У каляндарна-абрадавым фальклоры Гомельшчыны важнае месца адводзіцца каляндарным абрадам і песням Кармянскага раёна. Адзначым, што сярод структурных кампанентаў калядна-навагодняга абрадавага комплексу вылучаюцца традыцыйны абрад калядавання, які быў звязаны з ваджэннем казы, падрыхтоўка абрадавай трапезы («поснай», «тлустай» і «крашчэнскай» куцці), рытуал заклікання марозу, прыкметы і павер’і, варажба, выкананне агульнакалядных і ўласна велічальна-віншавальных песень, адрасаваных гаспадару, гаспадыні, дачцэ, сыну і інш. Засяродзім увагу на асобных момантах мясцовай зімовай абраднасці. Падчас калядавання на другую куццю, паводле ўспамінаў М. Д. Бруевіч з в. Ворнаўка, вадзілі казу з якой звязвалі надзеі на добры ўраджай:
Го-го-го, каза,
Го-го-го, шэрая,
Го-го-го, белая!
Не хадзі, каза,
Ды й па тых сялах:
Па Журавічах, па Махавічах.
Там стральцы-барцы Нікалаеўцы
Хочуць цябе ўбіць,
Кожу аблупіць, боты пашыць.
Боты-халявы збоку дзіравы.
Ну-тка, козачка, павярніся-тка,
Самому пану павярніся-тка,
За кусок сала, за калбасіцу [1, с. 62].
Заўважым, што ў прыведзеным мясцовым варыянце гучыць матыў відавочнай пагібелі казы ад «стральцоў-барцоў Нікалаеўцаў». Ахвярапрынашэнне жывёлы спалучана з ідэяй памірання прыроды зімой і яе ўваскрэсеннем вясной — вызначальнай ідэяй каляндарна-абрадавага фальклору. Абрад ваджэння казы адбываўся ў вёсках Высокае і Зяцькавічы вечарам у першы дзень Каляд, а ў вёсках Лебядзёўка і Ворнаўка быў прымеркаваны да другой куцці [1]. Як засведчылі жыхары в. Ворнаўка, у іх мясцовасці «на Каляды насілі “свячу”: “…сабіраліся вуліцай, увечары ўкрашалі свячу, бралі плацейкі, надзявалі на яе фартушкі, паціркі і ў етай хаце ж вячэралі. А на другі дзень бралі ікону і свячу і неслі ў другую хату. А тыя хазяйкі, ад якой забіралі свячу і якой неслі, должны ў еты час сыпаць саломку нам і ёй дзелаць сцежачку. Устрачаліся на серадзіне і ўмесці з намі ідуць”» (запісана ад Марыі Дзмітрыеўны Бруевіч, 1920 г.н.).
У в. Гарадок, калі калядавалі, то і казу вадзілі, і «звязду насілі»: «На Каляды збіраўся гурт хлопцаў і дзяўчат, адну дзяўчыну пераапраналі ў казу: выварачвалі кажух і надзявалі, рабілі з дрэва рогі. Адзін з хлопцаў насіў “звязду”» (запісана ад Марыі Рыгораўны Кавалёвай, 1935 г.н.).
Адметнасцю мясцовай каляднай традыцыі ў Кармянскім раёне з’яўлялася гульнёвае тэатралізаванае прадстаўленне, якое разыгрывалі «пава з павуком»: «Для гэтага дзяўчыну нараджалі ў дліннае плацце, на галаве — вянок з лентамі з бумагі. Гэта была пава». Хлопец быў «павуком» (в. Струкачоў) [1, с. 62]. Паводле ацэнкі мясцовых жыхароў, калядоўшчыкаў з казой чакалі з нецярплівасцю, а «паву з павуком» не любілі пускаць у хату, бо «яны заўсёды што-небудзь украдалі». Песня, якая выконвалася ўдзельнікамі гэтай гульнёвай часткі абраду, вызначаецца шлюбнай сімволікай (вянок як сімвал дзявочай годнасці, згубленне вянка як сімвал страты цнатлівасці да шлюбу):
Пава, пава па двару лятала,
Перайка ўпала, у рукавок клала,
З рукаўка брала, вяночак віла.
Вяночак звіла, пайшлаў таночак,
З таночка ішла, вяночак згубіла [1, с. 61 ].
Вышэйпрыведзены факт прысутнасці абрадавага дзеяння шлюбнага характару ў калядна-навагоднім комплексе сведчыць аб тым, што ідэя шлюбу, працягу роду была не менш важнай у земляробчым календары, чым культы прыроды і продкаў.
Асаблівасцю калядавання на Кармяншчыне з’яўляецца пераапрананне ўдзельнікаў у «цыган». Хутчэй за ўсё гэта было звязана з унясеннем новых элементаў у традыцыйны абрад калядавання, што істотна паўплывала і на песенны рэпертуар, уключэнне песень цыганскай тэматыкі. Па ўспамінах Н. Аляксеенка з в. Хізаў, «сабяром трапак, здзелаем ляльку, з лялькай хадзілі па дамам, дзіцёнка носім, калі ў цыганку пераапранаемся. Адна ідзе з лялькай, абкрытая, а етыя бегаюць, пяюць, скачуць, карты з сабой носяць: “Давай пагадаю! Маладая, красівая, замуж пойдзеш!”» [1, с. 68].
Каляды з’яўляліся падрыхтоўчым этапам для атрымання добрага ўраджаю, не выпадкова абрады, якія выконваліся, насілі заклінальны аграрна-магічны характар. Напрыклад, абрад засявання ў вёсках Кармянскага раёна адбываўся на другі дзень пасля шчадравання: «Калі шчадроўшчыкі засеюць збожжам у хаце, то ў гэтым годзе ў хазяіна будзе багаты ўраджай» (запісана ў в. Багданавічы ад Белавусавай Анастасіі Савельеўны, 1921 г.н.).
У шчадроўна-калядных песнях, адрасаваных гаспадару, гаспадыні, дачцэ, сыну, гучаць матывы зычання дабра, здароўя, шлюбнага шчасця. Асабліва відавочнымі з’яўляюцца элементы вясельнай стылістыкі ў калядках, адрасаваных моладзі.
Адметнасцю мясцовай каляднай традыцыі з’яўлялася «спайка», калі дзяўчаты і хлопцы збіраліся ў якой-небудзь хаце, наймалі музыку, рыхтавалі «кашу», а «старэйшыя дзеўкі «білі» кашу» [1, с. 74] (в. Высокае), ці хто-небудзь з хлопцаў, «той, хто больш грошай пакладзе на кашу» (запісана ў в. Задуб’е ад Савянковай Анастасіі Рыгораўны, 1909 г.н.). Прыведзены прыклад сведчыць аб узаемасувязі каляднай і радзінна-хрэсьбіннай абраднасці. Радзінны абрад разбівання гаршка з бабінай кашай, можна меркаваць, быў запазычаны каляднай традыцыяй, напэўна, таму, што ў Каляды адзначалі нараджэнне Хрыста. Калі ж звярнуцца да апісання каляднай гульні шлюбнага характару, запісанай у в. Высокае, то можна пераканацца ў лагічнай прысутнасці абраду «бабінай кашы» на калядным ігрышчы: «Вечарам зімой збіраемся ў адной хаце і гуляем у розныя гульні. У хванты, у жмуркі ці ўздумаем жаніць каго-небудзь, выбіраем «жаніха» і «нявесту», садзім іх у вазок, самі ўпрагаемся і хутка вязем іх вянчацца. І вось у хаце мы гуляем «вяселле», пажэнім, а тады «радзілі» яны ўжо. Яна платочак на жывот пакладзе — ужо пузаценькая ходзя. Кукалку скруцім, мордачку нарысуем. «Радзіла» — надо ў адведкі ісці, хлеба і сала несці» [1, с. 74]. Звычай «гуляць кашу» на Каляды з’яўляецца таксама мясцовай асаблівасцю каляднай традыцыі ў в. Ліпаўка Хоцімскага раёна Магілёўскай вобласці. Сутнасць гэтай з’явы заключалася ў тым, што «пад канец ігрышча ставяць на стол гаршчок з кашай, наверх палаценца, якое рыхтавала адна з дзевак. Тады ўжо разыгрываюць кашу: хто болей паложыць грошай, што багацейшы, тэй ужэ забіраець палаценца сабе, б’ець кашу, патом яе дзелюць, ядуць, а грошы расходуюць на другі дзень ігрышча» [2, с. 6].
Захоўваецца яшчэ і сёння ў памяці жыхароў Кармяншчыны традыцыйны агульнабеларускі звычай заклікання марозу на куццю: «Ставілі куццю на стол, і бацька гукаў: «Мароз, мароз, хадзі куццю есці. А еслі не пойдзеш, жалезнай пугай паб’ем» (запісана ў в. Задуб’е ад Савянковай Анастасіі Рыгораўны, 1909 г.н.).
У міфалагічных прыкметах і павер’ях, звязаных з Калядамі, надзвычай ярка адлюстраваўся светапогляд нашых продкаў, іх паэтычнае асэнсаванне складаных з’яў жыцця, пошукі мудрых тлумачэнняў незразумелых ім прыродных фактаў, імкненне спасцігнуць таямніцы рацыянальнага гаспадарання на зямлі, знайсці найлепшыя сродкі, каб дасягнуць у будучым добрага ўраджаю на палетках і прыплоду дамашняй жывёлы. І хоць калядны цыкл не быў непасрэдна звязаны з правядзеннем земляробчых работ, але ўжо ўзімку ўсе думы і жаданні селяніна былі звязаны з чаканнем новага ўраджаю. Менавіта таму такімі важнымі, напоўненымі магічнай сілай здзяйснення з’яўляюцца ўсе тыя сімвалічныя абрадавыя дзеянні, да якіх звярталіся нашы продкі на працягу ўсяго каляднага перыяду. Найбольш распаўсюджанымі павер’ямі, якія і сёння, як і было заведзена раней, вызначаюць гаспадарчы і сямейны жыццёвы парадак, з’яўляюцца наступныя: «верх куцці зразалі і давалі скату патрохі», «на Каляды семкі елі, на пол плявалі, штоб ураджай быў харошы» (запісана ў в. Хізаў ад Сапроненка Ніны Сільвестраўны, 1913 г.н.); «зерне кідалі ў печ, каб была добрай жніўка»; «яшчэ ў першы дзень Каляд, калі ў хаце ёсць дзеці, бацькі кідалі зерне на паліцу, прыгаворваючы: «Радзі, Божа». А дзеці павінны былі грабсці да сябе гэтае зерне болей» (запісана ў в. Зяцькавічы ад Марозавай Ганны Іванаўны, 1924 г.н.).
Мясцовы адметны каларыт мае і дзявочая навагодняя варажба, сімволіка якой звязана з зернем, дамашнімі жывёламі і птушкамі, прадметамі побыту. Варажбы пра шлюб, запісаныя на Кармяншчыне, у большай ступені захоўваюць традыцыйны агульнабеларускі характар адвольных магічных дзеянняў і заклінанняў. Уражвае і захапляе той паэтычны струмень народнай фантазіі, якім прасякнута імкненне прадбачыць свой лёс, убачыць суджанага ці суджаную, уявіць сваю будучыню, усцешыць свае рамантычныя летуценні. У гэтым можна пераканацца, калі звярнуцца да некаторых мясцовых варыянтаў варажбы, напрыклад: «Бралі мужскія штаны ў зубы і цягалі вакол сваёй хаты тры разы, пры гэтым задумаўшы хлопца» (запісана ў в. Багданавічы ад Белавусавай Анастасіі Савельеўны, 1921 г.н.); «па кучкам насыпаюць зерне і выпускаюць курэй. Чыю кучку ўперад ухопіць курыца, тая ўперад пойдзе замуж» (запісана ў в. Высокае ад Жлоба Юліі Клімаўны, 1909 г.н.).
Факт ваджэння карагодаў на Каляды засведчылі жыхары в. Высокае: «Хараводы вадзілі большую часць на Каляды каторыя болей выдумлівыя хлопцы і дзеўкі. Табун жа бальшой па вуліцы ходзіць» (запісана ў в. Высокае ад Жлоба Юліі Клімаўны, 1909 г.н.). Калі ў іншых вёсках Кармяншчыны рыхтавалі тры куцці (на Ражаство, Новы год і Хрышчэнне), то ў в. Высокае «варылі куццю на первый дзень Каляд. Згатовяць, паставяць яе ў карзінку ў сена і да трэціх Каляд яе не ядуць. А тады ўжо на трэція Каляды ядуць гэту куццю і скаціне даюць» (запісана ў в. Высокае ад Жлоба Юліі Клімаўны, 1909 г.н.).
Са святкаваннем трэцяй куцці (Вадохрышча) быў звязаны матыў «развітання» з Калядамі, калі «на хаце на Хрышчэнне ставілі хрэсцікі — «Каляду запісвалі» (запісана ў в. Высокае ад Кавалёвай Ганны Ягораўны, 1929 г.н.).
Як бачым, структуру мясцовага калядна-навагодняга комплексу складалі такія абрадавыя элементы, як тры куцці (у в. Высокае рыхтавалі толькі першую куццю), абрад ваджэння казы на другую куццю (вв. Лебядзёўка, Ворнаўка), а таксама — пад вечар у першы дзень Каляд (вв. Высокае, Зяцькавічы), закліканне марозу на першую куццю (вв. Задуб’е, Багданавічы), хаджэнне са «звяздой», абрад засявання на Новы год (вв. Хізаў, Лебядзёўка), абрад пераносу «свячы» (в. Ворнаўка), калядныя ігрышчы, на якія збіраліся з усіх суседніх вёсак (в. Задуб’е), варажба, міфалагічныя прыкметы і павер’і, звязаныя з куццёй, выкананне шчадроўных песень, вылучэнне некалькіх гуртоў калядоўшчыкаў (дарослых, хлопцаў-калядоўшчыкаў, дзяцей), калядныя гульні шлюбнай скіраванасці, пераапрананне ў цыган. Прыведзеныя кампаненты яднаюць лакальнае зімовае святкаванне з агульнанароднай каляднай традыцыяй. Па-мясцоваму адметныя з’явы калядна-навагодняга перыяду на Кармяншчыне — гэта хаджэнне калядоўшчыкаў з «павай і павуком» (вв. Струкачоў, Задуб’е), абрад «бабінай кашы» («спайка») (вв. Высокае, Задуб’е), ваджэнне карагодаў (в. Высокае).
Паўсюдна на тэрыторыі Кармянскага раёна быў вядомы абрад гукання вясны. Інфарматары Кармяншчыны пацвердзілі, што вясну ў іх мясцовасці гукалі і на 1 сакавіка, і на 9 сакавіка, і на Благавешчанне (Дабравешчанне) (25 сакавіка), пры гэтым выконвалі розныя песні: «На берагу вуця купалася» (в. Ліцвінавічы), «Благаславіця, старыя дзяды» (в. Валынцы), «Пусці, маменька, на ручэй гуляць», «Пакацілася пяро пад Мацвеява сяло» (в. Высокае). У в. Лебядзеўка «адкрывалі вясну» на Саракі, на 9 сакавіка па ст. ст.: выпякалі 40 «галушачак, птушачак, лісапетак, пячэнне раздавалі дзецям», спявалі песню на агульнабеларускі сюжэт: «Ой, вясна, ды й вясна, ды й, весянка, // Што ж ты нам прынесёлка, прынесёлка» [1, с. 79].
Своеасаблівасцю абраду гукання вясны на Кармяншчыне з’яўляецца наступны цікавы момант: «Па вадзе пускалі плыць дошчачку, на якой клалі хлеб і запальвалі свечку», адначасова спявалі:
Пусці, маменька, на ручэй гуляць.
Ой, лі, ой, люлі, на ручэй гуляць.
На ручэй гуляць, селязнёў вітаць,
То не селязень, то не селязень,
То ж не сізенькі, то ж мой міленькі [1, с. 13].
Паводле ўспамінаў Ефрасінні Рыгораўны Герасіменка, 1927 г.н., перасяленкі з в. Дубравіна ў сувязі з чарнобыльскай бядой, абрадавым пячэннем у выглядзе «жаўранкаў» на Саракі частавалі і дарослых, і дзяцей, а таксама «кармілі ім жывёлу, каб здаровай была. Сорак разоў павінны былі катнуцца на арэлях кожны малы і дарослы» з мэтай засцярогі ад камароў, «каб камары ўлетку не кусалі».
У в. Старая Зенькавіна гукалі вясну 1 сакавіка. Паводле ўспамінаў інфарматараў, вогнішча не распальвалі і карагодаў не вадзілі. У асноўным «маладзейшыя дзеўкі» выконвалі вяснянкі на сюжэт «Вясна, вясняначка, а дзе ж твая дачка-паненачка?». У гэтай вёсцы на Саракі абрадавым печывам у выглядзе жаўранкаў частавалі адзін аднаго, давалі «выпечанае рэчыва жывёле, каб яна была здаровай» (зап. ад Праскоўі Лаўрэнцьеўны Мінчанка, 1922 г.н.).
Матыў звароту да жаўранкаў знайшоў таксама адлюстраванне ў мясцовым песенным варыянце: «Жавараначкі, прыляціця, // Вясну красну прынясіця» [1, с. 79].
Можна пагадзіцца з меркаваннем Т. А. Агапкінай, што «звернуты да жаўранкаў заклік прыляцець і прынесці вясну адлюстраваны прама і няма падстаў бачыць у ім больш глыбокія сэнсы» [3, с. 277].
Мясцовым элементам у структуры абраднасці гукання вясны ў в. Валынцы з’яўлялася «кіданне булачкі» на ваду падчас загукання:
Благаславіця, старыя дзяды,
Старыя дзяды, ой, вясну-красну пагукаці,
Пагукаці, цёплае летаўстрычаці,
Цёплае лета ўстрычаці, зіму люту праклінаці [1, с. 78].
Як бачым, на тэрыторыі Кармяншчыны суіснуюць і «загуканне вясны», і абрад «жаўранкаў» у складзе адзінага фальклорна-этнаграфічнага комплексу.
Што да характарыстыкі юраўскай абраднасці, то, напрыклад, рытуал выгану жывёлы на пашу суправаджаўся замоўнымі формуламі, напрыклад, як «выганяюць жывёлу ў поле, бяруць хлеба і абносяць яго кругом трубы і гавораць: «Як печ стаіць на месцы, каб і мая жывёла пільнавала сваё месца і хазяіна» [1, с. 89] (в. Асінаўка); «як я без хвартука не магу абысціся, так каб і ты, мая цясютка, з двара нікуды не зыходзіла» [1, с. 90] (в. Задуб’е). Перад тым як выгнаць жывёлу ў поле, у в. Асінаўка выконвалі не толькі простыя абрадавыя дзеянні, але і выконвалі складаны па сваёй сутнасці рытуал: «У сераду пякуць з цеста хрэст, бяруць тры невялікія каменчыкі, нож, замок, бязмен, сякеру, курыныя яйкі, грамнічную пасвяцоную свечку, бяруць з калодзіжа ваду, выцягаюць са страхі салому, патом чэраз увесь скот перакідаюць камень і абліваюць вадой. І так тройчы. Патом чэраз ета ўсё пераганяюць скот» [1, с. 88]. Паводле ўспамінаў Н. Д. Андрыянавай, 1928 г.н., з в. Асінаўка, «на Юр’я моляцца, абыходзяць сваю ўсадзьбу з пірагом, на мяжу тыкаюць костачкі, зберажоныя ад Вялікадня, і гавораць: «Юрый, рана адамкай землю, выпускай расу на цёплае лета, на буйнае жыта, на ядраністае, на каласістае, гаспадару на здароўе» [1, с. 88].
Прааналізаваныя матэрыялы па зімовай і асобных з’явах веснавой абраднасці пацвярджаюць багацце мясцовай спецыфікі каляндарна-абрадавага фальклору Кармяншчыны.
- Крыніц кармянскіх перазвоны (абрады і песні ў сучасных запісах) / уклад., сістэмат., тэкст. праца, уст. арт. В.С. Новак; пад рэд. І.Ф. Штэйнера. — Гомель: Гомельскі цэнтр навукова-тэхнічнай і дзелавой інфармацыі, 2000. — 210 с.
- Традыцыйны фальклор Магілёўскага Падняпроўя / уклад. Т. Б. Варфаламеева; Бел. ін-т праблем культуры. — Мінск, 1996. — 126 с.
- Агапкина, Т. А. Этнографические связи календарных песен. Встреча весны в обрядах и фольклоре восточных славян / Т. А. Агапкина. — М.: Индрик, 2000 — 336 с.
Аўтар: Валянціна Новак
Крыніца: Традыцыйная культура і дзеці: праблемы этнавыхавання: матэрыялы V Рэспубліканскай навук.-практ. канф. (г.п. Акцябрскі Гомельскай вобл., 20 чэрвеня 2018 г.) / укл. А. Ю. Лозка; рэдкал.: В.М. Грышкевіч [і інш.]. — Мінск: ІВЦ Мінфіна, 2018. — С. 164-170.