Міфалагічныя балады Гомельшчыны сюжэты «маці-птушка» і «тры птушкі ля забітага молайца»

0
984
Міфалагічныя балады Гомельшчыны сюжэты

Міфалагічныя балады вылучаюцца ўстойлівасцю бытавання ў розных раёнах Беларусі. Для гэтай групы баладных песень характэрны матывы ператварэння чалавека ў жывёлу, птушку, расліну.

Найбольш пашыранымі сюжэтамі міфалагічных балад на тэрыторыі Гомельшчыны з яўляюцца тыя, аснову якіх складае матыў пераўвасаблення жанчыны ў птушку: «дачка-птушка» (мае некалькі варыянтаў), «маці-птушка», «тры птушачкі ля забітага малойчыка» і інш.

У шматлікіх баладных тэкстах, якія былі запісаны на тэрыторыі Гомельшчыны, услаўляецца сталасць матчыных пачуццяў і беззапаветная адданасць дзецям. Сюжэты «маці-птушка» і «тры птушачкі ля забітага малойчыка» з’яўляюцца ўдалым прыкладам шчырай і самаадданай любові маці.

Асабліва часта сустракаецца ў баладных песнях вобраз шэрай зязюлькі, якая сімвалізуе жанчыну. Яна горка сумуе-тужыць па прычыне разлукі з каханым або з родным домам. У маці вырастаюць крылы, і яна становіцца зязюляй, якая, не ведаючы пра лёс свайго роднага дзіцяці, спрабуе знайсці хоць якую-небудзь вестку.

Л.М. Салавей слушна адзначыла, што «матыў ператварэння жанчыны ў птушку, найчасцей зязюлю, а яе дзяцей у дробных птушак, прысутнічае ў некалькіх сюжэтах і з’яўляецца сюжэтастваральным, без гэтага ператварэння сюжэт не можа існаваць, ён рассыпаецца» [1, с. 445]. Паводле ўяўленняў беларусаў, зязюля — гэта птушка без пары, птушка-ўдава. За вобразам зязюлі замацавалася сімвалічнае значэнне вяшчунні і варажбіткі. Зязюлі, паводле народных павер’яў, дадзена ведаць тое, чаго не ведаюць і не могуць ведаць людзі, таму гераіня ператвараецца ў птушку (каб дазнацца пра лёс дзіцяці), як напрыклад, у баладзе запісанай у в. Максімовічы Рэчыцкага раёна «Як было ў мамкі да тры донькі». Сюжэт развіваецца такім чынам, што ў маці трагічна загінулі дзве дачкі. Каб даведацца пра лёс трэцяй дачкі, яна «скінулася зязюлькаю»:

Ой, скінуся я да зязюлькаю,
Да маленькаю, да рабенькаю.
Да маленькаю, да рабенькаю,
Да палячу ж я к доньцы ў госці.
Да палячу ж я к доньцы ў госці,
Да сяду, упаду ў зялёным саду.
Аж мая донька па саду ходзіць.
На белых ручках дзіцятка носіць
[2, c. 145-146].

Маці даведваецца пра жыццё сваёй дачкі. Убачыўшы, што яе роднае дзіця знайшло сваё шчасце ў гэтым жыцці, сэрца маці супакоілася. Зніклі трывогі, якія жылі ў ім.

«Тры птушачкі ля забітага малойчыка» — гэта адна з класічных беларускіх балад, у якой велічаюцца матчыны пачуцці, яе беззапаветная адданасць дзецям. Матыў «тры птушачкі», які складае аснову балады «Ой, сакол, сакол, высока лятаў», запісанай у Нараўлянскім раёне, успрымаецца як услаўленне непарушнасці кроўнага сваяцтва людзей, пачуцця радавога адзінства. Даследуючы баладную спадчыну беларусаў Л.М. Салавей падкрэслівала, што «назіраецца перавага сваяцтва па крыві, сімвалам якога выступае матчына любоў, над усімі іншымі формамі чалавечых адносін, сувязей — галоўная ідэя твора. Яна выяўляецца ў цэнтральным малюнку балады, што захоўваецца амаль без змен ва ўсіх варыянтах: маці, сястра, жонка птушачкамі прылятаюць да забітага молайчыка і плачуць па ім» [1, с. 89]:

Дзе мамка плача, там рэчка цячэ,
А, дзе сястра плача, там Дунай цячэ.
Дзе сястра плача, там Дунай цячэ,
Ой, жана малада, там суха зямля.
Суха зямля пакалолася,
Ох, малада жана павянчалася
[2, с.154].

У прыведзеным ліра-эпічным песенным тэксце гучаць матывы вызначэння адносін чалавека да страты блізкіх людзей, іх меры гора. Менавіта зыходзячы з народнага светапогляду, які грунтуецца на практыцы патрыярхальнай сям’і, акрэслена пэўная ступень пакут для маці, жонкі, сястры па прычыне страты блізкага чалавека:

Ой, прыляцела да тры пташачкі,
Ой, тры пташачкі — родны сёструшкі.
Адна пташачка села ў ножанькі,
Друга пташачка — у галованькі.
Друга пташачка — у галованькі,
Ай, трэця пташачка — каля сэрданька.
Ой, у ножачках — то сястра яго,
У галованькі — то мамка яго.
У галованькі — то мамка яго,
Ой, каля сэрданька — жана малада
[, с.154].

Балада з матывам «тры птушкі ля забітага молайца», варыянты якой былі запісаны на тэрыторыі Гомельшчыны, вядома таксама на тэрыторыі Літвы і Украіны, але ёсць меркаванне, што ўзнік гэты тэкст на аснове больш старажытнай абрадавай заклінальнай песні, звязанай з абрадам «стралы». Даследчыца Л. М. Салавей адзначыла, што «абрадавая песня з матывамі «стралы» не з’яўляецца апавядальнай, у ёй гучаць матывы просьбы да стралы не забіваць молайца і наіўнага тлумачэння гэтай просьбы — «па добраму молайцу некаму плакаці: матка старэнька, сястра маленька, жонка молада», — а значыць, ён будзе пахаваны не па абраду, — і як бы заключная сентэнцыя пра бязмернасць матчыных пачуццяў. Пазней, калі абрад пачаў разбурацца, становіцца незразумелым, захаваўся толькі гэты лірычны матыў, ён выйшаў на пярэдні план, канкрэтызаваўся, набыў дэталі малойчыка, па якім плачуць маці і блізкія. Цэнтральнае месца ў ёй заняла старажытная, гранічна адшліфаваная формула параўнання пачуццяў блізкіх, якая вельмі адпавядала радавой ідэалогіі, ідэалогіі матрыярхату, а потым атрымала вузейшае, толькі сямейнае гучанне. Разбурэнне абраду можна тлумачыць рознымі прычынамі, адной з якіх, бясспрэчна, было пашырэнне хрысціянства» [1, с. 95].

Варыянты сюжэтаў «маці-птушка» і «тры птушкі ля забітага молайца», якія шырока бытуюць на тэрыторыі Гомельшчыны, характарызуюцца глыбокай сімвалічнасцю кампазіцыйнай арганізацыі. Праз усю структурную канву праходзіць сімволіка лічбы тры: тры дачкі, тры пакаленні, тры віды рэлігіі (язычніцтва, хрысціянства, іслам) ў сюжэце «маці птушка». Графічнае выражэнне тройкі знаходзіць сваё адлюстраванне ў сюжэце «тры птушкі ля забітага молайца»: маці — сястра — сын; маці — жонка — сын; маці — сястра — нявестка.

Зыходзячы з развіцця сюжэта «маці-птушка», у жанчыны было тры дачкі, але застаецца толькі адна: «Адна донька й утапілася, // Другую доньку звяры з’елі» [2, с. 145]. Гэта адлюстроўвае першабытныя вераванні нашых продкаў, якія прыносілі ахвярапрынашэнне, каб задобрыць духаў ніжэйшай міфалогіі. «Трэцюю доньку татары ўкралі» [2, с. 145], менавіта гэта падзея з’яўляецца пераломным момантам для кампазіцыі дадзенай балады, і для светапогляду нашых продкаў. Гэта падзея вельмі значная для арганізацыі будовы твора і раскрыцця глыбіннай асновы сюжэта, што і абумоўлівае ператварэнне маці ў птушку. Дзякуючы менавіта такой кампазіцыйнай арганізацыі матэрыялу, калі адбываецца метамарфоза з галоўнай гераіняй баладнага апавядання, у сувязі з чым парушаюцца яго прасторава-часавыя межы, але захоўваецца прынцып рэальнага адлюстравання важных гістарычных момантаў з жыцця нашых продкаў (дачка ўкрадзена татарамі), знаходзіць увасабленне ідэя непарушнай сувязі трох пакаленняў, прадстаўнікам апошняга з якіх з’яўляецца народжанае ў няволі дзіця: «Аж мая донька па саду ходзіць, // На белых ручках дзіцятка носіць» [2, с. 145].

Як бачна, прыведзены сюжэт «маці-птушка» сведчыць не толькі аб паступовым змяненні светапогляду нашых продкаў, але і дэманструе асноўныя жыццёвыя моманты гісторыі народа.

«Тры птушкі ля забітага молайца» — той сюжэт, дзе ўжо ў самой назве праходзіць лічба тры. Гэта тры жанчыны, якія пераўтварыліся ў птушак, каб знайсці роднага чалавека — сына, брата, мужа. Сімволікай лічбы тры ахоплена не толькі трыяда сын — брат — муж, але і трыяда — вада, зямля, неба — гэта таксама дзеючыя асобы баладных песень, бо сюжэтная глыбіня праяўляецца непасрэдна праз асноўныя стыхіі светабудовы, якія дапамагаюць выявіць узаемаадносіны паміж героямі, і адлюстроўваць працяглую гісторыю станаўлення светапогляду нашых продкаў. У баладзе «Ой, сакол, сакол, высока лятаў» менавіта вада з’яўляецца той стыхіяй, якая адлюстроўвае ўсю моц перажыванняў, якімі ахоплены жанчыны: «Дзе мамка плача, там рэчка цячэ, // Ай, дзе сястра плача, там Дунай цячэ, // Ой, жана малада, там суха зямля» [2, с. 154]. Па народных уяўленнях нашых продкаў, вада з’яўлялася крыніцай жыцця, і сродкам ачышчэння. Разам з тым водная прастора — мяжа паміж «гэтым» і «тым» светам, шлях у замагільнае царства [3, с. 57]. У кантэксце дадзенай балады слёзы родных жанчын дапамагаюць молайцу знайсці прытулак «на тым» свеце.

Прааналізаваныя тэксты народных міфалагічных балад з сюжэтамі «маці-птушка» і «тры птушкі ля забітага молайца» дазваляюць зрабіць выснову аб іх устойлівым характары бытавання на тэрыторыі Гомельшчыны і багацці варыянтаў.

Літаратура

  1. Салавей, Л. М. Беларуская народная балада / Л. М. Салавей. — Мн. : Навука і тэхніка, 1987. — 284 с.
  2. Балады. У 2 кн. Кн. 2. / Рэд К. П. Кабашнікаў, В. І. Ялатаў. — Мн. : Навука і тэхніка, 1978. — 744 с.
  3. Беларуская міфалогія: энцыклапед. слоўн. / С. Санько [і інш.]; склад. І. Клімковіч. — 2­ое выд., дап. — Мн. : Беларусь, 2006. — 599 с.

Аўтар: Г.П. Саўчанка
Крыніца: Традыцыі і сучасны стан культуры і мастацтваў: У 5 частках. Ч. 4: Праблемы этналогіі, антрапалогіі, фалькларыстыкі і славістыкі: мат. Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі: г. Мінск 25-26 красавіка 2013 г. / уклад. Ю.В. Пацюпа; рэдкал.: А. І. Лакотка [і інш.]; Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. — Мінск: Права і эканоміка, 2013. С. 195-198.