Мікольскі пераезд. Жыццёвая гісторыя 1927 г.

0
266
Гомель

1927

Гісторыя банальная. Яна яго кахала. Ён яе – не. Але яна падабалася яму, як дзеўка – прыгожая такая, мажная і пародная гомельская яўрэйка. Наабяцаў, скарыстаў, “паматросіў ды бросіў”. А яна яшчэ і пуза нагуляла. Аборт немагчымы – за гэта ўжо перадугледжвалася крымінальная адказнасьць, а дзеўка была сумленнай і законапаслухмянай камсамолкай. Уцякаць няма куды, яшчэ школу ня скончыла і дакумэнтаў на руках ніякіх. Скардзіцца на мужыка, што яе кінуў, няма сэнсу, бо ён у ГПУ служыць, «за паклёп на сумленнага бальшавіка» пасадзяць. І ёйныя бацькі такога не зразумеюць, бо для іх цяжарная няпоўналетняя дачка па-за шлюбам — проста нешта немагчымае, “агімула фаірыд!” (“гэта так жа неверагодна, каб на нябёсах была ярманка!” – ідыш). Гомель у 1927 годзе быў горадам суадносна невялічкім, многія адзін аднога ведалі, а яўрэі – ня проста многія, а проста ўсе адзін аднога выдатна ведалі хаця бы завочна. Называеш прозьвішча, скажам, Плісецкія, і табе адразу: “А, гэта ў іх за царом крама пішчабумажных прыладаў была!” (за цяперашнім Домам Камуны).

Дый сям’я ў дзеўкі яшчэ тая. Скандальны гарласты тата, які на Першамайскія сьвяты гучней за ўсех сьпяваў “Яўрэйскую пралетарскую” — “Лейбен зол дэр ховен Сталін, ай-ай-ай!” (“Хай жыве таварыш Сталін, ай-ай-ай!” — ідыш) Маці – сакратар пярвічнай ячэйкі ВКП (б) арцелі “Чырвоны пішчавік”, цяпер – фабрыка “Спартак”, з роду Хаюціных, між іншым (яе сястра Хаюціна — будучая жонка наркаму НКВД М. Яжова). Брат – чырвоны камандзір. Суседзі – спрэс актывісты, цэлы “чырвоны кагал” (так афіцыйна і называўся, сынонім “камітэта яўрэйскай беднаты”). За пазашлюбнага дзіцёнка дзеўку выгналі бы з хаты і бацькі, і брат. І яна гэта добра разумела.

І вось гэтая дзеўка вышала кінуцца пад цягнік. Ці то “Ганны Карэнінай” начыталася, ці то больш традыцыйнай атруты не знайшла. Пайшла яна на Мікольскі пераезд. Гэта ў Гомелі непадалёк ад Мікольскае царквы такі чыгуначны пераезд быў, таму так і называўся. Дый і цяпер і пераезд, і царква спраўна функцыянуюць. Давайны было самае папулярнае ў Гомлі месца, каб на рэйкі кідацца. Цягнікі ці ня кожныя чвэрць гадзіны тамака хадзілі…

Стаіць дзеўка чвэрць гадзіны, стаіць поўгадзіны, стаіць гадзіну. А цягніка ўсё няма. Дзеўцы халодна, бо восень, а яна лёкка апранутая. Не зьбіралася ж чакаць так доўга…

І тут пайшла нейкая пагалоска – маўляў, літаральна ў кілямэтры ад пераезду цягнік з рэяк сыйшоў. Ну, дзейцы цікава, вырашыла паглядзець, заадно і пагрэцца хадою. Карацей, ніякай чыгуначнай аварыі няма. Проста нейкая іншая дзеўка вышэй за Мікольскі пераезд пад той самы цягнік і кінулася. Такое вось супадзеньне…

…Яшчэ добра памятаю часы, калі ў цэнтры Гомеля гучаў натуральны жывы ідыш. П’еш піва ў двары, акно расчыняецца, і – на ўвесь двор: “Саг’а, відзі на Савецкую, там куг’у даюць?” (“Сара, выйдзі на Савецкую, там куру даюць”?) – “Не!” – “А што даюць, фарш па два-дваццаць? Фуна хазэр – гута гор!” (“ад сьвіньні шчэць мець – і тоя някепска!”). У адных з такіх дамкоў па Жаркоўскага і жыла напачатку сямідзесятых гадоў мінулага стагодздзя тая дзеўка, цяпер – паважная старая, ветэранша вайны і працы, бабуля трох ці чатырох унукаў і процьмы праўнукаў. Мая бабуля Марыя Сазонтаўна зь ёй яшчэ «з дарэвалюцыі» сябравала, і калі я зусім малы быў, брала ў госьці.

— Манечка, — заўсёды гаварыла гаспадыня, — я тады як пабачыла тую дзеўку-небараку бяз рук і ног, мне так кепска стала… Я ж на сырое мяса зь дзяцінства глядзець баюся! І гэта, думаю, мяне, прыгажуню-камсамолку, вось так ад жалеза адздзіраць будуць? Пайшла я дахаты, расказала бацькам… Сварыліся на мяне моцна, але ж потым даравалі.

Баба Сіма (так тую дзеўку звалі) потым пабралася шлюбам, скончыла чыгуначны тэхнікум і працавала ў Гомлі інжынерам. І дзе б вы думалі? На Мікольскім пераезьдзе, такі да!

Аўтар: Уладзіслаў Ахроменка

Крыніца:  ЖЧ Сяргея Балахонава, суполка «Гісторыя Гомеля і гомельскіх ваколіцаў»

Спасылка: http://community.livejournal.com/homel_hist/952.html