Мястэчка Чачэрск Гомельскай акругі ў 1927 г. Географічна-гістарычны нарыс

0
410
Мястэчка Чачэрск

Месца, дзе знаходзіцца Чачэрск, праз які праходзіў стары Чарнігаўскі гасьцінец, вельмі прыгожае. Чачэрск пабудаваны на беразе ракі Чачоры, якая тут-жа ўцякае ў раку Сож. З поўначы яно мае асабліва прыгожы выгляд.

Тут на рацэ Чачоры, на паўночна-заходнім баку Чачэрску, пры пачатку Захарнапольскай слабады (вуліца м. Чачэрску, атрымаўшая назву ў 1774 г. ад імя графа Захарыя Чарнышэва) калісьці быў ма Рагачэўскім шляху вялікі вадзяны млын і  тартак-сукнавальня. Цяпер гэты млын зьнішчаны. Толькі застаўся мост праз раку і грэбля, якая была зроблена земствам у 1907 г. па Рагачэўскім шляху. Пры ўваходзе з мастоў на Захарнапольскую слабаду пачынаюцца пяскі, на якіх з боку дарогі знаходзяцца добрыя будынкі і кузьні старавераў МужчыніныхЗахара, Петрака і Мікешкі — людзей самавітых, працоўных, якія перарабілі бясплодныя пяскі каля ракі ў прыгожае дачнае месца. Земствам у 1912 годзе пабудавана тут пачатковая – 4 комплектная школа.

Далей ідзе ў мястэчку вуліца „Захарнапольская слабада“, па якой лічыцца каля 215 драўляных двароў. Усе гэтыя двары з гантовымі і саламянымі дахамі.

Калі мінем Захарнапольскую слабаду, дык трапім да астачы землянога ўкрапленьня быўшага калісьці замку, які пабудованы на крутым абрыве над ракою Чачора. Тут р. Чачора падыходзіць да цэнтру мястэчка Чачэрска. Правы бераг ракі з  усходня-паўночнага боку Чачэрску мае ў цэнтры мястэчка вельмі прыгожы выгляд. Рака абмывае гэта высокае месца, пакрытае векавымі ліпамі, клёнамі, ясенамі, дубамі і г. д. Паміж дрэвамі ў парку ўніз спушчаюцца з гары дарожкі.

У вясну рака разьліваецца на 5-6 кілёмэтраў і абмывае былыя замкавыя ўкрапленьні.

У 1802 годзе быў тут пабудован вялізарны палац графіні Ганны Радзівонаўны Чарнышовай, хроснай маткі цара Аляксандра І. Палац зроблен у готычным стылі і меў форму паўкругу. Ён быў абведзены вялікім ровам, праз які з паўднёвага боку яго на вялізарных ланцугох падымаўся на ноч і спушчаўся на дзень мост. У роў напускалася вада з ракі Чачоры.

Унізе, каля замку, на беразе Чачоры было пабудована шмат рыбніц з рознымі аддзяленьнямі дзеля розных узростаў і парод рыб. Там кармілі іх і глядзелі за імі спэцыяльна назначаныя для гэтага сяляне-прыгоньнікі. Яны кармілі рыбу прысмакамі кожны дзень у пэўную гадзіну*. Недалёка каля замку (150 сажняў) была пабудована (скончана ў студзені 1787 году) царква „Нараджэньня Багародзіцы“. Пры асьвяшчэньні якой была царыца Кацярына II. У царкве зьмешчаны два вобразы „Вазьнясеньне“ і „Усьпеньне“, напісаныя жывапісцам Італьлянскай школы, які быў выпісан у Чачэрск дзеля гэтай працы Чарнышовым.

Прыблізна каля 75 саж. ад гэтай царквы (сабору) пабудован у той час і каменны касьцёл, які мае форму кругу і зроблены па пляне славутнага архітэктара Растрэльлі. На агляд касьцёла прыяжджалі ня раз маладыя вучоныя.

Пасярэдзіне плошчы месца Чачэрска знаходзіцца вялікая каменная чатырохпавярховая з падвалам ратуша з 5-ю павярховымі драўлянымі вежамі. Зроблена яна ў готыцкім стылі. Калісьці на ратушы быў вялікі гадзіньнік з звонам, стаяў вартаўнік, які паведамляў аб прыезьдзе ў Чачэрск гасьцей. У цэнтры мястэчка каля ратушы на плошчы знаходзяцца крамы, прыблізна каля 76, пабудаваныя яшчэ Чарнышовым.

Па Кладбішчанскай вуліцы знаходзіцца аднапавярховы каменны будынак, у якім у сучасны момант зьмяшчаецца раённая больніца. Таксама добра абсталявана тут і вэтэрынарная амбуляторыя.

У цэнтры мястэчка знаходзіцца паштовая кантора з тэлеграфам. Яна зьмешчана ў драўляным аднапавярховым б. графскім будынку.

Каля Чачэрску шмат курганоў, у якіх сяляне знаходзяць швэцкія сярэбраныя грошы. Некаторыя з курганоў у сяяян маюць паасобныя назвы: „Караліха“, „Маскаліха”.

Па паказаньні Карамзіна Чачэрск успамінаецца пад 1157 г. і лічыцца ім у Сажоўскай акрузе.

Аб пачатку Чачэрска існуе наступнае народнае паданьне:

Першымі насельнікамі тут былі Чычакі, якія раней жылі ў мясцовасьці, дзе пачынаецца рака Чачора. Некаторыя адтуль уцяклі і пасяліліся ніжэй па Чачоры і пабудавалі Чачэрск. Да іх яшчэ далучаліся вандраваўшы па лесе род „Перднікаў“ (гадаў), які існуе і цяпер і слыве пад назвай „гады“, як жыхары з дзікіх лясоў.

Запраўдная гісторыя Чачэрска пачынаецца з XVI ст. В. князь Аляксандар у 1501 годзе перадае Чачэрск у пажыцьцёвае ўладаньне сваёй жонцы Алене, дачцы вялікага Маскоўскага кн. Івана III. Як каралеўскае ўладаньне Чачэрск плаціў падаткі непасрэдна ў дзяржаўны скарб. Кароль Жыгімонт III у 1621 годзе перадаў Чачэрскае стараўства Аляксандру Сапезе за яго працу ў Турэцкую вайну. У час вайны Рэчы Паспалітай з казакамі Чачэрск быў захоплены Залатарэнкай (1654 г.), а пасьля зноў увайшоў у склад Польшчы і лічыўся каралеўскім местам. 3 адыходам Беларусі да Расіі ў 1773 годзе Чачэрск атрымаў правы павятовага гораду. Кацярына II у 1774 годзе аддала Чачэрскае стараства першаму кіраўніку Беларусі графу Захару Рыгоравічу Чарнышову. Чачэрск, пабудаваны гіа водным і грунтовым шляхох, вёў значны гандаль рознымі таварамі на Беларусі. У гэты час сюды перасялілася шмат яўрэйскага насельніцтва. Усе яны былі разьмяркованы на ўзьбярэжжы ракі Чачоры, дзеля іх пабудавана было 4 малельні, з якіх адна каменная і зроблена на сродкі графскай гаспадаркі.

У час вайны з французамі ўсе павятовыя ўстановы былі пераведзены ў Рагачэў, пасьля чаго Чачэрск паступова занепадае.

Пасьля сьмерці Захара Рыгоравіча Чарнышова ўладаньне Чачэрскам перайшло жонцы яго Ганьне Радзівонаўне Чарнышовай, а потым брату яе мужа Івану Рыгоравічу Чарнышову, які перадаў Чачэрск свайму сыну Рыгору Іванавічу Чарнышову, ад якога дастаўся яго дачцы Софіі Рыгораўне з мужам яе Іванам Гаўрылавічам Круглікавым, які, згодна ўказу царскаму ад 4-га студзеня 1832 г., атрымаў гэрб і прозьвішча графа Чарнышова-Круглікава. Апошнім ўладаром Чачэрску з 1906 г. быў Безабразаў.

У цэнтры Чачэрска Круглікавым была пабудавана студня з паравым насосам.

У Чачэрску 4 кірмашы: 1) 18-га студзеня на Панасьце, 2) на Вазьнясеньне, 3) 8-га верасьня ў нараджэньне Багародзіцы і 4) у вапошнюю нядзелю прад „Нараджэньнем Хрыстовым“.

Гандаль на гэтых кірмашох дае прыбытку да 100 тысяч рублёў.

Чачэрская коопэрацыя вельмі моцная. Яна аб’яднае розны гандаль і дае вялікі прыбытак. Тут цяпер знаходзіцца Райвыканком з міліцыяй і судзьдзёй.

Быўшая гімназія з гарадзкім вучылішчам зьмяніліся ў 9-гадовую школу з 450 вучнямі.

Пабудаваны майстэрні—шавецкая і кравецкая і г. д.

3 1910 году вельмі значную ролю іграе млын, пабудованы Галінскім пры дапамозе яго зяця Созонова, які быў пісарам у Чачэрскім валасным праўленьні. Гэты млын у сучасны момант мае 2 паравікі. У ім зроблены крупадзёркі, маслабойня, сукнавальня, лесапілка для клёпкі і г. д. Усё гэта зьмяшчаецца ў каменным 2-х павярховым будынку з электрычным асьвятленьнем.

У Чачэрску шмат дамоў маюць электрычнае асьвятленьне.

У высокіх берагох Чачоры і Сожа знаходзяць шмат крэйды, якую капаюць у 1 1/2 вярсты ад Чачэрску, на беразе Сожа. Тут-жа знаходзіцца і вапняк. Па велічыні свайго карыстаньня крэйда ў Чачэрску займае значнае месца. Апроч гэтага, тут ёсьць  шмат гліны. Таксама сустракаецца ў Чачэрску пясок, які ўжываецца пры вырабе шкла. Па беразе ракі Сожа знаходзіцца шмат крэмню. У вапошні час сялянамі Чачэрска ён ужо зьбіраўся і прадаваўся — 1 п. крэмню за 1 пуд жытняй мукі. Крэмень зьбіралі дзеля наліваньня жорнаў. Чачэрскія сяляне сабралі гэтага крэмню за 1920-24 год некалькі тысяч пудоў, але яго яшчэ і цяпер шмат засталося.

Аўтар: А. Ганжын
Крыніца: часопіс “Наш край”, 1927, № 1. – С. 59-61

* Аб гэтым памянёна ў мэмуарах Чарнышова.