Мясціны, дзе мы жывем — Вуць (зямля нашых продкаў)

0
3044
Вуць

Вуць (Уць) – вёска на рацэ Вуць. Цэнтр сельскага савета і КСУП “Вуцеўскі”за 33 км на поўдзень ад Добруша, 35 км. ад Гомеля, 3 км. ад чыгуначнай станцыі Церахоўка, на аўтадарозе Гомель-Церахоўка. 816 жыхароў, 337 двароў (2007 г.) Сярэдняя школа, Дом культуры, бібліятэка, дзіцячы сад, аддзяленне сувязі, 2 магазіны, царква. Адна  з найбольш старажытных весак Добрушчыны.

Упершыню Вуць (Уцье) згадваецца у інвентары Гомельскага староства за 1560 год. Тут было 6 двароў. Першыя насельнікі Вуці займаліся земляробствам, бортніцтвам, паляваннем і рыбалкай, мелі 5 коней і 7 валоў.   «…Село Утье. Павел Копан а Пронко Терехови, волов три, кони три, дымы два, служба, Мишко а Мартин Павловичи, волов два, конь один, дымы два, служба Овдей Максимович а Марко Иванович, волы два, конь один, дымы два, служба; а под кождою службой сеножатей, возов по петнацать. В том селе дымов шест, службы три грунту среднего, сеножатей, возов сорок  пять.»  Веска ўваходзіла ў прыход гомельскай царквы Мікалая Цудатворца. Таму святар Сямен таксама меў тут зямлю.У інвентары Гомельскага староства былі дакладна ўказаны межы в.Вуць. «Граница того села – с попом а боярином: от границы Антоновское, от реки Ути, рекою Радвиною, уверх до Супорного леса, от того леса в речку Терух, Терухою уверх до болота Тетивского, с того болота уверх речки Ути, оттоль в речку Городишку, тою речкою уверх до Залесья, оттуль у болото Посинее, с болота речкою Копыльцом у Тесный перерост, оттоль у речку Ворошну, Ворошною вниз у Ржавчик оттоль через речку Утью, зася в речку Радвину, откулься граница почала.»

Звесткі аб весцы Вуць утрымлівае і перапіс уладанняў князя Міхайлы Чартарыйскага, апошняга старасты гомельскага. Гэты перапіс  складзены ў 1773 годзе. Тут былі 62 сялянскія двары і 12 двароў бабылеў. Насельніцтва-324 душы мужчынскага полу, 336 полу жаночага. 29 душ мужчынскага полу і 36 жаночага не мелі ўласных хат і двароў, туліліся ў вяскоўцаў, якім дапамагалі па гаспадарцы. У весцы быў млын. Некалі ен належаў мясцоваму жыхару Лаўрэнцію, а пад час перапісу на ім рабіла яго ўдава Агаф‘я Іванова. Мелася карчма, якую утрымлівала яўрэйская сям‘ я з 14 душ. Была царква Мікалая Цудатворца (святар Тарас Харашкевіч). Царква ўтрымлівала шпіталь для нямоглых і бадзяг (18 мужчын і 13 жанчын).       У 1776 годзе в.Вуць, як і большая частка Гомельскага староства, была падаравана імператрыцай Кацярынай 2-ой фельдмаршалу графу Пятру Аляксандравічу Румянцаву-Задунайскаму. “Отказная книга” 1776 года называе чатыры мясцовыя плаціны і млыны пры іх. В.Вуць уваходзіла ў Клімаўскі фальварк Гомельскага маентка Румянцавых. 13 студзеня 1810 года ў в.Вуць пры мясцоваў царкве Мікалая Цудатворца было адкрыта прыходскае вучылішча – першае на Добрушчыне. Прамая заслуга ў тым Варлаама (Рыгора Шышацкага), 17-га епіскапа Магілеўскага.

У 1834 годзе у в. Вуць было 519 так званых рэвізскіх душ. ”Сведения о количестве населения, домов, церквей, мостов по Гомельскому имению князя Паскевича за 1852г.» паведамляюць: « у в.Вуць 165 двароў, 598 душ мужчынскага і 577 душ жаночага полу, адна царква, 5 мастоў і 5 гацяў праз рэчку Вуць».

У даведніку «волости и важнейшие селения Европейской России» ( СП6, 1886) звесткі наступныя: «у в. Вуць 267 двароў і 1578 жыхароў. Праваслаўная царква, 4 ветраныя млыны. У 1876-1917 гг. у весцы працавала царкоўна-прыходская школа».

З першага сакавіка 1918 года да сярэдзіны студзеня 1919 года Добрушчына была акупавана войскамі кайзераўскай Германіі. Пасля вызвалення ў в.Вуць быў створаны сельскі савет, арганізаваны камітэт сялянскай беднаты. Пры іх  удзеле распачаліся работы па земляўпарадкаванню.З успамінаў Марфы Парфенаўны Глазко, 1909 г.н.в.Вуць: ”…Там, дзе зараз луг некалі была вуліца. Недзе ў 1920 годзе пачалося рассяленне гэтага сяла. Так і ўзніклі Стэп, Зарадзвінне, Іванполле, Антонаў.Згадваю, як рассялялі, а калі ж узнікла тое сяльцо.ніхто і не ведаў.Такім старым яно было. З другога боку Вуці – поле.Завуць яго Курганнем. Малой я была,а памятаю, што стаялі тут тры высокія хаты-курганы. Перад вайной разворвалі тыя курганы, то шмат касцей чалавечых там знаходзілі. Мая бабуля казала, што чула яшчэ ад сваей бабулі.што быццам на полі гэтым вялікая бойка з татарамі была…”

Восенню 1929 года ў в.Вуць быў арганізаваны калгас “Бальшавік”. На першым часе ен аб’ядноўваў 15 сялянскіх гаспадарак. Вясной наступнага 1930 года ў арцелі было ўжо 25 двароў. Першы старшыня калектыўнай гаспадаркі – Якаў Максімавіч Мальцаў. Жыхары бліжэйшых паселкаў Стэп і Антонаў арганізавалі калгас “Добрая воля”, сяляне Зарадзвіння – калгас імя “Варашылава”.

Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў весцы Вуць было 2220 двароў і 726 жыхароў. Веска амаль цалкам была знішчана нямецка-фашысцкімі акупантамі (213 двароў). Фашысты растралялі 5 мясцовых жыхароў. У царкве Мікалая Цудатворца акупанты трымалі коней, а пры адступленні падпалілі і яе. Амаль цалкам былі знішчаны бліжэйшыя паселкі і вескі,якія некалі ўтварылі перасяленцы з Вуці.

У 1950 годзе да калгаса “Бальшавік” былі далучаны арцелі “Добрая воля” і імя Варашылава. Працэс узбуйнення працягваўся і далей. У 1959 годзе “Бальшавік” і калгас “Шлях да камунізму “(в.Гардуны ) аб’ядналіся ў калгас “Шлях да камунізму” (старшыня Іван Восіпавіч Гаўрылкін).

У 1981 годзе быў узведзены новы будынак для школы, якая ў 1987 годзе стала ся рэдняй. У цэнтры в. Вуць помнік землякам, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны.

 

Аўтар: А.А. Варанец,

“Далягляд” – ініцыятыўная група мясцовай інтэлігенцыі – настаўнікаў,медыцынскіх работнікаў, журналістаў ,а таксама вучняў старэйшых класаў. Група створана для сумеснай работы з мэтай развіцця і самарэалізацыі, пазнання сваей гістарычнай спадчыны, фарміравання духоўнай культуры, самасвядомасці, павышэння інтэлектуальнага ўзроўню, рэалізацыі творчых здольнасцей. Сябры групы “Далягляд” праводзяць даследаванні, экспедыцыі па месцах зніклых весак, мерапрыемствы по захаванню культурнай спадчыны.