Пакуль чалавек існуе, ён павінен памятать сваіх продкаў, захоўваць сваю спадчыну. Любыя страты спадчыны непазбежна адбіваюцца на ўсіх абласцях жыцця цяперашняга і будучага пакаленняў, прыводзяць да духоўнага выраджэння, страты гістарычнай памяці, збяднення грамадства ў цэлым.
Патрыятызм і чалавечая годнасть пачынаюцца з малай Радзімы. Менавіта малая Радзіма ўплывае на станаўленне асобы, узбагачае чалавека сваімі традыцыямі. Асноўнай мэтай работы з’яўляецца захаванне спадчыны праз даследванне гістарычных падзей і традыцый, звязаных з вёскай Дуброва Ельскага раёна Гомельскай вобласці.
Метады даследвання:
— вывучэнне архіўных матэрыялаў і літаратуры,
— гутаркі з жыхарамі вёскі Дуброва.
Вёска Дуброва размяшчаецца амаль на самым краі Ельскага раёну ў трыццаці шасці кіламетрах ад горада Ельска. Дуброва мяжуецца з захаду з вёскай Зашыр’е, з усходу — з вёскай Старае Высокае, з поўдня — з вёскай Лукаўцы, а з поўначы — з вёскай Вярхі. Яна знаходзіцца на плоскай раўніне з невялікімі ўзгоркамі. Заходнюю і ўсходнюю частку вёскі акружае лес, а недалёка таксама сустракаюцца балоцістыя мясціны, палі, лугі. Побач з вёскай знаходзіцца Махнавіцкі канал. Ён быў выкапаны ў 1912 годзе ўкраінскімі грабарамі. Канал, які працякаў у бок Махнавічаў, называўся Стрыжнёвы, а ў бок Вярхоў — Азерыцкі.
Дуброва. Адкуль жа пайшла гэтая назва? Вось як тлумачаць гэта вяскоўцы. Справа ў тым, што раней вакол вёскі расло вельмі шмат дубоў, вязаў. Але з цягам часу ўсё гэта знікала, толькі дзе-нідзе можна сустрэць адзінокія старыя дубы. Вось толькі назва і засталася. Вакол вёскі ёсць шмат урочышчаў, якія маюць сваю назву, напрыклад: “Раманава гара”, “Міхайлаў хутар”, “Карпава грэбля”, “Лубянкі” . Чаму яны так названы? Назвы гэтых хутароў завуцца імёнамі сваіх былых гаспадароў: “Сямёнаў рог” — там жыў гаспадар Сямён, які служыў у пана лесніком, “Раманава гара” — жыў дзед Раман, “Карпаў бераг” — гэта быў надзел Карпа. Раней на месцы вёскі знаходзіўся хутар, “Замлінне” самы вялікі хутар з усіх — 10 двароў. Яшчэ былі такія хутары як “Коззе” — пяць двароў, “Міхайлаў” хутар — усяго дзве хаты, “Вераб’ёўскі” хутар — тры гаспадары, “Сямёнаў” хутар — два гаспадары, “Сухлёўскі” хутар — два гаспадары.
У 1912 годзе ў час Сталыпінскай аграрнай рэформы дзялілі надзелы зямлі, дзесяціны паміж дварамі. Пісаліся паперкі з назвай участка, кідалі іх у шапку і кожны гаспадар цягнуў паперку з назвай свайго надзела.
Калі пачалася калектывізацыя ў 1935-1938 гадах, выйшла пастанова ўлады аб тым, каб усе хутары былі пераселены ў адно месца. Такім месцам і выбралі нашу вёску Дуброву, таму што на гэтым участку была самая лепшая зямля для заснавання гаспадаркі. Першым сяленцам вёскі з’яўляецца Яцухна Тарас Фёдаравіч, затым засяляліся іншыя, такія як Ярмон, Навум, Юрко, Дзмітрый. Нажаль прозвішчы іх зніклі ў архівах. Людзям, якія перасяляліся з аднаго месца на другое, было вельмі цяжка абжывацца, але сіла духу продкаў пераадолела ўсе перашкоды і вёска пачала сваё існаванне. Было шмат спрэчак, дзе размяшчаць першую вуліцу вёскі. Вырашылі яе пабудаваць на зараслях канаплі, таму па цяперашняму вуліца Дуброўская, раней называлася “Канапелька”. Трохі пазней узнікла Калгасная вуліца.
Калі хутары перасялілі, у гэты ж час у звычайнай вясковай хаце адкрылі першую школу, а затым у 1956 годзе пабудавалі драўляную васьмігадовую школу, дырэктарам якой быў прызначаны Радзько Міхаіл Пятровіч.
Нажаль будынак, у якім знаходзілася гэтая школа, ужо знеслі, а месца выкарысталі для будаўніцтва новых дамоў. Але замест гэтай школы ў 1989 годзе пабудавалі новую кірпічную, якая праіснавала амаль 25 гадоў, але і яе ў 2012 годзе закрылі па асобых прычынах. Удалося высветліць імёны першых выпускнікоў гэтай школы: Трошка Вера Дзмітраўна, Трошка Любоў Дзмітраўна, Трошка Уладзімір Мікалаевіч, Трошка Антон Філіпавіч, Трошка Валянціна Міхайлаўна, Касцючэнка Адам Міхайлавіч, Флёрка Ганна Фёдараўна, Петралай Ніна Філіпаўна, Петралай Марыя Сцяпанаўна, Яцухна Ніна Міхайлаўна, Яцухна Лена Філіпаўна, Яцухна Валянціна Мікалаеўна і інш.
У вёсцы Дуброва зараз пражывае каля 260 жыхароў. Але смяротнасць, нажаль, перавышае нараджальнасць. Наш вясковы народ вельмі прыязны і працавіты. Людзі ў гэтай вёсцы добразычлівыя і спагадлівыя. Яны з задавальненнем падзяліліся са мной сваімі ўспамінамі аб гісторыі роднага краю, прыгадалі некаторыя звычаі і традыцыі, паказалі сваё майстэрства.
Яцухна Галіна Міхайлаўна нарадзілася ў 1943 годзе ў вёсцы Лукаўцы, у 1965 годзе выйшла замуж за Яцухна Уладзіміра Рыгоравіча і перасялілася ў вёску Дуброву. Яна паведаміла пра вышыўку ручнікоў, абразоў, фартухаў і інш. Людзі кажуць, што ў Галіны Міхайлаўны “залатыя рукі”. Чаму ж так? Таму што яе лоўкасць рук, яе жаданне ствараць прыгожае вядзе к любімай працы. Для яе гэта як вада, як ежа — пражыць без гэтага яна не зможа.
На працягу ХХ стагоддзя шмат чаго змянілася ў сялянскім побыце. Даматканыя ручнікі, абрысы, традыцыйныя народныя касцюмы замяніліся фабрычнымі вырабамі. Аднак беражлівыя жыхары вёскі збераглі шмат старых рэчаў, таму што разам з імі жыве памяць аб тых, хто іх зрабіў, аб нашых продках.
У цяперані час усе гэтыя прадметы даўніны: ручнікі, абрысы, прасціны набылі статус твораў беларускага народнага мастацтва. Шкада, але назаўжды адыйшоў той час, калі маладая жонка павінна была прынесці ў дом мужа не менш сямі ручнікоў — ручнік, як абярэг. У скрыні з пасагам дзяўчыны павінна было знаходзіцца дванаццаць фартухоў, і ў кожнага з іх было сваё прызначэнне — асобны фартух на кожны з дванаццаці асноўных рэлігійных святаў. У жаночым народным касцюме гэтай дэталі ўдзелялася асаблівая ўвага. Фартух — прадмет гонару кожнай жанчыны, бо гэта першы элемент аддзення, які яна зрабіла сваімі рукамі.
Фартух — гэта абярэг жаночага пачатку. Менавіта ён адлюстроўваў майстэрства, густ і саўпрадны талент рукадзельніцы. Ніз фартушка, часцей за ўсё, упрыгожваюць карункамі, якія ў Дуброве маюць назву “зубы”. Вось і гараць яркія, цёплыя, разнакаляровыя, як вясёлка, вышытыя ўзоры на фартухах, ручніках і сарочках. Кожная рэч нібы перадае энергетыку і настрой майстрыхі. І, гледзячы на гэту прыгажосць, паволі пачынаеш адчуваць гонар за тое, што ты маеш дачыненне да гэтага цуда, бо з’яўляешся часцінкай сваіх продкаў.
Вось гэты ручнік вышывала бабуля,
А гэты фартух — яшчэ маці яе.
І кожны ўзорык, нібыта зязюля,
Куе пра свой час, каб данесці ўсё мне.
Г. Трафімава
Трошка Ева Дзянісаўна нарадзілася 1947 годзе ў вёсцы Зашыр’е. Паведаміла пра свайго мужа Васіля Мікалаевіча Лагоду: “Што расказаць пра гэтага чалавека? Добры бацька, муж. Нічым непрыкметны вясковец, да якога, на дзіва, усе вельмі добра адносіліся. Чаму так? Ды хто яго ведае. У гэтага чалавека нейкая душэўная цеплыня, спагада, якімі людзі рэдка дзеляцца. Васіль Мікалаевіч гэтага не шкадаваў нікому. Так і пражыў жыццё, аддаючы людзям сваё душэўнае цяпло, сваю спагаду, сваё няхітрае мастацтва”.
Васіль Мікалаевіч вельмі любіў маляваць. Усё жыццё ў яго гэта быў любімы занятак, які так і не стаў прафесіяй. Але пра яго творчасць ведалі ўсе, ішлі за дапамогай. Шмат карцін знаходзіцца ў мясцовай бібліятэцы.
Васіль Мікалаевіч маляваў у школе. А колькі сваіх малюнкаў ён падараваў людзям. Любіў дараваць свае карціны. Маляваў ён у асноўным прыроду. Яго бацька — удзельнік вайны — быў у палоне. Васіль Мікалаевіч таксама памятаў вайну. Хіба ж такое забудзеш. Заўсёды расказваў: “Двое немцаў зайшлі ў хату. Маці не было. Быў толькі я і дзве старэйшыя сястры. Адзін з іх спытаў: “Яйкі?” Ну я і дастаў з-пад печы поўны кошык, а ён сунуў мне нешта ў руку. Толькі потым, праз шмат гадоў, я зразумеў, што гэта была плітка шакаладу”.
Каб неяк пракарміцца, Васіль Мікалаевіч пасвіў людскіх свіней. Ён любіў пра гэта разказваць: “Нас было некалькі хлапчукоў, якія пасвілі людзкіх свіней. Плацілі нам, хто чым можа, давалі хлеб, зярно, малако. Ну і хітрыя ж свінні былі. Ды не на кожную сядзеш. У мяне была рабая старая свіння, якую зваў Шута. Паслухмяная такая. Калі яе забілі — плакаў я доўга”.
Скончыў 5 класаў. Вучыўся ў Оўручскай школе механізацыі. 10 гадоў працаваў на цаліне. Затым прыехаў у Беларусь, дзе і пражыў усё астатняе жыццё. 4 кастрычніка 2004 года Васіля Мікалаевіча Лагоды не стала. Але яго творы захоўваюцца ў вясковай бібліятэцы і ў хатах многіх аднавяскоўцаў. Яны даруюць людзям душэўны спакой, натхненне. Мастацтва Васіля Мікалаевіча дазваляе людзям ў наш хуткі час спыніцца, задумацца пра прыгажосць роднага краю, пра нашу спадчыну, зразумець, чым жылі нашы продкі, якімі былі іх духоўныя каштоўнасці.
Праведзенае даследванне дазволіла сабраць гістарычны матэрыял аб вёсцы Дуброва, вывучыць гісторыю станаўлення гэтага невялічкага населенага пункта на беларускім Палессі, пазнаёміцца з яго жыхарамі, іх майстэрствам, традыцыямі. Трэба берагчы гэтыя веды, каб было што перадаць нашым нашчадкам. Яны таксама павінны ведаць гісторыю сваёй малай Радзімы, каб не рвалася сувязь паміж продкамі і нашчадкамі. Бо толькі ў пераемнасці пакаленняў багацце народа і яго моц.
Дуброва — гэта мой край, гэта тое месца, куды я буду вяртацца заўсёды, і ніколі не здражу, яно будзе жыць у маім сэрцы.
Авторы: Н.В. Трошко, С.М. Спектор
Источник: Гомельщина в XX-XXI веках. Вехи истории: материалы науч.-ист. семинара / под общ. ред. епископа Гомельского и Жлобинского Стефана; М-во трансп. и коммуникаций Респ. Беларусь, Белорус. гос. ун-т трансп.; Гом. епархия Белорус. православной церкви. — Гомель: БелГУТ, 2017. — 155 с. Ст. 139-142.