Моўныя сродкі стварэння суб’ектыўна-ацэначнай канатацыі ў каляндарна-абрадавых песнях Гомельшчыны

0
382
Моўныя сродкі стварэння суб’ектыўна-ацэначнай канатацыі ў каляндарна-абрадавых песнях Гомельшчыны

Традыцыйная беларуская культура, якая фарміравалася на працягу многіх стагоддзяў, адлюстравала ў сабе народную мудрасць і вопыт, нацыянальную свядомасць і менталітэт. Адным з самых рэпрэзентатыўных раздзелаў традыцыйнай культуры беларусаў лічыцца каляндарна-абрадавая творчасць – від народнай духоўнасці, функцыянальная спецыфіка якога заключаецца ў тым, што «ён спадарожнічаў чалавеку, соцыуму, этнасу ў цэлым штодзённа на працягу круглага года» [1, с. 5].

Каляндарна-абрадавыя песні напоўнены глыбокай эмацыянальнасцю і лірычнасцю. Іх меладычнасць і напеўнасць, рытмічнасць і інтанацыйная выразнасць у значнай ступені абумоўлены актыўным выкарыстаннем суб’ектыўна-ацэначнай лексікі.

Асноўным моўным механізмам стварэння эмацыянальнасці і ацэначнасці з’яўляецца канатацыя – дадатковыя семантычныя або стылістычныя адценні, якія накладваюцца на асноўнае значэнне [2, с. 236].

Канатацыя як кампанент лексічнага значэння ўключае эмацыянальна-ацэначныя і стылістычна маркіраваныя адносіны суб’екта да рэчаіснасці, што фарміруюць эмацыянальную афарбоўку або суб’ектыўна-ацэначнае адценне семантыкі слова. Сукупнасць розных моўных спосабаў стварэння эмацыянальна-ацэначнай канатацыі ў звязным маўленні ўтварае своеасаблівае функцыянальна-семантычнае поле ацэначнасці.

Прастора функцыянальна-семантычнага поля ацэначнасці, як сцвярджаюць даследчыкі, складаецца з іерархічна залежных «груповак рознаўзроўневых сродкаў мовы, якія ўзаемадзейнічаюць на аснове выканання ацэначных функцый» [3, с. 5]. Адметнае месца ў гэтых групоўках займаюць формы з суфіксамі суб’ектыўнай ацэнкі.

Максімальная насычанасць каляндарна-абрадавага дыскурсу формамі з суфіксамі суб’ектыўнай ацэнкі звязана з асаблівым характарам народна-паэтычнай творчасці, песні якой, як слушна адзначыў Н. С. Гілевіч, «прыгожыя сваім натуральным, прыродным хараством, якое тоіцца ў сіле пачуцця і глыбіні думкі. Высакародны, чалавечы змест заўсёды знаходзіў і высакародную, ясную, дасканалую форму» [4, с. 8]. Амаль у кожным радку каляндарна-абрадавай песні можна сустрэць словы з эмацыянальна-ацэначнай канатацыяй: «Раней дзевачка ўстала, тоненька прала, / Свайму татачку на рубашачку, / Сваёй мамачкі на рукавачкі, / А сабе, маладзе, на падарачкі» [5, c. 56]; «А калі б жа мне, малодцы, / К той зязюлькі на крылля, / Я б жа тую староначку ўсю аблятала. / Я б жа свайго міленькага па шляпцы ўзнала, / А не так па шляпцы, як па казырочку, / А што ў майго мілага бровы па шнурочку» [5, c. 156]. Як відаць з прыкладаў, суб’ектыўна-ацэначная канатацыя ахоплівае ўсю знамянальную лексіку верша, знітоўвае яго радкі ланцужковай сувяззю памяншальна-ласкальных форм слоў: «дзевачка – тоненька – татачка – рубашачка – мамачка – рукавачкі – падарачкі; малодка – зязюлька – староначка – міленькі – шляпка – казырочак – бровы па шнурочку».

Сэнсавы дыяпазон функцыянальна-семантычнага поля эмацыянальна-ацэначнай канатацыі ў каляндарна-абрадавым дыскурсе з’яўляецца пераважна аднапалярным. Яго шкала ацэначнасці мае пазітыўны спектр, які адлюстроўвае такія пачуцці, як захапленне, павага, пашана, замілаванне, пяшчота, адабрэнне.

Формы з суфіксамі суб’ектыўнай ацэнкі ў каляндарна-абрадавых песнях не маюць, як правіла, дэмінутыўнага значэння. Яны выражаюць суб’ектыўна-ацэначную канатацыю безадносна да памеру названага аб’екта, і гэта ўтварае асаблівы эмацыянальны настрой – перадае пяшчотныя адносіны да суб’ектаў або аб’ектаў ацэнкі.

Суб’ектыўна-ацэначныя формы прадстаўлены ў каляндарна-абрадавых песнях рознымі граматычнымі класамі. Заканамерна, што самую значную ў колькасных адносінах групу складаюць субстантыўныя формы з суфіксамі суб’ектыўнай ацэнкі, паколькі ў цэнтры ўвагі складальнікаў песні – асобы, прадметы і рэаліі, якія акружаюць чалавека. Субстантыўныя назвы даволі разнастайныя паводле сваёй прадметна-тэматычнай характарыстыкі. Гэта памяншальна-ласкальныя назвы асобы, як апелятыўныя («Ты, дзядзечка, не ляжы, А да нас выхадзі» [5, c. 61]; «А ў той кузні два кавалікі куюць» [5, c. 69]; «Тая дзяўчоначка / К парню выхадзіла» [5, c. 86]; «Жанісь, сыночак, жанісь, родны мой» [6, c. 197]), так і анамастычныя («Будзе Ванечка маладзенькі пан» [5, c. 77]; «Ішла Манечка з-пад венца» [5, c. 49]; «Молад Грышачка за сталом сядзіць» [5, c. 43]; «Рана, рана пава ляцела, Ніначка» [5, c. 43]); намінацыі рэалій прыроднага («Ты падуй, падуй, / Буйны вецярочак, / Пад мой белы падалочак» [5, c. 214]); жывёльнага («Пад гарой каза з казяняткамі, / На гарэ ваўчок з ваўчаняткамі» [5, c. 71]; «Серенькая перепёлочка / Па полечку летала» [5, c. 213]) або расліннага («Пасею гурочкі ў чатыры радочкі, / Узышлі гурочкі ў два лісточкі» [5, c. 27]; «А ў полі, полі вішанька стаіць, / На той вішанькі свечачка гарыць, / Пад той вішанькай рэчачка бяжыць» [5, c. 85]; «Васілёчкаў назбіралі / І снапочак украшалі» [5, c. 213]) свету; канкрэтна-прадметныя намінацыі («Ой, Грыцу, на вуліцу / Вынесь гуселькі пад палою, / Зайграй, дудачка, пад вярбою» [6, c. 113]; «Кароткі кажушкі, / Папелі петушкі» [5, c. 486]); назвы адцягненых паняццяў («Васкрэсенейка з панядзелкам, аўторак з серадой, чацвер з пятніцай» [5, c. 52]); працэсаў («А ў нас сёння дажыначкі, / Мы жыцечка дажалі, / Бародачку завязалі» [5, c. 212]).

Нярэдка ў каляндарных песнях сустракаюцца ад’ектыўныя суб’ектыўна-ацэначныя формы, якія адлюстроўваюць памяншальна-ласкальныя адносіны да пэўнай характарыстыкі асобы або якасцей прадметаў і, як правіла, выкарыстоўваюцца з субстантыўнымі ацэначнымі формамі: «Лічанька маё бяленькае, / Каму ты будзеш слухмяненькае» [5, c. 112]; «За гаем-гаем зеляненькім / Там арала дзяўчоначка волікам чарненькім» [5, c. 88]; «Чарнявая мая, / Чарнаглазенькая» [6, c. 112]. Даволі часта ў каляндарна-абрадавых песнях сустракаюцца кароткія формы прыметніка, тыповыя для народнапаэтычнай творчасці: «Штоб здаровенькі былі» [6, c. 70]; «А я, маладзенька, / Спаці радзенька» [6, c. 108]; «Матка старэнька, сястра маленька» [6, c. 193].

Адвербіяльныя формы з суфіксамі суб’ектыўнай ацэнкі выкарыстоўваюцца даволі рэдка і ўносяць дадатковае адценне ў агульныя адносіны да апісаных падзей: «Дзевачка Галька малая, / Расці хуценька, расці хуценька, / Будзь разумненька» [5, c. 51]; «А я ўдаўцу ўгаджу, / Пасцель белу пасцялю / Ды і мякенька пасцялю» [6, c. 139]; «Ніначка, гавары з намі ціхонька» [5, c. 43]; «Устань ты рана-ранюсенька» [5, c. 144].

Адзначаецца надзвычай разнастайная палітра структурнага афармлення суб’ектыўна-ацэначнай лексікі. Гэта ў асноўным адыменныя дэрываты, у складзе якіх назоўнікі з суфіксамі:

-іц- «Жыта, пшаніца, усяка пашніца» [5, c. 76]; «Каза-казіца … / Узяла б сярпок, нажала б снапок» [5, c. 37];

-к- «Галоўку схіліў, слёзачку ўраніў» [5, c. 44];

-ак- «Будзе нас частаваць, / Падарачкі дараваць» [5, c. 213];

-ок- «Падай, падай, Алечка, / Свайму міламу галасок» [5, c. 206];

-ік- «Із-пад лесіку, лесіку цёмнага, / З-пад садзіку, з-пад зялёнага / Прыйшлі ды прыйшлі два молайца» [6, c. 199];

-ык- «Ой, ад ветрыку да й ад буйнага / Мая галава баліць» [5, c. 212];

-очак- «Сажніце каласочкі / І пакладзіце ў снапочкі» [5, c. 181];

-анёк- «Сказала мужаньку: “Прашчай”» [5, c. 200];

-аньк- «Дзе сястрычанька – там крынічанька» [5, c. 168];

-эньк- «Садзілася жонка ў лодку,

Белай хустэнькай,

Правай ручэнькай (махнула. – А. С.)» [5, c. 200];

-айк- «Закацілася сонцайка / Ды й за цёмны лясок» [5, c. 206];

-ейк- «Ад сонейка да й ад жаркага / Маё лічайка гарыць» [5, c. 212];

-ечк- «Мы жыцечка дажалі, / Бародачку завязалі» [5, c. 212];

-ачк – «Пры лузе, пры травачцы, / Траўка зеляная» [5, c. 86];

-ятк- «Казляняткі будуць есць / І казу-мамачку ўспамінаць» [5, c. 50];

-эч(ак)- «А хлопцам па селяжэчку, / А нам, дзевачкам, па піражэчку» [5, c. 61];

-ушк- «А ты, суботушка-ўдовушка» [5, c. 52];

-юшк- «Па вулушкі, па вулушкі / Да міма кузнюшкі» [5, c. 69];

-ов(ішч)- «Завялося вялікае смаковішча, Гэта такое вялікае змесішча» [6, c. 126]; прыметнікі:

-еньк- «Конь вараненькі, сам малодзенькі» [5, c. 60];

-юсеньк- «Прад табою лістам сцялюся, / Ой, лістам зялёнюсенькім / Прад табою маладзюсенькім» [5, c. 47]; прыслоўі:

-еньк- «Леночка по Іваночку / Цяжоленько вздыхала» [5, c. 213];

-оньк- «Ніначка, гавары з намі ціхонька» [5, c. 43].

Сустракаюцца ў каляндарна-абрадавых песнях аказіянальныя суб’ектыўна-ацэначныя формы, утвораныя пры дапамозе суфіксаў -айк-, – ейк-, -ачк ад субстантыўных («мужайка, смертачка, абедзейка») або дзеяслоўных («вырасцейка») асноў, якія надаюць каларыт незвычайнасці паэтычнаму слову, ствараюць эфект арыгінальнасці: «Ой, матка плача, да й да смертачкі... / Ой, сястра плача, да й за мужайка… / Ой, дзеткі плачуць да вырасцейка… / Ой, жана плача да абедзейка» [5, c. 163].

У песнях каляндарнай абраднасці даволі шырока прадстаўлены формаўтваральныя рады суб’ектыўна-ацэначных намінацый, што адлюстроўваюць сінтагматычныя сувязі лексічных адзінак, ствараюць іх лінейную паслядоўнасць, выражаюць градуіраванне ступені эмацыянальнай канатацыі і ўзмацняюць выяўленчую выразнасць паэтычнага слова. У такіх выпадках у каляндарна-абрадавых песнях побач з нейтральнай лексічнай адзінкай выкарыстоўваецца яе форма з суфіксам суб’ектыўнай ацэнкі («перамена – пераменачка, дружок – дружочак, час – часочак») або паралельна з суб’ектыўна-ацэначнай формай ужываецца яе рэдуплікаваны варыянт, дзе дадаецца яшчэ адзін суфікс суб’ектыўнай ацэнкі («лес – лясок – лясочак, голас – галасок – галасочак, дубрава – дубраўка – дубравачка»): «А мой міленькі … у каравуле стаяў, перамены ждаў … / Ой, прыйшла к яму пераменачка … / Пераменачка, красна дзевачка» [5, c. 154]; «Ты прыбудзь, прыбудзь, / Мілы мой дружочак, / Хоць на час, хоць на часочак» [5, c. 214]; «Закацісь, закацісь ты, жаркае сонца, / А за лес, за лясок. / Ты прыбудзь-ка, прыбудзь, / Дружочак мой любезны, / Прыбудзька-ка на часок.. / А хацелася мне, дружок міленькі, / А цябе падаждаці» [5, c. 206 – 207]; «Закацілася сонцайка / Ды й за цёмны лясок. / Падай, падай, Алечка, / Свайму міламу галасок, / Ён пачуе галасочак / Да й за цёмным лясочкам» [5, c. 206]; «Ты, вясна … звесялі нашу ўсю вулачку, / Усю вулачку шчэ зялёнаю дубраву, / Дубравачку, чаго ж, дубраўка, ня курі» [6, c. 116].

Асаблівую меладычнасць і напеўнасць каляндарна-абрадавай песні надаюць шматлікія рытарычныя воклічы і звароты. Рытарычныя воклічы выражаюць узнёслы, бадзёры настрой стваральнікаў песні, іх захапленне, замілаванне, радасць, весялосць у сувязі з пэўнымі падзеямі – сустрэчай вясны, провадамі русалкі, святкаваннем Івана Купалы, калядаваннем, Масленіцай, Вялікаднём і іншымі падзеямі земляробчага календара «Ай, ду-ду-ду, / Ой, а я ў хату іду, / Печка топіцца, / Бліноў хочацца» [5, c. 30]; «Ой, рана на Івана / Матка дзеўку праважала» [5, c. 183]; «Ой, вясна-маці, выйдзі гуляці, / Ужо парабачка не відаці» [5, c. 111]; «Эй, рана-рана, / Русалкі сядзелі, / Русалкі сядзелі, / На дзевак глядзелі» [5, c. 180]; «Ай, пріду я к вам, ай, на Вялікадня, / Ой, лі, ой, лю-лі, на Вялікадня» [5, c. 138]); перадаюць адносіны да іншых асоб («Ой, Ванька, ты Ванька, / Ой, як я рада, / Што ты прыйшоў» [5, c. 182]); характарызуюць асабістыя пачуцці («Вецер з поля, туман з мора. / Ой, давяла мяне любоў да гора» [5, c. 143]).

Рытарычныя звароты надаюць мове каляндарна-абрадавага дыскурсу дыялагічны, размоўны характар, узмацняюць эмацыянальнасць выказвання, павышаюць яго выразнасць. Паводле сваёй накіраванасці рытарычныя звароты даволі разнастайныя. Яны адрасуюцца як біблейскім персанажам («Ражаство тваё, Хрысце Божа, / Паклонімся Госпаду Ісусу» [5, с. 97]; «Ой, не стой, Юрый, над вадой, / Не трусі, Юрый, барадой, / Бо вада пад табой» [5, c. 143]), міфалагічным істотам («Дзед Мароз, хадзі к нам куццю есць» [5, c. 30]; «Русалка, ты, русалка, / Вядом цябе ў поле, у жыта / Пагуляці, паспяваці, / Валошкі пазбіраці» [6, c. 177]), так і прыродным рэаліям («Закаці, закаці, жарка сонейка, / За крутую гару» [5, c. 140]; «Мой алешнічак, мой зялёненькі … / А і дзе ж ты рос, дзе ж раскідаўся» [5, c. 168]; «Здраствуй, ніўка святая! / З хлебам-соллю цябе вітаем» [6, c. 132]); рытуальным прадметам («А ідзі, страла, да й уздоўж сяла. / Да не бі, страла, добра молайца» [5, c. 174]). Як правіла, інтанацыйная выразнасць рытарычных зваротаў узмацняецца рытарычнымі воклічамі.

Выяўленча-выразны патэнцыял суб’ектыўна-ацэначных форм павялічвае выкарыстанне ў іх складзе разнастайных тропаў. Гэта персаніфікаваныя формы («Святы Юрай агню паклаў / Да ўсіх дзевачак к агню сазваў» [6, c. 138]); алегарычныя вобразы («Дасць табе пан варанога каня … / А царэўначка – зялёны жупан» [5, c. 77]; «Васкрэсенейка з панядзелкам, аўторак з серадой, чацвер з пятніцай, / А ты, суботушка-ўдовушка» [5, c. 52]; эпітэты («Як на той жа на далінцы / На шырокай лугавінцы, / На мяккай траве, / На мурожлівай / Ой, там дзевачкі гулялі / Ды кветкі сабіралі» [5, c. 189]; «Сіз арол на крылушках / Да й у залатых пёрушках» [6, c. 210]); параўнанні, далучаныя бяззлучнікавай сувяззю, выражаныя назоўным склонам («Васіль ты мой, Васілёчак, / Бела-розавы цвяточак» [5, c. 66]) або прыдаткам («А ці дома, дома гаспадыня? / Ды вясна красна на ўвесь свет / Гаспадынечка-журавіначка» [5, c. 128]; «Паздраўляем з Новым годам / І з усім родам, / З хазяінам, з хазяечкай, / З дробнымі дзеткамі-галубяткамі» [5, c. 36]; «Ой, вясна-маці, / Хадзі к нам гуляці, Карагод спраўляці» [6, c. 103]); злучнікам «як» («Развіўся мой галасочык, / Ой, як ціхае мора / Галасочык і ў лясочык» [5, c. 215-216]).

Такім чынам, выкарыстанне суб’ектыўна-ацэначнай канатацыі ў каляндарна-абрадавых песнях садзейнічае выражэнню пачуццяў пяшчоты, замілавання навакольным асяроддзем, прыроднымі з’явамі, рэаліямі расліннага і жывёльнага свету, асобамі, якія існуюць у гэтай рэчаіснасці, спрыяе рытмізацыі паэтычнага дыскурсу, узбагачае яго і павышае ступень выяўленчай выразнасці народнапесеннага слова.

Літаратура

  1. Каляндарна-абрадавая паэзія / А. С. Ліс [і інш.]; навук. рэд. А. С. Фядосік. – Мінск: Беларуская навука, 2001. – 515 с.
  2. Телия, В. Н. Коннотация / В. Н. Телия // Лингвистический энциклопедический словарь / гл. ред. В. Н. Ярцева. – М., 1990. – 683 с.
  3. Смирнова, Л. Г. Лексика русского языка с оценочным компонентом значения: системный и функциональный аспекты: атореф. дис. … д-ра филол. наук: 10.02.01. – Смоленск, 2013. – 50 с.
  4. Гілевіч, Н. С. Паэтыка беларускай народнай лірыкі. Слова і вобраз. Паэтычны сінтаксіс. Гукапіс і рыфма / Н. С. Гілевіч. – Мінск: Вышэйшая школа, 1975. – 288 с.
  5. Вечнае: фальклорна-этнаграфічная спадчына Веткаўскага раёна / аўт.-уклад. І. Ф. Штэйнер, В. С. Новак. – Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2003. – 362 с.
  6. Новак, В. С. Каляндарна-абрадавая паэзія Гомельшчыны (да праблемы лакальнага, рэгіянальнага, агульнанацыянальнага ў фальклоры) / В. С. Новак. – Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2001. – 233 с.

Аўтар: А.А. Станкевіч
Крыніца: Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі. Вып. 23 / Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі; навук. рэд. А.І. Лакотка. – Мінск: Права і эканоміка, 2017. – С. 265-270.