Мікратапанімія вёскі Смалегаў Нараўлянскага раёна: структурна-семантычны аналіз

0
473
Мікратапанімія вёскі Смалегаў Нараўлянскага раёна структурна-семантычны аналіз

Мікратапаніміка вывучае мікратапонімы — уласныя назвы дробных геаграфічных аб’ектаў: дарог, сенажацей, палёў, лугоў, лясоў, пашаў, ручаёў і г. д. (ад грэч. micros ‘малы’, topos ‘мясцовасць’ і onyma ‘імя’). Гэтыя аб’екты можна аб’яднаць і адным тэрмінам — урочышчы.

У колькасных адносінах мікратапанімія ў сотні разоў перавышае іншыя віды онімаў, бо каля кожнага населенага пункта, буйнога ці нават малога, іх маецца мноства. Людзі, занятыя працай у сельскай гаспадарцы, самі прыдумалі назвы гэтым аб’ектам, якія адлюстроўваюць спецыфічную, істотную, галоўную рысу аб’екта ў параўнанні з іншымі. Без такіх арыенціраў немагчыма абысціся, менавіта назвы трапна характарызуюць прызначэнне мікратапонімаў і арыентуюць чалавека на мясцовасці. Аднак адзначаны пласт онімнай лексікі вывучаны лінгвістамі яшчэ недастаткова. Гэта можна патлумачыць пэўнымі цяжкасцямі ў зборы фактаграфічнага матэрыялу. Такія назвы вядомы вузкаму колу карыстальнікаў, амаль не пазначаны на картах, і таму зафіксаваць іх належным чынам можна толькі палявым метадам, непасрэдна на месцах. Але з-за адсутнасці фінансавых сродкаў з вялікай цяжкасцю ладзяцца дыялекталагічныя экспедыцыі, а інфарматараў жа з кожным годам становіцца ўсё менш і менш.

Праведзены агляд навуковых прац па мікратапаніміі дазваляе канстатаваць, што вывучаліся альбо толькі некаторыя рэгіёны: Слаўгарадчына (І.Я. Яшкін), Случчына (Я.М. Адамовіч), Стаўцоўбшчына (А.М. Прышчэпчык), наваколле Гомеля (А.Ф. Рогалеў), Мазырскае Палессе (Г.А. Іванова), Магілёўшчына (В.І. Рагаўцоў і С.Я. Кечык), альбо асобныя населеныя пункты: вёска Кудрычы Мсціслаўскага раёна (Г.Ф. Юрчанка), вёска Любонічы Кіраўскага раёна (І.М. Гайдукевіч), вёскі Красноўскага с/с Светлагорскага раёна (В.І. Рагаўцоў) і інш. Між тым, прапрыяльная лексіка — таксама цікавы пласт, што захоўвае ўказанне на заняткі людзей у мінулым, іх гаспадарку, геаграфічнае асяроддзе, у якім жылі людзі, раслінны і жывёльны свет. Мікратапанімія з’яўляецца вельмі карысным матэрыялам для вывучэння краязнаўства, дыялекталогіі, геаграфіі, гісторыі. Назвы выхоўваюць і прывіваюць любоў да роднага краю, “гэта россыпы народнай мудрасці, творчасць народнага генія, вынік тонкіх назіранняў чалавека над навакольнаю прыродаю” [1, с. 8].

Смалегаў вядомы з XIX ст. у складзе маёнтка Галоўчыцы, прыватнай уласнасці памешчыкаў Горватаў. Па звестках на 1897 г., вёска ўпаміналася ўжо як адзін з буйнейшых пунктаў Нараўляншчыны [2, с. 61]. Размешчана вёска сярод лесу ў маляўнічым куточку на левым беразе ракі Мытва, правага прытока ракі Прыпяць. На сённяшні дзень, на вялікі жаль, яна знаходзіцца ў зоне адселеных вёсак раёна ў выніку наступстваў аварыі на ЧАЭС. Жыхары вёскі раз’ехаліся ў розныя мясціны Беларусі, і толькі адна жанчына, Калінская Кацярына, не захацела адарвацца ад родных каранёў. З ад’ездам насельнікаў вёска асірацела і мае жахлівы выгляд: ад цэнтральнай, калісьці шырокай і асфальтаванай вуліцы, засталася вузенькая сцежка, вакол якой разросся здзічэлы хмыз, стаяць састарэлыя дрэвы, разбураныя хаты. Знікаюць паціху ў памяці былых яе жыхароў і ўласныя назвы родных мясцін, таму мы ставім мэту — занатаваць іх для нашчадкаў і прааналізаваць на структурна-семантычным узроўні.

Усе вуліцы вёскі мелі неафіцыйныя назвы, якімі людзі карысталіся паўсядзённа. З боку Нароўлі пачатак вуліцы называўся Бандаркай. На ёй жыў жыхар вёскі па імені Вайстрат, ён займаўся бандарскай справай. Яе працяг у цэнтры вёскі атрымаў найменне Сяло, што затым заканчвалася Паваротам (вуліца заварочвала ў бок Мытвы, дзе быў пераход праз кладкі ў вв. Галоўчыцы і Галоўчыцкая Буда). Вуліца Козіны Рог пачыналася за могілкамі і па сваёй канфігурацыі нагадвала рог. Перад могілкамі размяшчаліся асноўныя службы: школа, клуб, пошта, магазіны, кантора саўгаса “Нараўлянскі”. Далей выдзяляўся Хутар — частка вёскі, што знаходзілася на невялікай адлегласці ад Сяла. Вёска разрасталася, і новыя вуліцы атрымалі найменні Пеўнева вуліца (ад мянушкі жыхара, які там пабудаваў хату і пасяліўся разам з сям’ёю) і Новая вуліца (самая апошняя, на ёй будавалі тыпавыя дамы для маладых сямей і спецыялістаў).

У структурных адносінах мікратапонімы вёскі Смалегаў уяўляюць сабою простыя і састаўныя найменні, матываваныя асновамі апелятываў і онімаў. Сярод іх па семантыцы вылучаецца некалькі груп:

  1. Асабліва пашыраны мікратапонімы, утваральныя асновы якіх суадносяцца з назвамі ландшафту і тапаграфіі, што ўключаюць указанне на рэльеф мясцовасці, яе глебу, расліннасць, фаўну, размяшчэнне пунктаў і частак у прасторы: Болотцэ — назва далінкі сярод поля, у якой часта стаяла вада; Ваўкаўня — назва лесу, у якім раней вадзілася шмат ваўкоў; Гало (Смалегаўскае гало) — вялікая забалочаная прастора сярод лесу, пакрытая купінамі і густой травяністай расліннасцю; Глінішча — узвышанае месца сярод поля, дзе для сваіх патрэб вяскоўцы капалі гліну; Замутоў — назва лесу за рэчкай Мытва; Зімняк — назва пакосу (раней там праходзілі, ездзілі толькі зімою, калі балота замярзала); Канава — так сталі называць рэчку Мытва пасля правядзення меліярацыйных работ; Карэнне — назва пакосу сярод раскарчаванага лесу; Колок — назва лесу (ад колак ‘гай, лясны востраў), Крушнікі — назва поля (ад крушина); Крычаўка — забалочанае месца, парослае тонкім бярэзнікам. У тапаніміі Беларусі існуе некалькі назваў населеных пунктаў з асновай крыч-: Крычава, Крычаў (Віц.), Крычаў (Маг.), Крычын (Мінск.). Найменне, відаць, суадносіцца з апелятывам крыца ‘камяк жалезнай балотнай руды’. Наша меркаванне можна пацвердзіць тым фактам, што непадалёку знаходзілася вёска Смалегаўская Рудня (яе спасціг лёс Смалегава). У руднях фармант -ня сведчыць аб дробных прадпрыемствах, што ў мінулым здабывалі балотную жалезную руду або плавілі, выраблялі з яе жалеза [3, с. 329]. Тлумачэнне назвы ‘месца, дзе шумна ад крыку птушак крычак’ [4, с. 103] выяўляе, на наш погляд, аматарскі падыход, народную фантазію. Лагоўкі — назва месца ў лесе, у якім было шмат воўчага логава (мясц. лагво ‘бярлога’); Маленое — участак лесу сярод гала, дзе расло шмат малін; Насоп — назва поля каля ракі Мытва (ад насоп ‘месца каля ўзвышанага берага ракі’); Остроўкі — назва груда з дробным лесам; Перавал — назва пратокі, што знаходзілася на правым беразе ракі Мытва і прайсці праз якую можна было толькі па кладках (пераваліла праз пэўную перашкоду); Плёсо — забалочанае месца каля левага берага ракі Мытва; Пограбы — назва лесу, дзе былі ямы (мясц. пограбы). У іх насельніцтва хавалася ад белапалякаў [4, с. 142]; Порослі — назва лесу (ад парасля ‘радкаваты сасновы лес, у якім расце мох, верасок’); Радунь (Радаўніца, Радаўня) — назва ляснога ручая, які пераходзілі праз кладкі (паходзіць ад апелятыва рада ‘нізкае балоцістае месца, пакрытае лясной расліннасцю’ [4, с. 167]; Рэпішчэ — назва лесу і поля (рэпішча ў гаворках абазначае ‘новае поле, дзе раней сеялі рэпу’ [4, с. 172].

Як бачна, найменні такога тыпу ўтвораны лексіка-семантычным (у тапаніміцы яго называюць анімізацыяй), марфемным і радзей марфолага-сінтаксічным спосабамі.

У адзначанай групе асабліва прадуктыўнымі аказаліся назвы-арыенціры, што ўказваюць на месцазнаходжанне аб’ектаў або на накірунак да іх. Сродкам сувязі паміж кампанентамі з’яўляецца кіраванне з наяўнасцю прыназоўнікаў, якія злучаюць кампаненты словазлучэння ў адзінае цэлае, не парушаючы яго структуру. Такія адначленныя мікратапонімы выяўляюць дзве мадэлі. Схема першай выглядае наступным чынам: PrS, дзе pr — адзін з прыназоўнікаў мовы, s — кампанент-назоўнік: назвы палёў: За канаваю, За садам, За хутарам, Ля маяка, На рагожы (мясц. рагожа ‘зараснік рагозу’), На раду, Пуд барком, Пуд бярозамі, Пуд равекаю (ад равяк ‘вялікі равок’), У верцібі (верцеб, верцеп ‘старарэчышча з вірам’); назвы пакосаў: За канаваю, На лядо (ляда ‘поле на месцы высечанага лесу’), У беразі; назвы лесу: За крыніцаю, Пуд кругом (круг ‘паляна сярод лесу ў выглядзе круга’); назвы ўзвышаных месцаў: На ляску (у час Вялікай Айчыннай вайны жыхары там хаваліся ад немцаў); На чаўнах — назва раўчака, дзе стаялі чоўны. На іх жыхары ездзілі па забалочанай Мытве за капытнікам, травой.

Выгляд другой адначленнай мадэлі: PrO, дзе pr — прыназоўнік мовы, O — онім. У якасці онімаў выкарыстаны самі мікратапонімы, што знаходзяцца паблізу дадзенага геаграфічнага аб’екта (лесу, поля), айконімы, прозвішчы, мянушкі людзей, якія мелі пэўнае дачыненне да аб’ектаў: назвы палёў: На Глінішчах, На Шведовом, У Залессях, У Колку, У Сінічку; назвы лесу: На Смаленцы, Пуд Будою (побач з вёскай Галоўчыцкая Буда), Пуд Смолеговом, Пуд Сядзёнавым, У Корэнёўцы; Пуд Маляным — назва пакосу.

У мікратапаніміі вёскі ў назвах-арыенцірах двухчленныя сінтаксічныя канструкцыі сустракаюцца спарадычна: За Болотною канавой, До вузкой колейкі (назвы лесу).

  1. У другой групе мікратапонімаў асновы сведчаць пра матэрыяльную культуру жыхароў: назвы збудаванняў: Васецішчэ — назва поля (параўн. асецішча, ад асець ‘пабудова для прасушкі снапоў’); Печкі — месца ў лесе, дзе выплаўлялі ў печах смалу. Дарэчы, сама назва Смалегаў гаворыць аб здабычы смалы (утворана складана-суфіксальным спосабам); Пільня — назва ўчастка лесу, дзе раней быў лесапільны завод; Снобуды — назва лесу (буда ‘збудаванне ў лесе, дзе жылі тыя, хто займаўся вырабам дзёгцю, паташу, смалы, салетры, клёпкі’); Такарня — назва лесу, у якім раней размяшчалася майстэрня; Перавалока — назва поля (перавалока ‘месца, дзе што-небудзь цягнулі волакам’; магчыма, і нізіна, вада ў якой аб’ядноўвала два водныя аб’екты); Смаленка — назва поля сярод лесу, якое, мяркуем, утварылася падсечна-агнявым спосабам. Жыхары ж тлумачаць найменне наступным чынам: у часы сталінізму там хаваліся людзі, каб смаліць забітых свіней, што ўладамі катэгарычна было забаронена, бо сяляне павінны былі свіныя шкуры здаваць у якасці падатку. Сножаткі — назва правага рукава ракі Мытва, прыстасаванага жыхарамі для пераходу (побач з сенажаццю).
  2. Трэцюю групу складаюць мікратапонімы, матываваныя онімамі — айконімамі, антрапонімамі, этнонімамі: Вайстратаўська (ад уласнага імя Вайстрат), Нараўлянскі (г. Нароўля), Раманаўскае (ад уласнага імя Раман) — назвы пакосаў; Маклякоў (ад прозвішча Макляк), Турэцке (у лесе стаялі туркі) — назвы лесу.

Онімы трэцяй групы ўтвораны марфолага-сінтаксічным спосабам (субстантывацыяй).

  1. Чацвёртая група ўяўляе сабою састаўныя мікратапонімы, утвораныя сінтаксічным спосабам. Па структуры яны з’яўляюцца двухчленнымі найменнямі з двума кампанентамі — суб’ектам і атрыбутам. Сярод іх заўважаюцца тры мадэлі: а) A2np.S1, дзе ў якасці азначальнага кампанента А2пр. выступае прыналежны прыметнік, а азначаемага S1 — апелятыў-назоўнік м. або ж. роду, радзей онім: назвы пакосаў: Вайстратава дзесяціна, Прахорава Дуброўка, Цярэшкаў алёс; назвы лесу: Андрэйкаў рог, Жэнскі лес (багаты на ягадныя мясціны, а ягады збіралі ў асноўным жанчыны), Кундзелёў островок (грыбное месца ў лесе); Мурзіна (Мурзянкова) рэчка — глыбокае месца ў рэчцы Мытва, дзе ўтапіўся чалавек з прозвішчам Мурзянок). Прыналежныя прыметнікі ў складзе састаўных найменняў, утвораныя ад антрапонімаў, указваюць на прыналежнасць мікрааб’екта пэўнай асобе, якая распрацоўвала яго (поле, , і звязаны, такім чынам, з працоўнай дзейнасцю людзей. Радзей яны матываваны здарэннямі, што адбыліся з носьбітам антрапоніма. У такім выпадку прыналежныя па граматычнай форме прыметнікі губляюць значэнне прыналежнасці; б) А2якЯ1, дзе азначальным кампанентам выступае якасны прыметнік: Глыбока рэчка — глыбокае месца ў рацэ Мытва, Высока Парасля — назва лесу (азначэнне адлюстроўвае размяшчэнне часткі лесу адносна іншых частак), Солодкі лесок — назва лесу, у якім раслі здзічэлыя яблыні); в) А2аднЯ1. У гэтай мадэлі другі кампанент утвораны ад адносных прыметнікаў: Болотная канава — назва канавы на балоце, Рудніцка рэчка — частка ракі Мытва каля вёскі Смалегаўская Рудня.

Сярод субстантыўных кампанентаў мадэлей зафіксаваны, як бачна, у асноўным геаграфічная наменклатура (алёс з рознымі значэннямі: ‘мокрае, дрыгвяністае месца’, ‘забалочаны альховы лес’, ‘тарфяное балота’, але ў даследаванай мясцовасці гэта быў нізкі, мокры луг на правым беразе Мытвы; гара, канава, ляда, рог ‘выступ, клін’, рэчка), радзей назвы адзінак вымярэння (дзесяціна ‘мера зямельнай плошчы, роўная 1,09 га, якою карысталіся да ўвядзення метрычнай сістэмы [5, т. 2, с. 170]). S1 — наменклатурныя тэрміны ў састаўных найменнях могуць быць поліфункцыянальнымі, г.зн. уваходзіць у склад некалькіх назваў (як у нашым выпадку апелятыў рэчка), таму аблігаторнымі пры апорным слове з’яўляюцца прыметнікі-дэтэрмінанты.

Адзінкавыя назвы ўказваюць на канфігурацыю геаграфічных аб’ектаў: Штаны — назва паніжанай, зарослай мясцовасці каля дарогі паміж вв. Смалегаў і Смалегаўская Рудня. Дарога адтуль у апошнюю вёску мела рэльеф у выглядзе адгалінавання, і зайсці ў яе можна было з двух розных бакоў.

Такім чынам, мікратапанімія вёскі Смалегаў сведчыць, што адным з асноўных заняткаў яе жыхароў здаўна з яўляліся земляробства, збор ягад і грыбоў, гонка смалы, дзёгцю. Аб часе ўзнікнення онімаў можна меркаваць па структуры: лічыцца, што простыя, аднакампанентныя найменні ўтвораны на больш раннім этапе развіцця матэрыяльнай культуры, двухкампанентныя — у перыяд росквіту прыватнаўласніцкіх адносін.

Спіс літаратуры

  1. Адамовіч, Я. М. Мікратапанімічныя назвы / Я. М. Адамовіч. — Мінск: Вышэйшая школа, 1971. — 112 с.
  2. Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Нараўлянскага раёна / укл. П.П. Рабянок, К.Ф. Ярмоленка; маст. Э.Э. Жакевіч. — Мінск: БЕЛТА, 1998. — 448 с.
  3. Лемцюгова, В.П. Тапонімы распавядаюць: навукова-папулярныя эцюды / В.П. Лемцюгова. — Мінск: Литература и Исскуство, 2008. — 416 с.
  4. Иванова, А.А. Микротопонимия Мозырского Полесья / А.А. Иванова. — 2-е изд. — Мозырь: МГПУ им. И.П. Шамякина, 2003. — 220 с.
  5. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы. У 5 т.Т. 2 Г — К / [рэд. ТомаА.Я. Баханькоў]. — Мінск: Галоўная рэдакцыя Беларускай СавецкайЭнцыклапедыі, 1978. — 768 с.
  6. Яшкін, І.Я. Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія /І.Я. Яшкін; рэд. д. філ. н. М.В. Бірыла. — Мінск: Навука і тэхніка, 1971. — 256 с.

Аўтар: Н.А. Багамольнікава
Крыніца: “Традыцыі матэрыяльнай і духоўнай культуры Усходняга Палесся: праблемы вывучэння і захавання ў постчарнобыльскі час”, IV міжнародная навук. канф. (2013; Гомель). IV Міжнародная навуковая канферэнцыя “Традыцыі матэрыяльнай і духоўнай культуры Усходняга Палесся: праблемы вывучэння і захавання ў постчарнобыльскі час”, 31 мая 2013 г. [Тэкст]: матэрыялы / рэдкал.: А. А. Станкевіч (гал. рэд.) [і інш.]. – Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2013. – С. 110-115.