Міфалагічныя ўяўленні аб “Дабрахожым” на Гомельшчыне

0
249
Дабрахожы славянская міфалогія Беларусі

Вызначэнне «Дабрахожага» адсутнічае ў слоўніках па міфалогіі. Сустракаюцца вельмі падобныя «Дабрахот», «Дабражыл», «Дабрахочы». Гэта назвы персанажаў славянскай міфалогіі, вядомых як лясныя духі, або істоты, блізкія да дамавікоў.

У Веткаўскім раёне і ў суседніх з ім вёсках Чачэрскага раёну, а таксама Бранскай вобласці дабрахожы адначасова і лесавік, і дамавік, а таксама хлеўнік, гуменнік і палявік. Часта той, хто звяртаецца да дабрахожага, пералічвае ўсе ягоныя «тытулы»: «Добры дзень хазяіну дамавому, палявому, лесавому». Разам з тым, дабрахожых могуць называць «нявідзімымі», «віхрамі”, «багатырамі», «усаднікамі». Гэтыя назвы звязаныя з уяўленнямі аб паходжанні дабрахожых. Найчасцей іх генэзіс выводзяць з фальклёрна-біблейскіх сюжэтаў.

Характерна ў гэтых адносінах легенда, запісаная ў в. Стаўбун: «Ной строіў каўчэг. Ён пастыдзіўся Бога, што ў яго 24 дзіцёнкі і сказаў «дванаццаць». Гасподзь сказаў: «Ну, дак бяры сваіх 12 дзяцей і ідзі ў каўчэг». Астатнія 12 — тыя самыя дзеці. «Толькі эта відзімыя, а эта — нявідзімыя: Русалка, і Дабрахожы, і багатырь»1.

Вельмі многа паданняў аб паходжанні дабрахожых ад дзяцей, якіх бацькі схавалі ад хрышчэння ці ад бога. Бацькамі ў гэтых сюжэтах могуць быць як звычайныя людзі, так і біблейскія Ной, Адам, Ева, інш. Колькасць дзяцей вар’юецца ад 12 да 70. Вось легенда, запісаная ў в. Верхлічы: «Калісь было ў бацькі і маткі 12 дзяцей. I калісь настала хрысціанская вера. Загадалі весць храсціць. Яны давезлі да лесу, да ў лясу 6 аставілі, а 6 павезлі храсціць. Усех пабаяліся. Не зналі. што такое храшчэнне — «можэт і этіх жывых не прывязём». Пака вярнулісь, тех дзяцей нет, а ані сталі нявідзімымі людзьмі. I казалі старыя людзі: «Сколька людзей, столька лесавікоў”.

Існуе таксама варыянт паходжання дабрахожых ад дзяцей, якіх «прыспалі» (г.зн. выпадкова задушылі грудзямі ў час начнога кармлення) маці. Такія дабрахожыя захавалі крыўду на сваіх маці і не зычаць ім дабра. Пераўтварыўшыся ў міфалагічных істот, дабрахожыя набываюць незвычайную фізічную і магічную сілу. Пра чалавека, які раптоўна захварэў, кажуць: «Гэта яму з ветра стала». «Вецер найдзе і паралізуе чалавека». Характарыстыку такім ветрам далі ў в. Стаўбун: «Мы гаварым цыклон ідзець, бура ідзець. Эта такая сіла, што наслаў Бог багатыроў. Папробуй дрэва вырваць. Не знаю, як вырвалі. I не адно — тое дрэва туды, тое сюды. У лесе сплашны навап здзелалі. Такая сіла! Стог у полі падніме — ні клачка не знойдзеш!».

Але гэтая сіла дабрахожых часам ім неладуладная. Як паведамлялі ў в. Закружжа, раскідаўшы стог, дабрахожы тлумачыць: «Я ж не вінаваты. Мяне ж пасылаюць». Можна вярнуць віхору чалавечы выгляд, часам нават выкарыстаць яго сілу. Для гэтага треба ўваткнуць нож у самую сярэдзіну, туды, дзе, «як вада кіпіць».

Стаўленне дабрахожых да людзей абумоўлена паводзінамі і гаспадарлівасцю апошніх. «Двор штоб быў чысты, каб нідзе ніякага ні мусара, а то можа скаціну скурожыць», — паведамілі ў в. Фёдараўка. Не любяць яны, каб ім пераходзілі дарогу — за гэта чалавек можа заплутаці ў лесе. Але ў гэтым выпадку дастаткова было проста пераабуцца ці перавярнуць хустку на галаве. Не любіць дабрахожы, калі «мацюкаюцца”. За гэта ён можа і вочы пяском засыпаць, і голас адняць, i нагу зламаць. Чалавек, пакараны дабрахожым, павінен быў прасіць прабачэння. Належыла стаць на калені з хлебам і соллю і прамовіць: «Добры дзень, добрыя людзі! Мы прыйшлі к вам з просьбай. Хлеб-соль прыміце, ат етага чалавека балезнь назад забярыце». Дабрахожы не дараваў, калі замест гатай працэдуры чалавек звяртаўся да ўрача.

Дабрахожыя любяць, каб іх ўлагоджвалі. Павучальную гісторыю паведамілі ў в. Навілаўка. «Дабрахожыя… як не ўзлюбяць, калецтва даюць. Жылі людзі адны ў в. Покаць. Як 12 часоў, прыдуць пад вакно (да іх- Г.Л.) i гавораць: «Укажыце нам дарогу на Нісімкавічы». Ім адказваюць: «Едзьце прама”. «Не, выйдзіце, пакажыце, а то не найдзем». Раз хазяйка не вышла. Так дзевачка ляжала ў люльцы, глядзіць (гаспадыня — Г.Л.) — беленькі сабачка — лізь-лізь. Так на два вокі — два бяльмы». Пакаранне праз здароўе дзяцей — досыць часты матыў. Падцвержанне — легенда, запісаная ў в. Заляддзе. Дабрахожая нарадзіла дзіця ў кустоў і паклікала мужыка, што побач пасвіў коней, запелянаці яго. Замест таго, каб «хоць какую трапку даці», пастух уцёк. Услед дабрахожая прадракла яму «непарадак» у дзецях. I сапраўды — абедзве ягоныя дачкі нарадзіліся нямымі.

Гісторыя супрацьлеглага зместу была запісана ў в. Барталамееўка: «Адна жэншчына грабла сена, і ў кусце заплакаў маленькі. Яна тады абглядаецца: «Што ж плача дзіцятка?» Яна падыходзіць — эта дзіцятка ляжыць у кусце. Голенькае-голенькае, як нарадзілася, так і ляжыць. Яна тады зняла з галавы свой платок… а потым спадніцу здзела. Запеленала дзіцёнка, як умела, і паклала ў той куст. Сколькі яна прайшла ат таго места, выходэя жэншчына і гаворыць: «Чым цябя наградзіць, за то, што ты майму дзіцёнку пакрыла цела?» А яна: «Нічога мне не нада.» — «А сколькі ў цябя дзяцай?» -— «А ў мяне сваіх дзяцей пяць». — «Ну, ты ўсе адно пажалала i гэтага, шостага. На табе вот гэты кусочак палатна». Палова трубкі палатна была падаравана, каб шыць адзенне дзецям, але з адной умовай: не раскатваць яе да канца, каб не бачыць, што ляжыць «у сяродку». Выконваючы ўмову, жанчына шыла з палатна «можа год, можа два”, але цікаўнасць перамагла і аднойчы палатно было раскатана. Сярэдзіна трубкі была пустая, а палатно скончылася — «Проста нявідзімае яно бралась палатно. Эта (жанчына — Г.Л.) нявідзімая была».

Тыя, каму даводзілася пабачыць дабрахожых, сведчылі, што апрануты яны ў белае ці чорнае адзенне з бліскучымі гузікамі, ча­сам з тростачкай («як самы дарагі начальнік»). Сустракаюцца да­брахожыя на конях — «усаднікі», а таксама ў выглядзе птушак i змей.

Дабрахожыя здольныя на любоўныя пачуцці. Але каханне іх небяспечнае «Як палюбіць дзеўку красівую, — кажуць у Фёдараўцы, — так збыту не будзя ёй даваць. Як будзя з кім гуляць, так хварэць будзя». У памяці людзей захаваліся гісторыі, у якіх дабрахожыя з’яўляліся да замужніх жанчын як каханкі, пры гэтым не саромячыся прысутнасці мужа. Дзеці ад такой сувязі нараджаліся цалкам пакрытыя поўсцю. I самі дабрахожыя іншым разам ўяўляліся ў выглядзе мужчын, пакрытых валасамі. Такое аблічча дасталося дабрахожым у спадчыну ад іх старэйшага родапачынальніка «валахатага» бога багацця і дабрабыту Вялеса.

На дабрахожага часам пераносяць і функцыі дамавога. «Дабра­хожы ці дамахазяін», — кажуць у адной вёсцы. «Дзед дагаджаў яму, штоб ён радзеў, што б кароўкі былі, авечкі былі, коні былі», — узгадваюць у другой. «Еслі абідзіш яго, тады нічога не будзя — ні скаціна весціся, нічога», — папярэджвалі ў трэцяй. Калі камусьці хацелі зрабіць зло, то адводжвалі ад двара гэтага духа.

Існуюць уяўленні, што ў доме столькі дабрахожых, сколькі сямейнікаў, і выглядаюць яны, як і гаспадары. «Сколькі сям’іў доме, столькі і той сям’і», — кажуць у Кашкоўцы. Інфарматарка з Барталамееўкі паведамляла: «А такі, як хазяін, такі будзе і дамавы. Як хазяйка, такая будзе і дамавая. Ежэлі ўдава жыве, значыць дамавая будзе жэншчына ў яе. Дамавы пахож на хазяіна. I па старасці пахож, і па гадах. Ежэлі хазяін старэе, і дамавы старэе». Калі дамавы на нешта крыўдзіўся і пачынаў рабіць нядобрае, трэба было яго ўлагодзіць. «Еслі ў дварэ непарадак, і здаецца ўсякае ў хаце», у Барталамееўцы паступалі наступным чынам: на пасвяцоны рушнік клалі акрайчык хлеба з соллю і нагаварвалі «Добры вечар! Вот ты мой дамавой, жыві радам са мной. Жыві ты ўмесці, абыходзя каля маёй скаціны і каля сям’і па чэсці. А калі ты чужы, насыльны, так ідзі к яму, пагуляй, да ў іх на дварэ да ў хаце паганяй, а ў маём дварэ не бывай». Пасля замовы хлеб клалі або ў хляве на бальку (калі аберагапі скаціну), або на покуці. Але часцей звярталіся за дапамогай да «спецыялістаў» — «бабак», шаптух», «вауфілій». Лічылася, што сіла праклёну залежыць ад узросту дабрахожага — ад маладых ён праходзіў хутчэй.

Тыя, хто ўмеў размаўляць з дабрахожымі, былі людзі незвычайныя. У в. Любоўша згадвалі чалавека па мянушцы Бабёр, які прыдбаў такую ўласцівасць пасля таго, як пабачыў папараць-кветку на Купалле.

Літаратура

  1. За не вялікай рэдакцыяй пакікута лексіка і стыль інфарматараў.

Аўтар: Г. Лапацін
Крыніца: Гомельшчына: старонкі мінулага. II выпуск. — Гомель, 1996. Ст. 162-166.