Міхась Раманюк. Кабета на ганку

0
468
Міхась Раманюк — Кабета на ганку / Михаил Романюк Беларусь
Міхась Раманюк — Кабета на ганку

Скульптуру стварае аб’ём, жывапіс — фарбы, а фатаграфію — святло. Тое рэальнае святло, што пераўтварае соль срэбра ў срэбра цёмнае… Гэта і ёсць галоўны мастацкі сродак фатаграфіі. Срэбнае святло. З гэткага святла сатканы беларускі свет твораў Міхася Раманюка. Святла, што ён убачыў і абессмяроціў. Беларускія людзі, кабеты ва ўласных строях і дзяўчаты ў вопратках з бабчыных куфэркаў паўстаюць на ягоных здымках годнымі і прыгожымі. Гэта тая натуральная, непадробная прыгажосць. Як і непадробнае захапленне ёю самога аўтара. Раманюк велізарную частку свайго творчага жыцця прысвяціў фатаграфіі.

Пабачыўшы свет у вёсцы Кавалі на Брагіншчыне, Міхась Ра­манюк гадаваўся ў сэрцы краю, на Койданаўшчыне. Гэтак у ім самім увасобілася Беларусь. У адрозненне ад большнасці нашых мастацтвазнаўцаў, якія атрымлівалі сваю навуку ў Расіі альбо Украіне, Раманюк стаў навукоўцам тут, на Радзіме. Трыццаць гадоў беларускіх дарог… Менавіта столькі спатрэбілася Міхасю Раманюку, каб стаць тым чалавекам, якім яго ведаюць у свеце. Па сканчэнні тэхнікума, дзе ён быў ці не адзіным дзецюком-краўцом, Ра­манюк паступае ў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. З тае пары пачаўся шлях… Няма ў Беларусі такіх кутоў, куды б не трапіў руплівы позірк мастака. Адметная дэталь вясковай архітэктуры, або вопраткі, або краявіду, прылада працы зараз жа фатаграфаваліся і замалёўвалася, нячутае раней слова або прымаўка занатоўваліся. Усё, што спыняла на сабе ўвагу, фіксавалася. Гэтак за годам год, вёску за вёскай ён “прачасаў” усю Беларусь. Дзённік падарожніка складае многія дзясяткі тамоў. Фотаздымкі, занатоўкі, краслюнкі, вопісы ўтварылі той грунт, на якім паўстала гісторыя народнага строю.

Дзякуючы жывой палявой працы, Раманюк стварыў глабальную сістэму класіфікацыі нацыянальнага ўбору, творча і навукова асэнсаваў рэгіянальныя і лакальныя асаблівасці вопраткі. Упершыню ў гісторыі беларускай этнаграфіі і мастацтвазнаўства менавіта Міхась Раманюк ажыццявіў навуковае раянаванне на­цыянальнага строю на падставе традыцыйных комплексаў адзення розных рэгіёнаў краіны.

Асобная старонка ў творчасці Раманюка — артыкулы і ілюстрацыі да беларускіх энцыклапедыяў. Праз ягоныя словы ў сціслых энцыклапедычных дэфініцыях мы сёння можам дазнацца амаль пра ўсё, што тычыцца беларускага ткацтва і адзення. Ён увёў ва ўжытак многія навуковыя тэрміны, якія найперш былі пачутыя ім на беларускіх дарогах. На падставе шматгадовай практыкі ён стварыў нарматыўныя графічныя рэканструкцыі рэгіянальных строяў. Гэткімі, якімі ён іх прадставіў, яны і застануцца, бо ён быў апошнім з навукоўцаў, хто бачыў народную вопратку ва ўжытку. На ягонай роднай Брагіншчыне, як і ў іншых чарнобыльскіх раёнах, сёння наогул мала што засталося. Раскіданыя гнёзды… Прадчуваючы гэта, мастак збіраў ацалелае, фатаграфаваў, занатоўваў, ратаваў беларускасць для Беларусі.

Графічныя працы Міхася Раманюка, якія прадстаўляюць цэлы сусвет народнага мастацтва, эскізы тэатральных, народных, сцэнічных касцюмаў зберагаюцца сёння ў зборах розных музеяў свету. Адзін з апошніх ягоных праектаў — вялікія акварэлі ўсіх беларускіх строяў, некаторыя з якіх з’явіліся на паштовых марках — адна з ягоных мараў, якая ўрэчавілася: каб усе беларусы трымалі ў руках сведчанне сваёй тоеснасці… Яшчэ адзін праект, які ён не паспеў здзейсніць, — гісторыя беларускай фатаграфіі. Калекцыя Ра­манюка налічвала дзясяткі тысяч паштовак, здымкаў і негатываў з усёй Беларусі ад пачатку стагоддзя. Разам з яго ўласнымі здым­камі — суцэльная непарыўная панарама… Нават тое, што Раманюк здымаў сам у 1960-1970-я гг., ужо не існуе. Ён распавядаў пра гэта з болем, з адчаем, але ніколі не расчароўваўся ў тым, што рабіў. Ён прагнуў паказаць скарбы: этнаграфічныя калекцыі, свае малюнкі, здымкі — але здолеў зрабіць гэта толькі чатыры разы: два разы ў Беларусі і два разы ў Францыі. Калі да прыезду Яна Паўла II у Вільню спатрэбіўся беларускі строй для дзяўчыны, што мусіла вітаць Папу па-беларуску, Міхась Раманюк адразу ж пагадзіўся даць унікальныя рэчы са сваёй калекцыі. Гэты строй з Магілёўшчыны на віленскай дзяўчыне пабачылі мільёны людзей…

Раманюк рэдагаваў часопіс “Мастацтва Беларусі”, ствараў касцюмы хору Цітовіча, кансультаваў “Беларусьфільм”, узначальваў кафедру гісторыі і тэорыі мастацтва ў Акадэміі мастацтваў [1, с. 454]. Для каго іншага гэтага і хапіла б. Але Міхась Раманюк змагаўся за Беларусь. Змагаўся кожны дзень, усё жыццё. I тады, калі пра гэта можна было гаварыць паушэптам на кватэрах ды па майстэрнях, і тады, калі час быў крычаць. Яго можна было пабачыць ледзь не на кожным мітынгу, поруч са сваімі вучнямі. У 1996-м г., падчас мінскай вясны, на мітынгу ў абарону Канстытуцыі ён стаяў са сцягам каля помніка Багдановічу. Невысокі чалавек у барэце трымаў у руках велізарны бел-чырвона-белы штандар, з годнасцю вітаючы тую вясну…

Міхась Раманюк застанецца апошнім класічным этнографам у Беларусі. Такі збор твораў народнай культуры, які ён пачаў збіраць з 1960-х гг., не збярэ ўжо ніхто — аўтэнтычная матэрыяльная куль­тура беларусаў сышла ў нябыт, палегла ў музейныя сховы альбо расцерушылася ў часы пераменаў… Беларуская класічная этнаграфія, народжаная ў пачатку XIX ст., якая базавалася на палявых візуальных доследах, на вывучэнні сувязяў паміж духоўнай, рэлігійнай і матэрыяльнай культурамі беларусаў, на паралельным аналізе з суседнімі народамі, была зацёртая ў 1930-1950-я гг. нашага часу. Толькі ў 1960-я гг. з’явіліся першыя працы з гісторыі беларускай этнаграфіі Бандарчыка, Піліпенкі, Фядосіка. I з гэтага ж часу пачаў сваю навуковую дзейнасць Раманюк, які адрадзіў традыцыйнае разумение этнаграфіі: выяўляць тое, што сведчыць пра талент на­рода, а не пра ягонае “жабрацтва” да бальшавіцкага “раю”. Істотна i тое, што Раманюк збіраў таксама сведчанні менавіта “рэлігійных перажыткаў”…

“Камера бачыць куды вастрэй, чым чалавечае вока, дык чаму б ёю і не пакарыстацца,” — казаў у свой час выбітны амерыканскі фатограф Эдвард Уэстан. I насамрэч, чаму ж не пакарыстацца было фотаапаратам? Усе папярэднія пакаленні беларускіх этнографаў значна сціплей паслугоўваліся гэтым сродкам. На жаль. I тыя ўнікальныя паасобныя старасвецкія этнаграфічныя здымкі, што былі зрабілі, напрыклад, Тышкевіч ці Булгак, маюць для нас сёння бясспрэчную каштоўнасць. Мастацкую ў тым ліку. Міхась Раманюк гэта тонка адчуваў і заўсёды імкнуўся да большага. Імкнуўся распавесці цэлую прыпавесць пра сваіх персанажаў і вымоўна раскрыць іхную самасць. Як у здымку гэтай кабеты ў традыцыйным кобрынскім строі з вёскі Яўсімавічы.

Яе вобраз, яе старасвецкая вопратка, пададзеныя аўтарам менавіта так, манументальна і метафарычна, сталі на доўгія гады ўзорам для цэлай галерэі вобразаў у творах розных мастакоў, ад Савіча да Янушкевіча, у графіцы і ў жывапісе. Кобрынскі старадаўні строй вылучаецца незвычайнай дасканаласцю формаў, завершанасцю і філіграннай распрацоўкай арнамента ўсіх дэталяў касцюма. Жанчыны тут на святочных сарочках пакрывалі арнаментам амаль увесь строй: і на фартухах, i на рукавах, i на андараках. Белае, чырвонае, белае… Але самае адметнае ў кобрынскім строі — жаночы галаўны ўбор. Яго ўтваралі з палотнішча шырынёй больш як паўметра і даўжынёю больш за тры з паловай метры. Ка­беты павязвалі яго такім чынам, што доўгі канец яго фармаваў элегантны абрыс усёй паставы. Гэта ці не самы архаічны жаночы ўбор у Еўропе… Цудам гэта традыцыя захавалася да сярэдзіны XX ст. I гэты цуд для нас збярогся дзякуючы творчасці Міхася Ра­манюка… Экзатычны, нават для 1970-х гадоў, калі Раманюк рабіў гэты здымак, традыцыйны ўбор стаў для розных творцаў квінтэсенцыяй усяго самага адметнага, архаічнага, чыстага, што было колісь у нашай народнай культуры. I поўная годнасці пастава гэтай кабеты, дасканалыя прапорцыі яе твару, сцятыя вусны i засяроджаны погляд у немаведамы далягляд сталі яркім вобразам усёй Беларусі-маці.

Раманюк, як навуковец i мастак, стаў аўтарам безлічы артыкулаў, многіх буклетаў і кніг па этнаграфіі і гісторыі мастацтва, што выходзілі ў Беларусі і Польшчы, Расіі, Францыі. Найбольш вядомыя з іх: “Беларускае народнае адзенне”, “Народны касцюм Чачэрска і ваколіцаў“, “Песні і строі Піншчыны”, серыя буклетаў- постэраў “Беларускі нацыянальны касцюм”. Гэтыя выданні яшчэ пры жыцці мастака сталі класікай… Як і гэты здымак кабеты на ганку, створаны срэбным святлом…

***

Міхась Раманюк (3 студзеня 1944, в. Кавалі Брагінскага раёну — 4 верасня 1997, Мінск) — мастак, сцэнограф, графік, фатограф, мастацтвазнаўца і этнограф. Стварыў сцэнічныя строі для Дзяржаўнага народнага хору і Дзяржаўнага ансамблю танца Беларусі.

У 1982-1984 — галоўны рэдактар часопіса “Мастацтва Беларусі”. Калекцыя этнаграфіі Міхася Раманюка налічвае звыш за 100 ООО адзінак. Графічныя творы і фота зберагаюцца ў зборах Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, Музея дэкаратыўнага мастацтва Расіі, Нацыянальнага музея гісторыі тэатральнай і музычнай куль­туры Беларусі, у музеях Мінска, Магілёва, Віцебска, Брэста, у калекцыях ЗША, Канады, Італіі, Нідэрландаў, Францыі.

Крыніцы

  1. Беларускі саюз мастакоў / Раманюк Міхаіл Фёдаравіч. — Мінск: Кавалер Паблішэрз, 1998.


Аўтар: 
Сяргей Харэўскі
Крыніца: Харэўскі С. Сто твораў XX стагоддзя: нарысы па гісторыі мастацтва і архітэктуры Беларусі найноўшага часу / аўт.-укл. С. В. Харэўскі, Рэд. Баразна М. — Вільня: ЕГУ, 2011. Ст. 316-319.