Міні-агляд дзейнасці Горватаў

0
1352
Герб Горваты,

Горваты былі аднымі з самых багатых памешчыкаў Мазырскага і Рэчыцкага паветаў, род якіх асеў на Мазыршчыне  яшчэ ў 17 ст. Адзін з прадстаўнікоў гэтага славутага роду – Ігнат Горват – служыў у Мазыры гарадскім суддзём.

Акрамя Барбарава гэтым памешчыкам належалі землі каля Нароўлі, Калінкавіч ды Рэчыцы. У Рэчыцкім павеце імі быў пабудаваны паташны завод, сыравіну для якога ў багацці давалі навакольныя лясы. Гандлявалі з Украінай, Польшчай і Пецярбургам скатом, салам, хлебам і лесам. Грузы сплаўлялі па Прыпяці з Барбараўскай прыстані. У Барбараве таксама была арганізавана смалакурная вытворчасць, фабрыка па вытворчасці ваўняных тканін з воўны, броварны завод. У фальварку працавала гамарня, млын і крупадзёрка. Быў і жывёльны двор. У Нароўлі ў 1912 годзе Аляксандрам Горватам было адкрыта прадпрыемства па выпуску кандытарскіх вырабаў. У маёнтку таксама рыхтавалі вяндліну, каўбасы, сыры. Працаваў і броварны завод.

Прадпрымальніцкая дзейнасць ішла паспяхова і прыносіла Горватам нямалы прыбытак, які дапамагаў не толькі пашыраць вытворчасць. Частыя паездкі ў Санкт-Пецярбург па камерцыйных справах і блізкае знаёмства з жыццём, побытам і густамі расійскіх дваран наклалі свой адбітак. Хоббі Горватаў становіцца калекцыянаванне мастацкіх твораў. Акрамя гэтага ў Барбараве ўзводзіцца аранжарэя, а ў Нароўлі ўпрыгожваннем парку становіцца фантан – збудаванне, якое вельмі рэдка сустракаецца ў афармленні сядзібаў беларускіх памешчыкаў.

З сялянамі жа сваімі Горваты былі строгія. Ёсць сведчанні, што і рукапрыкладствам грашылі. Але прымусовы люд у іх вёсках ад галечы не гібеў, а дзейнасць сялян не саступала ў разнастайнасці сферам інтарэсаў саміх абшарнікаў. Напрыклад, у Барбараве кожная сялянская сям’я займалася не толькі земляробствам, але і рознымі рамёствамі, прадзеннем, ткацтвам, швівам адзежы, рыбалоўствам. Актыўна збіралі дарункі лесу. Плялі лапці з лазы і ліпы. Выраблялі драўляны посуд. Наймаліся на нарыхтоўку дроў, будаўнічых матэрыялаў, сплаў лесу. А ў 1863г у Барбараве нават была адкрыта народная вучэльня.