Міфалагічная проза Добрушскага раёна Гомельскай вобласці: прымхліцы пра ведзьму

0
430
Міфалагічная проза Добрушскага раёна Гомельскай вобласці прымхліцы пра ведзьму

Знаёмства з фактычным матэрыялам па ніжэйшай міфалогіі асобных раёнаў Гомельскай вобласці дае магчымасць выявіць тыповы характар сюжэтыкі былічак і бывальшчын, а таксама высветліць адметныя мясцовыя рысы складвання асобных сюжэтных тэм. Як слушна адзначыў Б. М. Пуцілаў, міфалагічныя апавяданні на самой справе «аказваюцца варыяцыямі ўстойлівых сюжэтных тэм, пастаянна рэалізуемых у мностве тэкстаў, і тэмы гэтыя ўзыходзяць да агульнаславянскага фонду і маюць паралелі ў фальклоры іншых народаў» [1, с. 8-9]. Паводле меркаванняў даследчыка, «фальклорная сюжэтыка ў многім абавязана першасным бессвядома-мастацкім абагульненням у міфалогіі. У цэлым яна характарызуецца такімі традыцыйнымі прыметамі (па-рознаму праяўляюцца на розных этапах гісторыі фальклору і ў розных жанрах), як стэрэатыпнасць і формульнасць, умоўнасць матывіровак, устаноўка на вымысел» [2, с. 343].

У дадзеным артыкуле ўвага засяроджана на характарыстыцы аднаго з персанажаў ніжэйшай міфалогіі Добрушчыны — ведзьмы — і звязаных з ёй сюжэтах-матывах. Аб’ектам даследавання з’яўляюцца палявыя экспедыцыйныя матэрыялы архіва навукова-вучэбнай фальклорнай лабараторыі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны.

Найбольш папулярнымі на Добрушчыне з’яўляюцца прымхліцы пра ведзьму, статус якой як міфалагічнага персанажа дакладна вызначыла С. М. Талстая: «Прамежкавае становішча паміж светам дэманаў і светам людзей займаюць ведзьмы» [2, с. 58]. Сярод сюжэтных тэм, звязаных з вобразам ведзьмы, устойлівасцю вызначаюцца наступныя: перакідванне (ператварэнне) ведзьмы ў якую-небудзь істоту або прадмет, яе шкодныя дзеянні, цяжкая смерць ведзьмы, засцярогі ад яе звышнатуральнага ўздзеяння.

Схематычнае абазначэнне рэалізацыі тэмы-матыву, звязанага з метамарфозамі ведзьмы, выглядае наступным чынам:

  1. Ведзьма набывае аблічча чорнай кошкі або жабы («Ведзьмы могуць ператварацца ў жывёл. Гэта — у чорных кошак, жаб яшчэ <… > Расказвалі людзі, што жыла ў нашай вёсцы ведзьма, што ператваралася ў здаровую жабу і сасала ў кароў малако» — зап. I. Саламаха ад Ганны Герасімаўны Лупеевай, 1927 г. н., у в. Баршчоўка).
  2. Ведзьма набывае выгляд кабылы, каня, казы {«Ведзьма можа перарабіцца ў каго ўгодна. I кабылай <… > і казой <… > Кім угодна» — зап. К. Шаўчэнка ад Матроны Макаравай, 1921 г. н., у в. Ігаўка; «А вось у адных хлопцаў была матка-калдуння, якая абарочвалася ў каня. Ну, і вось, хлопцы гулялі, а за імі ўсё конь бегае, не адстае. Ну, яны яго паймалі, завялі ў кузню. I там яны яго падкавалі.А наутра сыны ўстаюць, а матка ляжыць на пячы хворая. Яны паглядзелі — а ў яе на руках і нагах падковы» — зап. А. Давыдавым у в. Баршчоўка ад Любові Іванаўны Рыжковай, 1941 г. н., перасяленкі з в. Дзям’янкі Добрушскага р-на).
  3. Ведзьма набывае аблічча мышы, вароны, лятучай мышы, крысы («Ведзьма магла пераўтварацца ў розных птушак і звяроў — мыш, варону» — зап. М. Зэкавай ад Марыі Мікалаеўны Галкінай, 1926 г. н., у в. Крупец; «Ведзьма яшчэ можа абярнуцца лятучай мышшу, крысай» — зап. М. Зайцавай ад Марыі Данілаўны Храпуцкай, 1929 г. н., у г. Добруш).
  4. Ведзьма набывае выгляд цяляці («Ведзьма — старая жанчына, якая можа пераўтварыцца ў жывёл: < … > цяля» — зап. Н. Шырай, А. Варганавай ад Н. А. Ананчанка, 1927 г. н., у в. Перарост).
  5. Ведзьма набывае аблічча вужа, яшчаркі («Ведзьмы пераварачваліся на празнік (не памятаю ўжо, у які) у вужа <… > яшчарку. Казалі, што калі сядзеш пад барану, прыслоненую да сцяны хлева, то ўбачыш ведзьму. Адзін чалавек так зрабіў і ўбачыў, як баба ператварылася ў яшчарку, так ён пракалоў ёй лапу вілкамі» — зап. I. Бордак ад Раісы Іванаўны Бордак, 1939 г. н., у в. Церахоўка).
  6. Ведзьма набывае аблічча сабакі, змяі («Ведзьма паяўлялася ў відзе розных звяроў, напрыклад, < … > сабакі, змяі» — зап. А. Калінкінай ад Ніны Сцяпанаўны Куцэвіч, 1924 г. н., у г. Добруш).
  7. Ведзьма набывае выгляд курыцы («Ведзьмы маглі станавіцца < … > курыцай» — зап. А. Бур’як ад Марыі Адамаўны Буханкінай, 1912 г. н., у г. Добруш; «Аднойчы дзяўчына з хлопцам сядзелі за сталом. Пад сталом хадзіла курыца. Дзяўчына хацела таўкнуць яе нагой, а хлопец сказаў: “Не чапай, гэта мая маці”» — зап. ад Валянціны Фамінічны Капянковай, 1932 г. н., у в. Церахоўка).
  8. Ведзьма набывае аблічча свінні («Ведзьмы дзелаліся свіннямі, за людзямі ганяліся. Той, хто знайшоў гэтую свінню і ўдарыў яе, яна адразу станавілася чалавекам. Ці за вуха яе спаймаюць і вуха адарвуць» — зап. ад В. Ф. Капянковай у в. Церахоўка; «Быў выпадак, калі ведзьма ператварылась у свінню. Гуляла моладзь, убачыла, што свіння бегае. Злавілі яе і адрэзалі вуха. На другі дзень людзі ўбачылі, што адна баба ходзіць з абматанай галавой. Калі ў яе спрасілі, што гэта, яна сказала, што баліць вуха» — зап. ад Н. А. Ананчанка ў в. Перарост).
  9. Ведзьма ператвараецца ў які-небудзь прадмет («Перакуліцца то ў калясо < …> а то і ў капу сена» — зап. I. Бурцавай ад Ганны Сяргееўны Гладышавай, 1933 г. н., у г. Добруш; «Ведзьма <…> можа пераўтварыцца ў рэчы: карзіну» — зап. ад Н. А. Ананчанка ў в. Перарост; «Ведзьма яшчэ можа абярнуцца <… > калодай дроў, сухім дрэвам, калясом, ржавай якой палкай» — зап. ад М. Д. Храпуцкай у г. Добруш).

Прыведзеныя матэрыялы пацвярджаюць жыццяздольнасць дадзенага матыву, звязанага з ператварэннем ведзьмы, з’яўляюцца доказам праявы тыповага характару сюжэтыкі прымхліц.

Л. М. Вінаградава адзначыла, што «ўсе асноўныя характарыстыкі ведзьмы выяўляюцца ў сферы яе шкодных функцый, сярод якіх абсалютна пераважаючай аказваецца здольнасць пераймаць малако ад чужых кароў» [3, с. 42]. Адзін з найважнейшых матываў прымхліц пра ведзьму, запісаных на Добрушчыне, атрымлівае рэалізацыю ў шэрагу тэкстаў Іх таксама можна класіфікаваць у адпаведнасці з той ці іншай функцыяй ведзьмы ў дачыненні да таго, якую яна прыносіць шкоду чалавеку і яго гаспадарцы, што схематычна, як вынікае з фактычнага матэрыялу, можа быць абазначана так:

  1. Ведзьма адбірае малако ў кароў («Расказвалі людзі, што жыла ў нашай вёсцы ведзьма, што ператваралася ў здаровую жабу і сасала ў кароў малако» — зап. ад Г. Г. Лупеевай у в. Баршчоўка).
  2. Ведзьма наводзіць на людзей псоту, хваробу («Ведзьма можа наслаць порчу. Пагэтаму нельга браць ад злых людзей тое, што яны табе даюць. I сама ніколі людзям не давай нічога» — зап. ад Г. Г. Лупеевай у в. Баршчоўка; «Ведзьма можа ўторкнуць іголку ў адзенне, тады балець будзеш доўга» — зап. ад М. А. Буханкінай у г. Добруш).
  3. Ведзьма шкодзіць жыту, робіць шкаданосныя заломы ў жыце, каб чалавек хварэў («Жалі жыта. На жыце ведзьмы панакручвалі косы. Адзін хлопец вырваў такую касу і прыцапіў да каляса воза. Бачыць, а ззаду цягнецца баба, а косы яе запутаныя ў калясо» — зап. ад Н. А. Ананчанка ў в. Перарост; «Яшчэ ведзьма дзелае заломы ў жыце, каб чалавек доўга балеў. Калі іх знойдзеш, то нельга жаць» — зап. ад М. А. Буханкінай у г. Добруш).

У найбольшай колькасці тэкстаў прымхліц і бывальшчын прадстаўлены менавіта матыў адбірання ведзьмай малака ў чужых кароў. Як адзначыла Л. М. Вінаградава, «гэты матыў з’яўляецца цэнтральным у наборы шкодных дзеянняў ведзьмы і адзначаецца на тэрыторыі Палесся паўсюдна.Часта ён выступае ў якасці ідэнтыфікуючай прыметы, гэта значыць з’яўляецца галоўным апазнавальным знакам гэтага персанажа» [3, с. 42].

Што да матыву цяжкай смерці ведзьмы, то схема яго лакалізацыі ўключае дзве групы мікраматываў, звязаных з выкананнем пэўных умоў, паводле якіх аблягчаецца паміранне гэтай істоты:

  1. Ведзьма памірае пры ўмове перадачы сваёй сілы («Ведзьма не можа памерці, спакуль не аддасць сваю сілу. Яна стараецца аддаць каму-небудзь з свайго роду. Гэта старэйшай у родзе жанчыне» — зап. ад Г. Г. Лупеевай у в. Баршчоўка; «Памірала гэтая жанчына таксама вельмі цяэкка. Некалькі дзён памірала. Крычала так, усё прасіла, каб дзяўчыну да яе прывялі, але ўсе ведалі, што яна навуку сваю хоча перадаць. Я знайшла яе ўжо мёртвую ў печцы. Гэта, каб яе душа выйшла, дык яна ў печку залезла» — зап. М. Смірновай ад Марыі Мікалаеўны Удодавай, 1947 г. н., у в. Насовічы).
  2. Ведзьма памірае, калі ўзрываюць столь («У нас тут адна такая доўга не магла памерці. Яна мучылася, крычала. Прышлося столь узрываць, тады толькі сканчалася» — зап. С. Хацковай ад Кацярыны Піманаўны Шаўчэнка, 1928 г. н., у в. Карма; «Каб яны памерлі, трэба ўзрываць столь» — зап. ад М. А. Буханкінай у г. Добруш; «Жыла так жэншчына, прыйшоў час памерці. Мучыцца, а смерць не ідзе. Пакуль адзін мужчына не выбіў у паталку доску, штоб злы дух выйшаў» — зап. ад Г. Г. Лупеевай у в. Баршчоўка).

Значнае месца ў прымхліцах адводзіцца матыву засцярогі ад ведзьмы, які ў розных лакальных запісах выяўляе багацце мікраматываў, дзе магічнае значэнне надаецца не толькі пэўным дзеянням, але і адпаведнай прадметнай атрыбутыцы:

  1. Асвячэнне галінкамі вярбы і святой вадой, абсыпанне макам («Каб засцярэгчы жывёл ад чаравання, свяцілі іх вярбой, святой вадой. Ну, і тожа абсыпалі кругом сарая дзікім макам» -зап. ад М. Макаравай у в. Ігаўка).
  2. Прагаворванне замоўных формул (шаптанне), малітваў і выкарыстанне солі («Некалькі разоў у нашай каровы знікала малако. Яно ў яе дабрэннае было. Дык мы ведалі, хто гэта нам робіць. Тады маці нешта пашаптала, соллю пасыпала, і тая ведзьма прыбегла да нас, прабачэння ўсё прасіла. Больш у каровы малако не знікала» — зап. ад М. М. Удодавай у в. Насовічы).
  3. Завязванне каляровай стужкі на рагах каровы і “зашыванне” серабра ў ашэйнік («Яшчэ любая ведзьма баіцца яркай ленты, любога цвету. Вешалі ленту або трапку на рага карове і гэтым засцярагалі жывёлу. Яшчэ зашывалі жыўвое срэбра на ашэйнік» — зап. ад Г. С. Гладышавай у г. Добруш).
  4. Нашэнне пасвечанага крыжыка («Ад ведзьмы нада крэсцік царкоўны насіць» — зап. ад М. Д. Храпуцкай у г. Добруш).
  5. Спальванне крапівы і ў выніку вымушанае знаходжанне ў становішчы пад гэтым дымам («Лучшы спосаб ад ведзьмы аддзелацца — гэта пайсці ноччу на тое месца, дзе крапіва расце. Голымі рукамі нарваць і не пішчаць, што коліць. Прыцягнуць да дому свайго, не аглядаючыся назад. Там тры дні няхай у цёмным месцы ляжыць. Ноччу разрубіць яе нада. Адзін лісцік ушыць у адзенне, а астатнія падпаліць у чыгунке і нічым не закрываць. Пад гэтым дымам самой хадзіць. Тады, калі так здзелаеш, то ведзьму можна не баяцца да следуюшчага Купалля» — зап. ад Н. Г. Міхальковай, 1919 г. н., у г. Добруш).

Прааналізаваны фактычны матэрыял датычыць толькі аднаго персанажа ніжэйшай міфалогіі — ведзьмы, аднак пераконвае ў тым, наколькі важнае вывучэнне народнай міфалагічнай прозы беларусаў менавіта ў рэгіянальна- лакальным аспекце. Высвятленне асноўных матываў прымхліц і бывальшчын, звязаных з вобразам ведзьмы, дае магчымасць асэнсаваць, як фарміруецца даволі стройная сістэма народных уяўленняў, адлюстраваных у сюжэтыцы міфалагічнай прозы, як захоўваецца архаіка народнага светапогляду продкаў і раскрываецца выключнае падабенства ўстойлівых сюжэтных тэм, характэрных ддя міфалагічных апавяданняў, запісаных у розных месцах і ў розны час.

Літаратура

  1. Путилов, Б. Н. Предисловие / Б. Н. Путилов // Мифологические рассказы русского населения Восточной Сибири / сост. В. П. Зиновьев. — Новосибирск, 1987. — С. 7-9.
  2. Восточнославянский фольклор: словарь научной и народной терминологии / редкол.: К.П. Кабашников (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Наука и техника, 1993. — 478 с.
  3. Народная демонология Полесья: публикации текстов в записях 80-90-х гг. XX века / сост. Л. Н. Виноградова, Е. Е. Левкиевская. — М.: Языки славянских культур, 2010. — Т. 1. Люди со сверхъестественными свойствами. — 648 с.

Аўтар: К.В. Паборцава
Крыніца: Цэнтр даследаванняу беларускай культуры, мовы i лiтаратуры НАН Беларусi ; навук. рэд. А.I. Лакотка. – Мiнск: Права i эканомiка, 2021. – С. 391–396.