Мянушкі Веткаўскага раёна

0
316
Мянушкі Веткаўскага раёна

Мянушкі як неафіцыйныя імёны шырока ўжываюцца ў паўсядзённым жыцці вяскоўцаў і ўяўляюць сабой аб ёмны лексіка-семантычны пласт лексікі. Адметнасць вулічнай мянушкі ў тым, што яна, выконваючы намінатыўную функцыю, указвае на аднаго чалавека, на ўласцівыя яму спецыфічныя рысы і не толькі называе асобу, але і трапна характарызуе яе, таму большасць мянушак носяць эмацыянальна-ацэначны характар.

Даследчыкі называюць наступныя асноўныя прычыны ўзнікнення мянушак: недастатковую колькасць афіцыйных асабовых назваў у параўнанні з патрэбамі камунікантаў: “Ні адна мова (і беларуская не складае выключэння) не мае ў сваім звароце столькі асабовых імён, каб імі можна было без паўтарэння назваць усіх членаў таго ці іншага грамадскага калектыву” [1, с. 54], імкненне да дакладнай персаніфікацыі пэўнай асобы, выдзяленне яе па якой-небудзь прыкмеце з пэўнага калектыву, асяроддзя [2, с. 118].

У якасці мянушкі можа ўжывацца практычна любое слова, вядомае вяскоўцам. У асноўным гэта агульнаўжывальныя літаратурныя лексемы, хаця шырокаўжывальнымі з’яўляюцца і дыялектныя.

Сабраны намі ў час дыялекталагічных практык багаты фактычны матэрыял дазваляе вылучыць шматлікія лексіка-тэматычныя групы вясковых мянушак. Найбольш шматлікую групу складаюць найменні, што характарызуюць псіхічныя якасці асобы. У асноўнай сваёй масе яны нясуць адмоўную характарыстыку. У мянушках падкрэсліваюцца наступныя асаблівасці чалавека:

  • вучоны, шмат вучыцца, усё ведае: Ачкарык (в. Рэчкі**);
  • гаваркі: Лапатуха (в. Радуга), Ямеля (в. Пералёўка), Бараболіха (в. Хальч);
  • гняўлівы, сварлівы: Журка (в. Пыхань), Цігра (в. Свяцілавічы);
  • задзірысты, аматар пабіцца: Бадзюля (в. Прысно), Пятух (в. Барчанкі);
  • злы, злосны: Аўчарка (г. Ветка), Кобра (в. Барчанкі), Кіска (в. Радуга);
  • неахайны: Ахламон (в. Хальч), Абезьяна (в. Пералёўка), Фантамас (в. Хальч), Хіпі (в. Пыхань), Курыца (в. Рэчкі**), Юдзіха (в. Навасёлкі);
  • нелюдзімы, заўсёды адзін, не мае сяброў: Воўк (в. Пералёўка);
  • палахлівы, баязлівы: Заяц (в. Барчанкі);
  • пітушчы, піток, злоўжывае спіртным: Кобза (в. Радуга), П’яной (в. Барчанкі), Вішанка (в.Дзевятае Студзеня**), Лакізон (в. Рэпішча), Сінюк (в. Шарсцін), Шкалік (в. Неглюбка);
  • пляткар: Матайка (в. Прысно), Сабачка (в. Радуга);
  • скупы, сквапны: Дзяркач (в. Свяцілавічы), Кулак (в. Шарсцін), Коршак (в. Рэчкі**);
  • упарты: Баран (в. Пералёўка);
  • усюды ўлазіць, умешваецца: Вінт (в. Свяцілавічы), Пекуза (в. Радуга), Шныр (в. Жалезнікі);
  • шкодлівы, шкоднік: Шчупак (в. Прысно).
  • едкі, уедлівы, колкі, востры на язык: Кактус (в. Рэчкі**), Мазоль (в. Залаты Рог);
  • пануры, сумны, маўклівы: Кіслае малако (в. Прысно), Кот (в. Пералёўка);
  • хітры, ліслівы: Ліса, Ліска, Лісіца (в. Пералёўка);
  • хуткі, спрытны, неўтаймаваны нораў: Кручаны (в. Барчанкі), Чорт (в. Пералёўка);
  • разумова абмежаваны: Баран (в. Жалезнікі), Лапаць (в. Хальч), Хамут (в. Прысно).

Многія вясковыя мянушкі характарызуюць асобу паводле знешняга выгляду, фізічных асаблівасцей, паталагічных адхіленняў. Такімі вулічнымі найменнямі называюць чалавека, калі яго добра ведаюць:

  • колер валасоў: Белы Іван (в. Рэчкі), Белка (в. Прысно), Варона (в. Радуга), Манька чорная (в. Навасёлкі);
  • колер твару: Варэнік (в. Хальч), Карась (в. Радуга), Красны (в. Пыхань), Персік (в. Навасёлкі);
  • мажны: Бугай (в. Барчанкі), Мядзьведзь (в. Залаты Рог);
  • дужы, моцны: Дуб (в. Пыхань), Конь (в. Прысно), Крэпак (в. Рэчкі**), Лось (в. Радуга);
  • тоўсты і непаваротлівы: Бочка (в. Пыхань), Борман (в. Свяцілавічы);
  • глухі: Глушэц (в. Рэчкі**);
  • гарбаты: Гарбун (в. Жалезнікі);
  • кульгавы: Гуляй нага (в. Прысно), Кашалапка (в. Пыхань), Кундубас (в. Неглюбка), Храмянок (в. Радуга), Шуркін кастыль (в. Рэчкі**);
  • сляпы: Кот Базіліо (в. Шарсцін);
  • без нагі, вуха: Крук (в. Пыхань), Аднакрылы (в. Барчанкі);
  • з вялікай галавой: Гарбуз (в.Рэчкі**) , Качан (в. Прысно);
  • з вялікім носам: Баксёр (в. Рэчкі**), Дзяцел (в. Пыхань), Дроздзік (в. Прысно), Клюў (в. Неглюбка);
  • з вялікімі вачыма: Калейдаскоп (в. Шарсцін), Лупач (в. Не­глюбка), Сава (в. Пыхань);
  • з вялікімі вушамі: Заяц (в. Свяцілавічы), Лакатар (в. Пералёўка);
  • з вялікімі зубамі; Бабёр (в. Рэчкі**), Кролік (в. Старое Сяло);
  • з вялікімі шчокамі; Хамяк (в. Пыхань);
  • з крывымі нагамі; Каган (в. Свяцілавічы), Крывалап (в. Хальч);
  • з доўгімі вусамі: Кошка (в. Пералёўка), Рак (в. Барчанкі);
  • з вялікім жыватом: Кабылка (в. Пералёўка);
  • з рэдкімі непрычэсанымі валасамі: Ёжык (в. Свяцілавічы);
  • малы і худы: Бублік (в. Пералёўка), Вош (в. Рэчкі**), Гарбузка (в. Радуга), Гномік (г. Ветка), Люцік (в. Хальч), Каларад (в. Пералёўка), Карлік (в. Прысно), Кусюля (в. Хальч), Камарок (в. Прысно), Малыш (в. Радуга), Масёл (в. Свяцілавічы), Метр (в. Шапсцін), Муха (в. Хальч), Піпка (в. Пералёўка), Шнурок (в. Пералёўка);
  • малы і паўнаваты: Гладыш (в. Хальч), Калабок (в. Радуга), Пузыр (в. Пералёўка);
  • высокі: Аглобля (в. Свяцілавічы), Бусел (в. Пералёўка), Вудзільна (в. Радуга), Дубец (В. Навасёлкі), Пітон (в. Хальч), Кран (г. Ветка);
  • высокі і худы: Гвозд (в. Пералёўка), Дубіна (в. Навасёлкі), Жэрдка (в. Пыхань), Макарон (в. Барчанкі), Чапяла (в. Рэчкі**).

Цікавымі з яўляюцца мянушкі, што ўзніклі ў працэсе моўных зносін.

Яны адлюстроўваюць спецыфічныя індывідуальныя асаблівасці гаворкі пэўных камунікантаў, указваюць на артыкуляцыйныя асаблівасці мовы, называюць словы ці выраз, якія носьбіт часта ўжывае: Слыш — ад частага ўжывання выразу “слыш, што буду казаць” (в. Неглюбка); Братачка — ад частага ўжывання слова “брат” (в. Навасёлкі); Палучаецца — ад частага ўжывання выразу “палучаецца, што так”; (в. Шарсцін); Арэсь — не выгаварваў літару л (в. Свяцілавічы); Ландзёнак — у дзяцінстве гаварыў “не ладна, а ланда”(в. Неглюбка).

Асобныя мянушкі ўказваюць на ранейшае месца жыхарства, месца знаходжання асобы: Барбянка — з в. Барба (в. Барталамееўка), Залешчанка — з в. Залессе (в. Барталамееўка), Неглюбчанка — з в. Неглюбка (в.Свяцілавічы); Хахол — з Украіны (в. Старое Сяло), Амерыканец — жыў нейкі час у Амерыцы (в. Залаты Рог), Турак — продкі былі з Турцыі (в. Свяцілавічы).

Сустракаюцца мянушкі, што ўказваюць на часовы род заняткаў, паводле захапленняў, схільнасцей да якога-небудзь дзеяння: Малочніца — гандлявала малаком (в. Барчанкі); Камбікорм — развозіў па фермах камбікорм (в. Калыбаўка), Шуба — вырабляў шкуркі (в. Хальч), Каўбаска — калі забівалі парсюка, рабіла шмат каўбас (в. Хальч), Каўрыжка — усёй вёсцы прывозіла з горада каўрыжкі (в. Свяцілавічы), Беляш — заўсёды з горада прывозіў беляшы (в. Навасёлкі).

Бытуюць мянушкі, што характарызуюць асобу паводле знешняга

падабенства да вядомых палітычных дзеячаў, герояў мастацкіх фільмаў: Ленін — У.І. Ленін (в. Рэчкі**), Хрушчоў — М.С. Хрушчоў (в. Свяцілавічы), Шцірліц — герой мастацкага фільма “Сямнаццаць імгненняў вясны” (г. Ветка); Саід — герой мастацкага фільма “Белае сонца пустыні” (в. Барчанкі), Ізаура — ад гераіні серыяла “Рабыня Ізаура” (в. Прысно).

Па-рознаму называюць у гаворках раёна мужчын і жанчын у залежнасці ад адносін да сямейнага становішча, шлюбу: Бабыль — нежанаты мужчына (в. Навасёлкі), Малады — нежанаты мужчына (в. Неглюбка), Буська — жанчына, якая мела шмат дзяцей (в. Жалезні­кі), Каціха — незамужняя жанчына, якая мела дзяцей (в. Свяцілавічы).

Афіцыйныя прозвішчы і імёны таксама служылі падставай для ўзнікнення вясковых мянушак. Напрыклад: Баран — ад Баранаў (в. Пералёўка), Ваўчок — ад Волкаў (в. Янова), Грач — ад Грачоў (в. Старое Сяло), Карп — ад Карпенка (в. Халч), Лён — ад Лёнаў (в. Старое Сяло), Леў — ад Леўшуноў (в. Хальч), Пастух — Пастушкоў (в. Хальч), Салома — ад Саломенны (в. Радуга), Чарняк — ад Чорны (в. Рэпішча), Мішар — ад Міша (в. Залаты Рог), Мінька — ад Міша (в. Рэпішча).

Багаты фактычны матэрыял сведчыць, што мянушкі складаюць значны пласт лексікі ў гаворках Веткаўскага раёна. Многія мянушкі ўтрымліваюць як прамую характарыстыку асобы, так і ўскосную. Некаторыя найменні сведчаць пра ўплыў на неафіцыйны імяннік літаратуры, фальклору, мультыплікацыйных і кінафільмаў. Гумар, народная дасціпнасць і назіральнасць носьбітаў гаворкі з’ яўляюцца вырашальнымі фактарамі іх утварэння і ўжывання. Яны з’яўляюцца натуральнымі прадуктамі жывога ўжывання і на канкрэтных прыкладах дэманструюць шырокія словаўтваральныя магчымасці народна-дыялектнай мовы. Нельга не пагадзіцца з Ул. Юрэвічам, які слушна адзначае: “Як пабагацелі б мы, каб больш даследавалі паходжанне беларускіх імён і прозвішчаў, традыцыйных мянушак, усяго народнага іменаслоўя, каб мелі, нарэшце, поўны збор антрапонімаў, носьбіты якіх жывуць на Беларусі і з’яўляюцца жывым помнікам” [3, с. 111].

Такім чынам, мянушкі могуць служыць гістарычнаму даследаванню жыцця народа не ў меншай ступені, чым іншыя помнікі культуры і побыту, літаратуры і мовы. Калі па асобных мянушках цяжка акрэсліць усю іх каштоўнасць, то, сабраныя ў вялікай колькасці, яны ілюструюць шмат рысаў побыту беларусаў.

*Ілюстрацыйны матэрыял падаецца згодна фанетычным асаблівасцям гаворак.

** Страчаныя вёскі.

Спіс выкарыстаных крыніц

  1. Мезенка, Г.М. Беларуская антрапанімія: вучэбны дапаможнік / Г.М. Мезенка (навук. рэд.) [і інш.] — Віцебск: УА “ВДУ імя П.М. Машэрава”, 2009. — 254 с.
  2. Усціновіч, А.К. Найменні асоб мужчынскага полу ў актавых запісях Гродзеншчыны і Брэстчыны ХУІ-ХУІІ стст. // Г.К. Усціновіч / рэд. М.В. Бірыла. — Мінск: Навука і тэхніка, 1975. — 176 с.
  3. Юрэвіч, Ул. Слова жывое, роднае, гаваркое… / Ул. Юрэвіч. — Мінск: “Мастацкая літаратура”, 1988. — 82 с.

Аўтар: У.А. Бобрык
Крыніца: Скарынаўскія традыцыі: гісторыя і сучаснасць: зборнік навуковых артыкулаў: у 2 ч. Ч. 1 / рэдкал.: А. М. Ермакова (гал. рэд.) [і інш.]; М-ва адукацыі РБ, Гом. дзярж. ун-т імя Ф. Скарыны. — Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2015. — 252 с. С. 124-129.