Вясельны абрадавы комплекс Светлагорскага раёна складаецца з такіх структурных кампанентаў, як сватанне, запоіны, заручыны (змовіны), зборная субота, каравай, пасад, першы дзень вяселля, другі дзень вяселля і паслявясельная частка. На пытанне, якой была паслядоўнасць святкавання вяселля на тэрыторыі Светлагоршчыны, можна атрымаць адказ, калі прааналізаваць яго этнаграфічныя апісанні, зробленыя ў палявых экспедыцыях. Засяродзім увагу на перадшлюбным рытуале сватання, удзел у якім прымалі сам малады і яго радня: «У сваты прыходзяць малады з сваёю раднёю, не дамаўляючыся» (запісана ў в. Карані ад Мацвеенка Зінаіды Сяргееўны). Як правіла, сватанне суправаджалася рытуальным іншасказальным дыялогам, вербальнае афармленне якога мела ў розных мясцовасцях адметныя варыянты, напрыклад, у в. Баравікі сваты пачыналі гаворку, выдаючы сябе за «купцоў, якія купляюць дарагі тавар» (запісана ад Шавяленка Марыі Паўлаўны, 1926 г. н.). У в. Васілеўка сват (хросны бацька маладога) пытаў, ці прадаецца цёлка: «Вот, нам казалі, што ў вас цёлка добра е, да з добрага тавару» (запісана ад Пішчык Маі Антонаўзны, 1936 г. н.). У мясцовай вясельнай традыцыі в. Хутар таксама вялікае значэнне надавалі рытуальнаму дыялогу, які меў наступнае вербальнае афармленне: «Калі ўжо прышлі, то прыгаварваюць: «Добры дзень, сваточкі, галубочкі! Мы там чулі, што ў вас тут козачка маладая прадаецца, а ў нас ёсць казёлчык малады. Мы вот к вам прышлі піва папіць, каб свайго маладзенькага казёлчыка на вашай козачцы ажаніць!”» (запісана ад Філіпчык Валянціны Якімаўны, 1950 г. н.).
Падчас сватання надзвычай важным было для сватоў атрымаць згоду на шлюб з боку маладой і яе бацькоў. У в. Васілеўка, паводле ўспамінаў Маі Антонаўны Пішчык, 1936 г. н., калі ішлі сватацца, то хросны бацька, выбраны ў якасці свата, браў з сабою лапці, дзеянні з якімі сімвалізавалі згоду або нязгоду на шлюб: «Тыя лапці хросны бацька бярэ, к вярэнцы прывязвае. Прыходзіць у хату да дзеўкі з жаніхом і кажа: “Шуры, буры, лапці ў хату”. Хросны адкрывае дзверы і кідае ў хату лапці, а самога не відно. Когда дзеўка сагласна, она лапці прыбірае, а не сагласна — не ідзе к тым лапцям». У в. Асопнае, калі бацькі маладой прымалі хлеб, прынесены сватамі, то лічылася, што вяселле адбудзецца: «Сваталіся: бацькоў засылаюць, ідуць бацькі з маладым і сватаюцца, дагаварываюцца. Нясуць булку хлеба і гарэлачку. Еслі ўжо сваты прымуць этае, значыць, ужэ будут гаварыць, а хлеб не возьмуць — значыць, ніякіх разгавораў» (зпісана ад Бусел Ніны Якаўлеўны, 1928 г. н.).
У в. Печышчы напярэдадні сватання маці маладой абавязкова прыносіла ў хату гарбуз, семантыка дзеянняў з якім была звязана са згодай або нязгодай маладой на шлюб: «Калі нявеста не згодна ісці замуж, то гарбуз аддавалі сватам. Гэта і быў адказ. А калі дзяўчына была згодна, то гарбуз разбівалі і выкідвалі далёка за хатай» (запісана ад Дайнека Дар’і Фядосаўны, 1927 г. н.). Заўважым, што ў іншых раёнах Гомельскай вобласці гарбуз, які выносілі падчас сватання, сімвалізаваў нежаданне маладой выходзіць замуж, дзеянняў з гарбузом у іншым сімвалічным значэнні зафіксавана не было.
У в. Высокі Полк Светлагорскага раёна ручнік і хустка, падараваныя нявестай бацькам жаніха, сімвалізавалі яе згоду выйсці замуж за іх сына: «Еслі нявеста дае саглашэнне, то даўжна падараваць рушнік бацьку і хустку мацеры». Калі дзяўчына адмаўлялася выходзіць замуж, то «ў воз сватоў клалі звараную гарбузу» (запісана ад Чудноўскай Марыі Іванаўны, 1922 г. н.). «Разразанне пірага нявестай», як адзначылі жыхары в. Чыркавічы, з’яўлялася пацвярджэннем яе згоды на шлюб: «Ставяць пірог на стол і глядзяць, хто разрэжа. Калі сама нявеста разрэжа, то гэта саглассе ўжо, і тады дагаварваліся, калі будзе вяселле» (запісана ад Усціменка Марыі Якаўлеўны, 1929 г. н.). Сімвалам згоды на шлюб у в. Рудня таксама з’яўлялася разразанне хлеба папалам: «“Еслі невеста сагласна, пусць яна разрэжа хлеб”, — прагаворваў сват. А еслі не сагласна, значыць яна не разразае хлеб» (запісана ад Шумавай Марыі Арсеньеўны, 1934 г. н.). У в. Краснаўка, калі падчас сватання дзяўчына дарыла сватам ручнікі, то гэта абазначала яе згоду выйсці замуж: «Калі дзяўчына згодна выйсці за хлопца, яна дорыць сватам ручнікі. Бацькі са сватамі дамаўляюцца пра дзень жаніцьбы» (запісана ад Паўлаўцовай Людмілы Уладзіміраўны, 1945 г. н.).
Сватанне ў в. Чыркавічы суправаджалася песняй «3-пад белага ды бярэзнічку», у якой адлюстраваліся водгукі старадаўніх звычаяў, звязаных з купляй-продажам нявесты. Прыезд дружыны жаніха па нявесту нагадваў своеасаблівы «ваенны набег»:
3-пад белага ды бярэзнічку
Выбягае белы конічак.
Ды не сам жа конічак бяжыць,
На ём хлопец удаленькі сядзіць.
Ён коніка паганяе
І з конікам размаўляе:
Ой, ты, коню, ты мой коню,
Ты выхвалівайся мною,
Ты выхвалівайся мною
І маёю ты жаною.
Пераскоч ты варацечка,
Не зачапі ты капыцечка,
Да не выбі, коню, брамачкі,
Не зрабі, коню, няславачкі,
Не дай, коню, цесцю знаці,
Што мы будзем ваяваці.
І камору мы зрабуем,
І ўвесь двор мы адваюем,
Каморачку ды навенькую,
Дзяўчоначку маладзенькую (запісана ад Усціменка Марыі Якаўлеўны, 1929 г. н.).
Праз некалькі дзён пасля сватання адбываўся наступны абрадавы этап — запоіны, падчас правядзення якіх «дзеўку запіваюць да роду жаніха» (запісана ў Высокі Полк ад Чудноўскай Марыі Іванаўны, 1922 г. н.). Як адзначыла інфармант, прыходзілі да бацькоў маладой госці з боку маладога ў колькасці 19 чалавек. Калі дзяўчына была згодна выйсці замуж, то яна павінна павітацца з кожным з прысутных гасцей: «Тады яна з каждым аддзельна здароўкаецца за руку, штоб паказаці, што аддае сябе гэтаму роду» (запісана ў Высокі Полк ад Чудноўскай Марыі Іванаўны, 1922 г. н.). Рытуалы, уласцівыя для гэтага абрадавага моманту, былі звязаны з абменьваннем хлебам («Перад уходам сватоў нужна абмяняць хлеб»), з бутэлькай жыта, якую «нявеста дае бацькам жаніха. Значыць, яна аддае ім сваё жыццё» (запісана ў Высокі Полк ад Чудноўскай Марыі Іванаўны, 1922 г. н.).
Рассыпанне жыта на двары — сімвалізацыя дабрабыту маладых: «Маці даўжна рассыпаць жыта па двару і доме, штоб прыйшоў добры быт» (запісана ў Высокі Полк ад Чудноўскай Марыі Іванаўны, 1922 г. н.). У в. Міхайлаўка запоіны абавязкова павінны былі быць у адну з наступных субот: «Сабіралі радню сваю, маладой асобенна, сваты прыходзілі і запівалі. Дагаварваліся пра запоіны яшчэ ў сватаўстве. А тады як хто ўправіцца: хто цераз дзьве нядзелі, а хто цераз месяц, калі хто ўладзіцца» (Антаніна Філіпчык, 1930 г. н.) [1, с. 463].
Перадвясельная частка завяршалася заручынамі (змовінамі), на якіх канчаткова вырашалася пытанне аб шлюбе. Сярод асноўных рытуалаў вылучаліся такія, як абвязванне сватоў ручнікамі і адорванне іх падарункамі. Паводле сведчанняў жыхароў в. Баравікі, заручыны адбываліся ў хаце бацькоў нявесты і запрашаліся госці ў большай колькасці. Як і сватанне, гэты абрадавы этап суправаджаўся іншасказальным рытуальным дыялогам:
— Хто вы такія і што вам трэба? — чуецца голас гаспадара хаты. Сваты выдаюць сябе за прыезжых купцоў, якія купляюць дарагі тавар. Гавораць:
— Мы чулі, што ў вас знойдзецца патрэбны нам тавар.
— Мы нічога не прадаём! — гаворыць гаспадар (запісана ад Шавяленка Марыі Паўлаўны, 1926 г. н.).
У некаторых вёсках Светлагорскага раёна, як адзначылі жыхары, перадвясельныя абрадавыя этапы супадалі ў часе правядзення і асобна не праводзіліся: «Заручыны і сватанне — ето тое самае. На змовіны больш людзей звалі, падаркі давалі, рушнікі завязвалі сватам, особенно старшаму свату і свёкру, свякрусе давалі на плацце» (запісана ў в. Чыркавічы ад Усціменка Марыі Якаўлеўны, 1929 г. н.).
Адзначым, што ў в. Васілеўка былі запісаны сціплыя звесткі пра звычай пад назвай «меранне сарочак», які адбываўся праз некалькі дзён пасля заручын: «Проходзіць два-тры дня. Прыходзяць хросныя маці жаніха і цётка. Ідуць к дзеўцы мераць сорочкі. Самыя почотныя ета госці. Там яны пошлі, помералі сорочкі, договорыліся, калі свадзьба» (запісана ад Пішчык Маі Антонаўны, 1936 г. н.). Прыгадаем, што гэты арыгінальны абрадавы момант складае спецыфіку вясельнай абраднасці Жыткавіцкага раёна.
Самастойным абрадавым этапам у светлагорскім вяселлі з’яўляецца зборная субота: «У зборную суботу сяброўкі маладой збіраюцца ў яе хаце і рыхтуюць нявесту да замужжа. Яны робяць кветкі, вэлюм. Сяброўкі адзяваюць нявесту, падрыхтоўваюць да вяселля» (запісана ў в. Карані ад Мацвеенка Зінаіды Сяргееўны). Гэта пацвердзілі і жыхары в. Хутар: «У суботу ўжо гатовяць і маладой фату, і нарады, плацці, прыданае, посцілкі, рушнікі» (запісана ад Філіпчык Валянціны Якімаўны, 1950 г. н.). У в. Рудня гэты абрадавы этап быў вядомы пад назвай «паненскі вечар»: «А ў сыботу ўсегда, гаварыла мая мама, эта паненскі вечар быў» (запісана ад Шумавай Марыі Арсеньеўны, 1934 г. н.). Адметнай дэталлю зборнай суботы на тэрыторыі Светлагоршчыны з’яўлялася тое, што дзяўчаты і хлопцы збіраліся разам і наладжвалі сумеснае застолле. У зборную суботу ў в. Чыркавічы нявеста збірала сябровак і «намячалі, у якой хаце будуць гуляць, дзеўкі прыносілі пасуду, закуску, а хлопец прыводзіў сваіх дружкоў і частаваліся. Хлопцы прыносілі гарэлку па літры, гармонь» (запісана ад Усціменка Марыі Якаўлеўны, 1929 г. н.). Як адзначылі жыхары в. Баравікі, у іх мясцовасці ў пятніцу збіралася моладзь, для якой рыхтавалі абрадавае печыва «коржыкі»: «У нас сразу дзелалі вечар, толька для маладзёжы. І ў дзярэўні пеклі, ну, вот коржыкі маленькія такія чатырохугольныя. І вот давалі маладзёжы етыя коржыкі» (запісана ад Сцепанцовай Марыі Сяргееўны, 1949 г. н.). У в. Прыстарань моладзь збіралася ў суботу: «Сабяром маладзёж. Тая маладая сабярэ сабе дзевак, падруг там і сядзяць за сталом, пяюць увечары. А тады ўжо падходзіць малады з дружком. Бутылку ўжо стаўляюць, гасцінцы ложаць. Выкупаюць, а як жа» (запісана ад Мухаед Вольгі Міхайлаўны, 1922 г. н.). Падрыхтоўка вянка для маладой і яго выкуп (маладым) — важныя рытуалы зборнай суботы.
Важнае месца ў структуры вясельнага абрадавага комплексу адводзілася караваю. «У каравайным абрадзе шанаванне хлеба дасягала своеасаблівага апагею. Стагоддзямі выпрацоўваўся спецыяльны рытуал падрыхтоўкі, выпечкі і дзялення каравая. Адступленне ад рытуалу, на думку сялян, магло наклікаць бяду на новую сям’ю. У гэтым выразна выяўлялася магічная функцыя ўсіх абрадаў і кожнага дзеяння паасобку, сэнс якіх няцяжка зразумець» [2, с. 65].
Каравай рыхтавалі і ў хаце маладой, і ў хаце маладога: «У нас свой каравай, у жаніха — свой» (запісана ў в. Баравікі ад Чыжэўскай Ганны Іванаўны, 1936 г. н.). Той факт, што на вяселлі рыхтавалі два караваі, пацвердзілі жыхары в. Баравікі: «Каравай быў з двух старон. Адзін дзень свадзьба была. У міне тут пагулялі. А там ужэ малады міне забраў, у іх пагулялі» (запісана ад Маславай Аліны Рыгораўны, 1951 г.н.). Звычайна запрашалі для яго падрыхтоўкі дбайных, руплівых і шчаслівых у сямейным жыцці жанчын, што, лічылася, павінна забяспечыць дабрабыт маладых: «Каравай уносяць тры жанчыны, толькі каб усе былі замужнія, не ўдовы і жылі не за ўдаўцом, каб красіва замужам жылі» (запісана ў в. Чыркавічы ад Усціменка Марыі Якаўлеўны, 1929 г. н.). У в. Карані для падрыхтоўкі каравая запрашалі жанчын, «каб яны былі з першым замужжам» (запісана ад Мацвеенка Зінаіды Сяргееўны). У г.п. Парычы выпякала каравай хросная маці: «Ана далжна была быць у пары. Еслі ана не была ў пары, яна не будзе пекці» (запісана ад Сабецкай Надзеі Васільеўны, 1935 г. н.). «Прыглашаюць каравай пекчы каравайніц, цех, каторыя жывуць у пары абязацельна і штоб харашо жылі, зажытачна і не ругаліся, вобшчэм заслужаных людзей прыглашаюць» (запісана ў в. Чыркавічы ад Усціменка Марыі Якаўлеўны, 1929 г.н.). Для падрыхтоўкі караваю ў в. Хутар запрашалі «трох самых старых бабак. У дзежках дзеравянных учынялі, мясілі, вымешвалі цеста. Пелі песні, каб каравай быў пухнаты, багаты, каб цеста добра падашло» (запісана ад Філіпчык Валянціны Якімаўны, 1950 г.н.).
Як адзначылі інфарманты з в. Чыркавічы, «бабы замешвалі цеста, Маруся пела каравайную песню… Потым ставілі яго (каравай) у печ, якую бацька яшчэ раз пратапіў з самага рання. Пакуль цеста падыходзіла і пёкся каравай, мы сядзелі за сталом, частаваліся, спявалі песні. Каравай пяклі адзін, але вялікі, упрыгожвалі яго кветкамі з цеста. Выпечаны каравай ставілі на ручнік пад абразамі. Тут ён і стаяў да самага вяселля» (запісана ад Наўроцкай Яўгеніі Піліпаўны, 1928 г. н.).
У в. Вяжны выпякалі каравай тры жанчыны-каравайніцы: «У сыботу тры бабы збіраліся і ўчынялі каравай. У нядзелю, у дзень вяселля, уранні пяклі. Усаджаюць утрох у печ каравай і маленькія галушачкі і пякуць, спяваючы:
Каравай у печы йграе,
Засланкі адбівае,
Шышачкі рагочуць,
На прыпечак хочуць» (запісана ад Вежнавец Матруны Якаўлеўны, 1920 г. н.). Паводле ўспамінаў жыхароў в. Рудня, «каравай колісьці пеклі самі. Ужэ збіраюць такіх жэншчын маладых, каторыя жывуць з мужыкамі, у пары жывуць» (запісана ад Шумавай Марыі Арсеньеўны, 1934 г. н., Караткевіч Галіны Кірылаўны, 1941 г. н.). Кожны каравайны абрадавы этап суправаджаўся адпаведнымі песнямі-ілюстрацыямі, напрыклад, калі «саджалі каравай у печ, спявалі: «Наша печ рагоча, // Короваю хоча, // А прыпечак засміхаецца, // Короваю спадзяваецца» (запісана ў в. Карані ад Мацвеенка Зінаіды Сяргееўны). Народнай традыцыяй было прынята жанчын-каравайніц, якія ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы абрадавага хлеба, абавязкова чым-небудзь частаваць, што знайшло адлюстраванне ў наступных песенных радках:
А мы былі на караваі,
Нас там частавалі
Віном зеляненькім,
Мёдзікам саладзенькім (запісана ў в. Чыркавічы ад Усціменка Марыі Якаўлеўны, 1929 г. н.).
У в. Васілеўка каравай рашчынялі звычайна ў суботу: «Збіраюцца радзіцелі і гуляюць у суботу ўвесь вечар. Кажды ў сваёй хаце, і пяюць:
Ніхто не адгадае,
Што ў нашым караваі:
З трох рэчок вадзіца,
Дзве чарочкі масла
І дзве долячкі шчасця» (запісана ад Пішчык Маі Антонаўны, 1936 г. н.).
Абавязкова патрэбна было папрасіць благаславення ў хросных бацькоў маладых: «Як толькі сабраліся ў хаце жаніха ці нявесты, бяруць благаславенне ў хросных: “Благаславі, ацец і маці, маладой песню спяваці”. Тады запявалі:
Аліна мама па вуліцы ходзіць Ды суседачак просіць:
— Вы, суседачкі мае,
Ды хадзіце ка мне,
Да не ка мне, а к майму дзіцяці,
Каравай у печ сажаці» (запісана ў в. Чыркавічы ад Усціменка Марыі Якаўлеўны, 1929 г. н.).
Заслугоўвае ўвагі абрадавы этап дзяльбы каравая, які пачынаецца з просьбы дазволіць прынесці каравай: «І тады хросныя матка і бацька тры разы просяць дазволу каравай падаць маладым:
— Бацька, маці, дазвольце каравай падаці!
А бацькі:
— Дазваляем!» (запісана ў в. Хутар ад Філіпчык Валянціны Якімаўны, 1950 г. н.).
З караваем звязаны міфалагічныя ўяўленні: «Каравай адносілі, давалі маладой і маладому. Хто болей укусіць, той будзе старшы хазяін у доме, камандаваць хазяйствам» (запісана ў в. Стракавічы ад Дземідовіч Ніны Іванаўны, 1930 г. н.); «Каравай заўсёды бралі якой-небудзь салфеткаю ці рушнічком, а не голымі рукамі. Гавораць, калі голымі рукамі возьмеш каравай, будзеш і сам голы» (запісана ў в. Хутар ад Філіпчык Валянціны Якімаўны, 1950 г. н.).
Жыхары Светлагоршчыны прыгадалі сціплыя звесткі пра абрадавы этап пад назвай «пасад». Вядома, што на пасад (на дзяжу) мела права сесці тая маладая, якая захавала цнатлівасць. Напрыклад, у в. Вяжны «нявесту садзяць на лаве ад вуліцы і вядуць брата, каб ён расплёў касу нявесце і спяваюць песню:
Брат сястрыцы косу расплятаў,
Дзе ж ты еты ўплёты падзяваў?
Меньшай сястрыцы пааддаваў.
Эта табе, сястрыца, сястрын знак,
Дак каб і на лета табе так» (запісана ад Вежнавец Матруны Якаўлеўны, 1920 г.н.).
У прыведзеных песенных радках адлюстраваны адзін з найбольш важных рытуалаў, характэрных для вышэйназванага абрадавага этапу, — рытуал расплятання касы маладой. У в. Чыркавічы сумесны пасад маладых адбываўся адразу пасля іх сустрэчы: «У хаце садзяць маладых проці печы, а патом старшая дружка брала нявесту і жаніха за рукі і разам з іншымі дзяўчонкамі вялі да кута і садзілі іх там на кажух:
Ляцелі галачкі ў тры стадачкі,
Адна галачка паперак.
Ішлі дзевачкі ў тры радочкі,
А наша Алачка наперад» (запісана ад Усціменка Марыі Якаўлеўны, 1929 г. н.).
У вясельных песнях, якімі суправаджаўся абрадавы этап ад’езду дружыны маладога дадому, гучалі сумныя матывы развітання маладой з бацькоўскім домам, а таксама матывы падзякі бацькам за «хлеб-соль»:
Дзякуй, мамачка, за хлеб-соль, за хлеб-соль,
Больш цяпер я не пайду за твой стол, за твой стол,
Хоця жа я к табе прыйду ў гасціну, у гасціну,
Калі дасі паабедаць — спасіба, спасіба,
Калі ж не дасі абедаць — так пайду, так пайду,
Ой, ці ж я сабе хлеб-соль не знайду?
Паслявясельная частка, якой завяршаўся вясельны абрадавы цыкл на Светлагоршчыне і ў якой знайшлі сатырыка-гумарыстычнае адлюстраванне асноўныя этапы шлюбнай абраднасці, мела адметныя мясцовыя назвы: «Петухі» (в. Карані), «Падойма» і «На дрожджы» (в. Чыркавічы), «На галузы» (г. п. Парычы). Паслявясельны перыяд, напрыклад, у в. Карані Светлагорскага раёна называлі «петухі»: «На другі дзень вяселля ў маладога павінны ўзяць петуха або курыцу, чапляюць ёй чырвоную ленту. Да яе гасцям даюць бутэльку гарэлкі для таго, каб збіраліся на трэці дзень вяселля — “петухі”» (запісана ад Мацвеенка Зінаіды Сяргееўны). Адзначым, што выкананне рытуалаў, характэрных для паслявясельнага перыяду і іншых абрадавых этапаў вяселля, было надзвычай важным для забеспячэння дабрабыту і шчасця маладых.
Прааналізаваныя запісы вясельнай абраднасці Светлагоршчыны даюць падставы сцвярджаць, што вясельны абрадавы комплекс, які з’яўляецца своеасаблівай энцыклапедыяй народнай мудрасці, вылучаецца багаццем рытуалаў, цікавымі песнямі-ілюстрацыямі, самабытнымі прыкметамі і павер’ямі.
Літаратура
- Традыцыйная мастацкая культура беларусаў : у 6 т. / ідэя і агульнае рэдагаванне Т. Б. Варфаламеевай. — Т. 6, кн. 1 : Гомельскае Палессе і Падняпроўе / Т. В. Валодзіна [і інш.]. — Мінск : Выш. шк., 2012. — 910 с.
- Фядосік, А. С. Беларуская сямейна-абрадавая паэзія / А. С. Фядосік ; навук. рэд. А. С. Ліс. — Мн. : Беларускі кнігазбор, 1997. — 126 с.
Аўтар: В.С. Новак
Крыніца: Зборнік дакладаў i тэзісаў VIII Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Традыцыі і сучасны стан культуры і мастацтваў» (Мінск, Беларусь, 7-8 верасня 2017 года) / гал. рэд. А. І. Лакотка; Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. — Мінск: Права і эканоміка, 2018. — С. 560-565.