Хочацца верыць, што чалавек уладар свайго лёсу. Такая вера заўсёды ўзмацняецца, даведаўшыся на прыкладах, калі ад уласнага выбару чалавека, ад яго нязломнага духу залежыць яго будучыня і будучыня іншых людзей. Калі гэты выбар, на наш погляд, з’яўляецца верным, мы звычайна пачынаем ганарыцца такімі людзьмі і ісці ў шлях за імі- у шлях за тымі каштоўнасцямі, якія яны абаранялі. Наш аповед будзе менавіта пра такога чалавека.
1867 год. Перыяд, калі на папялішчы зусім нядаўна прагучаўшага паўстання царскі ўрад бязлітасна будаваў сваю палітыку па падаўленню ў беларуса ўсялякай думкі аб тым, што ён годны на незалежнае жыццё, аб тым, што ён мае сваю адметную гісторыю. Перыяд вядома трагічны, але не трэба змрачнець, бо вядома, што чорная паласа заўсёды змяняецца белай. Думаем, аб гэтым ніколі не забываў і наш беларускі гісторык, этнограф і фалькларыст Мітрафан Віктаравіч Доўнар-Запольскі, які нарадзіўся ў гэты нялепшы год нашай гісторыі.
У другой палове ХIХ ст. усё яшчэ назіралася перавага людзей шляхетскага паходжання над людзьмі простымі ў галіне адукацыі. Менавіта такім прыкладам можна азначыць Мітрафана Віктаравіча, выхадца з дробнай шляхты горада Рэчыцы. Заўважыўшы здольнасці свайго сына, Віктар Мірцінавіч падтрымаў яго выбар адправіцца для абучэння ў кіеўскую гімназію, а потым і ў кіеўскі універсітэт.
З самага пачатку сваёй адукацыі Мітрафан Віктаравіч апынуўся ў рэчышчы расійскай імперскай адукацыі, якая стварала ў галовах вучняў міталагічны падмурак дзеля абгрунтавання існага стану. Улічваючы вялікія здольнасці ў гады навучання і адносна ліберальнае адлюстраванне расейскай гісторыі, cфарміраваўся стандартны на той час светапогляд заходнерускага ліберала-патрыёта, які не бачыў сваю зямлю па-за межамі расійскай імперыі і трывалых абдымкаў “старэйшага брата”. Парузуменне асобнага беларускага шляха прыйшло трохі пазней. У сваёй пачатковай навуковай дзейнасці Доўнар-Запольскі адразу ўзяўся за вывучэнне роднага краю, бо ў адрозненні ад вялікіх масаў малаадукаванага люду, быў здольны зразумець сваю ідэнтычную прыналежнасць. Збор артыкулаў “Беларускае мінулае” і “Нарыс гісторыі Крывіцкай і Дрыгавіцкай зямель…” адчынілі і для сябе і для іншых новае бачанне праблемы Беларусі. Для спробы яе разгляду ён ўзяў той інструментарый, да якога быў больш прыхільны. Такім інструментарыям быў этнаграфічны падыход у адлюстраванні гісторыі Беларусі. Гэта быў вялікі крок наперад, бо дазваляў назапашваць вялікую колькасць матэрыялу для будычых адкрыццяў і палітыка-ідэалагічных баталіяў над гісторыяй краіны. Мітрафан Віктаравіч амаль адразу пачынае шукаць сваіх паслядоўнікаў, якія дапамаглі б стварыць “беларускі гурток”. Далей планы развіліся ва ўсведамленне неабходнасці адкрыцця публічнай бібліятэкі, беларускага часопіса, навуковага таварыства дзеля даследвання краю. Знаёмствы з вядомымі навукоўцамі і будучымі стваральнікамі гісторыі пашыралі не толькі веды, а і ўплывалі на светапоглядныя ўспрыманні Доўнара-Запольскага. Менавіта такі навуковы шлях дапамог нашаму знакамітаму гісторыку і этнографу перабудаваць сябе з заходнеруса ў беларуса.
Безумоўна, Доўнар-Запольскі быў сапраўды адораным навукоўцам, таленавітым дыпламатам і публіцыстам. Яго шчырая вера і аптымізм (то, чаго не заўсёды хапае нашым сучаснікам) сапраўды захапляюць. З вялікай радасцю Доўнар-Запольскі вітаў кожны крок сваёй бацькаўшчыны да лепшай будучыні: “Лёсы кінутыя! Вялікі акт у жыцці нашага народу здзейсніўся: Беларусь абвешчана сваім часовым урадам незалежнай рэспублікай. У кожнага беларуса пры гэтай вестцы радасна заб’ецца сэрца,”- пісаў Доўнар-Запольскі аб падзеях адбыўшыхся 25 сакавіка 1918 года. Прага да справядлівасці адчувальна, калі зачытваеш радкі яго артыкулаў у якіх Мітрафан Віктаравіч з упэўненасцю абгрунтоўвае права беларусаў на дзяржаўную незалежнасць. “Народ, які меў сваю дзяржаву, мусіць мець яе зноў”. Ці не кожны зможа ўразумець гэта, як гэта ўразумеў Доўнар-Запольскі? Думаем кожны, але толькі тады, калі звернецца да сваіх каранёў і адчуе сваю адказнасць перад будучыняй.
Напрыканцы хочацца дадаць, што беларуская зямля багата выдатнымі людзьмі, якія заслугоўваюць павагі. Не выключэннем з’яўляецца і Гомельская зямля на якой нарадзіліся і жылі шматлікія таленавітыя людзі, якія ўзбагацілі нашу гісторыю сваімі ўчынкамі і дзейнасцю. Нам жа застаецца ведаць сваіх героеў і быць хоць трохі вартымі іх.
Аўтары: Яўген Кавалеўскі, Марыя Булавінская