У апошнія гады літаратуразнаўчая навука ўшчыльную наблізілася да вывучэння найбольш значных, непасрэдна эстэтычных праблем мастацкай літаратуры. Сярод асабліва складаных і важных вылучаецца праблема стылю. Асаблівасці стылю мележаўскага каментарыя праяўляюцца ва ўсім: у эмацыянальнай афарбаванасці, у характары апавядальна-ацэначнай манеры, у мове з яе сінтаксічным ладам, лексікай.
Мова заўсёды дае аўтару неабмежаваныя магчымасці адметных рыс стылю. Зразумела, што пісьменнік карыстаецца літаратурнай мовай, аднак яе лексіку, фразеалогію, сінтаксіс, словаўтваральныя сродкі, экспрэсіўнасць ён скарыстоўвае па-свойму.
Аўтарскі каментарый І. Мележа сведчыць аб тым, што пісьменнік умее падпарадкаваць сродкі мовы сваім ідэйна-мастацкім задачам. На першы погляд можа здацца, што стыль яго вельмі просты, але якраз у гэтым тоіцца майстэрства пісьменніка. Дзякуючы аўтарскаму каментарыю, празаік сам выводзіць герояў перад чытачом, сам іх знаёміць, дае характарыстыкі і г. д.
Лірычную манеру пісьменніка гаварыць захоплена, узрушана мы адчуваем па наступным урыўку: “Усё лета перад хатай Чарнушкаў ціха грэлася на сонцы маладзенькая, з тонкім, як дубец, камлём рабіна. Ніхто ў Куранях, бадай, не заўважыў, калі і хто пасадзіў яе, не бачылі як трэба яе і тады, калі яна красавіцкай раніцай апранулася ў лёгкае празрыста-зялёнае плацце з кволых, рэзных лісточкаў. Дні за днямі цікаўна, але нясмела глядзела яна на вуліцу, на ўсіх, хто праходзіў міма, – сціплая, непрыкметная, за нязграбным плотам, блізка ад вялікіх дрэў. Ніхто не даваў ёй ніякай увагі, мылі яе, песцілі толькі цёплыя дажджы ды любілі шумець маладым лісцем вятры. Людзі ж яе як бы не заўважалі, спачатку таму, што проста не прыкмецілі, а потым таму, што непрыкметна прывыклі” [1, с. 35].
Мы бачым, што пісьменнік не проста інфармуе нас аб нечым. Ён імкнецца перадаць чытачу свой настрой, прымусіць паглядзець на свет вачыма аўтара. Асоба аўтара непасрэдна прысутнічае тут, як яна прысутнічае ва ўсёй “Палескай хроніцы”. Самабытнасць стылю, багацце мовы, якое самым непасрэдным чынам звязана з адметнасцю мастацкага почырку пісьменніка, залежыць ад розных прычын, а самая галоўная – з якой мэтаю выкарыстоўваецца каментарый: каб даць ацэнку персанажу, выявіць адносіны аўтара да падзей або ахарактарызаваць паводзіны героя. Мова аўтарскіх каментарыяў – рэч даволі складаная. Тут мы знаходзім словы і сродкі розных стылістычных пластоў.
У каментарыях пісьменнік не проста расказвае, характарызуе, ацэньвае, ён яшчэ і малюе, жывапісуе словам. Прыгадаем вось гэта, напрыклад: “Глядзелі на Ганну, разважалі і – за малым выключэннем прыдзір з жанок – згаджаліся: выспела, нявеста, нічога не скажаш! Часам пры гэтых гаворках – асабліва жанкі – успаміналі Ганніну маці-нябожчыцу, казалі, што дачка ва ўсім выйшла ў матку. З аблічча – дык як вылітая: і невялікая ростам, і не гладкая – худая, можна сказаць, і плечы, як у маткі, вузкія, і рукі тонкія. I косы чорныя, густыя, аж блішчаць, бы намочаныя, і смуглявасць на твары такая ж, і шчочкі таксама ж выпінаюцца.
Іншы раз языкі жанок – прыдзір ці зайздросніц – меркавалі, што грудзі ў Ганны малаватыя, як кулачкі: чым толькі дзіця карміць будзе, калі давядзецца? Але пры ўсім тым – нават прыдзіры і зайздросніцы не пярэчылі – Ганну ніяк нельга было палічыць за кволую: збоку, з аднаго позірку відаць было – крамяная ў Цімоха дзяўчына, дужая, сілаю ўся налілася! Вунь якая пругкая ў хадзе, спрытная якая ў рухах, так і відаць – маладосць, сіла ў кожнай жылачцы!” [1, с. 36].
Перадаць знешняе аблічча персанажа пісьменніку дапамагае выкарыстанне эпітэтаў, якія маюць, як бачым, характалагічнае прызначэнне.
Каментарый у творах І. Мележа часта выкарыстоўваецца для таго, каб не проста канстатаваць нейкія факты, а своеасабліва, у фразе, тэмпе, напружанасці перадаць унутраны стан героя.
Асаблівай увагі заслугоўвае майстэрства сінтаксісу. Пісьменнік найчасцей карыстаецца простымі сказамі, якія часам ускладняюцца аднароднымі выказнікамі. Усё гэта робіцца для таго, каб перадаць унутраныя хваляванні героя.
У тым выпадку, калі герой асабліва сімпатычны аўтару, то каментарый напаўняецца пачуццём павышанай зацікаўленасці, заклапочанасці, жаданнем раскрыць думы і памкненні персанажа найбольш змястоўна, вычарпальна: “Той, каму быў час і ахвота прыглядацца, хто лепш бачыў Ганну, заўважаў, што перамянілася яна не толькі з аблічча. Багата што інакшае было і ў тым, як яна хадзіла між людзей, – стрымана і паважней, як трымалася з хлопцамі, – стражэй і з нейкай кплівасцю. Нават смяялася цяпер яна інакш, як дасюль, – смех быў ужо не бесклапотны, не пусты па-дзіцячы, у ім таксама звычайна чулася кплівасць; і штосьці як бы таілася ў гэтым смеху. I глядзела яна інакш, – нядаўна адно дзікавата-цікаўнымі вачыма. Як і раней, не было, здавалася, такой хвіліны, каб вочы яе, вільготна-цёмныя, падобныя на спелыя вішні, былі абыякавыя, нудлівыя, увесь час блішчэла, ззяла ў іх няўціхнае хваляванне. Але сачылі яны зпад шаўкавіста-чорных смелых броваў цяпер з падсцярожлівай, пільнай уважнасцю і, здавалася, толькі і чакалі выпадку кпліва падсмяяцца. Іншы раз маглі яны, як і раней, бліснуць весялосцю, але часта, вельмі часта гарэлі ў іх недавер’е і насмешка. У іх таксама ж нешта таілася, у цудоўных вішнёва-чорных вачах” [1, с. 36].
Дадзены ўрывак адрозніваецца дакладна-аналітычным стылем. Пісьменнік імкнецца зазірнуць у душу свайго персанажа і выявіць, якія змены ў ёй адбываюцца. Прычым увага скіроўваецца не толькі на дзеянне, але і на эмацыянальна-ацэначны фактар той дзейнасці. Тут пашыраецца выкарыстанне складанага сінтаксічнага цэлага, якое ўяўляе сабой складаназалежны сказ з даданай дапаўняльнай або азначальнай часткамі. Гэта звязана перш за ўсё з імкненнем аўтара як мага больш поўна, глыбока выявіць сутнасць гераіні.
Адносіны аўтара да таго або іншага персанажа часам перадаюцца шляхам узаемадзеяння голасу аўтара з голасам дзейнай асобы. Гэтыя галасы могуць злівацца (у тых выпадках, калі думкі і пачуцці дадзенага героя блізкія аўтару). Асабліва гэта заўважаецца ў “Палескай хроніцы”, калі каментарый непрыкметна пераходзіць у разважанні самога героя. Думкі, пачуцці аўтара і персанажа натуральна зліваюцца ў адно. Гэта ў многім абумоўлена тым, што Мележ піша пра тое, што стала ўспамінам душы, памяццю сэрца, бо ў аснове твора матэрыял перажыты эмацыянальна, духоўна. Адсюль усё: непасрэднае ўспрыманне рэчаіснасці, усхваляванасць, моцная ўнутраная напружанасць тону.
У цэлым жа для моўна-стылёвай адметнасці каментарыя характэрна мастацкая прастата, за якою ўгадваецца велізарная работа пісьменніка, яго патрабавальнасць да сваёй творчасці. Адбіраючы самае лепшае і яркае ў мове, аўтар дабіваецца натуральнага, вобразнага гучання кожнай фразы, кожнага слова.
І. Мележ карыстаецца ўсімі фарбамі мовы. Яго каментарыі ўражваюць эмацыянальна-экспрэсіўным выяўленнем аўтарскага стаўлення да падзей, часу, абставін ці логікі паводзін персанажаў. Адных ён любіць, да другіх – ставіцца з антыпатыяй, трэціх – шкадуе, з чацвёртых – смяецца.
Майстэрства пісьменніка ў арганізацыі каментарыя праяўляецца ў арганічнай малюнкавасці пісьма, аналітычнасці, філасофска-лірычнай напоўненасці. Аналітызм аўтарскага каментарыя праяўляецца перш за ўсё ў яго экспрэсіўным, эмацыянальна-ацэначным характары: “…выйшаў на ганак, пацягваючыся, хлопец з хмурнымі заспанымі вачыма, з калматай ні то русявай, ні то цёмнай чупрынай, з упартымі губамі” [1, с. 17].
Трэба ўвогуле адзначыць выключную здольнасць аўтара адбіраць словы, якія выяўляюць самыя характэрныя асаблівасці ў знешнасці персанажа, з дапамогай якіх вобраз становіцца запамінальным і непаўторным. Пісьменнік канцэнтруе ўвагу чытача на пэўнай дэталі, за якою бачыцца вялікі змест. Ён выкарыстоўвае даволі незвычайнае параўнанне, якое разам з іншымі спосабамі мастацкай характарыстыкі мае адзін намер: стварыць яркі тып.
Такім чынам, моўна-стылёвыя адметнасці аўтарскага каментарыя маюць наступныя асаблівасці: вызначаюцца сваёй эмацыянальна-экспрэсіўнай афарбоўкай, што характарызуе не толькі сутнасть падзеі, з’явы, аблічча персанажа, але і выяўляе адпаведнае стаўленне аўтара да логікі падзей, учынкаў сваіх герояў ці пэўных праяў часу; у ім выразна вырысоўваецца асоба аўтара, які імкнецца асэнсаваць жыццё ва ўсіх яго праявах; даволі часта голас аўтара зліваецца з голасам героя, дзякуючы ўмеламу спалучэнню няўласна-простай мовы з аўтарскім апавяданнем. Асноўнымі сродкамі, з дапамогай якіх арганізуецца каментарый, выступаюць дзеясловы, назоўнікі і прыметнікі. Фраза вызначаецца дакладнасцю, сінтаксічныя канструкцыі ўяўляюць сабой у пераважнай большасці простыя сказы. Калі ж гэта складаныя сказы, то, як правіла, яны паводле структуры з’яўляюцца складаназалежнымі. Увогуле ж, для аўтарскага каментарыя характэрна сінтаксічная няўскладненасць і разнастайнасць мовы, дакладнасць слова і матываванасць яго стылістычнай афарбоўкі, багацце лексікі і прыгажосць гучання.
Літаратура
- Мележ, І. Людзі на балоце / І. Мележ. – Мінск: Маст. літ., 1991. – 400 с.
Аўтар: Н.М. Кунгер
Крыніца: Надзённыя праблемы лексікалогіі і анамастыкі славянскіх моў : матэрыялы II Міжнароднай навуковай канферэнцыі : г. Мазыр, 22-23 красавіка 2010 года / Васіль Шур., МДПУ імя І. П. Шамякіна, 2010.