Міфалагічныя ўяўленні жыхароў гомельска-бранскага памежжа

0
435
Міфалагічныя ўяўленні жыхароў гомельска-бранскага памежжа

Раслінны свет, які актыўна прысутнічае ў жыцці чалавека (гэта арганічная частка і прадуктаў харчавання, і лекавых сродкаў, і прылад працы, і вопраткі, і пабудоў, і да т.п.), таксама шырока прадстаўлены ў традыцыйнай спадчыне жыхароў Добрушскага, Веткаўскага і Гомельскага раёнаў Гомельскай вобласці ў тэкстах прыкмет, павер’яў, міфалагічных апавяданняў і інш. Паводле сведчанняў інфармантаў, расліны валодаюць здольнасцю лячыць (“Асіна паганае дрэва, але калі хвораму дадуць напіцца настою з кары, то праходзіць усялякая хвароба і чалавек выздараўлівае”, “Дуб — асілак усяго лесу. Ён памагае чалавеку. Як маланка ўдарыць, трэба ўзяць з такога дуба кару і прыкладваць к бальному зубу”, “Бяроза прыдае чалавеку здароўе (запісана ў в. Целяшы Гомельскага p-на ад Шчадровай Зінаіды Аляксееўны, 1937 г.н.); прыносіць удачу, шчасце (“Каліну садзяць у входа во двор — прыносіць удачу” (запісана ў в. Стараселле Добрушскага p-на ад Чулковай Кацярыны Мікалаеўны, 1930 г.н.)); “Гавораць, што калі пераязджаеш у іншае месца, трэба забраць з сабой і адну бярозавую галінку. Гады ў хаце будзе шчасце. Калі маладая дзяўчына выходзіць замуж, яна даўжна пасадзіць бярозу каля хаты свайго мужа, каб у іх хаце было багацце, шчасце” (запісана ў в. Клімаўка Гомельскага p-на ад Маскоўчанка Алены Фёдараўны, 1929 г.н.); “Рабіна прыносіла ў дом шчасце. Жаніху і нявесце перад шлюбам лажылі па ветачке рабіны ў абутак. Гэта прыносіла шчасце, павагу і засцерагала ад ліха” (запісана ў в. Цярэшкавічы Гомельскага p-на ад Еўтушэнка Лізаветы Германаўны, 1914 г.н.).

Адна з найважнейшых функцый дрэў у традыцыйнай народнай культуры — абараняць ад негатыўнага ўплыву “злых духаў”, ведзьмакоў”: “Асіна ізганяе злых духаў” (запісана ў в. Целяшы Гомельскага p-на ад Шчадровай Зінаіды Аляксееўны, 1937 г. н.); “Асіна адпугівае нечысць, таму з яе калыскі дзецям дзелалі, качалкі” (запісана ў в. Васільеўка Добрушскага p-на ад Філімонцавай Ніны Платонаўны, 1937 г.н.)). 3 некаторымі дрэвамі была звязана магія садзейнічаць дабрабыту ў гаспадарцы, ахоўваць свойскую жывёлу (“Альховым веццем з лістамі закрываюць вуляі, каб хутчэй садзіліся пчолы” (запісана ў в. Целяшы Гомельскага р-на ад Шчадровай Зінаіды Аляксееўны, 1937 г.н.)), засцерагаць ад грому, маланкі, асобных негатыўных з’яў навакольнага свету (“Вярбу (яе галінкі) ставяць на падаконнік, каб засцерагчыся ад грому падчас навальніцы” (запісана ў в. Бярозкі Гомельскага р-на ад Макеевач Арыны Лаўрэнцьеўны, 1908 г.н.)); прагназаваць жыццёвыя падзеі, лес (“Гаварылі шчэ, колькі на бярозе пятнышкоў, ну, вы разумееце, на самом ствалы, столькі ты жыць будзеш, а хто гаварыў, што столькі дзетак у цябе будзе” (запісана ў в. Клімаўка Гомельскага p-на ад Маскоўчанка Алены Фёдараўны, 1929 г.н.); “Калі сады другі раз цвітуць — к гору, пакойніку” (запісана ў в. Стараселле Добрушскага р-на ад Чулковай Кацярыны Мікалаеўны, 1930 г.н.); “Если яблоня цветёт несколько раз — к несчастью” (запісана ў в. Запрудоўка Добрушскага р-на ад Шастапалавай Лізаветы Дзмітрыеўны, 1927 г.н.)). Семантыка дзеянняў, звязаных з некаторымі раслінамі, была скіравана на прагназаванне надвор’я (“На лукавіцах шкарлупка тонкая — зіма мяккая” (запісана ў в. Брылёва Гомельскага р-на ад Гарбузавай Марыі Яўсееўны, 1929 г.н., перасяленкі з в. Казацкія Балсуны Веткаўскага р-на); “Павер’е было: еслі на Тройцу ветку ў хату ўнёс, на сценку пацапіў, еслі за суткі гэты ліст высахне, будзе лета жаркае, сухое” (в. Данілавічы Веткаўскага p-на Гомельскай вобл.)); спрыянне ураджайнасці (“…пасвяцоную бярозу клалі на капусту, каб урадзіла” (в. Пакалюбічы Гомельскага p-на Гомельскай вобл.)).

Улічваючы амбівалентны характар народных вераванняў, звязаных з раслінным светам, варта прывесці і тыя прыклады звестак, паводле якіх дрэвы ў народнай традыцыі надзяляліся негатыўнай семантыкай. Так, каля хаты забаранялася садзіць елку (“Калі расце елка каля хаты — будзе пажар” (запісана ў в. Стаўбун Веткаўскага р-на ад Абрэхцікавай Арыны Пракопаўны, 1925 г.н.); “…калі елка перарастае сваю хату, дык яна ўжэ ўрэдная, прыносіць няшчасце ў дом гаспадара” (запісана ў в. Церуха Гомельскага р-на ад Мірановіч Марыі Герасімаўны, 1935 г.н.)), рабіну (“Рабіну не садзяць у дварэ — к няшчасцю” (запісана ў в. Стараселле Добрушскага p-на ад Чулковай Кацярыны Мікалаеўны, 1930 г.н.); “Каля дома нельга садзіць рабіну, каб не стаць удавою. Рабіна помслівая. Хто яе зломіць ці ссячэ, той памрэ або ў яго ў хаце мярцвяк будзе” (запісана ў в. Церуха Гомельскага p-на ад Мірановіч Марыі Герасімаўны, 1935)), бярозу (“Нельга садзіць бярозу каля дома. Гэта выклікае шмат хвароб, асабліва ў жанчын. Нават, кажуць, што наросты на бярозе ўтварыліся ад жаночых праклёнаў” (запісана ў в. Бярозкі ад Макеевач Арыны Лаўрэнцьеўны, 1908 г.н.)). Пазбягалі саджаць бярозу і каля сараяў, бо, лічылі ў народзе, “не будзе весціся скаціна” (запісана ў в. Чкалава Гомельскга p-на ад Пераплаўчанка Алены Фёдараўны, 1914 г.р.)), паколькі, лічылі, што яны пашкодзяць ходу чалавечага жыцця і яго добрабыту. Пад таполяй нельга было сядзець (“Топаль забірае энергію ў чалавека. Нельга аддыхаць пад топалем” (запісана ў в. Целяшы Гомельскага p-на ад Шчадровай Зінаіды Аляксееўны, 1937 г.н. ), а клён не выкарыстоўвалі на дровы і не рабілі з яго труну (“Клён не выкарыстоўваюць ніколі на дровы і не робяць з яго труны, бо, кажуць, што ў гэтае дрэва быў закляты чалавек” (запісана ў в. Бярозкі ад Макеевай Арыны Лаўрэнцьеўны, 1908 г.н.)). Асіну не любілі ў народзе і лічылі д’ябальскім дрэвам: “Асіну даў лукавы, каб людзі на ёй вешаліся. Часта ў нас, кагда нядобрага жадалі, казалі: “Каб ты на асіне ўдавіўся” (запісана ў в. Іванаўна Гомельскага p-на ад Платонавай Алесі Міхайлаўны, 1928 г.н.).

Засяродзім увагу на найбольш папулярных у народзе формах рытуальнага выкарыстання зеляніны, выражаных у наступных дзеяннях:

біццё (“… цяжарнай жанчыне патрэбна біць сабе галінкай бярозы, каб дзіцё нарадзілася здаровенькае” (запісана ў в. Клімаўка Гомельскага p-на ад Маскоўчанкі Алены Фёдараўны, 1929 г.н.); “У цэркву хадзілі, вярбу пасвяцалі. I ўжо етай вярбой і сустракаюць каго, і б’юць яго: “Будзь здарова, як карова, будзь дужая, як бугай” (запісана ў в. Станкі Веткаўскага р-на ад Воінавай Ганны Пахомаўны, 1921 г.н.)), якое мае на мэце захаванне здароўя;

“акрапленне” (“Хто нават першым бярозавым сокам акрапляе сваю скаціну, каб не хварэла” (запісана ў в. Клімаўка Гомельскага р-на ад Маскоўчанкі Алены Фёдараўны, 1929 г.н.); “Калі бяроза пачынае гніць, ну як бы хварэць, патрэбна акрапляць яе святочнай вадою, а то ў хаце хтосьці памрэ” (запісана ў в. Клімаўка Гомельскага р-на ад Маскоўчанка Алены Фёдараўны, 1929 г.н.)), якое, па народных павер’ях, спрыяла здароўю і засцерагала ад неспрыяльных уплываў;

асвячэнне ў царкве (“На Тройцу хадзілі ў лес, сабіралі ветачкі, шышачкі, цвяточкі. Патом неслі всё эта ў цэркаў, свяцілі” (в. Старое Сяло Веткаўскага p-на Гомельскай вобл.); “А ў Вербнае васкрэсенне, бывае, едзіш у цэркву, вярбу бярэш, яе свецяць, ету вярбу хаваеш. Етай вярбой выганяеш на Юр’я скот, ну, і гаворыш: “Памагі, Госпадзі, штоб скот быў здаровы, штоб малака было багата…” (запісана ў в. Шарсцін Веткаўскага р-на ад Ганчаровай Аляксандры Аляксандраўны, 1929 г.н, Трусавай Валянціны Агееўны, 1923 г.н.), якое ў народнай традыцыі надзялялася лекава-прафілактычнымі, апатрапеічнымі і прадуцыравальнымі якасцямі;

спальванне (“Калі была граза, гэтую вербачку, на якой кветачкі дзелалі, брані, цвяточкі знімалі і палілі пасярод хаты. Рабілі гэта для таго, каб гром не ўдарыў нікуды” (в. Кругавец Добрушскага р-на Гомельскай вобл.)). Спальванне раслін выкарыстоўвалася не толькі ў выпадках неспрыяльнага надвор’я, але і лады, калі трэба было абясшкодзіць гаспадарку ад уздзеяння нячыстай сілы. У в. Агародня Добрушскага р-на, “як ідуць зажынаць, глядзяць, як завязаны на жыце, дык нельзя тую куксу зажынаці — ета хтось плахі здзелаў. А як убяруць усё з поля, дык яе спалюваюць, штоб жыта на другі год не лажылася, і еслі хто якое зло хацеў здзелаць, дык штоб яно згарэла”, вузел з каласоў;

збіранне траў, кветак (“На Троіцу хадзілі ў лес, сабіралі ветачкі, шышачкі, цветочкі”, “Мы спецыяльна хадзілі ў лес у гэты дзень (напярэдадні Купалля), сабіралі розныя травы. Гаварылі, што ў гэты дзень травы набывалі самую бальшую цэлебную сілу” (запісана ў в. Старое Сяло Веткаўскага p-на ад Васільцовай Матроны Сяргееўны, 1925 г.н.));

упрыгожванне (“Раней прыбіралі хату зелянінай на Троіцу, да і зараз ставяць на вокны, вешаюць на дзверы і каліну, і асіну” (запісана ў в. Галавінцы Гомельскага p-на ад Рудзянковай Марыі Мікітаўны, 1927 г.н.); “Дама ўкрашалі на Троіцу ліпай, “божым дрэвам”, і клёнам, і яварам. Ліпу ірвуць для шчасця, здароўя. Толькі етым і ўкрашалі хаты і сараї, штоб мы здаровыя былі, штоб здаровая скаціна была, штоб ніякая гадасць у сараї не велася” (запісана ў в. Старое Сяло Веткаўскага p-на ад Раманьковай Вольгі Фёдараўны, 1917 г.н), якое валодала, паводле народных вераванняў, апатрапеічнымі і лекавымі ўласцівасцямі. Калі традыцыйныя правілы парушаліся, то, лічылі, што гэта магло прынесці непрыемнасці. Так, жыхарка в. Старое Сяло Веткаўскага p-на Васільцова Матрона Сяргееўна, 1925 г.н, расказала, што ў іх вёсцы “как-та даўно жанчына адна не прыбрала хату зелянінаю, дак патом доўга балела, і можа б, дажай памерла, еслі б баба-загаворшчыца не прышла”.

Справядлівым будзе адзначыць, што фактычны матэрыял, запісаны па міфалагізаваных вобразах жывёл, нешматлікі. Сярод зафіксаваных тэкстаў прыцягваюць увагу звесткі пра мыш. Да ліку найбольш распаўсюджаных адносяцца тыя, што звязаны з выпадзеннем у дзіцяці малочных зубоў і ростам пастаянных. Паводле сведчанняў Макеевай Арыны Лаўрэнцьеўны, 1908 г.н., з в. Бярозкі Гомельскага p-на, калі “ў дзяцей выпадалі першыя малочныя зубы, выхадзілі на вуліцу, дзіця кідала зуб праз левае плячо і прыгаворвала: “Мышка, мышка, на табе зубік касцяны, а мне дай лубяны”. Верылі, што дзякуючы гэтаму ў дзіця вырасце новы крэпкі зуб”.

Выклікаюць цікавасць народныя вераванні, паводле якіх з’яўленне мышэй у хаце суадносілася з людскімі грахамі (“Мышы ё ў тых людзей, хто грэша. Сколькі ў хаце грахоў, столькі ў хаце і мыш. Ета наказанне ад Бога, за тое, шчо мі грэшым усюдых” (запісана в. Дзям’янкі Добрушскага р-на ад Анамяковай Ніны Агееўны, 1930 г.н.)), а таксама са светам памерлых, з душамі продкаў (“Існуе павер’е, што ноччу ў вобразе мышы прыходзяць душы памерлых, каб даесці пакінутыя кусанкі хлеба” [1, с. 331]).

Адзначым, што недаедзеныя рэшткі ежы гаспадары імкнуліся прыбіраць са стала, тлумачачы гэта прыходам прадстаўнікоў “тато свету”, якія іншым часам не спрыялі прадстаўнікам “гэтага свету”: “Нельга пакідаць на ноч нешта недаедзенае: ноччу могуць прыйсці духі памерлых” (запісана ў в. Бярозкі Гомельскага р-на ад Макеевай Арыны Лаўрэнцьеўны, 1908 г.н.)). Аднак у в. Цагельня Гомельскага р-на былі запісаны звесткі аб тым, што іншы раз пакідалі наўмысна на стале рэшткі ежы для мышы, бо з ёю звязвалі і багацце ў хаце: “Але ж мыш сімвалізуе і багацце таго дома, дзе яна жыве. Гэта ж значыць, калі хазяіны астаўляюць яду на стале, яны ведаюць, што ўсё з’есць мыш, але нічога не ўбіраюць. Ёй, гэтай мышы, астаўляюць” (запісана ад Гарэлікавай Надзеі Пятроўны, 1934 г.н.). Тым не менш, людзі баяліся, каб мышы не пагрызлі адзенне, бо “плахім знакам счыталася прагрызеная імі адзёжа” (запісана ў в. Церуха Гомельскага p-на ад Мірановіч Марыі Герасімаўны, 1935 г.н), “калі пагрызуць чыё-небудзь адзенне, то гэты чалавек памрэ” (запісана ў в. Бярозкі Гомельскага p-на ад Макеевай Арыны Лаўрэнцьеўны, 1908 г.н.).

Мыш у народзе лічылі “нячыстай сілай”, менавіта таму імкнуліся пазбаўляцца ад їх, выконваючы пры гэтым пэўныя патрабаванні: “Калі ў хаце памерла мыш, то не трэба выкідваць яе на вуліцу абы-куды. Трэба спаліць яе ў грубцы, каб разам з гэтай мышкай і ўшла нячыстая сіла з гэтага дома” (запісана в. Цагельня Гомельскага ад Гарэлікавай Надзеі Пятроўны, 1934 г.н.).

Конь, паводле народных уяўленняў, — святая жывёла: “Конь — гэта святая жывёла. Бог даў каня чалавеку ў дапамогу, каб яму лягчэй было работаць” (запісана ў в. Іванаўка Гомельскага р-на ад Платонавай Алесі Міхайлаўны, 1928 г.н.).

У міфалагічнай традыцыі беларусаў конь асэнсоўваецца як жывёла, якая з’яўляецца “добрым памочнікам чалавека” (запісана ў в. Цагельня Гомельскага p-на ад Гарэлікавай Надзеі Пятроўны, 1934 г.н.): “Конь з’явіўся даўно, каб памагаць чалавеку па гаспадарцы. Аднажды ішоў чалавек па полі, і тут з’явіўся конь і сказаў чалавеку, каб той узяў яго да сябе” (запісана ў в. Галавінцы ад Давыдавай Таццяны Іванаўны, 1913 г.н.).

З міфалагізаваным вобразам каня ў традыцыйнай культуры беларусаў звязаны некаторыя павер’і, змест якіх ілюструе амбівалентны характар мыслення нашых продкаў. Напрыклад, калі з расчэсваннем грывы каня звязвалі багацце (“Калі расчэсвалі грыву каня, то гэта лічылася так, што будзе шмат грошай у хаце”), то знаходжанне конскага воласа ў хаце прагназавала хваробу (“Шчэ гаварылі, што калі знойдзеш у сваёй хаце волас з конскага хваста, то захварэеш і можаш паміраць” ) (запісана ў Цагельня Гомельскага р-на ад Гарэлікавай Надзеі Пятроўны, 1934 г.н. (прыехала з в. Новыя Дзятлавічы Гомельскага p-на)). Зыходзячы са сведчанняў інфарманта, менавіта конь быў той жывёлай, якая магла чалавеку дапамагаць і ў няшчасці: “Калі на душы дрэнна, то зайдзі да сваяго каня і ён табе дапаможа. А яшчэ рабілі так, калі ў цябе няшчасце, падыдзі да правага вуха каня, а яно выляціць, гэта няшчасце, праз левае, і ўсё будзе добра. Вось такая жывёла” (запісана ў Цагельня Гомельскага р-на ад Гарэлікавай Надзеі Пятроўны, 1934 г.н. (прыехала з в. Новыя Дзятлавічы Гомельскага р-на)).

Звернемся да тэкстаў павер’яў, звязаных з катом. Вядома, што “кот, котка, у міфалагічных уяўленнях беларусаў жывёла, звязаная з “нячыстай сілай”. Лічылася, што чорт можа набываць выгляд чорнага ката, у прыватнасці, ратуючыся ад Перуна” [1, с. 254]. Невыпадкова, як падкрэсліваюць жыхары, “у кожнай хаце павінен жыць кот, бо ён аберагае ад нячыстай сілы” (запісана ў Цагельня Гомельскага р-на ад Гарэлікавай Надзеі Пятроўны, 1934 г.н. (прыехала з в. Новыя Дзятлавічы Гомельскага р-на). Аднак трэба засцерагацца, калі дарогу перабяжыць кот чорнай масці: “Вось толькі чорны кот — гэта дрэнна. Вядома, што калі чорны кот пера­бяжыць праз дарогу, тады будзе няшчасце. А усе астальныя добрыя каты” (запісана ў Цагельня Гомельскага р-на ад Гарэлікавай Надзеі Пятроўны, 1934 г.н. (прыехала з в. Новыя Дзятлавічы Гомельскага р-на)). Як адзначыла Мірановіч Марыя Герасімаўна, 1935 г.н., з в. Церуха Гомельскага р-на, воблік чорнага ката звычайна прымаюць ведзьмы: “У нас існавала такая легенда, што чорныя каты — гэта плахія людзі ці ведзьмы. Ведзьмы перакінуліся ў чорных кошак, каб каму-небудзь здзелаць плахое”.

Паводле ўспамінаў Еўтушэнка Лізаветы Германаўны, 1914 г.н., з в. Цярэшкавічы Гомельскага p-на, асабліва шанаваныя адносіны людзей да ката і сабакі звязаны з адной даўнішняй гісторыяй: “Даўно калісь, калі ў людзей было шмат хлеба, былі добрыя ўраджаі, людзі перасталі цаніць гэта. Яны ламалі каласы жыта, не жалеючы аб гэтым. I Бог разазліўся. Ён паслаў на зямлю засуху. I ўсё начало гінуць. Але сабака і кот пачалі прасіць Бога, штоб ён змілаваўся. І Бог паслухаў ix. З таго часу людзі пачалі любіць катоў і сабак”.

Узнікненне тэкстаў прыкмет, павер’яў, міфалагічных апавяданняў пра ката, сабаку невыпадковае, бо гэтыя свойскія жывёлы знаходзяцца побач з чалавекам. Адсюль і вялікая колькасць падобных тэкстаў, і іх тэматычна-функцыянальная разнастайнасць.

Так, напрыклад, паводзіны коткі з’яўляюцца вызначальнымі ў прагназаванні надвор’я, пэўных жыццёвых сітуацый (гасцей, смерці і інш.): “Калі кошка найшла з хаты, дзе хворы чалавек, значыць, ён хутка памрэ. Калі кошка скруцілася клубком — гэта к марозу. Кошка ляжыць на спіне — к цяплу. Кошка мыецца — будуць госці. Кошка дурэе — неспакой у сям’і” (запісана ў г. Ветка ад Максіменка Марыі Іванаўны, 1931 г.н.).

Сціплыя звесткі былі запісаны ў палявых экспедыцыях пра міфалагізаваны вобраз казы, прысутнасць маскі якой падчас калядных святкаванняў на тэрыторыі Гомельскага, Добрушскага і Веткаўскага раёнаў з’яўляецца абавязковай. “Каза, казёл — у народных уяўленнях і абрадах, звязаных з прадуцыравальнай магіяй — сімвал і стымулятар урадлівасці. У той жа час лічыцца нячыстай жывёлай, якая мае дэманічную прыроду; выступае як іпастась нячыстай сілы і адначасова як абярэг ад яе” [2, с. 522]. У в. Іванаўка Гомельскага р-на запісаны звесткі пра знешняе падабенства казы да чорта: “Здзелаў Бог многа жывёл, красівых, добрых. Убачыў гэта чорт і тожа захацеў сваю жывёлу здзелаць, але не атрымлівалася ў яго нічога. Таму раззлаваўся ён і кінуў сваю работу. А каза і да гэтага часу напамінае чорта сваімі рагамі” (запісана ад Платонавай Алесі Міхайлаўны, 1928 г.н.). Устойлівымі з’яўляюцца ў народнай міфалагічнай традыцыі асацыяцыі, звязаныя з чорнай масцю гэтай жывёлы. Лічылася, што знаходжанне на падвор’і казы чорнай масці можа прывесці да нейкіх непрыемнасцей: “Чорная каза — гэта тожэ плахое жывотнае. Што кошка, што каза — гэта роўнае. Калі ўжо каза ёсць, жыве ў гаспадара, то будзе неблагапрыятнасць нейкая” (запісана ў в. Церуха Гомельскага p-на ад Мірановіч Марыі Герасімаўны, 1935 г.н.).

Нешматлікія прыкметы і павер’і, звязаныя з міфалагізаваным вобразам зайца, раскрываюць яго дэманічную прыроду, а таксама маюць шлюбную скіраванасць. “Прыкмета аб тым, шло заяц, які перабег дарогу або якога сустрэлі на шляху, прадказвае спадарожніку няшчасце, адзначана ў славян паўсюдна” [2, с. 287]. Вышэйпрыведзены тэзіс пацвярджаюць звесткі, запісаныя ад жыхаркі в. Церуха Гомельскага p-на Мірановіч Марыі Герасімаўны, 1935 г.н.: “Заяц — звярок няўдачлівы. Еслі вы сабраліся ў дарогу і ўстрэлі зайца, то лучшэ вярніцеся. А еслі пры стройкі дома ён паявіцца, то дом, кажуць, згарыць”.

У славянскай міфалогіі выклікаюць цікавасць варыянты міфалагічных апавяданняў пра паходжанне мядзведзя. У вогуле “паходжанне мядзведзя звязваецца ў легендах з чалавекам. Чалавек быў ператвораны Богам у мядзведзя ў пакаранне за забойства бацькоў, за адмову падарожніку або манаху пераначаваць; за славалюбівае жаданне, каб усе людзі яго баяліся …” [3, с. 255-256]. Змест апавяданняў, запісаных, напрыклад, у Добрушскім і Гомельскім раёнах, прысвечаных мядзведзю, таксама раскрывае розныя аспекты паходжання гэтага міфалагізаванага вобраза (па-першае, чалавек быў ператвораны ў мядзведзя, бо краў мёд; па-другое, напалохаў Хрыста): “мядзведзь — ета раньшэ быў чалавек, які очэнь любіў мёд. Ён лазіў увіздзе і краў еты мёд. I ў людзей, і ў вуллях, і ў дуплах. I вот Бог пабачыў ета, што ніхарашо ён дзелае і пераўтварыў яго ў мядзведзя” (запісана ў в. Дзям’янкі Добрушскага p-на ад Анамяковай Ніны Агееўны, 1930 г.н.); “Кажуць, што мядзведзь — гэта чалавек, якога пераўтварыў Бог за тое, што ён напужаў Хрыста, выйшаўшы да яго ў вывернутым кажусе” (запісана ў в. Бярозкі Гомельскага р-на ад Макеевай Арыны Лаўрэнцьеўны, 1908 г.н.).

Зыходзячы са зместу беларускіх легенд, “крот у часы стварэння свету ўступіў у канфлікт з Богам, адмовіўшыся будаваць дарогу (падкопваючы “райскія сады”), за што і быў асуджаны на падземны лад жыцця, слепату і смерць пры перасячэнні дарогі” [1, с. 258]. Вышэйназваны матыў канфліктных адносін паміж Богам і кратом прадстаўлены ў іншай інтэрпрэтацыі (прычына канфлікту — праца чалавека ў святочныя дні) у міфалагічным апавяданні, запісаным у в. Баршчоўка Добрушскага p-на: “Адзін чалавек очэнь любіў капаць зямлю. А было ета даўно. Тады шчэ Бог по зямле хадзіў. I вот еты чалавек так уўлёкся сваей работай, шчо не замячаў ні аднаго дня. Капаў і капаў. Дажэ ў празднікі капаў. I вот не панаравілася ета Богу, шчо не глядзіць ён празднікаў, і сдзелаў яго Бог кратом” (запісана ад Шкедавай Любові Іванаўны, 1929 г.н.). Паводле сведчанняў Мірановіч Марыі Герасімаўны, 1935 г.н., з в. Церуха Гомельскага р-на, “крот — гэта звер, які тожэ няшчасці прадсказвае. Знайце, еслі ён рые зямлю ў хаце, то там скора хтосьці памрэ”

У міфалагічнай традыцыі беларусаў важнае месца займаюць прыкметы і павер’і пра пчалу. Як сцвярджаюць беларускія даследчыкі Л. Салавей і С. Санько, гэта “божая казурка, ад яе карысць і людзям (мёд), і Богу (воск на свечкі). Пра пчалу створаны шэраг міфалагічных сюжэтаў, у некаторых з іх паказваецца суперніцтва Бога з чортам у стварэнні жывых істотаў” [1, с. 399]. Можна выказаць меркаванне, што міфалагізаваны вобраз пчалы даволі шырока выкарыстоўваецца ў фальклорных творах (каляндарна-абрадавых песнях). Асноўныя матывы міфалагічных апавяданняў пра пчалу, запісаных у вёсках Гомельскага р-на, — стварэнне Богам “працавітай” істоты, стварэнне Богам пчалы, каб дапамагала чалавеку (калі будзе прыносіць яму боль — будзе паміраць): “У даўнія часы людзі вельмі шмат працавалі. У адной вёсцы жыў адзін чалавек, які працаваў больш за ўсіх. Аднойчы ён цяжка захварэў. Да яго прыходзілі розныя знахаркі, але ніхто не мог яму дапамагчы. У хуткім часе ён памёр. Калі Бог даведаўся пра гэтую гісторыю, ён вырашыў стварыць істоту, якая была б падобна на гэтага працавітага чалавека. Ён стварыў пчалу, якая таксама шмат працавала. Калі пчала жаліць, яна аддае свае жыццё разам з жалам” (запісана ў п. Вішанскі Гомельскага р-на ад Кавалёвай Лідзіі Іванаўны, 1921 г.); “Бог здзелаў пчалу, каб яна памагала людзям, а яна стала іх жаліць. Таму Бог і сказаў, што кожны раз, як будзе яна прьшосіць чалавеку боль, то будзе паміраць” (запісана ў в. Іванаўка Гомельскага p-на ад Платонавай Алесі Міхайлаўны, 1928 г.н.).

Найбольшая колькасць прыкмет і павер’яў, якія вядомы пра птушак, зафіксавана пра бусла, паходжанне якога ў народзе традыцыйна звязваюць таксама з чалавекам, прычым вельмі цікаўным. Як сцвярджае Антоненка Вольга Мінічна, 1927 г.н., з в. Даўгалессе Гомельскага p-на, “гаварылі раньшэ, што бусел быў чалавекам. І загадаў Гаспод пазбіраць яму ў мяшок гадзюкі, яшчарыцы — усё ета нехарошае: “І нясі, кінь у воду, і не развязвай яго, і не глядзі, што там е”. А ён паінцерасаваўся да развязаў. Яно повыскаківала з мяшка, і Гаспод сказаў: “Вот, будзеш хадзіць і ўсю жызнь сабіраць яго”.

Паводле сведчанняў іншых інфармантаў, калі белых буслоў шанавалі, то чорных буслоў баяліся: “Калі белы бусел прыносіць шчасце ў хату, на тым месцы, дзе робіць гняздо, то чорны бусел прынясе шмат гора ў хату. Чорны бусел — знак бяды, таму людзі ніколі не сябравалі з чорным буслом” (запісана ў п. Вішанскі Гомельскага p-на ад Кавалёвай Лідзіі Іванаўны, 1921 г.н.). Агульнавядомая прыкмета звязана з бусліным гняздом: “Калі бусел на хаце гняздо звіў, то будзе ў гэтым доме шчасце. І нельга гэта гняздо бурыць” (запісана ў в. Кругавец Добрушскага p-на ад Рымаравай Яны).

У славянскай традыцыі матыў паходжання “адной з найбольш міфалагізаваных птушак” [3, с. 236] — зязюлі — звязаны з жанчынай. Гэта што пацвярджаецца і экспедыцыйнымі запісамі, зробленымі на тэрыторыі Гомельска-Бранскага памежжа: “Матка сваю дачку пракляла, преўрацілась у кукушку. Вот і кукуе, плача ўсю жызнь. Яна яйца нясе абы-каму” (запісана ў в. Лапаціна Гомельскага р-на ад Прыходзька Любові Сільвестраўны, 1933 г.н.); “Зязюля — праклятая дачка мацеры: “Ляці і кукуй, не прылятай” (запісана ў в. Прыбар Гомельскага р-на ад Дамадзелавай Галіны Раманаўны, 1935 г.н.).

Зязюля — птушка, якая, так лічаць у народзе, прадказвае лес: “Усе знаюць, што зязюля падсказвае, каму скока жыць, трэба счытаць яе кукаванне” (запісана ў в. Церуха Гомельскага р-на ад Мірановіч Марыі Герасімаўны, 1935 г.н.). Паводле сведчанняў жыхароў Гомельскага р-на, зязюля прадказвае не толькі, колькі гадоў пражыве чалавек, але і ці будзе багатым (пры ўмове, калі ў чалавека падчас кукавання зязюлі “ў кармане ёсць грошы”) (запісана ў в. Мічурынская Гомельскага p-на ад Літвіненка Валянціны Мікалаеўны, 1940 г.н.). Жыхары в. Целяшы Гомельскага p-на лічылі зязюлю “таямнічай птушкай. Некалі яна была жанчынай, якая магла ўгадваць будушчае. Дзяўчаты спрашвалі ў зязюлі: “За сколька гадоў замуж выйду? ці “Сколька гадоў жыць буду?” (запісана ад Шчадровай Зінаіды Аляксееўны, 1937 г.н.).

Варта адзначыць, што вядомы і павер’і, змест якіх звязаны з прадказаннем зязюляй смерці. “Так, калі зязюля пачьшае кукаваць перад чыёй-небудзь хатай — да смерці каго-небудзь з гаспадароў [4, с. 197].

Заслугоўвае ўвагі міфалагічнае апавяданне пра зязюлю, запісанае ў в. Агародня Добрушскага p-на. Асноўны матыў, звязаны з паходжаннем зязюлі, — ператварэнне Богам жанчыны, якая свядома кінула сваіх дзяцей, у гэту птушку: “І яна паехала з ім, а дзяцей тых кінула. Так яна ўжо прыехала туды, жыла, а там адумалася і гавора: “Госпадзі, што ж я здзелала, што ж я сваіх дзетак кінула. Як ба мне іх найсці? Калі б мяне Бог здзелал кукушкаю, я б паляцела, я б їх найшла”. Ну, Бог здзелал яе кукушкай. Паляцела яна дамоў, а дзяцей няма. І вот лятае яна па лесу і шукае сваіх дзетак: “Ку-ку, ку-ку, ку-ку” Кукуе” (запісана ад Хадзьковай Вольгі Восіпаўны, 1938 г.н.).

Прыведзеныя матэрыялы, запісаныя ў палявых фальклорных экспедыцыях апошняга дзесяцігоддзя, даюць падставы сцвярджаць факт устойлівай захаванасці ў народнай памяці жыхароў Гомельска-Бранскага памежжа абрадаў, звычаяў, прыкмет і павер’яў, звязаных з міфалогіяй расліннага і жывёльнага свету. Асэнсаваныя фрагменты народнай культуры, прысвечаныя раслінам і жывёлам, раскрываюць светапогляд беларусаў і сведчаць пра паэтычнасць іх мыслення.

Спіс выкарыстанай літаратуры

  1. Беларуская міфалогія: Энцыклапед. слоўн. / С. Санько [і інш.]; склад. I. Клімковіч. — 2-ое выд., дап. — Мн.: Беларусь, 2006. — 599 с.
  2. Славянские древности: Этнолингвистический словарь в 5-ти томах / Под общей ред. Н.П. Толстого. — Т. 2: Д-К (Крошки) — Μ.: Междунар. отношения, 1999 — 704 с.
  3. Славянская мифология. Энциклопедический словарь. — Μ.: Эллис Лак, 1995.-416 с.
  4. Міфалогія беларусаў: Энцыкл слоўн. / склад. І. Клімковіч, В Аўіушка; навук. рэд. Т.Валодзіна, С. Санько. — Мн.: Беларусь, 2011. — 607 с.

Аўтары: В.С. Новак, А.А. Кастрыца
Крыніца: Шматмернасць тэксту: структура, разуменне, інтэрпрэтацыя: зборнік навуковых артыкулаў / рэдкал.: А. Μ. Воінава (гал. рэд.) [і інш]; Гомельскі дзярж. ун-т імя Ф. Скарыны. — Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны. — С. 150-161.