Да Другога Ватыканскага Сабору (1962—1965 гг.) Імша ва ўсім Каталіцкім Касцёле вялася на лацінскай мове. На нацыянальных мовах адбываліся толькі дадатковыя набажэнствы і казанні. На Беларусі казанні і дадатковыя набажэнствы былі ў асноўным польскамоўнымі, хаця ў 1860-х—1870-х гг. царскія ўлады і спрабавалі ўвесці ў жыццё Касцёла рускую мову, але гэтыя спробы праваліліся. У 1871 г. гомельскія парафіяне разам з пробашчам Ф.Пятроўскім адмовіліся ўводзіць дадатковыя набажэнствы на рускай мове.[1]
Польскамоўнай была і рэлігійная каталіцкая літаратура, за выключэннем невялікай колькасці беларускамоўных выданняў, з якіх можна прыгадаць Каталіцкі катэхізм, выдадзены езуітамі ў 1585 г. у Вільні; кантычкі для ўжытку беларусаў-католікаў, выдадзеныя тымі ж езуітамі ў Полацку і катэхізмы па-беларуску, надрукаваныя ў 1838 г. у Віленскай дыяцэзіі, а ў 1861 г. перавыдадзеныя ў Варшаўскай. Але не выклікае сумненняў і тое, што для неадукаваных вернікаў-сялян і вернікаў з дробнай шляхты, якія кепска разумелі польскую мову, святары і манахі-езуіты вымушаны былі прамаўляць казанні па-беларуску — на мове штодзённага ўжытку гэтых вернікаў.
Перад Першай сусветнай вайной у Магілёўскай губерні (у якую ўваходзіла сучасная ўсходняя Гомельшчына) налічвалася каля 30 тыс. католікаў-беларусаў.[2] У Гомельскім дэканаце такіх вернікаў-беларусаў, якія кепска разумелі польскую мову, была значная колькасць (прыкладна 5—7 тыс.), асабліва ў Чачэрскай парафіі і філіі Рудня-Шлягіна. Пацвярджэнне гэтаму можна знайсці ў кнізе ксяндза Я.Жыскара «Nasze kościoły». Жыскар пісаў, што парафіяне Чачэрскай парафіі, апрача малалікай дробнай шляхты і некалькіх земляўласнікаў, пераважна беларусы. Таму святары ў капліцах прамаўляюць да іх па-беларуску. У Рудні-Шлягіна католікамі былі пераважна дробныя шляхцічы і часткова сяляне-беларусы. «Мусім сцвердзіць, што з нацыянальнага погляду засталося тут мала польскасці. Нават дробная шляхта забыла мову сваіх прабацькоў…» — пісаў Я.Жыскар.[3]
Але пры гэтым трэба адзначыць, што самі ўсходнебеларускія католікі-сяляне, якія ў паўсядзённым жыцці размаўлялі па-беларуску і практычна не разумелі польскай мовы, усё адно цягнуліся да гэтай польскай мовы (у іх разуменні сакральнай) і польскіх рэлігійных кніг. І хаця ў пачатку ХХ стагоддзя, па словах ксяндза Жыскара, пачало развівацца беларускае кнігадрукаванне і беларуская кніга пачала займаць ганаровае месца ў бібліятэках, але займала яна ганаровае месца толькі ў бібліятэках заможных людзей, памешчыкаў і інтэлігенцыі. А вось у хаце беларускамоўнага селяніна-католіка, які акрамя гэтай мовы іншых не ведаў, беларускай кнігі не было.[4]
Некаторыя святары, якія працавалі ў Гомельскім дэканаце, былі звязаны з нацыянальна-рэлігійным беларускім рухам. Сярод іх Юзаф Ворслаў, Пётр Грыб, Ян Жаўрыд, Вінцэнт Ільгін, Юзаф Лук’янін, Карл Лупіновіч, Леан Буйноўскі, Альбін Шаціла.[5]
Адзін з пералічаных — Карл Лупіновіч, у 1914-1917 гг. быў удзельнікам беларускага гуртка ў Рыма-каталіцкай духоўнай акадэміі ў Петраградзе. Члены гуртка займаліся таксама нацыянальным выхаваннем беларускіх семінарыстаў, якія вучыліся ў Мітрапалітальнай духоўнай семінарыі ў Петраградзе.[6]
Ксёндз Лупіновіч у 1920 г. быў вікарыем Гомельскага касцёла, з 1920 г. па 1921 г. працаваў на пасадзе капелана Жлобінскай капліцы ў Антушаўскай парафіі. З 1917 г. прымаў удзел у беларусізацыі нацыянальна-рэлігійнага жыцця. Выступаў перад вернікамі з беларускімі казаннямі.
Юзаф Ворслаў з 1914 г. да 1919 г. працаваў вікарыем Гомельскага касцёла.
Пётр Грыб у 1914—1917 гг. быў Люшаўскім філіялістам.
Ян Жаўрыд з 1910 г. да 1912 г. выконваў абавязкі філіяліста ў Люшаўскім касцёле.
Вінцэнт Ільгін з 1910 г. да канца 1918 г. быў пробашчам Чачэрскага касцёла. Менавіта яго меў на ўвазе Я. Жыскар, пішучы, што святары ў капліцах Чачэрскай парафіі прамаўляюць да вернікаў па-беларуску.
Юзаф Лук’янін працаваў адміністратарам Рудня-Шлягінскай парафіі з 1918 г. па 1921 г.
Леан Буйноўскі у 1921 г. быў прызначаны капеланам Рудня-Шлягінскай капліцы. Пазней, да 1922 г., таксама фактычна выконваў абавязкі пробашча і дэкана ў Гомелі. Паводле адной з версій, у 1943 г. Буйноўскі быў расстраляны нацыстамі ў Баранавічах за невыкананне загаду аб увядзенні ў Касцёл беларускай мовы.[7] Але больш верагодна, што ён загінуў у Калдычаўскім лагеры.
На наш погляд малаверагодна, што Леан Буйноўскі, які быў удзельнікам нацыянальна-рэлігійнага беларускага руху, быў супраць увядзення беларускай мовы ў Касцёл. Можна выказаць версію, што ўлічваючы нацыянальна-моўныя рэаліі Заходняй Беларусі, ён выступіў супраць поўнага выцяснення польскай мовы з ужытку ў Касцёле, за што з падачы асобных беларускіх нацыяналістаў і быў пакараны смерцю.
Альбін Шаціла з 1920 г. па 1924 г. быў адміністратарам Чачэрскай парафіі і паводле слоў сакратара Польбюро Валешкі, актыўна праводзіў курс на беларусізацыю Касцёла[8].
Прыхільна ставіліся да выкарыстання беларускай мовы ў касцельным жыцці не толькі шараговыя святары, але і каталіцкія іерархі арцыбіскуп Эдвард Роп і біскуп Баляслаў Слосканс.
Латыш Баляслаў Слосканс у маі 1926 г. атрымаў прызначэнне на пасаду апостальскага адміністратара мінскага і магілёўскага. У сваіх казаннях ён выкарыстоўваў і беларускую, і польскую мовы. Каб растлумачыць стаўленне да моўнай палітыкі, ён падчас наведвання Гомельскай парафіі звярнуўся ў Гомельскім касцёле да прысутных вернікаў (частка якіх належала да інтэлігенцыі) па-польску: «Казанне мае на мэце высветліць усім вернікам, без розніцы ступені іхняй асветы, найважнейшую справу іхняга жыцця, справу збаўлення душы. Дык гаварыць аб гэтым у такой мове, якую добра не разумеюць шырокія масы, было б дарэмнаю гаворкаю, а казаць два казанні ў розных мовах я не маю часу. Дзеля гэтага прашу інтэлігенцыю прыстасавацца да мовы шырокіх колаў вернікаў і выслухаць казанне ў беларускай мове». За сваю актыўную дзейнасць на пасадзе апостальскага адміністатара Б.Слосканс у верасні 1926 г. быў арыштаваны і высланы ў Салавецкі лагер.[9]
Сёння, у адпаведнасці з рашэннямі Другога Ватыканскага сабора, набажэнствы ў Гомельскім касцёле і іншых касцёлах адроджанага Гомельскага дэканата адбываюцца на беларускай мове. Але тут трэба ўдакладніць, што па жаданні гомельскіх вернікаў, у асноўным рускамоўных, казанні ў Гомельскім касцёле гучаць па-руску. Таксама ёсць адна Імша на тыдзень, якая адбываецца па-польску. Наогул, для гомельскіх ксяндзоў характэрна падкрэсліванне таго, што Каталіцкі Касцёл мае сусветны характар і звяртаецца да ўсіх людзей на той мове, якую яны разумеюць і якой валодаюць, і што Касцёл дапамагае кожнаму чалавеку, незалежна ад нацыянальнасці, падрыхтавацца да сустрэчы з Богам.[10]
[1] Ракоўскі М. Супрацьстаянне // Наша вера. 1996. № 1.
[2] Żyskar J. Nasze kościoły. T. 1. Archidjecezja mohylowska. Warszawa; Petersburg, 1913. S. 119.
[3] Ibid. S. 67.
[4] Ibid. S. 120.
[5] Спіс каталіцкага духавенства Магілёўскай архідыяцэзіі, студэнтаў Мітрапалітальнай семінарыі і духоўнай каталіцкай акадэміі ў Петраградзе, звязаныхз беларускім нацыянальна-рэлігійным рухам (спіс складзены на падставе паметак Адама Станкевіча ў каталіцкім выданні «Directorium divini officii pro archidioecezi Mohiloviensi in annum domini 1917. Petropoli» — кніга захоўваецца ў ЦНБ, інвентарызацыйны нумар ОБ—ХХ/Ар — 3891).
[6] Ю.Туронак. Падрэзаныя крылы // Наша вера. 2003. № 2 (24).
[7] Dzwonkowski R. Losy duchowieństwa katolickiego w ZSSR, 1917—1937: Martyrologium. Lublin, 1998
[8] ДАДАГВ. Ф. 2. Воп. 1. Спр. 672. Арк. 52, 53.
[9] Анофранка Н., Гардзіенка А. Агляд моўнай палітыкі рыма-каталіцкага касцёла ў Беларусі ў ХХ ст.
Сайт «Беларускі калегіюм» (www.baj.by/belkalehium).
[10] Адзіночанка В.А. Каталіцкая царква ў Гомелі ў XX стагоддзі // Десять веков христианства на Руси: международная науч.-практич. конф. (13 сентября 2005 г., Мозырь). Гомель: ГГУ им. Ф. Скорины, 2006. С. 31—36.
Аўтар: Уладзімір Васькоў (г. Тула)