Мітрафан Доўнар-Запольскі аб традыцыях беларускай сям’і: «Сямейны гаршчок заўсёды кіпіць»

1
379
Беларуская сям'я на здымках Ісака Сербава
Жанчыны з дзецьмі (сям’я Германчукоў). (фота з альбома «Беларусы ў фотаздымках Ісака Сербава 1911 — 1912», Мінск, 2012)

Ураджэнец Рэчыцы, знакаміты славіст Мітрафан Доўнар-Запольскі яшчэ гімназістам і студэнтам здзейсніў некалькі этнаграфічных экспедыцый. Вельмі цікавіла даследчыка і яго роднае Палессе — Рэчыцкі, Мазырскі, Пінскі паветы, дзе ён сутыкнуўся з найбольшай архаікай побыту і адносін беларусаў.

Прывабілі маладога даследчыка шлюбна-сямейныя традыцыі палешукоў, што, напэўна, было звязана з асабістымі перажываннямі: якраз перад паступленнем у Кіеўскі ўніверсітэт св. Уладзіміра Мітрафан Віктаравіч узяў шлюб са сваім першым, гімназічным, каханнем. Справа была адметнай, бо статуты расійскіх універсітэтаў забаранялі студэнтам жаніцца. Але менавіта даследчыцкія заслугі абітурыента і яго вядомасць сярод прафесіяналаў дазволілі кіраўніцтву ўніверсітэта зрабіць выключэнне для Доўнар-Запольскага.

На жаль, сямейнае шчасце цягнулася ўсяго пару гадоў — вясной 1892 года Надзея памерла ад сухотаў. Вялікая праца М. В. Доўнар-Запольскага «Белорусская свадьба в культурно-религиозных пережитках» выйшла з прысвячэннем: «Дорогой для меня памяти моей жены Надежды Петровны…».

Мітрафан Доўнар-Запольскі ў студэнцкія гады
Мітрафан Доўнар-Запольскі ў студэнцкія гады (фота з Цэнтральнага дзяржаўнага гістарычнага архіва Украіны ў Кіеве)

У палескіх вандроўках Доўнар-Запольскі сутыкнуўся з захаваннем вельмі старажытнай формы сям’і, якую этно­графы называлі «вялікай». Такая сям’я складалася з бацькоў, жанатых і замужніх дзяцей, а часам таксама з далёкіх родзічаў і нават прынятых не родных асоб. Аўтар адзначаў, што ў Мазырскім і Рэчыцкім паветах можна сустрэць сямейныя абшчыны складам аж да 50 чалавек. Аснова існавання такой сям’і — сумесная праца і валоданне зямлёй. Па словах Доўнар-Запольскага, лад і трываласць такіх вялікіх калектываў падтрымліваліся вызначанымі ролямі і правамі сямейнікаў, якія абараняліся не толькі самой сям’ёй, але і грамадскасцю — сялянскімі сходамі і валаснымі судамі.

Беларуская сям’я да пачатку ХХ стагоддзя захоўвала выразна патрыярхальны характар. На чале яе стаяў «гаспадар», «бацька», «дзяцька» (для няродных). «Воля старэйшага ў сям’і, — адзначаў Доўнар-Запольскі, — свяшчэнная для ўсяго сямейства, без яго волі не адбываецца нічога важнага». Ён найперш адказваў за ўсе палявыя работы, малацьбу, догляд жывёлы, нарыхтоўку дроў і… выраб абутку для сямейнікаў. Ніякая праца не магла выконвацца без даручэння гаспадара, ініцыятыва іншых не ўхвалялася. Гаспадар — казначэй сям’і, хаця часам гэту ролю магла выконваць і гаспадыня. Ён жа кантраляваў паводзіны моладзі, адносіны да працы, маральнасць сыноў і дачок, караў іх за правіннасці. Бацька — гэта і «сямейны жрэц»: чытаў малітву за сталом, клікаў да вячэры «дзядоў», «карміў мароз» на Каляды і г. д.

Знакі ўвагі гаспадара — права сядзець за сталом на куце, пад абразамі; побач з ім садзіліся старэйшыя мужчыны, а жанчыны займалі месца на супрацьлеглым баку. Толькі пасля малітвы і пачатку ежы гаспадаром маглі есці астатнія.

Аднак, адзначаў Доўнар-Запольскі, улада гаспадара не дэспатычная, а трымаецца ў пэўным сэнсе на маральным аўтарытэце. У адрозненні ад вялікарускай практыкі, дзе «сам» поўнасцю чыніў суд і расправу, у беларускай сям’і несправядлівасць, прыцясненне, п’янства ці лянота гаспадара неадкладна выклікалі агульны пратэст сям’і, які заканчваўся раздзелам альбо перадачай улады іншаму старэйшаму мужчыне. Умова захавання ўлады гаспадара — адпаведнасць яго «палітыкі» агульным інтарэсам сям’і. Ад яго патрабаваўся прыклад ва ўсіх справах, найперш у працы. Гаспадар таксама не мог прадаць зямлю, а калі гэта зрабіў пры малалетніх дзецях, валасны суд скасоўваў рашэнне.

У сям’і існаваў строгі падзел працы на мужчынскую і жаночую, а ўнутры іх — па ўзросту. Мужчына не рабіў жаночай работы: ніколі не даставаў ежу з печы, бялізну з куфра. Для гэтага ёсць гаспадыня, нявестка ці «братавая». Жаночую работу размяркоўвала старэйшая жанчына — «маці», «цётка», «баба», «хаджайка».

Доўнар-Запольскі пісаў, што становішча жанчыны ў беларускай сям’і нельга назваць прыгнечаным: яна поўная гаспадыня ў сваёй сферы, памочніца і дарадчыца мужа. Традыцыя патрабавала поўнага падпарадкавання і павагі маці з боку дзяцей. У яе распараджэнні заставаліся дзяўчаты да самага замужжа, а хлопчыкі пасля 14 год пераходзілі пад распараджэнне гаспадара. Нявесткі поўнасцю падпарадкоўваліся свекрыві.

Наогул доля нявесткі трактавалася як найбольш цяжкі перыяд у жыцці жанчыны. У беларускім фальклоры свякроў часта выступае галоўнай перашкодай шчасця маладых, яна здольна ўплываць на сына ў яго паводзінах з жонкай.

У выпадку адсутнасці прамых нашчадкаў па мужчын­скай лініі жанчына магла пераймаць у спадчыну бацькоў­скую зямлю і маёмасць, браць апеку над уласнымі дзецьмі да іх паўналецця. Як удзельнік сямейнай працы, жанчына мела права на маёмасць, заробленую разам з мужам, але не набывала ніякіх правоў на яго спадчынную маёмасць — апошняя абавязкова вярталася ў яго сям’ю. Можна таксама заўважыць, што жанчыну не каралі цялесна, а толькі штрафамі альбо грамадскімі работамі.

Абсалютнай нормай у беларусаў лічыўся пераезд нявесты ў дом і сям’ю мужа, але існаваў таксама інстытут прымацтва. Па становішчу прымак роўны нявестцы ў сям’і мужа, гэта значыць не меў права на маёмасць, акрамя той, што прынёс у сям’ю жонкі.

Некалькі слоў аб правах старых і ўдовых бацькоў. Калі бацька састарэў і перадаў гаспадарку старэйшаму сыну, то губляў права распараджацца зямлёй, але пры раздзеле меў права на сваю долю. Большая доля зямлі адыходзіла тым сынам, якія бралі на дагляд бацьку. Маці-ўдава права на надзел не мела.

Строга захоўвалася правіла: даглядаў састарэлых бацькоў малодшы сын, да якога пераходзіла бацькоўская сядзіба. Гэта матывавалася тым, што малодшы сын меў меншую сям’ю, і праца бацькоў, якой бы малой ні была, — падмога.

Значна адрозніваліся правы ўдаўца і ўдавы. Калі ўдавец меў непаўналетніх дзяцей, ён, незалежна ад узросту, жаніўся праз некалькі месяцаў, як правіла, на ўдаве, беднай дзяўчыне, скампраментаванай ці з фізічнымі недахопамі. Калі жанчына станавілася ўдавой, яна пераймала зямлю і гаспадарку, а таксама апеку над дзецьмі. Калі ж яна выхо­дзіла замуж на другі надзел, зямля заставалася ў спадчыну дзецям, і яна губляла правы распараджэння маёмасцю.

Становішча дзяцей у сям’і характарызавалася раннім удзелам у агульнай працы: з 5 гадоў яны няньчылі сваіх малодшых сясцёр і братоў, у 7 — 8 станавіліся пастухамі і падпаскамі, з 12 год хлопчыкі далучаліся да сельскагаспадарчай працы, а ў 20 былі гатовымі хлебаробамі. Дзяўчына ў 16 — 17 год ведала ўсе жаночыя работы.

Асабістыя юрыдычныя правы дзеці набывалі толькі пасля ўступлення ў шлюб, а да гэтага поўную адказнасць за іх, незалежна ад узросту, неслі бацькі. На момант шлюбу дзеці павінны былі зарабіць сабе долю ў агульнай маёмасці ўдзелам у сямейнай працы. Пасаг дзяўчына рыхтавала сама і з дапамогай маці.

Дзяўчына ўступала ва ўзрост нявесты ў 15—16 гадоў. У беларускіх сем’ях пасаг не меў эканамічнага значэння: надзяленне нявесты грашыма амаль не практыкавалася, а «выправа» складалася з пабытовых рэчаў, якія не мелі гаспадарчага значэння і належылі нявестцы, а не сям’і мужа. Таму асноўнае, што прыносіў шлюб дзяцей, — гэта рабочыя рукі. Для беларуса прыгажосць і нават багацце выбранай пары часта не мае ніякага значэння, галоўнае — працаздольнасць і працавітасць. Вось чаму старэйшага сына імкнуліся ажаніць хутчэй, бо ён прыводзіў новую работніцу, а дачку, наадварот, прытрымлівалі год-два, каб карыстацца яе працай.

Не ведалі беларусы сацыяльнага сіроцтва: асірацелых дзяцей і карыстанне іх маёмасцю бралі на сябе родзічы, найперш заможныя, што лічылася іх маральным абавязкам. Пры гэтам сялянскія сходы і суды строга сачылі, каб пры ўступленні сіраты ў шлюб бацькоўская спадчына поўнасцю вярталася.

Асобна Доўнар-Запольскі адзначаў адносіны мужа да жонкі і бацькоў да дзяцей. Ён падкрэсліваў, што жорсткае абыходжанне мужа з жонкай — з’ява рэдкая, нават выключная. Наогул добрае стаўленне мужа да жонкі — норма. Толькі п’янства мужа магло парушыць гэта правіла, «але ў такой сям’і парушана ўсё». Звычай дазваляў жонцы пакінуць мужа за яго жорсткае абыходжанне, што прыраўноўвалася да разводу. Але калі жонка пакідала мужа без прычыны, то і грамадская думка, і суд заўсёды былі на баку мужа.

Жонка павінна была падпарадкоўвацца мужу, але гэта не безумоўнае і сляпое падпарадкаванне. Доля ў маёмасці, асобная сфера дзейнасці, удзел у агульных справах надавалі жанчыне пэўную самастойнасць.

Даволі мяккае стаўленне беларуса і да сваіх дзяцей.

Бацька і маці любяць дзяцей, іх праца, па магчымасці, палягчаецца. Формула выхавання: дзеці мусяць падпарадкоўвацца бацькам, іх нельга «распускаць», але гэтыя правілы не мелі суровых праяў. Калі дзеці не падкантрольныя, то бацькі самі ў тым вінаватыя. Напрыклад, на скаргу ўдавы на непаслухмянства і сваркі сыноў валасны суд пастанавіў: «старэйшаму даць 15 бізуноў, малодшаму — 10, а маці адправіцца на багамолле і прасіць пакаяння за неўменне мірыць дзяцей». З іншага боку, і несправядлівасць бацькоў сустракала асуджэнне грамадскасці: суд мог прымусіць бацьку аддзяліць сына, якога ён крыўдзіць.

Наогул, грамадская думка і валасныя суды строга каралі сямейныя спрэчкі, непаладкі, усё, што разбурае сям’ю.

Апісаная Доўнар-Запольскім мадэль сямейна-шлюбных адносін не толькі захоўвае сваю пазнавальнасць, але мае значэнне для разумення сучасных працэсаў трансфармацыі сям’і, выкліканых найперш канчатковым разрушэннем асноў і сувязей традыцыйнага грамадства.

Аўтар: Валянціна Лебедзева

  • Michal Stelmak

    Прачытаў з цікавасцю. Дзякуй, спадарыня Валянціна!