Мікратапонімы вёскі Пагост Жыткавіцкага раёна

0
273
Деревня Погост на карте Лельчицкого района

У працэсе абуджэння гістарычнай памяці народа, вяртання яго да сваіх вытокаў, сваёй гісторыі асобнае месца павінна заняць асэнсаванне духоўнай спадчыны Тураўскай зямлі. Акурат тут перапляліся наша гісторыя і прырода, мова і культура. «Дзесьці тут, у глыбіні, карані нашай нацыянальнасці, нашай самабытнасці, культуры. Гэта наша скарбніца, наша запаветнае багацце, тоеадзінае і святое, без чаго не можа жыць ні асобны чалавек, ні нацыя».

Аб гэтым сведчаць шматлікія тапонімы – своеасаблівыя знакі-указальнікі старажытнай паляшуцкай культуры. Яны данеслі да нас дух гісторыі, заняткі людзей у далёкім мінулым, адметнасці іх побыту, характар краявіду, рэаліі навакольнага асяроддзя. Мікратапонімы гэтага краю заслугоўваюць увагі і таму, што іх вывучэнне дапаможа навукоўцам пры правядзенні рэканструкцыі пэўных праславянскіх асноў, пралье святло на некаторыя з’явы дыялекталогіі, гісторыі мовы і этнагенэзуПалесся.

Характар рэльефу даў падставу для з’яўлення наступных тапонімаў: Вуглец, Гока, Груд, Клетка, Круглява доліна, Крыва, Прыдатск, Роў, Шыя і інш. Не меней лексем звязана з раслінным светам: Верасоўка, Грушэўка, Драсень, Залозька, Лозы, под Дубом, Подсосніка, Осокороўска, Хвошчоўска, Ясенец.

Нярэдка ў тапонімах ужываліся прыметнікі-эпітэты, якія служылі дадатковым арыентырам і канкрэтызавалі месца знаходжання. Часцей за ўсё гэта прыметнікі вялікі, малы, стары, цёмны, чорны: Вялікае Заплесо, Велікіе Сядра, Малэ Заплесо, Стары Ход, Стара Рака, Цёмны Лес, Чорны Лоззе.

Значную частку складаюць мікратапанімічныя назвы, якія паходзяць ад імён, назваў, вёсак і іншых тапонімаў: Дзякоў Затор,Есілоўскія Яслі, Коўтуноў Церэбеж, Кульпаёў Прыдаток, Мажароў сенокос, Свірыдова Града, Яковіна Града; КоленьскіСенокос, Погоскіе Рогі, Слепецкі Брод, Сторожовецкі сенокос, Хвоеньскі Бор, Хочэньскі Зарог, Чэрніцке Ковіна ‘болота’.

Прадуктыўным сродкам утварэння мікратапонімаў з’яўляецца прыстаўка за- , якая ўказвае на месца размяшчэння аб’екта: Закарасіны, Запесоч’е, Заплесо, Заровеч’е, Загцменне, Заглушэц, Забаўе, Залуж’е.

Вынікі вытворчай дзейнасці перадаюць тапонімы: Коўтуноў Церабеж, Мельнікі, Млыновіца, Пецін Гат, Рум, Цагельня.

Не ўсе тапонімы маюць празрыстую структуру, іх семантыка невыразная, цьмяная і патрабуе дадатковага этымалагічнага і семантычнага аналізу. Напрыклад, назва Забаўе, на нашу думку, звязана са значэннем дзеяслова “забавіцца”. Паводле народнайэтымалогіі ў гэтым месцы расло шмат ягад, грыбоў і там можна было добра бавіць час, збіраючы іх.

Мікратапонім Оступцэ, можна меркаваць, паходзіць ад дзеяслова “аступіцца”, гэта значыць патрапіць у Чортава вока. Відаць,такое ж значэнне мае найменне Жорнаўкі.

Што датычыць слова Сядра, то яно данесла да нас старажытнае значэнне праславянскага sadra «багна, дрыгва, твань, непраходнае месца». Toe ж можна сказаць і пра слова Зебені, якое, відавочна, суадносіцца з зевам у значэнні ‘прорва’.

Такім чынам, можна канстатаваць, што большасць назваў характарызуецца празрыстасцю семантычнай структуры, адпавядае важнейшым моўным асаблівасцям дадзенага рэгіёну і ўзыходзіць да праславянскай эпохі, даючы каштоўны матэрыял даследчыкам славяншчыны.

Літаратура

  1. 1. Лабынцаў Ю.А. Старая казка Палесся. Мн., 1993. С.27.

 

Спіс скарачэнняў

ГАКМ — Гомельскі абласны краязнаўчы музей.

ДАГВ  —Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці.

ДАРФ — Дзяржаўны архіў Расійскай Федэрацыі.

НАРБ  — Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь.

РДВГА — Расійскі дзяржаўны ваенна-гістарычны архіў.

РДГА  — Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў.

ЦДАМЛіМ — Цэнтральны дзяржаўны архіў-музей літаратуры

і мастацтва Беларусі.

ЦДГАУ — Цэнтрапьны дзяржаўны гютарычны архіў Украіны

 

Аўтар: Паўлавец Дз., Кузьміч Л.П. (Гомель, ГДУ)

Крыніца: Зборнік матэрыялаў навукова-практычнай канферэнцыі «Гомельшчына – старонкі мінулага» (15-16 лютага 1996 г.), Гомель, 1996, ГДУ.