Міты забіваюць Светлагорск

0
214
Горад Светлагорск

Горад Светлагорск, горад майго дзяцінства, з якім не маю родавай повязі, што чакае цябе ў будучыні? Горад светлага лёсу, паводле новага перыяду гісторыі, а па сутнасці – горад-пакутнік. Горад-недарэчнасць, паводле прыдуманай назвы (Светлагорск — “светлая гара”), але і шляхетны горад – паводле даўняга мінулага населенага пункта: ў 1800 годзе ў Шацілках (папярэдняя назва горада) жыла пераважна шляхта. Светлагорск – горад мітаў, якія яго забіваюць.

Ці перажывем постсавецкі час?

Што тутэйшыя жыхары сёння апавядаюць пра Светлагорск? Яны паўтараюць уціснуты ў масавую свядомасць савецкі міт аб тым, што горад ўзнік у 1961 годзе. Тутэйшага жыхара працягваюць пераконваць, што яму, быццам бы, варта маліцца на мясцовую электрастанцыю — Светалгорскую ЦЭЦ (у мінулым Васілевіцкую ДРЭС), “дзякуючы якой з’явіўся горад”. Нават калі і ўдумацца ў гэтую цвіллю парослую байку, лухтаватасць яе навідавоку. Як можна ганарыцца прадпрыемствамі, эканомікай? Мы што – суперіндустрыяльны горад, які займае першае месца ў рэспубліцы? Хіба вялікія гарады, дзе пабудаваны значна магутнейшыя электрастанцыі, гэта ставяць на першае месца? А я думаў ганарыцца трэба славутымі старонкамі гісторыі, помнікамі архітэктуры, славутымі людзьмі, якія ўпісалі горад ў сусветную плыню. Панства канчатковых мяшчан – так назваў рускі філосаф Уладзімір Бярдзяеў бальшавіцкі лад, звярнуўшы увагу на адмаўленне ім пошуку Бога. Таму і засталіся за гонар толькі фабрыкі і заводы.

А Светлагорск насамрэч абавязаны чыгунцы, якую пабудавалі тут ў 1916 годзе. Не было б чыгункі, не было б электрастанцыі!

Вось пабудавалі ў 1965 годзе хімію – Светлагорскі завод штучнага валакна. Ізноў гэта назвалі як дасягненне — буйны завод у Еўропе. А хімія адпомсціла Светлагорску. Дзеці славутых будаўнікоў, хімікаў выраслі, паехалі вучыцца ў Піцер і Маскву, сталі больш адукаванымі за іх бацькоў і прывезлі яшчэ адну хімію, смяротную – рэцэпт наркотыка. Захацелі стаць багатымі дзякуючы хіміі? Пабудавалі за кошт яе горад? Дык трымайцеся! Хімія адпомсціла гораду з’яўленнем віч-інфекцыі ў 1996 годзе і працягвае помсціць тысячамі атручаных смяротнай хваробай і сотнямі захварэлых і памерлых ад сніду за апошнія 10 год. У 1998 годзе колькасць насельніцтва горада дасягала 75,5 тысяч чалавек, на пачатак 2007 года налічвалася крыху болей 70 тысячаў. Вас гэта не пужае, панове? А на Светлогорск паўзе новая навала: у горадзе збіраюцца будаваць яшчэ адну брыдоту – завод па вытворчасці бялёнай цэлюлозы. Атрута яшчэ тая! Так загадалі зверху, а ўнізе – ягняты ў чарзе чакаюць нажа мясніка. Светлагорцаў хочуць дабіць, ДАЗАБІЦЬ! На індустрыяльна-эканамічным фронце горада, з якога выцякаюць апошнія жыццёвыя сілы — бо няма моцы супрацьстаюць акупанту-віч-сніду – назіраюцца чарговыя смяротныя рухі. Яны не ведаюць тутэйшых праблемаў, не заўважаюць смяротнае раны Светлагорска.

Дык чаму ж у Светлагорску ганарацца заводамі? Таму што іншага не ведаюць. Нават у прынятым у 2000 годзе гербе Светлагорска заявілі: “Сонца з’яўляецца сімвалам росквіту, дастатку і падкрэслівае высокі патэнцыял і ўзровень развіцця прамысловай вытворчасці горада. Чырвоны колер поля шчыта з залатым сонцам адлюстроўвае прамысловы характар горада”. А я думаў, што Сонца – гэта атрыбут персаніфікаванай ІСЦІНЫ, таму што ў яго свеце ўсё становіцца зразумелым, што Сонца нясе жыццё, шляхам спальвання зла, яно — ратавальнік ад смерці. Паслухайце, як моцна гучаць гэтыя словы. А яны ствараюць сваё тлумачэнне: мармычуць усё пра індустрыю… Прымітыўны, панове, погляд на герб Светлагорска, драбнаваценькі! Сонца-герб так па-дэлікатнаму “апусцілі”. Ну, дык і нядзіва! Ёсць яшчэ людзі, для якіх жыццё планеты Зямля пачынаецца з 1917 года, а для Светлагорска і таго маладзей – з 1961. А што там раней было? Лухта там нейкая – дзярэўня! То, можа, яны і не любяць Светлагорск? Непавага да любога адцінка гісторыі горада – гэта непавага да яго цалкам. Гісторыю горада не выбіраюць. Светлагорск гіне ад мітаў. СВЕТЛАГОРЦЫ не могуць паўплываць на жыццё горада, бо СТВАРАЮЦЬ МІТ СВАЙГО ЖЫЦЦЯ.

І прыйдзе навала ў Светлы горад. І пне ў яго рану нож, кажучы: “Я веру, што ён выжыве! Ён светла-сонечна-аптымістычны!” А калі не выжыве? Зноў стане Шацілкамі. Усе будуць казаць: “Ну, што у гэтай вёсцы было?”

Аўтар: Віктар Раманцоў (19 сакавіка 2008 г.)