Пад тэрмінам мікратапанімія разумеецца сукупнасць уласных найменняў прыродных, радзей створаных чалавекам фізіка-геаграфічных аб’ектаў, якія маюць вузкую сферу ўжывання (ад гр. mikros ‘вельмі малы, дробны’, topos ‘мясцовасць’ і onyma ‘імя’). Да мікратапонімаў адносяцца назвы лясоў, палёў, урочышчаў, лугоў, малых па памеры балот, сенажацей, пашаў, ручаёў і інш. Такія назвы функцыянуюць у межах невялікіх тэрыторый, вядомы вузкаму колу людзей, што жывуць побач. У выніку ствараюцца нязручнасці і цяжкасці для збору фактычнага матэрыялу. Менавіта гэтым можна патлумачыць той факт, што яшчэ адна важная праблема — пытанні мікратапаніміі — на сёння распрацавана недастаткова. Мікратапанімія як асобная вобласць выдзелілася з тапаніміі і адрозніваецца ад апошняй тым, што ў ёй экстралінгвістычныя фактары праяўляюцца больш выразна.
Праведзены агляд навуковых прац па мікратапаніміі дазваляе канстатаваць, што ў яе даследаванні існуе лакуна: вывучаліся альбо толькі некаторыя рэгіёны: Слаўгарадчына (І.Я. Яшкін), Случчына (Я.М. Адамовіч), Стаўцоўбшчына (А.М. Прышчэпчык), наваколле Гомеля (А.Ф. Рогалеў), Мазырскае Палессе (Г.А. Іванова), Магілёўшчына (В.І. Рагаўцоў і С.Я. Кечык), альбо асобныя населеныя пункты: вёска Кудрычы Мсціслаўскага раёна (Г.Ф. Юрчанка), вёска Любонічы Кіраўскага раёна (І.М. Гайдукевіч), вёскі Красноўскага с/с Светлагорскага раёна (В.І. Рагаўцоў), вёска Смалегаў Нараўлянскага раёна (аўтарам гэтага артыкула) і інш. Між тым, прапрыяльная лексіка — таксама цікавы пласт, што захоўвае ўказанне на заняткі людзей у мінулым, іх гаспадарку, геаграфічнае асяроддзе, у якім жылі людзі, раслінны і жывёльны свет. Мікратапанімія з’яўляецца вельмі карысным матэрыялам для вывучэння краязнаўства, дыялекталогіі, геаграфіі, гісторыі. Назвы выхоўваюць і прывіваюць любоў да роднага краю, “гэта россыпы народнай мудрасці, творчасць народнага генія, вынік тонкіх назіранняў чалавека над навакольнаю прыродаю” [1, с. 8].
У дадзеным артыкуле мы зробім спробу раскрыць спецыфіку мікратапонімаў в. Ведрыч у сувязі з іх узнікненнем і асаблівасцямі функцыянавання.
Населены пункт заснаваны ў 1920 г. на беразе правага прытока ракі Днепр Ведрыч (адсюль яго і найменне) жыхарамі в. Васілевічы, якую спалілі польскія войскі. 5 сямей вырашылі асвоіць за 6 км ад Васілевіч невялікую пясочную граду сярод балот. Асушэнне балот паспрыяла інтэнсіўнаму росту вёскі [2, с. 321]. Назва ж прытока матывуецца лексемай вёдра ‘ціхае, яснае, сонечнае і сухое надвор’е’) [ 3, с. 114]. У якасці неафіцыйнай назвы вёскі зафіксаваны яе варыянт Лугас, які суадносіцца, мяркуем, з апелятывам луг, што абазначае на Палессі ‘прырэчную сенажаць’, ‘забалочаны лес, парослы травой’.
Сярод жыхароў існуюць легенда і версія аб узнікненні наймення роднай вёскі, якія мы запісалі са студэнтамі філалагічнага факультэта ГДУ імя Ф. Скарыны падчас дыялекталагічнай экспедыцыі.
…Жыла ў нашых мясцінах дзяўчына-сірата па імені Ведрыца. Была яна прыгожая, працавітая, добрая і спагадлівая. Працавала Ведрыца на пана, жала жыта ў полі разам з іншымі сялянкамі. Тут яе і ўбачыў паніч. Спадабалася яму дзяўчына, і прымусіў ён яе насіць ваду з крыніцы да панскага стала. Крыніца — яе лічылі святой — выбівалася з-пад зямлі ля высокага пагорка, на якім стаяў белакаменны палац. Лёс Ведрыцы быў трагічны: паніч пазабавіўся з беззабароннай сіратой, а потым яна яму надакучыла. Не захацела Ведрыца вяртацца ў вёску, не мілы стаў ёй белы свет, страціла яна жаданне жыць, радавацца сонейку, усміхацца людзям. Пайшла небарака да крыніцы і кінулася ў бяздонне. Але здарылася нечаканае: з крыніцы раптам пацякла рэчка. Людзі назвалі яе Ведрыцай па імені загінуўшай сіраты. Вакол Рэчыцы ў мясцовых гаворках рачулку называюць як Ведрыччу, так і Ведрыцай. Ведрыца, якая стала рэчкай, пацякла ў бок Дняпра і на шляху да вялікай ракі сустрэла яшчэ адну, такую ж, як і сама, падманутую дзяўчыну-рэчку. Разам яны пацяклі да магутнага Дняпра і звярнуліся да яго са словамі: “Вазьмі нас, бацюхна, з сабой, дапамажы ў горы”. Днепр не толькі ўзяў дзяўчынак-рэчак з сабой у дарогу на поўдзень, але і паклікаў вецер і хмары з сіняга мора. Загудзела, затраслася зямля, успенілася дняпроўская вада, разваліўся панскі палац, патануў пышны паніч у водах Дняпра. А каля крыніцы на месцы палаца пасяліліся людзі.
Па словах вяскоўцаў, тут даўней і праўда былі непраходныя лясы, поўныя птушак і звяроў, дзікія рачулкі, у якіх кішэла рыба. Паўсюдна залягалі сонныя, дрымучыя балоты, у якіх вадзіліся чэрці. Толькі дужыя і смелыя людзі маглі тут пасяліцца.
Версія жыхароў вёскі звязвае назву Ведрыч-Ведрыца са старажытнай індаеўрапейскай каранёвай асновай са значэннем ‘вада’. У індаеўрапейскай міфалогіі, з якой генетычна звязана міфалогія славян, вада разумелася як жаночы пачатак (запісана ад Жукавай Юліі Рыгораўны, бібліятэкара Ведрыцкай сельскай бібліятэкі).
Нашымі інфарматарамі з’яўляюцца вучні мясцовай школы, бібліятэкар Жукава Юлія Рыгораўна, што палявым метадам сабралі і занатавалі мікратапанімічны матэрыял вёскі, які мы і прааналізуем на структурна-семантычным узроўні ў дадзеным артыкуле.
Мікратапанімія — гэта сукупнасць тых назваў, “дробных геаграфічных аб’ектаў”, якія дадзеным, замкнутым і абмежаваным “гаворачым калектывам” успрымаюцца як адзінкі, што валодаюць унутранай формай, г.зн. як частка паўсядзённага вопыту [4, с. 31]. Іншымі словамі, у аснову мікратапаніміі пакладзены асаблівасці ўспрыняцця з яў дадзеным моўным калектывам. З характерных уласцівасцей мікратапаніміі лінгвістамі адзначаюцца такія, як блізкасць да агульных імён, матываванасць і наяўнасць унутранай формы [4, с. 31]. Фактычны матэрыял выяўляе ў асноўным два тыпы матывацыі ў найменнях дробных аб’ектаў в. Ведрыч і яе наваколля: мікратапонімы, матывавальныя асновы якіх характарызуюць: а) асаблівасці навакольнага ландшафту і тапаграфіі; б) матэрыяльную культуру, занятак насельніцтва.
У першым тыпе шырокі дыяпазон мае група найменняў, прадстаўленая назвамі-арыенцірамі: За базай (тут і далей назвы падаюцца ў мясцовым маўленні) — назва поля за запраўкай, За баней — поле на трэцім участку за баняй, За башней — лес у канцы вёскі, За возерам — месца ў лесе Паляшын, За канюшней — назва поля, За Мядзедкай — поле за канавай Мядзедка, За Рабянком — назва поля, За фермай — назва поля, Каля фермы — назва поля, Ля дуба — месца ў парку, Ля могілак — назва поля, Зарэцкі — лес за ракой Ведрыч. Адзначаныя назвы ўказваюць на размяшчэнне аб’ектаў на мясцовасці і матывуюцца адказамі на пытанні: за чым? дзе? каля чаго? У якасці арыенціраў выступаюць прыкметы тапаграфіі і ландшафту мясцовасці, асобныя прадметы, пабудовы, зрэдку прозвішчы або мянушкі людзей, месцамі пасялення якіх заканчваліся вуліцы, вёскі.
Асаблівасці навакольнага ландшафту і тапаграфіі адлюстроўваюцца ў мікратапонімах Астраўкі, Востраў — месцы ў лесе (востраў ‘узвышанае месца’, ‘частка сушы, акружаная балотам ці вадой’), Барок — поле каля лесу Катосталь, Бярэзнік — назва месца ў лесе, у якім растуць адны бярозы, Гарэльнік — лес, які згарэў, Горка — узвышанае месца на адной з вуліц вёскі, Дубовая рошча — месца, дзе растуць дубы, Казлоў лес — назва лесу каля в. Рассвет, Ляды — назва поля і хутара, дзе пасяліліся першыя жыхары вёскі (ляда ‘месца, на якім быў высечаны лес’), Растанцы — назва перакрыжавання дарог (матывуецца дзеясловам расставацца або расстацца), Сасоннік — назва лесу, у якім растуць сосны, Тарфянік — назва поля на тарфу, Чырвоны вугал — назва лесу (вугал ‘частка лесу, якая вуглом у нешта ўразаецца: у балоцістае месца, поле, сенажаць’. Кампанент Чырвоны можа сведчыць аб наяўнасці лісцёвага лесу, які восенню “гарыць” рознакаляровым лісцем).
Да адной з пашыраных груп семантычнага мікратапанімікону вёскі Ведрыч адносяцца найменні, асновы якіх звязаныя з жыццём і дзейнасцю чалавека: Басейн — назва копанкі на трэцім участку, Буравая — месца каля буравой вышкі, Буртполе — назва месца за фермай, дзе захоўваюць бульбу ў буртах, Гарадзінка — месца ў лесе на трэцім участку (адгароджаны для нейкіх мэт участак), Гусятнік — месца, дзе пасвіліся гусі, Завод — назва трэцяга ўчастка, на якім быў пабудаваны завод па вырабу кармавой мукі, Зернаток — месца знаходжання зерняскладаў, Кар’ер — копанка па дарозе на Васілевічы, Катлаван — пажарны вадаём, Капаныш — назва фермы (ад капаць), Кашара — назва агароджанага месца для выпасу кароў, Копанка — назва штучнага вадаёма, у якім купаюцца дзеці, Кралятнік — назва месца, дзе была ферма, на якой разводзілі трусоў (мясц. кроль ‘трус’), Паздбішча — назва поля, месца выпасу кароў (мясц. паздбішча ‘паша’), Рабы мост — мост на канаве, Рубанікі — месца за Васілевічамі (у ім адбылася высечка лесу або хмызняку), Свінарнік — месца знаходжання былой свінафермы, Стройдвор — назва месца, дзе размяшчаецца будаўнічая брыгада вёскі, Фірма — так называюць гараж, дзе стаіць машына, на якой возяць людзей на працу.
Адзінкавыя найменні фіксуюць тыпы пасяленняў: Пасёлак — асобная частка вёскі (пасёлак ‘невялікае пасяленне недалёка ад вёскі, горада; новая вуліца ў вёсцы, якая ўзнікла з жыхароў-высяленцаў [6, с. 200]), Хутар — ранейшае месца пасялення першых жыхароў вёскі (хутар ‘адасоблены зямельны ўчастак з адной сядзібай; двор’ [6, с. 200]), духоўную культуру: Юбілей — назва фермы.
Як сведчаць тлумачэнні, асушаныя месцы (цяпер палі) і лес вакол вёскі разбіты на ўчасткі, асобныя з якіх захоўваюць толькі нумарацыю: Трэці ўчастак. Навакольная мясцовасць у выніку меліярацыйных работ перарэзана шматлікімі канавамі, што таксама пранумараваны: Дваццаць першая канава, Дваццаць другая канава.
У самой вёсцы некалькі вуліц маюць паралельныя неафіцыйныя найменні. Напрыклад, вул. Юбілейная знаходзіцца ў цэнтры населенага пункта, таму называецца і Цэнтральнай, Прытачылаўка — вуліца, што забудоўвалася значна пазней за асноўную (ад прытачыць ‘дадаць яшчэ частку, каб пабольшыць, нарасціць’). Адзінкавае найменне па сэнсавым змесце нясе адмоўную канатацыю: Дурдом — так жыхары вёскі называюць васьмікватэрны дом па вуліцы Школьнай.
Назвы дробных аб’ектаў разнастайныя па форме і могуць адлюстроўваць вялікі аб’ём паняццяў, выкарыстоўваючы мясцовую лексіку, аднак тым не менш свае сакрэты раскрываюць не заўсёды. Сярод іх зрэдку сустракаюцца тыя, што маюць няясную матывему, як, напрыклад, Катосталь (назва лесу за Кашарай). У такім выпадку мы можам выказаць толькі меркаванне. У структурных адносінах, думаем, найменне складаецца з дзвюх частак: кат і сталь, звязаных паміж сабою пры дапамозе злучальнай галоснай. Першая частка па сваёй унутранай форме сугучна з лексемай кат. Старажытны тэрмін кат мае шырокі арэал, прымае актыўны ўдзел у фарміраванні тапаніміі Еўраазіі і з’яўляецца шматзначным: ‘дом, хата’, ‘умацаванне’, ‘пасёлак’, ‘горад, абнесены сцяной і акружаны рвом’, ‘частка вёскі’, ‘воінскі стан’, у Беларусі — ‘турма’, ‘куратнік’ [3, с. 263-264]. Другая лексема сталь на Гомельшчыне вядома як ‘частка, столка’: Маці ручнік, бувало, згорне у дзве сталі да і ўдарыць свого дзіцяці [5, с. 94]. Лес вакол, відаць, быў тоўсты, прыгодны для будаўніцтва жылля, хат.
Па спосабе ўтварэння мікратапонімы в. Ведрыч падзяляюцца на тры групы:
- Простыя, г.зн. тыя, што ўспрымаюцца як адна аснова. Яны ўтвораныя шляхам: а) анімізацыі, ці пераходам апелятываў у мікратапонім: Астраўкі, Барок, Басейн, Бярэзнік, Востраў, Горка, Гусятнік, Завод, Катлаван, Кашара, Копанка, Кралятнік (па аналогіі з трусятнік), Ляды, Паздбішча, Пасёлак, Сасоннік, Свінарнік, Тарфянік, Фірма, Хутар, Юбілей. Адзначаныя мікратапонімы блізкія да агульных імён. У сваёй большасці гэта метанімічныя ўтварэнні, у якіх назвы ландшафту, тапаграфіі, пабудоў, тыпаў пасялення перанесены без змен на геаграфічны аб’ект і ў аснове якіх ляжыць апелятыў (агульнае імя); б) марфемным спосабам, у прыватнасці суфіксацыі: Гарадзінка, Гарэльнік, Капаныш, Прытачылаўка, Растанцы, Рубанікі. Такія найменні ўтвораны ад дзеясловаў пры дапамозе топафармантаў -інка, -льнік ці -нік (калі ад гарэлы), -ыш, -аўка, -цы, -нікі. Іх утварэнне можа суправаджацца марфаналагічнымі з’явамі накладання (Гарадзінка ад гарадзіць), нарашчэння асновы (Капаныш ад капаць, Прытачылаўка ад прытачыць), камбінацыяй з’яў: адначасовага накладання, нарашчэння і ўсячэння асновы (Растанцы ад расстацца). Конфіксныя ўтварэнні сустракаюцца зрэдку: Зарэцкі (за ракой + суфікс -ск са з’явамі чаргавання і накладання).
- Складаныя, якія ўключаюць дзве асновы: Буртполе, Дурдом, Стройдвор. Элементы, што ўваходзяць у склад складаных мікратапонімаў, маюць таксама празрыстую структуру, у якой выразна выдзяляюцца дзве паўназначныя асновы (Буртполе — бурт і поле, Зернаток — зерне і ток), аб’яднаныя без злучальнай галоснай і пры яе дапамозе, або першыя асновы з’яўляюцца ўсечанымі (Дурдом — дурны дом, Стройдвор — мясц. страіцельны ‘будаўнічы’ двор).
- Састаўныя мікратапонімы (г.зн. тыя, што маюць два і болей
слоў) утвораны сінтаксічным спосабам. У іх выяўляецца некалькі мадэлей, што адрозніваюцца характарам кампанентаў: а) назвы-арыенціры ў выглядзе прыназоўнікава-іменных канструкцый:
прыназоўнік за + апелятыў-назоўнік у форме Тв. склону адз. ліку ўсіх трох родаў: За базай, За баней, За башней, За возерам, За канюшней, За фермай. Разнавіднасць мадэлі а) прыназоўнік за + онім у форме Тв. склону адз. ліку ўсіх трох родаў: За Мядзедкай, За Рабянком. Прыназоўнік за ў назвах-арыенцірах паказвае на месца мікратапоніма, што знаходзіцца далей, на другім баку якога-небудзь іншага аб’екта; б) прыназоўнік каля/ ля + назоўнік у форме Р. склону адз. або мн. ліку: Каля фермы, Ля дуба, Ля могілак. Канструкцыя ўказвае на месца мікратапоніма, які знаходзіцца паблізу іншага аб’екта; в) кваліфікацыйныя мікратапонімы — састаўныя па структуры найменні ў форме Н. склону: Дубовая рошча, Казлоў лес, Рабы мост, Чырвоны вугал. Першы кампанент у іх складзе з’яўляецца дэтэрмінуючым. У якасці дэтэрмінатара выступаюць прыметнікі ўсіх трох разрадаў: якасныя, адносныя, прыналежныя, другім словам — апелятывы, якія ўказваюць на навакольны раслінны свет ці асобныя прадметы, размяшчэнне ў прасторы; г) трохкампанентныя назвы ў форме Н. склону: Дваццаць першая канава, Дваццаць другая канава. Азначальныя кампаненты ў прадстаўленай мадэлі выражаны парадкавымі састаўнымі лічэбнікамі, у якасці азначаемага задзейнічаны ландшафны тэрмін.
Марфолага-сінтаксічны спосаб у мікратапаніміі вёскі Ведрыч не з’яўляецца тапанімічна прадуктыўным. Пры яго дапамозе ўтворана толькі адно найменне: Буравая. Аднак у іншых беларускіх рэгіёнах сучасны стан мікратапаніміі ўтрымлівае субстантываваныя прыметнікі даволі часта [1, с. 71-75].
Такім чынам, мікратапанімія в. Ведрыч сведчыць, што асноўным заняткам яе жыхароў здаўна з’яўляюцца земляробства і жывёлагадоўля. Па гэтай прычыне семантычныя тыпы матывацыі абмежаваны асновамі, звязанымі з жыццём і дзейнасцю чалавека, што праходзілі пры яго непасрэдных зносінах з геаграфічным асяроддзем. Дакладны час заснавання населенага пункта дазваляе аднесці ўзнікненне назваў геаграфічных аб’ектаў вёскі да сінхранічнай мікратапаніміі, якая мае рэальную грамадска-гістарычную і геаграфічную аснову.
Спіс выкарыстаных крыніц
- Адамовіч, Я.М. Мікратапанімічныя назвы / Я. М. Адамовіч. — Мінск: Вышэйшая школа, — 112 с.
- Гарады і вёскі Беларусі: давед. выданне / С. В. Марцэлеў // Гомельская вобласць. Т. 2. Кн. 2. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя. — 2005. — 518 с.
- Мурзаев, Э. М. География в названиях / Э. М. Мурзаев. — М.: Наука, — 163 с.
- Беленькая, В.Д. Топонимы в составе лексической системы языка / В.Д. Беленькая. — М.: МГУ, 1969. — 166 с.
- Тураўскі слоўнік: у 5 т. / АН БССР, Ін-т Мовазнаўства імя Я.Коласа. Т. 5.: С-Я / [склад. А.А. Крывіцкі, Г. А. Цыхун, І.Я. Яшкін і інш.]. — Мінск: Навука і тэхніка, — 423 с.
- Яшкін, І. Я. Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія / І.Я. Яшкін; рэд. д. філ.н. М.В. Бірыла. — Мінск: Навука і тэхніка, — 256 с.
Аўтар: Н.А. Багамольнікава
Крыніца: Скарынаўскія традыцыі: гісторыя і сучаснасць: зборнік навуковых артыкулаў: у 2 ч. Ч. 1 / рэдкал.: А. М. Ермакова (гал. рэд.) [і інш.]; М-ва адукацыі РБ, Гом. дзярж. ун-т імя Ф. Скарыны. — Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2015. — 252 с. С. 118-124.