Міфалагічны светапогляд жыхароў Гомельшчыны

0
1625
Міфалагічны светапогляд жыхароў Гомельшчыны

Народная міфалогія ўсходніх славян — сукупнасць уяўленняў аб прыродзе і прыродных з’явах, заснаваных на архаічных язычніцкіх вераваннях, цесна пераплеценых з хрысціянскай абраднасцю. Ахопліваючы шырокае кола самых розных з’яў і прадметаў, міфалогія па-свойму тлумачыць рэчаіснасць, падкрэсліваючы яе супярэчлівасць,  складанасць, прыгажосць і гармонію.

Адчуваючы сябе непарыўна звязаным з прыродай і спрабуючы растлумачыць з’явы навакольнага свету, чалавек стварыў пярэстую карціну міфалагічных уяўленняў, якія і адлюстравалі надзвычай архаічны, але ў той жа час і паэтычны стан мыслення нашых продкаў.

Сёння актуальнымі для навукоўцаў з’яўляюцца як аўтэнтычныя запісы фалыслорна-этнаграфічных матэрыялаў, так і зафіксаваныя ў палявых умовах міфалагічныя звесткі. Важна ўлічваць той факт, што рэгіянальная міфалагічная традьщыя — сістэма яе разнастайных лакальных праяў. Сабраныя матэрыялы па народнай міфалогіі сведчаць, што ў кожнай мясцовасці захаваліся непаўторныя вераванні, звязаныя з дэманалагічнымі, антрапалагічнымі, касмаганічнымі ўяўленнямі насельніцтва. Пацвярджэннем таму з’яўляюцца звесткі, зафіксаваньм на тэрыторыі Гомельшчыны.

Вядома, што мадэлі сусвету ўмоўна можна падзялідь па вертыкалі і па гарызанталі. Калі мець на ўвазе падзел па гарызанталі, то даволі па- шыранымі з’яўляюцца ўяўленні, звязаныя з формай зямлі ў выглядзе шара, што, на наш погляд, абумоўлена ведамі пра пэўныя геаграфічныя | адкрыцці. У мясцовых міфалагічных аповедах мы сустрэліся і з болыи І старажыгнымі апісаннямі выгляду зямлі. Так, наприклад, паводле ўспамінаў жыхароў пасёлка Бальшавік Гомельскага раёна, “раней лічылі, што Зямля стаяла на вялізарнай чарапасе, якая ляжала на спінах трох сланоў, а сланы на трох кітах, якія плавалі ў акіяне”.

Інфарматары з вёскі Гарохавічы Акцябрскага раёна адзначаюць: “Сама зямля плоская, она как блін, тоненькая. Стоіт она на трох сланах, какіе стоят на черепахе, какая плывець па мору всю жізнь” [К.А.В.]. Жыхары вёскі Юшкі Калінкавіцкага раёна параўноўваюць сусвет з талеркай: “яна круглая і ў яе ёсць край” [Р.М.М.]. Падобныя ўяўленні зафіксаваны ў вёсцы Асінаўка Светлагорскага раёна: “У народзе людзі гаварылі, што Зямля адна. Яна ў сярэдзіне сусвету. Яна сначала была як талерка, тоненькая такая, а ета ўжо потым нейкі вучоны сказаў, што яна круглая, як мячык” [Р.Н.С.].

Яшчэ ў Старажытнай Грэцыі і Рыме сусвет параўноўваўся з вялікім яйкам. Водгукі гэтага ўяўлення знаходзім ва ўсходнеславянскай казцы пра тры царствы.

На працягу тысячагоддзяў існавалі вераванні пра Зямлю, якая не мае вуглоў, як аб нечым круглым, авальным. Важнасць круга ўстойліва захавалася ў абрадах і магічных рытуалах. Гэты факт можна растлумачыць наступным чынам. Калі стаць пасярод поля і павярнуцца вакол сябе, то можна ўбачыць сябе ў крузе. Даследчыца Т. Шамякіна прыводзіць прыклады ўяўленняў старажытных скіфаў аб зямлі як аб квадраце. Звернем увагу на той факт, што гэта параўнанне даволі рэдкае і ва ўсходніх славян амаль не сустракаецца.

Міфапаэтычная мадэль сусвету па вертыкалі з’яўляецца больш цэласнай касмаганічнай сістэмай, да якой амаль усе інфарматары адносяць Неба, Зямлю і Падземную частку. Інфарматарка з вёскі Хамянкі Нараўлянскага раёна апавядае: “Свет прадстаўлялі ў форме шара. Зверху жыў Бог і яго анёлы (душы памершых), знізу жыве чорт і ўсе нечыстоты (грэшныя душы, паўзучыя істоты), а з левага боку зямлі жывуць людзі, а з другога боку знаходзіцца край сусвету, у які пападаюць людзі, якія знаходзяцца сярод рая і аду, пасяродкі между Богам і Чортам” [Е.Б.Ц.]. Гэта выглядае наступным чынам:

Неба, згодна з народнымі вераваннямі, — месца знаходжання вышэйшай сілы, у хрысціянстве гэта Бог. “Неба знаходзіцца далёка ад нашай зямлі. Мая маці мне заўсёды казала, што гэта хата Бога. Ён там жыве з ангеламі і ўсё там вельмі добра. Там шмат света, і, калі я буду рабіць шмат дрэннага, то Бог мяне не возьме туды жыць” [Р.М.М.], — адзначала інфарматарка з вёскі Юшкі Калінкавіцкага раёна.

Неба падзелена на сем частак: сем нябёсаў. На сёмым небе жыве сам Бог, “а першае, другое, трэцяе, чацвёртае, пятае і шастое ета, навернае, людзі памбршыя, дак Бог распрадзяляе якой душэ быць дзе, хто жыў па-божаму, дак, наверна, пападзе бліжэй к Богу, а хто багата грашыў, дак далей” [К.Т.М.], — апавядае інфарматарка з вёскі Старая Рудня Буда-Кашалёўскага раёна.

Сустракаюцца і паведамленні пра дзевяць нябёсаў, якія “круцяцца” вакол зямлі. Паводле успамінаў Рудніцкай Наталлі Сяргееўны з вёскі Асінаўка Светлагорскага раёна, “на ўсіх небах камандуе Бог, но жыве ён па прапісцы на апошнім дзевятым небе. Некалі людзі верылі, што ад находзіцца на другім небе, ну, пасля першага, але гэта хлусня, бо ад находзіцца пад зямлёй… Ой, а на сёмым небе, здаецца, так нехта жыў… Ці тыя ўтоплінікі, ці вісельнікі, ну, нехта жыў маніць ня буду…” [Р.Н.С.] Па іншых звестках, рай знаходзіцца на чацвёртым небе, дзе людскія ! душы заводзяць дзяцей, а Бог гэтых дзетак на зямлю скідвае, але не жывуць яны там, а ператвараюцца ў валуны. На першым небе размясціліся зоркі. Жыхары з вёскі Асінаўка Светлагорскага раёна І адзначылі, што “само неба мяккае, як пярына тая, многа воблакаў там і недзе ўсярэдзіне ёсць возера. І кагда Бог зліцца на чалавека, ён пускає каменьчыкі ў гэта возера і вада брызгае на Зямлю, і так робіцца дождж” [Ц.Н.С.].

“Мы даўно зналі, што ёсць сем нябёсаў”, — апавядае Ніна Антонаўна Будкоўская з вёскі Гаць Акцябрскага раёна. — Баба яшчэ казала, што на першым небе знаходзіўся дождж, на другім — сонца і гетак далей. А на сёмым небе быў рай” [Б.Н.А.].

Прыведзеныя міфалагічныя звесткі пашыраюць і ўзбагачаюць свет агульнаэтнічных народных касмаганічных уяўленняў і з’яўляюцца яскравым доказам устойлівасці іх бытавання.

Спіс інфарматараў

Б.Н.А. — Будкоўская Ніна Антонаўна, 1936 г.н., в. Гаць Акцябрскага раёна.

Е.Б.Ц. — Ефіменка Барыс Ціхановіч, 1929 г.н., в. Хамянкі Нараўлянскага раёна.

К.Т.М. — Камянева Таццяна Мікалаеўна, 1955 г.н., в. Старая Рудня Буда- Кашалёўскага раёна.

К.А.В. — Козенцава Аляксандра Васільеўна, 1949 г.н., в. Гарохавічы Акцябрскага раёна.

Р.М.М. — Рогальская Марыя Міхайлаўна, 1930 г.н., в. Асінаўка Светлагорскага раёна.

Ц.Н.С. — Цвірчанка Надзея Станіславаўна, 1929 г.н., в. Асінаўка Светлагорскага раёна.


Аўтар:
Н. Жмачынская
Крыніца: “Открыть миру душу белоруса…” : Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя, 25-26 кастрычніка 2005 г. : прысвечана 150-годдзю з дня нараджэння Е.Р. Раманава : матэрыялы, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Ф. Скарыны. – Гомель : ГДУ ім. Ф. Скарыны, 2005. – 282 с. Ст. 114-116.