзя нагой талкаць, таму што дзіця як народзіцца, дак будзе ляжаць у калысачцы, стагнаць, круціцца» (в. Даўгалессе Гомельскага p-на; запісана ад Антоненка В. Μ., 1927 г. н.); «Каб не стрыгла косы, штоб не састрыгчы красату дзіцяці» (в. Макаўе Гомельскага р-на; запісана ад Маісеенка П. Р., 1920 г. н., перасяленкі з в. Глухавічы Брагінскага р-на); «Бярэменнай нельзя пляваць, а то будзе пахнуць із рота ў дзіця» (запісана ў в. Макаўе Гомельскага р-на ад Машуровай Л. П., 1927 г. н.); «Нельзя ваду з калодзежа, калі набіраеш, то адліваць у калодзеж абратна, бо будуць слюнкі ў дзіцёнка цекчы і з носа тожа. Нельзя ў празнікі секчы нічога тапаром, бо ў дзіця будзе губа рассечаная, асобенна еслі на пароге секчы» (в. Данілавічы Веткаўскага p-на; запісана ад Дзмітрачковай Тамары Кузьмінічны, 1936 г. н.). Відавочна, што прыведзеныя варыянты тэкстаў маюць устойлівую маральна- этычную аснову, заснаваную на шматвяковым вопыце і мудрасці продкаў, якой павінна была кіравацца жанчына, каб у будучым вырасціць добрае дзіця.

Як сведчаць запісы, зробленыя на тэрыторыі Веткаўскага, Гомельскага і Добрушскага раёнаў, мясцовыя жыхары верылі, што станавіцца на вяроўку або пераступаць праз яе цяжарнай нельга, каб дзіця пры родах не памерла, таксама нельга станавіцца ў круг, каб не пашкодзіць немаўляці: «Бярэменная не даўжна праз вяроўку пераступаць, бо ў дзіцяці будзе закручана пупавіна» (в. Іванаўка Гомельскага p-на; запісана ад Жыроўскай Л. А. 1930 г. н.); «Еслі цяжарная, то нельзя наступаць ці станавіцца ў круг, у круглыя прадметы, а то з дзіцём што-небудзь плахое будзе» (в. Пакалюбічы Гомельскага p-на; запісана ад Чыжовай С. L, 1941 г. н.). Па гэтай жа прычыне не дазвалялася стаяць на парозе і працаваць у святы («Нельзя стаяць на парозе, бо рабёнак можа не выйсці. Калі жэншчына работала на свята, то ў яе зусім рабёнак мог не радзіцца ці радзіцца мёртвым» (в. Іванаўка Гомельскага р-на; запісана ад Жыроўскай Л. А. 1930 г. н.); «Кажуць, калі матка была ў палажэнні, бацька крук зацесваў і забіваў, і радзілася крівая дзевачка» (запісана ў в. Неглюбка Веткаўскага p-на ад Саломеннай Ульяны Мікалаеўны, 1932 г. н.). Зразумела, што ўвесь уклад жыцця цяжарнай жанчыны быў строга акрэслены і суправаджаўся вялікай колькасцю забарон, правіл- рэкамендацый і правіл-рэгламентацый.

Працэс родаў і падрыхтоўкі да іх таксама суправаджаўся адпаведнымі для пэўнай сітуацыі рацыянальнымі і магічнымі дзеяннямі, засноўваўся на мясцовых звычаёвых правілах. Прыгадаем расповед жыхаркі в. Церуха Гомельскага р-на Казіміравай К. К., 1918 г. н.: «Калі падыходзіў час родаў, то звалі бабку-павітуху. Яна прыходзіла да рожаніцы, разглядала, жывот размінала і разглажвала рукамі цела. Расцірала жывот кароўім маслам і смазвала смятанай для размягчэння. Потым давалі рожаніцы піць настой з траў для ўспакаення, каб дзіця нарадзілася румяным і белым целам. Потым павітуха вяла цяжарную ў баню, каб распарыць і размягчыць косць. Чытала замовы ад дурнога глазу. Калі падыходзілі поцяжкі, жанчына малілася. Калі роды зацягваліся, то бабка-павітуха брызгала вадой на рожаніцу і прыгаворвала: «Вада із рота, дзіцятка із цябе». Каб роды былі лёгкімі, павітуха развязвала ўсе вузлы на вопратке, распускала валасы і адмыкала замкі. Потым бабка-павітуха брала свечку, запальвала яе і прыгаворвала: «Пакуль свечка дагарыць, тут і яна (імя) радзіць. Амінь». Падобныя адмыканні, «распусканні», «развязванні» былі напоўнены сімвалічным зместам, увасаблялі сабой пачатак новага жыцця і, як сведчаць запісы фальклорных тэкстаў, былі даволі папулярнымі ў народзе. Цікавую інфармацыю пра нараджэнне дзіцяці і пра тое, як забяспечыць яго багатае жыццё ў будучым, паведаміла таксама жыхарка в. Яроміна Гомельскага p-на Салаўёва В. П., 1936 г. н.: «Калі набліжаліся роды, то жанчына імкнулася, каб пра гэта знала як мага менш людзей. Да парадзіхі звалі бабку-павітуху, зваў муж ці замужняя жанчына. Па прыходзе да бабкі гаварылі: «Хадзі, бабулічка, к нам. Нешта нашай маладусі ня дужа ладна дзелаецца». Нарадзіўшаяся дзіця бабка ніколі не брала голымі рукамі, а замотвала ў старое адзенне, каб дзіця было ў багацці».

Паводле ўспамінаў в. Баршчоўка Добрушскага р-на Валянціны Іванаўны Грудавенка, 1930 г. н., «дзень родаў скрывалі ад людзей, бо чым больш людзей ведае, тым цяжалейшымі будуць роды. Роды прымала бабка-павітуха. Яна старалася аблегчыць роды і прыгаворвала нейкія заклінанні. Каб не сглазілі, яна прыскала рожаніцу вадой, мазала «угаворным» маслам». У мясцовых жыхароў былі і іншыя спосабы зрабіць роды больш лёгкімі. Вось што прыгадала жыхарка в. Жгунь Добрушскага p-на Кліменка Еўдакія Якаўлеўна, 1930 г. н.: «Каб роды былі лёгкімі, то парадзіху вадзілі кругом стала тры разы. Былі і такія бабкі, што лячылі, каб роды былі лёгкімі». Шкуратава Кацярына Міхайлаўна, 1947 г. н., прыгадала, што «падчас родаў расчынялі дзверы, развязвалі вузлы, расшчопвалі кажухі, замкі адмыкалі, паясы развязвалі. Верылі, што гэта аблегчыць роды парадзіхі».

Да выбару бабкі-павітухі адносіліся вельмі строга, прыдзірліва: яна павінна была быць сталай вопытнай жанчынай, разумнай, спрытнай і з добрай рэпутацыяй:

«Выбіралі бабку, якая ўжэ умела абрашчацца з дзіцямі, у якой ручкі былі маленькія. Бабкі былі вумнымі і ўмелі атрываць і завязваць пупок» (г. п. Церахоўка Добрушскага p-на; запісана ад Сердзюковай Евы Піліпаўны, 1930 г. н.); «Прыглашалі бабку вопытную, пажылую жанчыну, якая ў курсе дзела» (в. Старое Сяло Веткаўскага p-на; запісана ад Грышуціка Уладзіміра Панфілавіча, 1928 г. н., Грышуцік Надзеі Ісакаўны, 1929 г. н.), «У вёсцы была вельмі ганаровая бабка-павітуха. Яна і прынімала роды ва ўсіх цяжарных жанчын вёскі. Бабка адразала ў дзіцяці пупавіну, чытала над ім розныя замовы, каб дзіця не баялася уроку, іспугу і другіх напасцяў» (в. Казацкія Балсуны Веткаўскага p-на; запісана ад Бондар Ганны Афанасьеўны, 1941 г. н.). Заўважым, што ў ваду пры першым купанні што-небудзь дабаўлялі («хрышчэнскую ваду», кветкі і інш.), каб абараніць дзіця і паўплываць на яго знешні выгляд і характар (прыгажосць, здароўе, чысціню скуры і да т. π.).

Важным абрадавым момантам было пераразанне пупавіны: нашы продкі верылі, што дадзенае сакральнае дзеянне фарміруе рысы характару, здольнасці і інтарэсы будучага чалавека, у тым ліку прафесійныя. Менавіта таму прадметы, на якіх пераразалі пупавіну, выбіраліся наўмысна і загадзя. Так, «пупавіну абразалі ў хлопчыкаў на начатым сталярным дзеле, каб ён быў добрым хазяїнам, а ў дзевачак – ножніцамі на начатым шыцці» (в. Баршчоўка Добрушскага р-на; запісана ад Грудавенка Валянціны Гаўрылаўны, 1930 г. н.).

«Перарэзаны пуп» валодаў, паводле народных вераванняў, незвычайнымі (цудадзейнымі) уласцівасцямі, уплываў на лёс нованароджанага: «Пупок перавязуюць, патом ён адпадае, яго забіраюць і даюць, калі дзіцёнак падрасце, штоб ён яго развязаў. Эта штоб вумны быў» (в. Краўцоўка Гомельскага р-на; запісана ад Аленчык A. L, 1927 г. н.); «Потым бабка перавязвала пупавіну суровай ніткай. Пупавіна адвальвалася на чацвёрты дзень, і маці хавала яе ў куфар ці запіхвала ў дзірку, якая была прасвідравана для гэтай мэты ў сцяне хаты. Калі дзіцяці спаўнялася сем гадоў, яму давалі вузельчык з пупавінай развязаць, каб «развязаць свой разум» (запісана ў в. Яроміна Гомельскага р-на ад Салаўёвай В. П., 1936 г. н.).

Магічныя ўласцівасці надаваліся таксама першаму купанню дзіцяці, якое, паводле ўяўленняў жыхароў Веткаўшчыны, Гомельшчыны і Добрушчыны, уплывала на здароўе, дабрабыт і нават на ўвесь ход жыцця нованароджанага: «Першы раз купалі ў карыці з праточнай вадой, туды клалі хлебныя зёрны, металічныя грошы, каб дзіцёнак быў багатым» (в. Баршчоўка Добрушскага p-на; запісана ад Грудавенка Валянціны Гаўрылаўны, 1930 г. н.); «Грэлі ваду, кідалі ў ваду любістак, які астаўлялі з Тройцы, штоб малога ўсе любілі. Кідалі яшчо манеты медныя, і штось баба прыгаварывала (г. Гомель; запісана ад Даніленка Ніны Пятроўны, 1959 г. н. (нарадзілася ў г. п. Церахоўка); «От, намечает кого і говорыш: «Пашлі покупаем моё дзіця». Першы раз купае ета баба. Яна берэ пялёнкі, своё што ў яе е. У воду кладуць кніжку под голову і копейкі кідаюць, штоб дзіця було багатае і ўмное (в. Даўгалессе Гомельскага р-на; запісана ад Антоненка В. Μ., 1927 г. н.); «У гэты ж дзень бабка першы раз купала дзіцяці. У ваду лілі хрышчэнскую воду і над дзіцём чыталі малітвы» (в. Казацкія Балсуны Веткаўскага р-на; запісана ад Бондар Ганны Афанасьеўны, 1941 г. н.)). Як сведчыць фактычны матэрыял, пры дапамозе пэўных магічных дзеянняў выканаўцы імкнуліся сімвалічна перадаць дзіцяці якасці тых прадметаў, што выкарыстоўваліся ў абрадах (грошы – багацце, кніжка – розум і да т. π.).

Першаму наведванню дзіцяці – «адведкам» – надавалася важнае значэнне, паколькі яно было звязана з магіяй пачатку, а таму сімвалізавала закладванне шчаслівага лёсу дзіцяці: «Пасля нараджэння дзіця ўсе жанчыны павінны былі наведаць рожаніцу, акрамя цяжарных» (в. Яроміна Гомельскага р-на; запісана ад Салаўёвай В. ∏., 1936 г. н.); «Праз некалькі дзён да рожаніцы прыходзілі ў адведкі. У адведкі хадзілі толькі жанчыны. Яны дагаворваліся ісці ў адзін дзень, каб не было многа клопату гаспадарам. Жанчыны неслі малому нейкія падарункі, а ў хату неслі абавязкова што-небудзь, як казалі, з хлеба. Хто нёс муку, хто крупу, нехта пек аладкі або блінчыкі, багацейшыя куплялі цукеркі або пернікі» (в. Гарысты Веткаўскага p-на; запісана ад Якубовіч Марыі Іванаўны, 1936 г. н.); «Праз некалькі дзён бабка ідзе атведаць рожаніцу, бяручы аладкі, кашу, кампот. Пакуль не прыйдзе бабка, нікога не пушчаюць да рожаніцы» (в. Карма Добрушскага р-на; запісана ад Хацковай Ганны Рыгораўны, 1931 г. н.).

Важным абрадавым момантам было хрышчэнне дзіцяці. Як сведчаць запісы, зробленыя ў в. Радуга Веткаўскага р-на, «хрісцілі цераз 6 недзель пасля тато, як народзіцца», а па словах Войнавай Веры Рыгораўны, 1925 г. н., жыхаркі г. Ветка, «крэсціць нада на сёмы дзень». I гэта невыпадкова, паколькі своечасовае далучэнне дзіцяці да царквы забяспечвала яму здароўе і засцярогу ад звышнатуральных сіл. Да выбару кумоў (на Веткаўшчыне, Добрушчыне і ў Гомельскім р-не, не прынята было адмаўляцца ад пачэснай ролі хросных бацькоў) адносіліся ашчадна, паколькі яны неслі адказнасць за дзяцей, часам нават большую за бацькоў: «Бацька рабёначка доўжан зваць кума. Кум – эта не абязацельна радня. Можа быць саўсім чужы чалавек. Часта друзей звалі, шахверак са свадзьбы. Толька нельзя была бяздзетных зваці. I нельзя была адказывацца ад кумоўя. І хадзілі хрысціць дажа незаконных дзяцей. Дзеўкі з удавольствіям хадзілі хрысціць, патаму што кагда рабёначак начне хадзіць, ана замуж пайдзе» (в. Старое Сяло Веткаўскага р-на; запісана ад Васільцовай Матроны Сяргееўны, 1925 г. н.), «У хросныя бралі каго-нібудзь з блізкіх ілі далёкіх родзічаў. Хросныя, і бацька, і маці, далжны аб дзіцёнку забоціцца, калі што з роднымі бацькамі (здарыцца)» (в. Старое Сяло Веткаўскага р-на; запісана ад Мацюковай Ніны Дзмітрыеўны, 1930 г. н.).

Магічнае значэнне надавалася самой «паездцы да царквы», а таксама непасрэдна царкоўнаму абраду хрышчэння. Так, каб «дарога была добрая», «кум і кума прысядалі на некалькі хвілін» (в. Цагельня Гомельскага p-на; запісана ад Ленчуковай І. А., 1932 г. н). Каб вызначыць характар дзіцяці, сачылі за яго паводзінамі ў царкве. Жыхарка в. Іванаўка Гомельскага p-на Жыроўская Л. А., 1930 г. н., паведаміла, што «кагда хрысцяцъ рабёнка, а ён крычыць, то будзе бойкім у жьіцці, а маўчыць слабы, хворы». З мэтай паспрыяць здароўю дзіцяці, «дзіцёначка кумаўё ложа над печ, каб быў такі крэпкі, як печ» (п. Мірны Гомельскага p-на; запісана ад Абрамцавай Л. У., 1927 г. н.). Імя, дадзенае нованароджанаму пры хрышчэнні, нікому, акрамя хросных бацькоў, не агучвалі, таму што, лічылася, «нядобрыя людзі могуць забраць імя ў дзіцёнка» (в. Цагельня Гомельскага р-на; запісана ад Ленчуковай І. А., 1932 г. н). Акрамя таго, называлі «па-царкоўнаму» наўмысна: «тады судзьба будзе харошай і дзіцёнак балець не будзе» (в. Цагельня Гомельскага р-на; запісана ад Серпікавай А. В., 1932 г. н).

Кульмінацыйны момант радзінна-хрэсьбінных святкаван- няў – гэта абрады «падрыхтоўкі бабінай кашы» і «разбівання гаршка». Рыхтавалі кашу з розных круп, прыносілі яе толькі на трэці раз (да гэтага на стол ставілі «падманную»), разбіваў гаршчок з кашай кум або той, хто даваў болын грошай «на кашу»: «А потым і другія кідаюць грошы. Таргуюцца ўжо. Кум кідае яшчэ і падарак, бо ён доўжан выкупіць кашу. Калі ён выкуплівае кашу, то патом ён яе і разбівае. Пасля готую кашу елі» (в. Жгунь Добрушскага p-на; запісана ад Кліменка Еўдакіі Якаўлеўны, 1929 г. н.). Паводле меркаванняў жыхароў Гомельскага раёна, «бабіна каша» магла паспрыяць добраму разіццю дзіцяці: «Бабіну кашу хутка з’ядалі, каб дзіця начало хутчэй гаварыць і хадзіць» (в. Яроміна Гомельскага р-на; запісана ад Салаўёвай В. П., 1936 г. н.).

Чарапкі ад «бабінай кашы» надзяляліся, зыходзячы з народных вераванняў, надзвычайнымі якасцямі і выкарыстоўваліся ў народзе з наступнымі мэтамі:

спрыяць нараджэнню дзяцей: «Кусок гаршка адзявалі на галаву тым, у каго няма дзяцей, тады лічылася, што ў іх скора будзе» (в. Пакалюбічы Гомельскага p-на; запісана ад Чыжовай С. Е, 1941 г. н.); «Калі не было дзяцей доўга, то бярэш кусочак і кладзеш на макушку» (в. Брылёва Гомельскага р-на; запісана ад Гарбузавай Μ. Я., 1929 г. н., ураджэнкі в. Казацкія Балсуны Веткаўскага р-на); «А чарапкі з гаршка збіралі і лажылі якой-небудзь жанчыне на галаву і казалі: «Штаб на той год і ты дала нам вьтіць і закусіць» (в. Жгунь Добрушскага р-на; запісана ад Кліменка Еўдакіі Якаўлеўны, 1929 г. н.);

спрыяць здароўю і прыгажосці дзяцей і дарослых: «Кум разбіваў гаршчок кашы, а чарапкі бралі, грызлі зубамі, каб зубы не балелі» (в. Брылёва Гомельскага p-на; запісана ад Гарбузавай Μ. Я., 1929 г. н., ураджэнкі в. Казацкія Балсуны Веткаўскага р-на);

уплываць на сямейны дабрабыт: «Кускі ад гаршка сабіралі і лажылі радзіцелям пад падушку ілі каля ікон, штоб сям’я была крэпкай» (в. Заліп’е Гомельскага p-на; запісана ад Волкавай Μ. C., 1947 г. н.);

забяспечваць шчасце: «Яшчэ гаварылі, калі ўхопіш кавалак разбітага гаршка, то будзеш шчаслівы» (в. Малыя Нямкі Веткаўскага p-на; запісана ад ад Азаранка Ганны Іванаўны, 1932 г. н.);

уплываць на дабрабыт у гаспадарцы: «…чарапкі свінням у сарай кідалі, штоб свінні вяліся» (в. Брылёва Гомельскага р-на; запісана ад Гарбузавай Μ. Я., 1929 г. н., ураджэнкі в. Казацкія Балсуны Веткаўскага р-на); «Кашу гэту бралі ўсе сабе дамоў. Кідалі яе скаціне, штоб скаціна вялася» (г. п. Церахоўка Добрушскага р-на; запісана ад ад Сердзюковай Евы Піліпаўны, 1930 г. н.);

засцерагаць ад неспрыяльнага надвор’я: «Гліняныя чарапкі бралі дамой і клалі на акно. Верылі, што гэта засцярога ад грома» (в. Макаўе Гомельскага p-на; Маісеенка П. Р., 1920 г. н., перасяленкі з в. Глухавічы Брагінскага p-на); «Потым чарапок хавалі ад грому» (в. Стаўбун Веткаўскага p-на; запісана ад Чуяшовай Галіны Фёдараўны, 1930 г. н.);

спрыяць шчасліваму асабістаму лёсу: «Маладым дзевушкам давалі кашу, штоб яны выйшлі быстрой замуж» (запісана ў в. Стараселле Добрушскага p-на; ад Казлоўскай Ганны Цімафееўны, 1940 г. н.).

У час хрэсьбіннага застолля выконвалі песні, адрасаваныя куму і куме, бацькам нованароджанага, бабцы і дзіцяці. Напрыклад:

А ў саду явар зелянюсенькі,
А ў саду явар зелянюсенькі,
На куце кумок маладзюсенькі,
На куце кумок маладзюсенькі.
А ў садзе вішня зелянюсенька,
А ў садзе вішня зелянюсенька,
На куце кума маладзюсенька,
На куце кума маладзюсенька.
Пад тарой вярба сукаватая,
Пад тарой вярба сукаватая,
А ў хаце бабка гарбатая,
А ў хаце бабка гарбатая.
Яна і гарбатая, яна і багатая,
Яна і гарбатая, яна і багатая,
А ў бабы кабат – рублёў сто аддат,
А ў бабы кабат – рублёў сто аддат

(в. Хутаранка Гомельскага p-на; запісана ад Навуменка Галіны Іванаўны, 1926 г. н.).

***

Я б гэтага кума, я б гэтага кума
І за кума не браў, і за кума не браў:
І гарэлку п’е, і закуску жрэ,
А песень не пяе, а песень не пяе.
Я б
гэту кумку, я б гэту галубку
І за кумку не браў, і за кумку не браў:
І гарэлку п’е, як у бочку лье,
Харавод не вядзе, харавод не вядзе.

***

Сядзіць бабка на куце,
Як тая птушка ў гняздзе.
Яна дзіцяці пелянала,
Пупавіну адразала

(в. Гарысты Веткаўскага p-на; запісана ад Якубовіч Марыі Іванаўны, 1936 г. н.).

На Веткаўшчыне, Гомельшчыне і Добрушчыне існаваў жартоўны звычай «вазіць бабу»: «А ўвечары нараджалі воз: летам нейкую каляску, а зімой сані нараджалі лентамі, цвятамі, садзілі туды бабку і везлі дамоў. Яна таксама гатавала стол і ў яе гулялі, спявалі песні, жартавалі» (в. Сеўрукі Гомельскага р-на; запісана ад Сніцарэнка Н. К., 1941 г. н.); «Яшчэ быў і такі абрад: садзілі кума і куму на санкі або ў каляску і каталі па дзярэўне. За тое, што іх каталі, госці бралі з іх гасцінцы» (в. Церуха Гомельскага p-на; запісана ад Ксенафонтавай К. К. 1918 г. н.); «А тады сабіраюцца мужчыны і жэншчыны, бяруць тачку, а ў каго няма тачкі, калёсы бяруць і вязуць бабу ў магазін. Сабіраюць бабу і кума, садзяцца і вязуць іх, хто за аглоблі, хто за што цягнуць. Народу столькі, штоб везці ў магазін. І заўмаг ідзе і адкрывае магазін. І бярэ баба гарэлкі. І там частуюць. Уродзі бы як тут ужо не панапіваліся. І там частуюць. Выпіваюць. І тады апяць бабу вязуць на насідках. І за сталы садзяцца і выпіваюць да дванаццаці часоў ночы, гуляюць. Ну, а тады расходзяцца. Ну, тады баба выходзя і кажа:

– Ну, мае дзеткі,
Штоб ета хата
Не знала ні гора,
Нічога благога!»

(в. Неглюбка Веткаўскага p-на; запісана ад Прыходзька Веры Васільеўны, 1935 г. н.).

Абрады, звычаі і рытуалы, звязаныя з нараджэннем немаўляці, дазваляюць пераканацца ў архаічнасці народных вераванняў, скіраваных на засцярогу маці-парадзіхі і дзіцяці, забеспячэнне іх здароўя ў крытычныя, пераломныя моманты жыцця. Дасягненню такіх вынікаў адпавядае разнастайны характар магічных дзеянняў і вербальных формул у радзінна- хрэсьбінных абрадах і песнях, першачарговай мэтай якіх было якраз ачышчэнне і ахова нованароджанага ад звышнатуральнага ўздзеяння злосных сіл, яго далейшае, не абцяжаранае перашкодамі ўключэнне ў сацыяльна-грамадскае жыццё. Прыведзеныя матэрыялы парадзінна-хрэсьбіннай абраднасці – яскравае сведчанне самабытнасці фальклорна-этнаграфічных традыцый раёнаў Гомельскай вобласці. Запісаныя ў палявых экспедыцыях звесткі адлюстроўваюць сістэму маральна- этычных катэгорый і паводзінскіх норм жыхароў, мясцовую спецыфіку іх светаўспрымання і светаразумення.

Выкарыстаны матэрыялы apxiвa навукова-вучэбнай фальклорнай лабараторыі кафедры беларускай культуры і фалькларыстыкі УА «Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны».

Аўтары: В.С. Новак, А.А. Кастрыца
Крыніца: «Слов’янський світ» № 15 (2016 рік). С. 60-75.