Міфалагічныя балады, запісаныя на тэрыторыі Гомельшчыны, вылучаюцца незвычаинаи паэтычнасцю, яркасцю вобразаў і дэталей, багаццем мовы, што абумоўлена паходжаннем баладных тэкстаў са старажытных часоў, а таксама даўнасцю бытавання сярод жыхароў. Паводле назіранняў беларускага даследчыка К. П. Кабашнікава, “міфалагічныя балады — гэта песні з матывамі ператварэння чалавека ў жывёлу, птушку, расліну. Дзеючыя асобы гэтых твораў — звычайныя людзі, якія трапляюць у складаныя, незвычайныя сітуацыі, у выніку якіх з імі адбываюцца розныя метамарфозы” [1, с. 328]. Міфалагічныя балады з сюжэтам “сястра і браты-разбойнікі”, запісаныя на тэрыторыі Гомельшчыны, не адпавядаюць вышэйпададзенаму тлумачэнню паняцця. Сюжэт “сястра і браты-разбойнікі” знешне далёкі ад іншых сюжэтаў міфалагічных балад. У баладных тэкстах названага сюжэта мы не назіраем метамарфозы, таксама адсутнічае і фрагмент вяртання дачкі ў родны дом, як, напрыклад, у сюжэце “дачка-птушка”. Заўважым, што, як правіла, маюць месца вузлавыя матывы ў дадзеным цыкле баладных песень — страта сувязі з родным домам, спроба вяртання дадому, а таксама матыў непазнання братамі замужняй сястры. Акрэсленыя матывы даюць магчымасць ўключыць баладныя песні з сюжэтам “сястра і браты-разбойнікі” ў агульны цыкл міфалагічных балад.
У варыянтах балад (“Ой, у лузе, у лузе, ой, ды пры дарозе”, “Жыла-была ўдоўка й да жыла на Падоллі”), запісаных ў вёсках Жыткавіцкага і Нараўлянскага раёнаў 1 омельскай вобласці, удала распрацоўваецца сямейная тэматыка. Дзеючымі асобамі з’яўляюцца персанажы, якія звязаны паміж сабой роднаснымі сувязямі: маці, сястра і браты-разбойнікі. Тыповай з’явай для міфалагічных балад з’яўляецца адсутнасць уласных імёнаў дзеючых асоб, што падкрэслівае не толькі аўтарства народа, але і раскрывае глыбінную аснову сямейных канфліктаў, якія існуюць на працягу некалькіх стагоддзяў.
Сюжэтная аснова вышэйназваных баладных песень арганізавана наступным чынам: уступ, завязка дзеяння, кульмінацыя, развіццё падзей.
У якасці асноўнага месца дзеяння, якое пададзена ва ўступнай частцы ў мясцовых варыянтах баладных песень, выступае “Падол”:
Жыла-была ўдоўка й да жыла на Падоллі,
Да не мела та ўдоўка а ні шчасця, ні долі.
А не мела та ўдоўка а ні шчасця, ні долі,
Толькі яна мела дзевяць сынаўёў,
Дзевяць сынаўёў — усе ў разбойнічкі пайшлі (в. Бярэжцы) [2, с. 439].
Ой, у лузе, у лузе, ой, ды пры дарозе,
Жыла бедна ўдоўка, удова на Падоллі.
Жыла бедна ўдова, удова на Падоллі,
Ой, яна не мела ні шчасця, ні долі.
Толькі яна мела дзевяць сыноў у доме,
Дзесятую дочку, што Галяю звалі (в. Канатоп) [2, с. 440].
Далейшае сюжэтнае развіццё падзей скіравана на імгненны пераход да кульмінацыйнага моманту. Асаблівасцю прыведзеных варыянтаў балад з’яўляецца адсутнасць тлумачэння і пэўных спасылак-указанняў на замужжа сястры, якім чынам гэта адбылося, ці мэтазгодна тут весці размову аб пэўных водгаласах экзагамнага шлюбу. Са зместу зафіксаванага тэксту балады “Жыла-была ўдоўка й да жыла на Падоллі” ў в. Бярэжцы Жыткавіцкага раёна зразумела, што маці сама аддала дачку замуж: “Дзесятую Галю за крамара дала” [2, с. 439], але з тэксту балады “Ой, у лузе, у лузе, ой, ды пры дарозе” вынікае, што браты родныя самі вырашылі лёс роднай сястры: “Ой, сыны ўзраслі — у гайдамакі пайшлі, // Маладую Галю за крамара аддалі” [2, с. 441]. Кульмінацыйны момант у баладных тэкстах нібы руйнуе часавыя межы, у выніку чаго родныя па крыві людзі ўжо не памятаюць адзін аднаго, напрыклад:
Ой, паехаў крамар крамам таргаваці,
Маладая Галя яго праважала.
Яна праважала да зялёнага гаю,
Ой, там сярод гаю ды й заначавалі.
Ой, прыходзяць ды к ім дзевяць гайдамакаў,
Узялі таму крамару галаву адрубілі.
Маладую Галю з сабою забралі,
У чыстаму полі спаці палажылі.
Усе гайдамакі ляглі ды й заснулі,
Адзін гайдамак не спіць, не драмае,
У маладой Галі ўсё праўды пытае.
— Раскажы ты, Галя, якога ты роду?
— Ой, я тое ўдовы, што жыве на Падоллі [2, с. 441].
Адметнай дэталлю з’яўляецца той факт, што браты і сястра не пазнаюць адзін аднаго, нягледзячы на тое што ніякага пераўвасаблення не адбывалася. У баладзе “Жыла-была ўдоўка й да жыла на Падоллі”, узаемная непазнавальнасць, магчыма, матывуецца тым, што браты сыходзяць “у разбойнікі” раней, чым была выдадзена іх сястра замуж за “крамара”. У сувязі з гэтым пытанні малодшага брата, якія былі адрасаваныя галоўнай гераіні, дазваляюць аб’ектыўна растлумачыць гэтую сітуацыю:
— Ой, раскажы, Галя, да й якога ты роду?
— А я роду, роду, я роду ўдавінага.
— А чаму ты, Галя, раней не казала? [2, с. 440]
— Раскажы ты, Галя, якога ты роду?
— Ой, я тое ўдовы, што жыве на Падоллі,
— Ой, я тое ўдовы, што жыве на Падоллі [2, с. 441].
— Ой, яна не мела ні шчасця, ні долі.
— Уставайце, братцы, што ж мы нарабілі?
Мы свайму шурыну галаву адрубілі.
Мы свайму шурыну галаву адрубілі,
Сястру сваю Галю ды й асірацілі [2, с. 441].
У развязцы дзеяння баладных тэкстаў адлюстраваны матыў пакаяння братоў па прычыне здзейсненага злачынства.
Варта адзначыць, што ў адным з варыянтаў, зафіксаваным у Жыткавіцкім раёне, распавядаецца пра тое, што браты былі разбойнікамі: “Дзевяць сынаўёў — усе ў разбойнічкі пайшлі [2, с. 439], а ў баладзе, якая была запісана ў Нараўлянскім раёне, гаворыцца, што: “Ой, сыны ўзраслі — у гайдамакі пайшлі” [2, с. 441]. Гайдамакі, заўважым, з’яўляліся ўдзельнікамі паўстанцкіх узброеных атрадаў, якія існавалі ў Рэчы Паспалітай Правабярэжнай Украіны. Яны таксама здзяйснялі напады на польскіх памешчыкаў. У сюжэтную канву пакладзены пэўныя гістарычныя дадзеныя, якія дазваляюць зрабіць высновы адносна генезісу баладных тэкстаў. Немалаважнай з’яўляецца тая дэталь, што браты забіваюць крамара. Гэта сведчыць аб праўдзівасці гістарычных дадзеных, бо ўласнікамі крамы былі заможныя па тым часе людзі.
Знаёмства з баладнай спадчынай Гомельшчыны дае падставы сцвярджаць, што сюжэт “сястра і браты-разбойнікі” даволі шырока бытуе ў гэтым рэгіёне. Адметнасцю кампазіцыі баладных песень гэтай групы з’яўляюцца дакладна адлюстраваныя ў іх часавыя межы ўзнікнення варыянтаў і наяўнасць спасылак на рэальныя з’явы, якія былі ўзяты з пэўнага перыяду гістарычнага развіцця грамадства.
Спіс літаратуры
- Беларусы. Т. 7. Вусная паэтычная творчасць / Г. А. Барташэвіч, Т. В. Валодзіна, А. І. Гурскі і інш.; Рэдкалег.: В. М. Бялявіна і інш.: Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. — Мн.: Бел. навука, 2004. — 586 с.
- Балады ў дзвюх кнігах. Кн. 2. / Рэд К. П. Кабашнікаў, В. І. Ялатаў. — Мн.: Навука і тэхніка, 1978. — 744 с.
Аўтар: Г.П. Саўчанка
Крыніца: “Традыцыі матэрыяльнай і духоўнай культуры Усходняга Палесся: праблемы вывучэння і захавання ў постчарнобыльскі час”, IV міжнародная навук. канф. (2013; Гомель). IV Міжнародная навуковая канферэнцыя “Традыцыі матэрыяльнай і духоўнай культуры Усходняга Палесся: праблемы вывучэння і захавання ў постчарнобыльскі час”, 31 мая 2013 г. [Тэкст]: матэрыялы / рэдкал.: А. А. Станкевіч (гал. рэд.) [і інш.]. — Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2013. — С. 208-210.