Міхась Басякоў: “Мару каб косці супакоіліся на гэтай зямле” (відэа)

0
1156

Міхась Басякоў – беларус, які нарадзіўся ў Расіі, але здолеў захаваць традыцыйную беларушчыну. Напрыканцы 80-х вярнуўся на Беларусь, зараз жыве і працуе на Радзіме.

Мы гутарым з ім на беразе рэчкі Сож ў восеньскі, цёплы, сонечны дзень. На Міхасю старадаўні мужчынскі галаўны ўбор – магерка.

(у артыкуле захаваныя асаблівасці гаворкі спадара Басякова)

Ларыса Шчыракова: Міхась, распавядзі калі ласка як ты трапіў у Сібір.

Міхась Басякоў: Мае продкі з вёскі Антонаўка што на Веткаўшчыне ўшлі ў Сібір у 1890г. На Гомельшчыне зямлі было мала, а сем’і вялікія, карміцца ўсім трэба было. У гэты час пачалася Сталыпінская рэформа. Подацей ня трэба было плаціць два тры гады пакуль сям’я не стане на нагі. Найперш паслалі ў Сібір хадакоў, тыя прыйшлі туды ў самую тайгу, падзівіліся. Там лясы і балоты, і, нашыя людзі любяць лясы і балаты. Звер’я багата: ласей, і медвядзей і кедра родзіць і журавіны. Два гады нашыя двігаліся з сем’ямі ў Сібір. Тут і вяселлі рабілі і дзеці нараджаліся прама ў дарозе. Страшна канешне было. Прыйшлі абжыліся. Жылі вельмі багата. Тайга карміла. Лесу сколькі хочаш. Выжыгалі лес, каб зямля была і можна было хлеб сеяці. Лён гэткі радзіў дажэ лепш чым на Беларусі лён –  казалі старыя людзі. Прывезлі з сабой ікону Мікалая Угодніка, яна стаяла ў царкве. Распавядалі, у 1914г. па тайзе стаяла суш, дажджу няма, усё гіне, усё прападае. І жанчыны сабраліся ў адной хаце каб за ноч выткаць рушнік. У нас такой звычай. Яны за ноч выткалі рушнік, на ранку пайшлі ў цэркву яго асвяцілі, узялі ікону Міколы Угодніка і са спевамі панеслі кругом сяла. Толькі абыйшлі вёску і пачаўся дождж. Гасподзь дараваў дождж. Па веры і ваздасцца табе.

Л.Ш. Ці спраўлялі нейкія абрады?

М.Б. У нас была ікона як хатка. Яна з года ў год перакачоўвала з хаты ў хату, але там дзе ё мужчына. На Ражаства жанчыны бяруць гэтую ікону, прыгожа ўпрыгожанаю, на носілкі, сцежку вытрушваюць саломаю, людзі на каленкі становяцца, каб ікона прайшла над іх галавамі, каб Гасподзь здароў’е дараваў. Калі была барба каб не веравала, ікону схавалі, яна ў гумне стаяла. У многіх іконы захаваліся яшчэ з Беларусі, пісаныя здзеся, казалі: “Багамазы нашыя рабілі гэтыя іконы”.

Калядаваць хадзілі:

Каляда, каляда, падай пірага,

ці сена клок, ці вілы ўбок.

На каляду як дурэлі Божа міласцівы. Ідзем па сялу, у якую хату не пусцяць, што рабіць? Клалі на комін шкло альбо дзверы зачыніш каб з хаты не выйшлі. У адніх сруб на баню быў дык мы тымі бярвеннямі ўсю дарогу ўкаталі, гэта ж не лянота было? А на другі дзень слухаем дзе што гаварыць будуць пар нашыя подзвігі.

Л.Ш. Міхась, ці змянілася жыццё перасяленцаў пасля 1917 г.?

М.Б. Пасля рэвалюцыі такая брэданіна пачалася хай Бог крые. Адныя ў радзіне за красных ідут, другія астаюцца за белых. Потым ня доўга думая пачалі раскулачываць. Хто разумнейшы быў, усё папродалі, што можна было прадаці, ну, і казалі, што пакралі. Хто і зжыгаў, маўляў, пагарэла ўсё, нехта пахаваў. Нашыя ўсе багата жылі, у нас была машына шэрсцебітка, воўну біць. Прыйшлі апісваць, забіраць, гаварат, што наш выезд на наступны дзень, пачалі сухары сушыць. У каго якое золата было, пахавалі. Высяленне пайшло, павезлі іх. Ужо к Табольску пад’язжаюць, а зіма, мароз. Дарогаю ў дзеда Паўла дзіця грудное памерла, а канвой гоне, а прадзед просіць даць дзіця пахаваць, адказваюць, каб кідаў на зямлю як сабаку. А прадзед упарты, кажа, што месца не здвінецца пакуль не пахавае. Дык далі пахаваць. Прыгналі ў Табольск, а тамака казармы царскія. Іх туды. Прадзеда ў турму пасадзілі за тое, што бузіў, дзіцёнка пахаваць хацеў. Дзед яшчэ дзіцнкам быў захварэў. Што рабіць? Вось гэтыя чырвонцы і спасалі. Баба пайшла да яўрэяў, яны козаў трымалі, малако купляла для дзяцей, ратавала. Прадзеда таксама з турмы выкупілі і далей іх пагналі ў Абдорск, пазаганялі ў баракі, не давалі рыбу лавіць нават дзецям. Тыя пойдуць у якія анучы спрабуюць лавіць. Мая бабка хадзіла журавіны збірала потым прадавала іх, так і выжывалі. Потым вырашылі цікаць адтуль. Так яны галодныя шалупню ад бульбы елі, дзе ехалі дзе ішлі, пабіраліся, а што рабіць. Дзеда і прадзеда майго потым растралялі. Іконы загадвалі зняць, а нашыя ўпёрліся, ня будзем, не вамі павешана, не вам і здымаць. А яны, маўляў, за непадчыненне савецкай уласці, збірайцеся і потым тройка прыгаварыла іх да растрэла. Многіх пастралялі тады з нашага роду. Самых лепшых нашых забралі і ўнічтожылі. Раскулачылі, усё пазабіралі, а людзі лепш жыць та не сталі, яшчэ хужэй, галеча, пустэча кругом.

Л.Ш. Як лічыш, чаму бальшавікі вынішчалі цвет сялянства?

М.Б. А ты ведаеш, быдлам лепш упраўляць. Аставалась та хто? Быдла адно. Нашыя смелыя былі, не баяліся, усё казалі. Не баяліся смерці, казалі, да Бога ідзем, тут пастрадаем, там абрэцём.

Л.Ш. А пасля вайны як жылі?

М.Б. Ня дужа разжыліся і пасля вайны. Я яшчэ памятаю маргарын на скібку намажаш, цукрам пасыпеш. Смаката. Масла не было, усё здавалі, а не здаш, сена не дадуць. А чым скаціну карміць? Разжыліся толькі ў 80-е годы, зарплата добрая была, акрыяліся, людзі сталі добра жыць.

Л.Ш. Міхась, а як беларусы здолелі захаваць беларускасць у Сібіры?

М.Б. Жылі мы тамака адасоблена, тры вёскі і, навокал, на сто кілометр нікога. Мы жылі сваім чужых не было.

Спявалі ў нас у хаце толькі стоя так гук лепш ідзе. У нас кажуць, хто сідзя на гулянке спявае, значыць упіўся.У нас усю жізнь спявалі, у полі едуць спяваюць, даяркі едуць спяваюць. І спяваюць і спяваюць, пявучыя былі. Бо песня была ўсім, само жыццё яна была. Пры савецкая уласці лозунг быў: “Нам песня строіць і жыць памагае”. А гэта ж праўда, яна жыць памагае. Неяк так утомішся, напрацуешся, як паспяваеш як рукой стому зняла.

Л.Ш. А як так атрымалася што ты ведаеш так багата песен?

М.Б. Чуў як спяваюць, запамінаў, запісваў нешта. Кожнаму Бог свой талант дае на гэтай зямлі: каму працуваці цяжэнька, а каму песні спяваці, а каму і то і другое. Калі ёсць сільны род, нехта з яго должен застацца каб несці тое што род назапасіў.

Л.Ш. Як ты даў рады вучыцца ў рускамоўнай школе?

М.Б. Як час прыйшоў мне ў школу ісці, бацькі вырашылі каб я да лагапеда пахадзіў. Пачаў той лагапед маю беларускую мову ламаць, я раззлаваўся на яго ды й кінуў хадзіць. Потым у школе увесь час не мог зразумець чаму я мушу пісаць “молока” калі вымаўляю “малако”.

Л.Ш. А чаму ты вырашыў на Беларусь вярнуцца?

М.Б. Калі ў войска забралі, служыў у Казахстане, а тамака не лясочкаў не гаёчкаў. Аднойчы прывезлі да нас дошкі. Была такая сасна смаляная пресмаленая, а смала на ей аж сакавітая такая. Я кару на ёй атадраў і два года пад падушкай трымаў. Калі сумна стане мне, я панюхаю гэтую кару, смалу і мне добра становіцца, я чую нешта роднае сваё.

Нейкая сіла сядзела ў ва мне, казала, што павінен на Беларусь павярнуцца. І ужо тады ў войску ведаў: толькі дэмабілізуюся, не буду інстытут заканчываць, нічога, паеду на Беларусь, буду кароў даіць.

Бабка мая многае предвідзела. Казала, што прыйдзе час і я ў нашых строях у Маскве спяваць буду нашыя песні. Я тады не паверыў, а калі гэта адбылося, я выйшаў на сцэну, а ў галаве была ана. Ана мне казала, што і на Беларусь павенуся.

Л.Ш. І як на Радзіме жыццё склалася?

М.Б. Я два разы рабіў спробу асесць на Беларусі. Першы раз вельмі ўдала ўсё склалася. Напрыканцы 80-х вярнуўся на Беларусь, працаваў у калгасе, трымаў вялікую гаспадарку, але з надыходам перабудовы, калгаса не стала. Потым напачатку 90-х гадоў працаваў кухарам у Менску, добрыя людзі прыстроілі. Багата выступаў. Часы такія былі -адраджэнне ўсяго беларускага. Потым мой бацька захварэў, паехаў я у Свердлаўск зноў. Вярнуўся потым праз колькі год на Беларусь другі раз. Працаваў спачатку на ферме ў в. Пыхань у Веткаўскім р-не, зараз працую у Баранавіцкім р-не, заробак добры, але жыць няма дзе. Сумна мне і крыўдна, прыехаў на Радзіму, а нікому не патрэбны, дапамогі ні ад каго аніякай, скітаюся па чужым вуглам.

Л.Ш. Што для цябе традыцыйная беларушчына, нашыя абрады культура, строі?

М.Б. Я адчуваю сябе казаком ну альбо рыцарам. У строі як ў кальчузе. Апранаеш яго і ў бой за сваё за нашае, за беларускае. Людзі зараз як інкубатарскія, а мы – другія, таму што мы ад дамашніх курэй. Пакуль мы існуем, існуе і наша бацькаўшчына, існуе наша нацыянальная Беларусія.

Л.Ш. Ці адчуваеш повязь са сваім родам, продкамі?

М.Б. Некалі ў нас казалі: Дзе твая радзіма? А мая Радзіма за маімі плячыма. Усе за мною стаяць і ўсе жывыя.

Л.Ш. Пра што ты зарэ марыш?

М.Б. Я мару адно – што б мае дзеці павярнуліся на Беларусь і ім даць то што ў ва мне, каб яны пабачылі свой край, нашу мову. Для чаго дзеці? Каб прадоўжыць род і племя нашэ, но ў чужом краю гэта вельмі цяжка зрабіць, толькі сярод сваіх, калі чуюць мову і бачаць нашы лясочкі, гаёчкі. А для сябе мару каб мае косці супакоіліся на гэтай зямлі.

Аўтар: Ларыса Шчыракова

Відэа са спевамі Міхася Басякова (Ветка, верасень 2011 г.)

[td_video_youtube playlist_title=”” playlist_yt=”9f8NO7ozMXU, TiVlfoT2i-k” playlist_auto_play=”0″]

Рэпартаж тэлеканала Белсат пра Міхася Басякова

Аўтар усіх відэа: Ларыса Шчыракова